Ці ведаеце вы, чаму здаровы сон павінен быць не карацейшым за 7 гадзін, прытым ноччу? Якія хваробы могуць развіцца на фоне хранічных парушэнняў сну? Ці можа бяссонніца быць сімптомам? Чаму сон не ратуе ад пахмелля, затое з'яўляецца адным з базавых правілаў для эфектыўнага пахудзення? А пра ўсё гэта мы пісалі, і не аднойчы.
Хочаце праверыць свае веды? Тады наперад!
Медыцынскі тэст
1. Ці праўда, што людзі, якія спяць ноччу меней за 7 гадзін, раней старэюць і часцей хварэюць?
А. Вось толькі не трэба ўсіх пад адзін грэбень! Мая бабуля працавала даяркай у калгасе, і добра, калі спала гадзін па 5. А дажыла да 98 гадоў. Так што ўсё вельмі індывідуальна.
Б. Сумняваюся. Гэта было б занадта проста.
В. Вядома, праўда! Хранічнае недасыпанне выводзіць арганізм са строю на раз-два.
Правільны адказ: В.
Напэўна, вы хаця б калі-небудзь ды чулі пра такі гармон, як мелатанін. Ён з'яўляецца галоўным рэгулятарам біярытмаў у арганізме чалавека і выпрацоўваецца эпіфізам (эндакрыннай залозай).
Праблема ў тым, што сінтэз мелатаніну адбываецца выключна ў цёмны час сутак. Адпаведна, дэфіцыт начнога сну прыводзіць да зніжэння сінтэзу гармону. Менавіта таму, калі вы не даспалі ноччу, дзённая дрымота не пазбавіць вас ад пачуцця разбітасці і прыгнечанасці.
Хранічнае недасыпанне і недахоп мелатаніну адбіваюцца на рабоце абсалютна ўсіх органаў і сістэмаў:
- Пакутуе эндакрынная сістэма, парушаюцца метабалічныя працэсы: адсюль цукровы дыябет і атлусценне.
- З'яўляюцца праблемы з ціскам: прывітанне, артэрыяльная гіпертэнзія.
- Парушаецца работа СКТ: тут зусім недалёка да гастрыту, язвы ці яшчэ чаго горшага.
- Нервовая сістэма адчувае павышаныя нагрузкі, што можа прывесці да розных расстройстваў, у тым ліку да псіхічных: дэпрэсіі, трывожных расстройстваў, панічных атакаў і нават шызафрэніі.
- Паскараюцца працэсы старэння.
- Зніжаецца імунітэт.
Акрамя таго, пастаянны дэфіцыт сну пагражае жанчынам заўчаснай менапаўзай, мужчынам – эрэктыльнай дысфункцыяй.
Для дарослага чалавека працягласць начнога сну павінна быць не меней за 7 гадзін. Гэта неабходны мінімум: арганізму – для адпачынку, мозгу – для перазагрузкі, мелатаніну – для сінтэзу ў патрэбнай колькасці. Калі вы свядома абмяжоўваеце сябе ў начным сне, гэта роўна таму, што вы ўласнаручна выводзіце са строю свой арганізм.
У гэтым матэрыяле – важкія аргументы ад эксперта. І ў гэтым, дарэчы, таксама.
2. У бяссонніцы толькі адзін сімптом: немагчымасць заснуць.
А. Так, дакладна. Бяссонніца – гэта значыць без сну. Зусім. Ніколькі.
Б. Не адзін сімптом, а два: немагчымасць заснуць альбо кароткі сон з вельмі раннім абуджэннем.
В. Калі б так! Бяссонніца – справа далікатная. У парушэнняў сну прыкметаў столькі ж, колькі і прычынаў – шмат!
Правільны адказ: В.
Уласна кажучы, бяссонніца – гэта сіндром, які характарызуецца не адной прыкметай, а сукупнасцю.
Да іх у роўнай ступені адносяцца:
- Праблемы з засынаннем
- Ранняе абуджэнне
- Павярхоўны і трывожны сон, які не прыносіць адчування адпачынку
- Частыя абуджэнні сярод ночы
- Дрымотнасць удзень, выкліканая дэфіцытам начнога сну, і г.д.
Калі ў вас ёсць хаця б адна з пералічаных прыкметаў, якая не дае вам нармальна высыпацца, значыць, вы пакутуеце ад бяссонніцы. Паспрабаваць справіцца з лёгкімі парушэннямі сну можна і самастойна.
Але калі дрэнны, непаўнавартасны сон ці яго адсутнасць зрабілася невырашальнай праблемай, тады толькі ўрач (для пачатку тэрапеўт).
3. Парушэнні сну павялічваюць рызыку заражэння новай каранавіруснай інфекцыяй.
А. Лагічна, бо хранічнае недасыпанне зніжае імунітэт. Адсюль нізкая супраціўляльнасць арганізма розным інфекцыям, у тым ліку COVID-19.
Б. Слаба верыцца. У нас паўкраіны дрэнна спіць. А на каранавірус хварэюць не з-за гэтага.
В. Не. Інакш у рэкамендацыях па прафілактыцы каранавіруснай інфекцыі даўно з'явіўся б гэты пункт. Але пакуль там толькі нашэнне маскі, мыццё рук і сацыяльнае дыстанцыяванне.
Правільны адказ: А.
Вучоныя правялі даследаванне і высветлілі, што чалавек, які пакутуе ад бяссонніцы, амаль на 90% больш схільны да рызыкі заразіцца SARS-CoV-2, чым той, у каго няма праблемаў са сном.
Дадзеныя, на першы погляд, палохаюць. Але каб захоўваць галаву халоднай, іх трэба правільна інтэрпрэтаваць і разумець. Гэта не значыць, што 9 з 10 чалавек з парушэннямі сну абавязкова захварэюць на COVID-19.
Гэта значыць, што калі ў чалавека першапачаткова была рызыка інфікавання, дапусцім, 0,5%, дык на фоне бяссонніцы (якая, дарэчы, можа быць абумоўленая рознымі саматычнымі захворваннямі і/альбо псіхічнымі расстройствамі) менавіта гэтая рызыка павялічваецца на 90%.
Тым не менш, любыя парушэнні сну – гэта не норма. І трэба звярнуцца да спецыяліста, каб пазбавіцца ад іх, па-за залежнасці ад таго, павышаюць яны рызыку захварэць на каранавірусную інфекцыю ці не. Бо бяссонніца сама па сабе – ужо рызыка для здароўя і працягласці жыцця. Гэта важна разумець.
Больш падрабязна пра даследаванні ўзаемасувязі каранавіруснай інфекцыі і бяссонніцы можна пачытаць у гэтым матэрыяле.
4. Лепшы сродак ад пахмельнага сіндрому – здаровы паўнавартасны сон.
А. Так, бо нездарма пра чалавека, які працверазеў, кажуць: праспаўся.
Б. Сон, вядома, лечыць. Але ў выпадку з пахмеллем ёсць метады лепшыя.
В. Пахмелле? Што гэта? Не ўмееце піць – нават не пачынайце.
Правільны адказ: Б.
Як ні дзіўна, сон – не лепшы спосаб пазбавіцца ад галаўнога болю, моташнасці, млоснасці і ўсіх іншых «цудаў» пахмельнага сіндрому, што накідваюцца на чалавека, які перабраў напярэдадні з алкаголем. Такое таксічнае ўздзеянне этанолу.
Каб хутчэй вывесці таксіны з арганізма і тым самым пазбавіцца ад пахмелля, трэба не спаць. Справа ў тым, што ферменты-антыдоты, якія абясшкоджваюць этанол, актыўна сінтэзуюцца печанню, калі чалавек не спіць. Калі ён спіць, працэсы сінтэзу ферментаў і, адпаведна, іх абясшкоджвальная функцыя таксама запавольваюцца і «засынаюць».
Акрамя таго, нягледзячы на тое, што алкаголь аказвае некаторы снатворны эфект, якасць самога сну ў стане ап'янення – горш няма куды: чалавека часцяком мучаць кашмары, сон часта перапыняецца, арганізм не адпачывае і не «цверазее».
5. Бяссонніца прыводзіць да атлусцення, а здаровы сон дапамагае схуднець.
А. Абсалютная праўда. Я ўважліва вас чытаю. Парушэнні сну прыводзяць да парушэння абменных працэсаў і, як следства, схільнасці да лішняй вагі і атлусцення.
Б. Толькі калі разглядаць гэтае сцвярджэнне з таго пункту гледжання, што чалавек з парушэннямі сну «заядае» праблему. А чым яшчэ заняцца бяссоннай ноччу? Адсюль і лішнія кілаграмы.
В. Вы дакладна нічога не блытаеце? Калі чалавек не спіць, ён рухаецца, выдаткоўвае энергію і, па ідэі, павінен худнець, а не папраўляцца.
Правільны адказ: А.
Сапраўды, дэпрывацыя сну – шлях да лішніх кілаграмаў. На фоне дэфіцыту сну не толькі парушаюцца абменныя працэсы, але і змяняецца састаў мікрабіёты кішэчніка. Гэта можа служыць трыгерам для змены тлушчавага і вугляводнага абмену, гарманальных парушэнняў, набору лішняй вагі.
Людзі з нармальным паўнавартасным сном ноччу на парадак меней схільныя да такіх рызыкаў. Здаровы сон нароўні з рацыянальным харчаваннем – адно з базавых правілаў для захавання стройнасці фігуры і падтрымання стабільнай вагі.
Пра тое, якія яшчэ фактары, акрамя сну, аказваюць уплыў на наш метабалізм і стан фігуры, можна даведацца, прачытаўшы гэты матэрыял >>>
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by