Вось і пачаўся восеньскі баль. У садах і парках, у лясах і пералесках, а таксама ля прыбярэжных поймаў разгараецца залаты пажар. Сонца, няхай сабе і дрыготкае, але ў такія часіны лес запальвае пурпурам і барвою. Чырвонае лона плыве золатам па ўзгорках на лугі і абшары. Радуе, песціць усё жывое цёплымі аксамітавымі дзянькамі бабінага лета. І празрыстае, як горны крышталь, паветра, іскрыстыя на сонцы сярэбраныя ніткі павуціння, іней на траве і цішыня да галаўнога болю захоўваюць ў сабе невымоўную прывабнасць.
Але тут, у гэтым ціхім і велічным кутку возера, не да восеньскай прыгажосці. Сабралася як не ўсё воднае і каляводнае птаства. Асабліва вылучалася невялікая са спіны бурая з дробнымі цёмнымі пястрынкамі, жывот, галава і шыя з прадольнымі палоскамі вохрыстага колеру, птушка з жоўтай дзюбкаю. Пройдзе туды-сюды, затым уцягне галаву ў плечы, замаскіруецца і шукай, не знойдзеш. Вельмі скрытная, трымаецца асобна і вельмі рэдка трапляецца на вочы. Толькі па характэрных для яе гуках можна даведацца пра месцазнаходжанне.
Гэта малая Чапля. Іншым разам Ваўчком яе завуць, як самую дробную птушку гэтага сямейства. Але мы ведаем больш як Бугая з-за яе жахлівага крыку. А вы не чулі, дзеці, яе гукаў? Напачатку запеўка і мыкаючы гук, як рэзанатар. Дык вось, пачынаецца серыяй так званых «удыхаў», за якімі ідзе ўласна «буханне»: бп…бп…бп…прумбб! Голас яе своеасаблівы ў розны час: вясною і ў пачатку лета: «у-нуммб, у-нуммб» або «хаў» ці «каў». Тыя гукі можна пачуць як удзень, так і ўночы амаль за дзесяць кіламетраў. Пачуеш – не пужайся! Ты ўжо ведаеш чый гэта голас.
Вось і зараз малая Чапля Бугай першай кінула выклік усім водным і каляводным, вялікім і малым птушкам: усе ёй замінаюць паляваць у прыбярэжнай зоне. Абвясціла і знікла. У позе затойвання выцягнула галаву і шыю вертыкальна ўверх і пакачваецца ў такт рухам акаляючых зараснікаў чаратоў.
Першым парушальніка прыбярэжнага спакою ўбачыў шэранькі Салоўка. Але гэтаму вясёламу голасу Бугай толькі ўзрадаваўся:
– Ты адзіны, сябра Салоўка, хто можа зразумець і нават падняць настрой.
А Салоўка тым часам заспяваў так шчыра, так заўзята, што хутка ў Бугая мінуў сум. Але сюды, у чараты, прабраўся гарэзлівы Вецер. Зашалясцеў, разгуляўся, што нават прыбярэжныя вольхі прыгнуліся як ні да самай вады. А той гудзеў: «Гэта я ма-агу-у-у! Гэта я ма-агу-у-у! Дзе Бугай? На сход яго запрашаюць!»
Ды так парасшпуляў усіх прысутных – Качак ды Чаек, Лебедзяў ды Кулікоў. Апошнія шпацыравалі па беразе, а як падуў моцны Вецер уміг на дрэвы пазакідваў іх. Птушкі пачалі пішчэць ад страху, а Вецер ім і кажа:
– Каб не стваралі адно аднаму праблем! Месца ім мала! Я бачу ўсё, і ўміг парадкі навяду, – ужо больш спакойным і разважлівым голасам казаў Вецер ...
Бугай так узрадаваўся, што тут жа вылез са схованкі:
– Дзякуй, Вецер! – Навядзі, навядзі тут парадак, – прасіў Бугай.
– Чуў я, што ты ўсё тут замуціў. Вось вам і маленькая. Сваркі ды звады з-за яе пачаліся…
Тут, як па камандзе, усе птушкі сабраліся. І пачалося…
– Так, сябра Вецер, гэта адзін Бугай усім не дае спакою сваім крыкам-буханнем, - тараторылі Качкі. – Толькі за якой дробнай рыбкай палюеш-палюеш, а Бугай тут як тут. Прама з роту выкрадзе сваёй доўгай дзюбай. Хаця побач жабкі яго любыя скачыць-пасміхаюцца.
– Так, так! – засакаталі Кулікі. – У нас каторы год нават птушанят цягагае, гад ненажэрлы!
– Ці ж я цягаю? А калі бачылі, то калі гэта было?
– Гляньце вы, яшчэ і здзекуецца!
– Та-а-к, усе супакоіліся! – раздаўся моцны голас Ветра. – Няхай Лебедзь унясе яснасць: што і як тут адбылося.
Рупілася Ветру даведацца: ці праўду птаства бавіць, ці забаўляюць і яго розум сваімі карыснымі меркаваннямі.
– Я скажу так, – пачаў Лебедзь-шыпун. – Насамрэч Чапля справакавала бестактоўную сітуацыю, перайшоўшы дазволеную мяжу добрасуседства з Кулікамі. – На ўласныя вочы бачыў, як яна нахабна сагнала самку Куліка з гнязда, а яечкі праглынула. Па ўсёй набярэжнай тэрыторыі няма ніякай свабоды для дробнай птушкі. І ўсё з-за нахабнасці гэтай малой, здавалася б, істоты.
Трыснёг здратаваны-патаптаны, але не спрэс, а толькі асобнымі сцежкамі – там, дзе рыбак лодку кіраваў. А вунь штосьці шэрае мільганула? Можа гэта таксама Бугай? Адразу бачна, што гэта вельмі чуйная і асцярожная птушка, і цяпер пачуўшы галасы, падняла галаву ды загаварыла чалавечым голасам:
– Што вам усім ад мяне патрэбна? – Ходзяць тут розныя! Пішчаць, свісцяць, усю маю жыўнасць параспудзілі.
– Выходзь, выходзь! – запрасіў Лебедзь. – Глядзі як не мы параспудзілі тваю здабычу! А як сама гарланіш і ўдзень, і ў начы тады ўсё добра. – Не такая ты ўжо малая, а тым больш пільная і скрытная. Патлумач нам пра свае шкодныя ўчынкі.
– Акыш, каб цябе! – закрычалі Кулікі. – Акыш! Бач, дзе месца для жыроўкі выбрала! І як нам цяпер жыць без дзяцей, га?
Кулікі асмеліліся і падыйшлі да Чаплі, каб тая патлумачыла свой учынак, а тая – дзе там! – і гаварыць не хоча. Толькі бу-бу-бу-бу.
Чайкі і Качкі ўраз падняліся і ўсім кагалам напалі на Бугая.
– Усё ёй не так! Быццам вады не хапае, хадзі-цёпкайся, толькі нікому не замінай. Ні знешнасцю здзівіла, ні розумам. Мы зараз цябе правучым!
Тым часам на падмогу Чаплі пазляталася столькі яе суродзічаў, што мусіць не бачыла тое наваколле – скрозь шэрань адна. І як пачалі сваё бу-бу, бу-бу.
Вецер назіраў-назіраў за тымі спрэчкамі, а потым як падзьме, як завые, што ўсе ўміг разляцеліся хто-куды. Адныя ад страху, іншыя ад сораму ці несправядлівасці да іх, як не атрымаўшых права голасу.
– Каб я больш ніколі не чуў ні сварак, ні свадаў, – казаў злосны Вецер. –Памыляцца можа кожны. Прызнаць памылку – прыстойны. Папрасіць прабачэння – мужны. А вось узнавіць адносіны – дужы духам. – Кожны мае права на свабоду дзеянняў і ўласную незалежнасць, – працягваў Вецер. – Тэрыторыі і спажывы для кожнага ўдосталь.
Усё птаства ўважліва слухала мудрага Ветра. Раз-пораз чуліся галасы, што нельга мірыцца з меншым злом, баючыся што будзе большае. Але большасць птушак толькі ківала галовамі, пагаджалася і паводзіла сябе прыстойна.
У гэты момант, на ўздзіў усяго паважанага сходу, у круг выйшла Чапля і пачала вініцца і каяцца, што болей не будзе шкодзіць і замінаць іншым.
Кулікі гэты ўчынак Чаплі вызначылі як няшчыры, бо пасля такіх слоў толькі застаецца пераляцець у другое месца, дзе чакаюць, а не заставацца там, дзе будуць цярпець. Як гэта між вялікай шэрай Чапляй і малой Чапляй Бугаём. Калі адна адну цярпець не могуць, так і жывуць.
Усе ведаюць, што малая Чапля Бугай і шэрая Чапля жывуць на адным прыбярэжным чаратовым лапіку. Жывуць даўно, і, здаецца, ціха-мірна. Некалі, бывала, спрачаліся. Тыя спрэчкі былі пра тое, хто з іх важнейшы.
– Я калі іду па вадзе на мяне ўсе азіраюцца, – казала, нібы шукаючы апраўданне сваім ўчынкам малая Чапля. – Вунь, надоечы крочыла ўздоўж азёрнага берага. І, хаця, быў надвячорак, прыцемкі апускаліся, за мной беглі і дзеці, і адпачываючыя. Ці ж гэта не крыўдна?
– Канечне, дзікуна ўбачылі! – А што ім яшчэ рабіць як не памацаць, а тое і вышчыкнуць пяро з дагістарычнай істоты! – Кра-кра-кра, – хорам азваліся неабыякавыя да чужой бяды Качкі. – Гэта ж сапраўднае багацце на многія пакаленні!
– А то дзе яшчэ такую грацыю ўбачаць! – не адставалі Чайкі.
– Толькі ў музеі! – не адставалі ад астатніх Кулікі.
– Ды зразумей ты, Бугай, на таргу долі не купіш, – дадаў Лебедзь-шыпун.
– Што праўда, то праўда! – загагаталі толькі што прыводніўшая чародка шэрых гусей. – Не дадзім увесці шаноўны сход у зман, але і нам іншы раз гэтая маленькая, здавалася б якая ад яе шкода можа сыходзіць, але гэта толькі па знешнім выглядзе. Насамрэч, яна нават нам іншым разам перашкаджае падсілкавацца, калі спыняемся падчас далёкіх пералётаў. –Ведаеце, быццам наўмысна боўтаецца, разганяючы малькоў ды розную карысную для нас спажыву.
І як пачалі біць-ўзмахваць крыллямі па вадзе, ажно пырскі як не да неба лятуць. Абураюцца так актыўна, што большасць прысутных расхвалявалася магчымай бойкі.
І толькі Вецер зноўку аказаўся побач.
– Я ўжо не ў тым узросце, каб быць неўпэўненым у сабе. Жыццё навучыла мяне быць неўпэўненым у іншых. – Бачу, як ні старайся – для ўсіх добрым не будзеш.
– Не хвалюйся, шаноўны Вецер! – азвалася Чапля Бугай. – Абяцаю выправіцца. І буду глядзець на свет як для ўсіх зручна.
Птушкі пераглянуліся паміж сабою, а Лебедзь-шыпун будзе казаць:
– Гэта вялікі набытак глядзець на гэты свет вачамі іншых. – І лічыцца з меркаваннем іншых.
– І больш пачцівай да ўсіх, – дадала малая Чапля. – І прашу прабачэння ў Кулікоў за свае нахабства.
– У мяне адзіны ёсць прынцып: заўсёды веру ў лепшае, – прашумеў мудры Вецер. – І вам раю!
Я таксама там быў, слухаў галасы птушак, любаваўся ўзорамі восені і адчуваў, як на душу кладуцца кладуцца спакой і лагода.
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by