21.11.2018
21.11.2018

Мой першы фітнэс-бранзалет

logo
Думкі ўслых
0 124
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Апошнім часам шмат чую пра тое, якая зручная рэч – фітнэс-бранзалет. І нават неабходная. Асабліва для тых, хто сочыць за станам свайго здароўя, актыўна займаецца спортам, спартыўнай ці скандынаўскай хадой. Толькі вось не даводзілася бачыць іх у знаёмых. А так бы ўжо распыталася...

Вось прыгадаю мімаходзь пра той цуда-бранзалет – і забываюся. Да наступнага разу. А тут пару месяцаў таму раптам з’явілася нагода яго займець. Ды без грошай. Ага, здараецца ж такое. Атрымала паведамленне, што перамагла ў першым рэспубліканскім конкурсе для журналістаў і блогераў, які ладзіла Міністэрства лясной гаспадаркі Рэспублікі Беларусь, у намінацыі “За прасоўванне лясной тэматыкі ў сацыяльных сетках”.

Запрасілі ў Мінск на ўрачыстасць з нагоды Дня работнікаў лесу. На сцэне пераможцаў ушаноўваў Міністр лясной гаспадаркі Віталь Дрожжа. З яго рук мы атрымлівалі Дыплом, ружу і падарункавыя сертыфікаты ў адну вядомую інтэрнэт-краму.

Абраўшы тое і тое, неабходнае ў гаспадарцы, на рэшту замаўляю фітнэс-бранзалет. Вырашаю пачаць з простага – XIAOMI Mi Band 2. Не, не рэклама. Проста назву падказваю.

Чытаю ў сеціве, што для яго патрэбна спампаваць пэўную праграму на тэлефон, што злучацца яны будуць па блютузу... А праграма, якую ўсе раяць, не становіцца! Быццам і версія тэлефона адпавядае, а не ідзе. Шукаю падобную і... Уффф, пайшло!

Разбіраюся ў функцыях і настройках. Зарадзіўшы бранзалет ад ноутбука, спрабую хадзіць з ім па пакоі і назіраць, што ён лічыць. Так... Колькасць крокаў і, адпаведна, кіламетраў. Паказвае ўзровень батарэі, час і дату. Колькасць спаленых калорый. І, што мне вельмі спадабалася, вымярае пульс. Дастаткова толькі ўзняць сагнутую руку на ўзроўні сэрца і крыху счакаць.

А далей пачаліся пэўныя расчараванні. Функцыі скіду на нуль няма. Значыць, калі захачу замераць адлегласць... Давядзецца запамінаць лічбы?! А пасля вылічваць? Чамусьці фазы сну ў яго таксама не атрымалася зафіксаваць. Толькі аднойчы, і тое часткова.

А ведаеце, пра што зараз са смехам прыгадваю?! Як напачатку не здымала фітнэс-бранзалет ні ўдзень, ні ўночы! І ледзь не штохвілінна глядзела на паказчыкі. Але прабачце, гэта што – залежнасць?! Ачомалася хутка. Ды яшчэ ўвесь час то сувязь паміж тэлефонам і бранзалетам знікала, то праграма выключалася...

Цяпер-то ведаю, што праграма мне практычна і не трэба. Фактычна ўсе вымярэнні можна ўбачыць на бранзалеце. Толькі калі раз у суткі на поўную статыстыку зірнуць.

А хто з вас, сябры, карыстаецца фітнэс-бранзалетам? І якім? Падзяліцеся, калі ласка, карыснымі парадамі! Усім – здароўя!

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 124

Журналіст, блогер. Вышэйшая філалагічная адукацыя. У 1996 годзе скончыла Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка (дыплом з адзнакай) па спецыяльнасці «беларуская мова і літаратура». З 2003 па 2005 год па ўласнай ініцыятыве вучылася дыстанцыйна ў Еўрапейскай школе карэспандэнцкага навучання, маю пасведчанне аб заканчэнні курсу «Журналістыка». У журналістыцы – з 2001 года. Працавала загадчыкам аддзела пісьмаў і масавай работы, журналістам у газеце «Раённы веснік» (г.Чэрвень), уласным карэспандэнтам абласной газеты «Мінская праўда» па Чэрвеньскім, Уздзенскім і Старадарожскім раёнах. З 2018 года – рэдактар, аўтар блога «Думкі ўслых» на сайце "Слушна".