У сярэдзіне восені, 14 кастрычніка, у Беларусі адзначаецца Дзень маці. Гэтае свята прымеркаванае да свята праваслаўнага – Пакрову Прасвятой Багародзіцы. У рэйтынгу краінаў, спрыяльных для мацярынства і нараджэння дзяцей, Беларусь знаходзіцца на 25-м месцы сярод больш чым 170 краінаў. Акрамя таго, яна займае лідзіруючую пазіцыю сярод краінаў СНД (Расія – 56-я пазіцыя, Украіна – 69-я). Улічваюцца як ўмовы, створаныя для мацярынства і дзяцінства, так і той набор ільготаў і гарантый, якія даюцца пры нараджэнні дзяцей.
Ільготы, выплата дапамог і сацыяльная дапамога
Па словах намесніка міністра працы і сацыяльнай абароны Валерыя Кавалькова, у наступнай пяцігодцы сямейная палітыка таксама арыентаваная на падтрымку сем'яў з дзецьмі. Усе гэтыя меры прадугледжаныя праектам дзяржаўнай праграмы «Здароўе народа і дэмаграфічная бяспека». У прыватнасці, увага будзе нададзеная магчымасцям сумяшчэння прафесійных і сямейных абавязкаў, павышэнню адказнасці і ўдзелу мужчын у пытаннях выхавання, догляду дзяцей.
Падрабязна спыніўся Валерый Кавалькоў на ўжо дзеючай сістэме ільготаў і прэферэнцый. Напрыклад, аднаразовая дапамога ў сувязі з нараджэннем дзіцяці і штомесячная дапамога па доглядзе яго да 3 гадоў прызначаецца ўсім сем'ям, незалежна ад іх даходаў і занятасці. Усяго ж дзяржаўныя дапамогі выдзяляюцца амаль на 463 тысячы дзяцей, альбо на кожнае чацвёртае дзіця ў краіне.
Шматдзетныя сем'і могуць скарыстацца праграмай сямейнага капіталу. Па звестках на 1-га кастрычніка 2020 года, было адкрыта амаль 90 тысяч укладаў. Прычым з больш чым 22 тысяч прынятых рашэнняў аб датэрміновым распараджэнні сродкамі, 90% былі выдзеленыя на паляпшэнне жыллёвых умоў.
Дадатковыя выплаты і дапамога прадугледжаныя пры нараджэнні двайнятаў і больш дзяцей. Напрыклад, аднаразовая матэрыяльная дапамога да новага навучальнага года. Сёлета яе атрымалі 101,5 тысячы шматдзетных сем'яў. Звыш 140 тэрытарыяльных цэнтраў сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва аказваюць такую дапамогу, як прадастаўленне няні і паслугі сацыяльнай перадышкі.
Медыцынская дапамога кожнай жанчыне і дзіцяці
Намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення арганізацыі медыцынскай дапамогі – начальнік аддзела медыцынскай дапамогі маці і дзецям Міністэрства аховы здароўя Дзмітрый Лазар распавёў, што дзіцячая смяротнасць у Беларусі ніжэйшая, чым у краінах СНД і многіх развітых дзяржавах свету, у тым ліку Вялікабрытаніі, Даніі, Літве, Польшчы і ЗША. А ўзровень мацярынскай смяротнасці, які з'яўляецца адным з паказчыкаў рэпрадуктыўнага здароўя жанчын, на працягу апошніх 20 гадоў у нашай краіне знізіўся больш чым у 10 разоў.
У апошнія гады ў краіне памяншаецца колькасць абортаў. Ва ўстановах аховы здароўя праводзіцца перадабортнае псіхалагічнае кансультаванне жанчын. У 2019 годзе яго прайшлі практычна ўсе, хто планаваў перапыніць цяжарнасць. 26% з іх змянілі рашэнне і захавалі дзіця.
З 1-га студзеня 2021 года ўступіць у сілу ўказ №171, згодна з якім адна спроба ЭКА будзе фінансавацца за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту. Як адзначыў Дзмітрый Лазар, бясплатна зрабіць спробу ЭКА «пры наяўнасці медыцынскіх паказанняў і адсутнасці супрацьпаказанняў, вызначаных Міністэрствам аховы здароўя, можна будзе выключна парам у шлюбе, у якіх муж і жонка з'яўляюцца грамадзянамі Беларусі і ўзрост жонкі не перавышае 40 гадоў». Распрацоўваецца таксама Нацыянальны рэгістр бясплодных параў, які дазволіць ажыццяўляць кантроль прадастаўлення працэдуры. Дарэчы, ў 2021 годзе за кошт сродкаў бюджэту плануецца ажыццявіць 2 тысячы цыклаў ЭКА.
Праграма Тыдня маці
На працягу Тыдня маці (з 12-га па 18-га кастрычніка) адбудуцца ўрачыстыя прыёмы з узнагароджаннем ордэнам Маці шматдзетных жанчын. Гэтую высокую дзяржаўную ўзнагароду ўжо атрымалі больш за 11 тысяч маці. Пры гэтым толькі ў 2020 годзе – 682. У радзільных дамах пройдзе ўшанаванне жанчын, якія нарадзілі дзяцей у Дзень маці. А падчас рэспубліканскай акцыі «Сэрца маці – невычэрпная пяшчоты крыніца» будуць пасаджаныя алеі мацярынства.
Запланаваныя бясплатныя юрыдычныя кансультацыі для шматдзетных маці, а таксама для тых, хто жадае ўсынавіць альбо ўдачарыць дзіця ці ўжо наважыўся на такі крок, і многія іншыя мерапрыемствы.
Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by