Кажуць, што ўсе хваробы – ад нерваў. І гэта праўда. Уявіць узровень стрэсу дзіцяці, якое на ўласныя вочы бачыць жорсткую праўду вайны, да канца немагчыма. Але яшчэ мацней за страхі, хваробы і жыццёвыя трагедыі аказваецца сіла чалавечага духу. Фрыдзе Рэйзман – 85 гадоў. Яна – былы вязень Мінскага гета, старшыня грамадскага аб'яднання «Гілф», адзін з арганізатараў канферэнцыі «Праведнікі народаў свету ў Беларусі». Жыццё Фрыды магло абарвацца шмат гадоў таму, але 6-гадовая дзяўчынка змагла збегчы з кватэры, куды фашысты наляцелі з ператрусам (бацька Фрыды ўзначальваў рух габрэйскага супраціву).
– Калі б я цяпер магла расказаць сучаснаму звычайнаму чалавеку, што я дзіцем бачыла на свае вочы, гэта было б складана спасцігнуць розумам і ўявіць, – кажа Фрыда Вульфаўна. – Я бачыла, як па вуліцы натуральна цячэ рака чалавечай крыві. На маіх вачах фашыст схапіў дзіця за ножку і ўдарыў яго галавой аб сцяну... Я бачыла, як расстрэльвалі на плошчы маладых дзяўчат 17-18 гадоў... Напэўна, не страціць розум мне дапамагала толькі тое, што я была дзіцем, мая свядомасць перыядычна адключалася.
Сваім доўгім жыццём я абавязаная простым беларускім людзям, якія, рызыкуючы жыццём уласным, выратавалі мяне. Пелагея Андрэеўна Шашок з вёскі Парэчча прытуліла мяне, літаральна вырвала з лапаў смерці. А маё далейшае жыццё сталася прысвечаным вялікай справе: распавесці праўду пра падзеі тых жудасных дзён. На жаль, гэтыя факты замоўчваліся вельмі доўга, і нават у коле сям'і мы не маглі пра іх гаварыць. У Мінскім гета знаходзіліся каля 100 тысяч чалавек, з іх выратаваліся адзінкі. А па маіх дадзеных, людзей пацярпела яшчэ больш, каля 120 тысяч чалавек. Гэта тыя рэчы, якія свет абавязкова павінен памятаць. Гэта немагчыма забыць і выкрасліць з памяці. Я веру, што засталася жывая толькі для таго, каб гэтыя факты не былі забытыя і ніколі не паўтарыліся больш у гісторыі. А галоўнае, у якой бы краіне я ні была, заўсёды падкрэсліваю выключную дабрыню беларускага народа.
...Каля 800 беларусаў прызнаныя Праведнікамі народаў свету. Гэтае ганаровае званне прысвойваецца Ізраільскім інстытутам катастрофы і гераізму нацыянальнага мемарыяла Катастрофы (Халакосту) і Гераізму «Яд ва-Шэм». У асноўным, гэта простыя людзі, якія ў жудасныя часы знайшлі ў сабе сілы заставацца людзьмі, выратаваць іншыя чалавечыя жыцці і паклапаціцца пра іх.
27 студзеня – Міжнародны дзень памяці ахвяраў Халакосту. Памятныя мерапрыемствы пройдуць па ўсёй рэспубліцы. Адно з найбольш значных – у музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.
– У наш няпросты час для нас асабліва важнае такое трапяткое стаўленне беларусаў да гісторыі тых дзён, – падкрэсліў напярэдадні значных датаў Алон Шогам, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Дзяржавы Ізраіль у Рэспубліцы Беларусь.
Для таго, каб такія ж традыцыі былі захаваныя і для будучых пакаленняў, падыход да падачы інфармацыі пра падзеі тых дзён робіцца больш сучасным. Напрыклад, музей гісторыі і культуры яўрэяў Беларусі анансаваў выхад у сакавіку новага дадатку, прысвечанага Халакосту. У ім будуць адзначаныя абсалютна ўсе памятныя мясціны, скульптуры, мемарыяльныя комплексы, якія знаходзяцца на тэрыторыі Беларусі. Да кожнага з іх будуць пазначаныя каардынаты. Плануецца, што з дапамогай такога дадатку людзі з самых розных краінаў нават без старонняй дапамогі змогуць знайсці памятныя мясціны, звязаныя з іх роднымі. У тэставым рэжыме дадатак запрацуе спачатку на рускай мове, затым плануецца дадаць англійскую і іўрыт.
Фота – Аксана Жураўлёва.
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by