08.02.2024
08.02.2024

Топ-10 цікавых фактаў з жыцця Івана Мележа

logo
Адукацыя і выхаванне
0
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

8 лютага спаўняецца 103 года з дня нараджэння народнага пісьменніка Беларусі Івана Мележа. Класік беларускай і савецкай літаратуры нарадзіўся ў самай звычайнай сям'і палескіх сялян у вёсцы Глінішчы Хойніцкага раёна Гомельскай вобласці — менавіта тут карані не толькі яго сям'і, але і творчасці.

А мы сёння раскажам факты з жыцця знакамітага пісьменніка, якія чытачам, магчыма, невядомыя.

Іван Мележ

Факт першы. Пісаў рыфмаваныя радкі

Знакамітыя празаікі свой шлях нярэдка пачынаюць са спроб паэтычнай творчасці. Менавіта так здарылася і з Іванам Мележам: маці пісьменніка любіла спяваць, а ад працяглай палескай песні недалёка і да кахання да паэзіі. Школьнікам Мележ выпісваў у асобны сшытак творы рускіх і беларускіх класікаў: Пушкіна, Някрасава, Янкі Купалы, Паўлюка Труса…

Першыя свае радкі пачатковец хаваў ад усіх. Да таго часу, пакуль пра гэтыя спробы творчасці не даведаўся выкладчык літаратуры са школы ў Хойніках, дзе вучыўся хлопчык. І хто ведае, ці з'явілася б на карэньчыках кніг імя Івана Мележа, калі б не таленавіты і неабыякавы сельскі настаўнік Міхаіл Іванавіч Пакроўскі? Менавіта ён пераканаў хлопца не кідаць паэтычныя доследы і працаваць сур'ёзна. Менавіта пасля размовы з настаўнікам юны Іван Мележ вырашыўся і пачаў пасылаць свае вершы ў розныя рэдакцыі.

Першая публікацыя пачынаючага паэта здарылася ў 1939 годзе: у газеце «Чырвоная змена» выйшаў верш «Радзiме». Аўтару на той момант было 18 год. Затым яго сачыненні сталі з'яўляцца на старонках газет «Літаратура і мастацтва», «Бальшавік Палесся». Таксама ўвайшоў у ягонае жыццё літаратурны гурток пры газеце «Гомельская праўда».

Факт другі. Пісаў дзённік у франтавы перыяд

У 1940 годзе Івана Мележа прызвалі ў войска, і юны паэт паўдзельнічаў у паходах на Бесарабію і Букавіну, вызваляючы акупаваныя Румыніяй землі. Затым грымнула Вялікая Айчынная вайна, пачатак якой ён сустрэў у Карпатах. Менавіта на фронце ў творцы прачнуўся празаік — нягледзячы на забарону, ён да 1943 года вёў дзённік.

«Я i цяпер не магу спакойна чытаць гэтыя скупыя, хапатлiвыя словы, столькi тояць яны для мяне невыказнага, – пісаў Мележ. – Не магу чытаць спакойна, бо бачу не толькi тое, што не выказана, але i помню, у якiм стане ўсё пiсалася. Калi кожны запiс мог аказацца апошнiм. Таму, хто будзе чытаць гэта, я хацеў бы напомнiць: многiя мае запiсы пiсалiся на зняможных, нярадасных дарогах адступлення, пад пранiзлiвымi вятрамi зiмы 1941/1942 года. Таму яны такiя скупыя i таму ў ix столькi гаркаты».

Факт трэці. Першы твор напісаў левай рукой

Першае ў сваім жыцці апавяданне пісьменнік быў вымушаны пісаць левай рукой, таму што знаходзіўся ў гэты час у шпіталі, у Тбілісі, дзе лячыўся ад ран. Апавяданне мае назву «Сустрэча» і публікавалася з паметкай «Каўказ, шпіталь, 1942 год».

Факт чацвёрты. Іван Мележ быў вельмі сарамлівым чалавекам

У асяроддзі пісьменнікаў Іван Мележ лічыўся ідэальным суразмоўцам, таму што ён ўмеў слухаць.Мележ ніколі не перапыняў суразмоўцу нават тады, калі быў нязгодны. Зрабіць жа заўвагу пісьменнік не жадаў, а можа і саромеўся… Сам жа Іван Паўлавіч вёў гутаркі спакойна, разважліва, аргументавана, нібы ўзважваючы кожнае сваё слова, кожную думку. Таму ўсе, хто хоць раз сустракаўся на жыццёвым шляху Мележам, бязмерна паважалі яго слова.

Факт пяты. «Палеска хроніка» была задумана як пенталогія

«Палеская хроніка» Івана Мележа па праве лічыцца нацыянальнай эпапеяй і адным з найважнейшых твораў у беларускай літаратуры ХХ стагоддзя. У трылогіі «Людзі на балоце», «Дыханне навальніцы» і «Завеі. Снежань» пісьменнік падрабязна апісвае сваю малую радзіму — вёсачку, якая тулілася літаральна на астраўку сушы паміж палескіх балот, і жыццё сялян у перыяд калектывізацыі 1920-1930-х гадоў. Усе героі маюць рэальных прататыпаў і ўзяты пісьменнікам з памяці, гэта выявы землякоў, якія жылі ў роднай вёсцы Глінішчы.

Над першай кнігай —«Людзі на балоце» – Мележ пачаў працаваць у 1956 годзе, у 1962-м раман выйшаў з друку і ганараваўся прэміяй ім. Якуба Коласа. Характэрна, што аўтарам ілюстрацый да выдання стала Наталля Паплаўская, у будучыні вядомая беларуская мастачка.

Иван Мележ

Графіка, якая ілюструе твор Мележа, праз два гады пасля выхаду кнігі стала яе дыпломнай працай. Якім цудам удалося дзяўчынцы-студэнтцы атрымаць ад выдавецтва падобную замову? Няйначай як умяшаўся сам лёс. Факт застаецца фактам: «Людзі на балоце» трапілі да Паплаўскай яшчэ ў выглядзе рукапісу, а створаныя  гравюры выкарыстоўваліся неаднаразова пры выданні рамана Мележа ў перакладах на мовы народаў СССР і сёння лічацца класікай кніжнай ілюстрацыі.

Мала хто, акрамя спецыялістаў, ведае, што «Палеская хроніка» задумвалася Іванам Мележам як пяцітомнік. Нягледзячы на цяжкую хваробу, ён планаваў напісаць яшчэ два раманы, якія завяршаюць гісторыю Васіля Дзятліка і Ганны.

Для не напісаных яшчэ кніг пісьменнік нават паспеў прыдумаць назвы — «За асакою бераг» і «Праўда вясны». Ёсць у чарнавіках Івана Мележа фрагмент, які расказвае пра ваеннае жыццё Васіля і пра тое, як той вяртаецца ў родную вёску Курані і бачыць яе спаленай, але, нягледзячы ні на што, кажа: «І ўсё ж мы будзем жыць. Нас — не вынішчыць! Таму што мы - народ!».

Факт шосты. Шыў сабе абутак і змайстраваў ровар

Фраза «Таленавіты чалавек таленавіты ва ўсім» лічыцца штампам. Але да Івана Мележа яна падыходзіць ідэальна. Як згадваў яго аднакласнік Пятро Чарняк, у дзяцінстве Іван хадзіў у школу ў пасталах, якія сам зрабіў з лазы (пасталы – мяккі сялянскі абутак, часта зроблены з цэлага кавалка скуры, які носіцца з анучамі і прывязваецца да ног аборамі). Тады як астатнім вучням да чацвёртага класа пасталы плялі бацькі. Але сапраўдную славу сярод аднагодак Мележу прынесла стварэнне драўлянага ровара. Колы былі зроблены з двух арэхавых абручоў, але са спіцамі і рамай.

Сям'я Івана Мележа

Факт сёмы. У жыцці Івана Мележа былі дзве гісторыі кахання

Яго першую дзяўчыну звалі Алеся. Яна нарадзілася ў той жа вёсцы Глінішчы, што і будучы пісьменнік. Юнакі пасябравалі падчас вучобы ў Алексіцкай сямігодцы. Далей Іван працягнуў вучобу ў дзесяцігодцы, што знаходзілася ў Хойніках, а Алеся паступіла ў педагагічны тэхнікум, скончыла яго і працавала настаўніцай. Каханых разлучыла вайна. Дзяўчына засталася на акупаванай тэрыторыі, а Мележ знаходзіўся на фронце. У 1942 годзе ён быў паранены і пасля лячэння ў тбіліскім шпіталі адпраўлены ў тыл.

У горадзе Бугуруслан, што ў Арэнбургскай вобласці, ён пазнаёміўся з Лідзіяй Пятровай, маладзейшай за Івана Паўлавіча на два гады. У красавіку 1943-га яны, не сказаўшы нікому ні слова, маладыя пайшлі ў загс і распісаліся. Як згадвала пазней жонка пісьменніка, яны палічылі, што шлюб — іх асабістая справа і шумнага вяселля ім не трэба. Лідзія Пятрова-Мележ стала першым чытачом усіх твораў мужа.

Факт восьмы. «Людзі на балоце» ледзь не згарэлі.

Як згадваў пісьменнік Васіль Вітка, аднойчы ў пісьменніцкім доме на Карла Маркса, 36, дзе жылі Вітка і Мележ, здарыўся пажар. Дачка Івана Паўлавіча ўзялася адпрасаваць сабе кофтачку, але пасля заканчэння работы забылася выключыць прас з разеткі. Дома тады нікога не было. Праз нейкі час пачуўся пах гарэлага, потым паказаўся дым. Першымі небяспеку заўважылі прахожыя.

«Прымчаліся пажарныя, — расказваў Вітка. — Заліўшы полымя, якое ўжо рвалася з акна, па лесвіцы падняліся на балкон у кватэру. Распалены да чырвані прас ляжаў на падлозе. Стол зеўраў выгаралай дзіркай пасярэдзіне. Настольнік згарэў, тлеў разасланы пад нагамі кілім, займалася канапа…».

Тым часам Іван Мележ, які нічога не ведаў пра пажар, у добрым настроі вяртаўся дадому. На двары ён убачыў натоўп людзей. Яму паведамілі, што пажар быў у яго кватэры. Мележ збялеў. А праз некаторы час ужо свяціўся ад шчасця. Што ж здарылася? У кабінеце на пісьмовым стале ляжаў скончаны раман «Людзі на балоце». Калі б пажар дайшоў да гэтага пакоя, рукапіс не ацалеў бы. І працу давялося б пачынаць спачатку.

Факт дзявяты.  Доўгі час Іван Мележ не мог вызначыцца з назвай рамана «Людзі на балоце»

Калі ён прынёс рукапіс у часопіс «Полымя», дык на асобным лісце мелася ажно пятнаццаць варыянтаў загалоўка. Пісьменніка найбольш прываблівалі дзве назвы: «Людзі на балоце» і «Туманы над багнай». Урэшце, перад тым як здаць нумар у набор, раман назвалі «Туманы над багнай». Але, як згадваў пісьменнік Барыс Сачанка, у апошні момант з адпачынку вярнуўся супрацоўнік рэдакцыі Алесь Рылько. Яго адразу прызначылі дзяжурыць па нумары. Прачытаўшы карэктуру, Рылько засумняваўся, яму здавалася, што з такой назвай раман становіцца вельмі змрочным. Мележ згадзіўся, дадаўшы, што назва «Людзі на балоце» яму больш па душы.

Пётр Машэраў і Іван Мележ

Факт дзясяты. Галоўным кансультантам Івана Мележа быў яго бацька

«Палеская хроніка» пісалася на працягу многіх год. За гэты час праз Палессе прайшло многа гістарычных падзей, а Іван Паўлавіч хацеў захаваць у рамане асаблівасці сялянскага быту пачатку ХХ стагоддзя.

Асноўнай гістарычнай крыніцай для пісьменніка сталі яго лісты да бацькі. У кожным з іх Іван задаваў пытанні адносна побыту, абрадаў і жыцця палешукоў. Бацька ў падрабязнасцях інфармаваў сына аб мясцовых назвах, стравах, святах, як адбываліся сельскагаспадарчыя працы, тлумачыў тэхналогію і многае іншае.

Іван Шамякін. Топ-8 цікавых фактаў з жыцця пісьменніка

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0

Нарадзілася ў гарадскім пасёлку Бешанковічы Віцебскай вобласці. Да 10 класса вучылася ў Бешанкоўскай сярэдняй школе №1, у 2008 годзе паступіла ў Лужаснянскую школу-інтэрнат-гімназію для здольных і таленавітых дзяцей Віцебскай вобласці на гуманітарны профіль. З 2010 па 2015 года з'яўлялася студэнткай Інстытута журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітута. З'яўляючыся яшчэ студэнткай, пачала працаваць у Белтэлерадыёкампаніі на тэлеканале "Беларусь 3" рэдактарам аддзела падрыхтоўкі праграм да эфіру. Размеркаванне праходзіла ў холдынгу Выдавецкі дом "Звязда" ў газеце "Літаратура і мастацтва", дзе пасля засталася працаваць рэдактарам аддзела мастацтваў. Паралельна працавала на тэлеканалах "СТБ" і "РТР-Беларусь" рэдактарам інтэрнэт-дырэкцыі. З 2021 года з'яўляюся рэдактарам інтэрнэт-праекта «Рэдакцыі газеты «Медыцынскі веснік», дзе разам з штатнымі і пазаштатнымі аўтарамі мы імкнёмся паказаць унікальную культуру, традыцыі і побыт беларускага народа, не забываючы, вядома, пра здароўе.