Аднойчы ў цёмным лесе, у хатцы на курачай лапцы сядзелі пры стале і гулялі ў шашкі Баба-Яга – касцяная нага і Цуда-Юда паганае.
Праўду сказаць, мухлявалі больш, чым гулялі – тры галавы Цуды-Юды так саплі, што перамешвалі чорныя шашкі з белымі і здзімалі іх з дошкі. Бабуся Ягуся не адставала – спрытна хапала фігуркі праціўніка і хавала іх у сваіх лахманах. Праз гэта яны бясконца сварыліся і намагаліся давесці адно аднаму, што гулец насупраць і ёсць сапраўдны гад печаны.
Гулялі дзень, гулялі два – на трэці стаміліся, стала не цікава. Засумавалі. Бабуся Ягуся наварыла супу з мухамораў. Пад’елі – але не павесялелі. Запарылі гарбату з гадзючай цыбулі, папілі – радасней не стала. Пачалі думаць, чым яшчэ сябе заняць.
Раптам у небе загуло, і над хаткай праляцеў самалёт.
– Разлёталіся, – сцяўшы зубы на ўсіх пашчах, прасычэла Цуда-Юда. – За гэтымі самалётамі ў неба не падняцца, як бачыш саб’юць!
– І не кажы, – згодна заківала галавой Баба-Яга. – Ужо і я асцерагаюся лятаць! Неяк трапілася на дарозе аднаму летаку – ледзь адбілася памялом. Яму толькі крыло падрапала, а я памяло зламала – напакутвалася, пакуль наладзіла.
– Тут засумуеш! – у адзін голас уздыхнулі Баба Яга і Цуда-Юда.
Раптам у вачах Бабусі-Ягусі заскакалі чэрці.
– Прыдумала! – закруцілася яна на касцяной ножцы. – Будзем конкурс ладзіць! От павесялімся!
– Які такі конкурс? – здзівілася Цуда-Юда і натапырыла вушы.
– Чула я днямі, як птушкі выхваляліся перад ляснымі жыхарамі, што яны найлепшыя стварэнні! Вычыталі ў энцыклапедыі – дужа разумнай кнізе, якую займеў вучоны Сыч – што летакі-самалёты ад птушак пачатак бяруць!
– А што ты думаеш, усё можа быць, – цыркнула слінай Цуда-Юда.
– Няхай сабе! – паціраючы рукі, прамовіла баба Яга. – А вось ад якіх менавіта птушак? Зладзім конкурс – няхай кожная давядзе сваё права продкамі летакоў-самалётаў звацца!
– А весяліцца калі? – не скеміла Цуда-Юда.
– Эх, ты! – пакруціла галавой Баба-Яга. – Як пачнуць паміж сабой высвятляць, хто лепшы – паб’юцца абавязкова. Вось і павесялімся!
– А Бабусенька, а Ягусенька! – нарэшце скеміла Цуда-Юда. – Без сумневу – ты чэмпіёнка па розным радасцям-гадасцям!
– Ды ўжо ж стараюся ад цябе не адставаць! – зарагатала задаволеная Баба-Яга, ускочыла ў ступу, махнула памялом – і ўзмыла пад аблокі. Яна паляцела паведаміць птушкам пра конкурс, і ў хуткім часе ўсё наваколле гуло ад навіны.
Пазляталіся да хаткі на курачай лапцы птушкі з усяго свету, а Бабуся-Ягуся і Цуда-Юда паселі суддзямі. Конкурс пачаўся з даклада вучонага Сыча.
– «Мара пра палёты спрадвеку была ў людзей – старажытныя грэцкія міфы таксама расказваюць пра яе. Майстра Дэдал зрабіў крылы з пёркаў і воску, каб Ікар мог падняцца ў неба», – зачытаў вучоны Сыч з энцыклапедыі і спытаў прысутных: – Што гэта, як не спроба людзей пераймаць птушак?
Птушкі ўхвальна зашчабяталі, зачырыкалі, застракаталі, закаркалі. Шумелі так, што давялося Бабусі-Ягусі і Цуду-Юду ваты ў вушы напхаць. Абмеркаваўшы, што ў самалётаў, як і ў птушак, ёсць крылы, хвост, галава, лапы-шасі, птушкі агледзелі кожная сябе і суседзяў – нібы першы раз бачылі – і яшчэ раз пацвердзілі:
– Бясспрэчна, сталёвыя гіганты пайшлі ад нас!
У маленькіх птушак ажно сілы прыбыло – вось якая адметная яны грамада!
– Цудоўненька! – ялейным галаском прамовіла Бабуся Ягуся і штурхнула ў бок Цуду-Юду. – Але ж, пэўна, былі і першыя птушкі, на якіх сталі звяртаць увагу майстры? Не забывайцеся: пераможцам будзе той, хто давядзе сваё першынства.
Дужа хацелася кожнай птушцы вылучыцца і звацца першай!
Паважна выступілі наперад Гарадскія Галубы:
– Думаем, што гэта былі мы! – правуркаталі яны. – Мы спрадвеку жывём побач з людзьмі. Няйнакш, яны на нас нагледзеліся!
– Вось невукі, а яшчэ радня! – абурыліся Галубы Лясныя. – Пакуль гарадоў набудавалі і вы ў іх атабарыліся, былі мы! Людзі на нас глядзелі.
– Чакайце, панове! – заклекатаў Журавель. Ад хвалявання ў яго на галаве ажно запалымнела чырвоная шапачка. – Прыгледзьцеся добра: магутныя летакі падобныя да журавоў!
– Падобныя!!! – абурана зашыпелі Лебедзі-Шыпуны. – У гэткай важнай справе хіба можна быць недакладнымі! Падобныя ці не падобныя – пытанне спрэчнае. Мы вось чулі, што ёсць адмысловыя самалёты, якія завуцца «Белы лебедзь».
– Калі на тое пайшло, – загагаталі Гусі, – дык і мы маем што сказаць. – Ці вы не чулі пра Самалёта-гуся? А ён, між іншым, у музеі ў Амерыцы стаіць! Хто яшчэ мае такі важкі доказ?
Ох, што пачалося пасля гусінай заявы! Лёталі ластаўкі, маланкай мільгалі стрыжы, планавалі ў паветры буслы, узмывалі над зямлёй чайкі. Крычалі, спрачаліся пра размах крылаў і хуткасць палёту. Зачапілі за жывое каршуноў, груганоў, ястрабаў – драпежных птушак. А ў тых гаворка кароткая – хапу-лапу – і паперлі меншых крыкуноў за аблокі.
Пер’е ляціць, гвалт стаіць, птушкі ўжо і забыліся, з чаго сыр-бор разгарэўся. Распалася грамада!
Як зайка Шустрык вясну сустракаў?
А Бабуся-Ягуся з Цудам-Юдам нацешыцца не могуць! Як сапраўдныя чэмпіёны пры стале сядзяць, зёлкі папіваюць, мухаморамі заядаюць, з вакна за птушынай бойкай назіраюць і больш не сумуюць: конкурс задаўся выдатны!
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by