24.05.2022
24.05.2022

Ці бывае свята ў Зямлі? (экалагічная казка) + аўдыё

logo
Адукацыя і выхаванне
0 62
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A


 

Жыў-быў Праменьчык. Ён заўжды рана паднімаўся са сваёй бязважкай і цёплай пасцелі, таксама як і  яго маці  Сонца рупілася парадаваць усе жывое на планеце Зямля, ён, як і Салоўка, таксама спяшаўся быць напагатове, каб узняцца на неба і прынесці Чалавеку добры настрой на ўвесь дзень.

І Чалавек чакаў такой жа, як і ўчора, прыгожай раніцы, каб пачаць новы дзень у добрым настроі.

Сонца  будзіла горад. Яно далікатна і асцярожна паказала з-за далягляду свой ярка-чырвоны край, запаліла прыгарадны лясок. Пурпур і барва пажару абнімала вершаліны дрэў, паўзла па зямлі. Чырвонае лона плыло золатам да гарадскіх муроў. Паволі ўздымалася над дамамі, пачынала важна ўзбірацца ўсё вышай і вышай — на паплавы, далёкія лугі і папары.

Сонца разбудзила горад

А Салоўка свістаў. А Салоўка заліваўся.

І як толькі першы яшчэ зусім кволенькі Праменьчык пачаў танчыць па вільготным гарадскам асфальце і маладой траўцы яго пільнаму позірку сустрэліся чорныя вялікія растрыбушаныя поліэтыленавыя пакеты. І ён разгубіўся: што рабіць? Клікаць сваіх сяброў, каб пільней высвечвалі зямлю — наш, Чалавека і ўсяго жывога, дом. І праменьчыкі парупіліся.

Жучкі

Ля адной гарадской сметніцы была такая брыдкая карціна, што цяжка нават словамі перадаць: чорныя пакеты  сапсавалі настрой не толькі  Праменьчыку, але і ўсім неабыякавым: і Салоўку, і траўцы, і жучкам, і мурашам, і ... Тады Праменьчык не вытрымаў і голасна прамовіў:

— Ну і хто ж гэта сумленне сваё згубіў? У каго не хапіла сілы смецце да кантэйнераў данесці, — у скрусе ажно дрыжэў першы Праменьчык. – Я зараз не вытрымаю і заплачу, як так можна: смеціць сабе ж на шкоду?

Але пытанні яго павіслі ў ранішняй блакітнай цішыні.

— Вельмі шкада, што рука чалавека і на дрэннае здольная, — з горыччу казаў другі Праменьчык.

І праменьчыкі засумавалі, быццам яны адны перад усёй гэтай бязмежнай, нямой  глыбінёй, калі радасці жыцця навокал не было, як  раней разлівалася тая радасць на ўсё наваколле. З вока на вока, толькі, здаецца, Матухна-Зямля адна спрыяе гэтаму пульсу жыццярадаснасці біцца кожны момант, у кожным куточку гэтых прастораў.

Штодня людзі прачыналіся і беглі хто куды – на працу і ў школу, у вёску да бацькоў і на рыбалку…На хаду жавалі розныя прысмакі і лускалі семкі, курылі, выкідваючы долу як акуркі, паперкі, так і тое, што было выкарыстана і стала няпрыдатным. І ўсё гэта ляцела, слалася на зямлю…

Праменьчыкі

– Дык чаму ж засумавала Зямля – дрэвы, кветкі, трава – усё жывое? Перш за ўсё з-за таго, што людзі страцілі разумныя арыенціры свайго быцця і ўзаемадзеяння з навакольным асяроддзем і, як рыбіна, праглынулі спажывецкі кручок, які нагадвае няспынную гонку за дабротамі.

Ранак вытарашчыў вочы, як дзіця, глядзіць наўкола: Салоўка сцішыўся, маладая ж траўка енчыла, па-даросламу стагнала. Усё, што ляжала на яе маладым целе не давала падняцца і цягнуцца да святла, расці ўгору. Затое, відаць, учора тут добра вароны павесяліліся: навокал трава спляжана, як не на дзясяткі метраў раскідана смецце — парэшткі чалавечага застолля.

Чакаў светлай і радаснай раніцы і звычайны сціплы Чалавек – дворнічыха  Марына Іванаўна. І як убачыла свой участак ледзьве не абамлела: з вечара навяла парадак наўкола, а калі ўжо прыцемкам пакідала працу дзеці яшчэ забаўляліся, птушкі спявалі, наўкола музыка і радасць, а за ноч вось што зрабілася…

Дворнічыха

Акрамя растрыбушанага смецця, воддаль ляжаў нават настольнік. Цырата начным ветрыкам была распраўлена настолькі, што пасярод яе ляжалі бруднаю горкай парэшткі правізііі, блішчэлі пластыкавыя і шкляныя бутэлькі…

– Усе ўмовы створаны для збору смецця: кантэйнеры ж усталяваны, падпісаныя, куды і што класці:  пластык, папера, шкло. Няўжо так цяжка тое выканаць. Нарэшце, хаця б пакласці ў кантэйнер. Працы на сартыроўцы прыбавіцца, хаця шкоды менш…

— Я ведаю многа сем’яў, дзе даўно тое паразуменне Чалавека з Прыродаю існуе! – казаў першы Праменьчык.

— І я ведаю, мае вы харошыя памочнікі! – ўступала ў дыялог з праменьчыкамі дворнічыха. – Я нават ведаю хто гэты беспарадак утварыў!

— Ну і хто той бессаромнік? Пакажыце нам яго, мы яго правучым раз і назаўжды!

— Гэта дальнябойшчык з пятай кватэры, — з сумам адказала жанчына. – Заўчора з Еўропы вярнуўся, дык адзначаў вяртанне на радзіму на шырокую нагу...

Бабуля Марына яшчэ дужа маладжавая жанчына, але павагу да прыроды і  людской працы спазнала з маленства. Ад маці сваёй як дарунак працавітасці і акуратнасці ва ўсіх справах атрымала напоўніцу.

Дамавітая жанчына яна пільна сочыць, каб усюды быў парадак і чысціня. Ведае, што забруджванне паветра смеццем шкодзіць усяму жывому, а Чалавеку найперш за ўсё. Адсюль і хваробы: раздражняльнасць слізістых абалонак дыхальных шляхоў, што выклікаюць у сваю чаргу хранічныя бранхіты, страўнікава-кішэчныя захворванні,  запаленне лёгкіх і туберкулёз.

— Мы таксама чулі, — у адзін голас падхапілі развагі дворнічыхі праменьчыкі, што ад вокісу вугляроду, які выдзяляе смецце, пачынае балець галава, нудзіць, у Чалавека бывае галавакружэнне. – І што старыцца Чалавек пачынае ў значнай меры ад недахопу кіслароду ў арганізме.

Тым часам Сонца прыслухалася, агледзелася навокал, аўтарытэтна прамовіла:

Дзеці збіраюць мусар

— І чаму такая сацыяльная разняволенасць у грамадства, калі ў чалавецтва засталася самая сур’ёзная матывацыя –  жыццё на Планеце зберагчы? – па-філасофску разважала. – Няўжо не зразумела, што з такой свядомасцю Чалавек будзе яшчэ доўга змагацца з самім сабою, пакуль не адбудзецца грандыёзны пераварот у свядомасці кожнага жыхара планеты. Хаця, як напамін асабліва непаслухмяным, не залішнім было б прымяненне і прававых рычагоў перавыхавання.

Праменьчыкі паглядзелі ўдалеч і заўважылі, што начны ветрык і да платоў цэлаванавыя пакеты пазносіў.

— І я згодная наконт прававога ўздзеяння на дужа незразумелых. Толькі паглядзіце: ад выкінутага смецця траўка ніцая, прыгнечаная, бледная афарбоўка лісця, на многіх заўчаснае пажаўценне, а к вечару ў гарачае надвор’е тут, сярод харчавых парэшткаў,  будзе  смурод — падтрымала гутарку дворнічыха.

— А ў маштабах усяе планеты, – падтаквала ім маці-Сонца, — чым больш чалавек выкарыстоўвае ў карысных мэтах вуглевадароды для паляпшэння сваіх жа ўмоў жыцця, развіцця  шматлікіх галін вытворчасці з аднаго боку, і шкода для прыроды з другога — у выніку канцэнтрацыі вуглекіслага газу ў паветры павялічылася ў дзясяткі разоў. Што ў сваю чаргу павысіла сярэднюю тэмпературу зямной паверхні амаль на 2-3 градусы.

— Так, так! – падалі свае галаскі праменьчыкі. – Ад гэтага пачалі раставаць ільды Антарктыды, горныя ледавікі. Пачаў падымацца ўзровень Сусветнага акіяна, пад вадой апынаюцца многія гарады і населеныя пункты. І цунамі, і смерчы па ўсім свеце.

Дзеці збіраюць мусар

Раптам ва ўсім мікрараёне вокны парасчыняліся. У кожным паказаліся людзі:

Яны прыслухоўваліся да нязвыкла пабуджанай раніцы.

— А што вы хацелі, людзі? — працягвала Сонца. – Спакойна спаць? Вы ж так забрудзілі сваю Планету, што нават у пінгвінаў і цюленяў з далёкай Антарктыды, знойдзены хлорарганічныя злучэнні. Забруджванне атмасферы і воднага асяроддзя дасягнула пікавага значэння. — Такая вось адна з найважнейшых «ланцуговых» рэакцый у сістэме «геаасяроддзе – грамадства».

—  А што можа зрабіць асобны Чалавек? – запыталіся праменьчыкі.

— Перш за ўсё трэба памятаць, што кожны з вас, людзей, увесь час звязаны з Прыродай і ад вашых паводзін залежыць многае. І гэта не толькі павага да законаў яе Вялікасці Прыроды, а глыбокая пашана да яе хараства.

—  Не здзеквацца з прыгажосці Прыроды, — падтаквалі праменчыкі, свецячы ў кожнае акенца, заклікаючы насельнікаў заможных і больш сціплых кватэр, — а   пільна ставіца да сустрэч з Прыродай.  Памятайце: адпачывайце толькі ў спецыяльна адведзеных месцах, не астаўляце пасля свайго адпачынку смецце, не біце бутэлькі, не засмечвайце вадаёмы, выкарыстаныя вогнішчы залівайце вадою і засыпаце пяском.

Смецце

— Зберагчы кветкі на лугах, мурашак і пеўчых птушак у лясах і наогул Прыгажосць і Багацце Прыроды зусім не цяжка, - гучна паўтарала яснавокае і цёплае Сонца. —  Трэба ніколі не забываць, што Прырода не церпіць абыякавасці і жорсткасці, яна помсціць  за нанесеныя раны і адказвае тым жа. Яна не хоча і не можа даць Чалавеку-Ворагу тых сваіх багаццяў, якія заўсёды дае Чалавеку-Сябру. Зялёныя шарэнгі дрэў, бульвары і скверы, газоны і кветнікі – упрыгожванне вашых гарадоў і паселішчаў – яны не толькі ўбор, але і Вашае здароўе, людзі!

— Даруйце, – аднекуль пачуліся галасы. – Мы зараз…

І ці паверыце, шаноўны мой чытач? Праз хвіліну-другую на падворку з’явіўся мажны мужчына ў спартыўным касцюме.

— Даруйце, – прамовіў напаўголасу.

Відаць, што чалавек сумленне сваё не ўсё згубіў, прызнаўся:

— Кепска ўчора зрабіў… Я зараз усё прыбяру…

— Ды не трэба ўжо, — запярэчыла бабуля Марына. – Вы ўжо адзін станоўчы ўчынак зрабілі – прызналіся ў сваёй памылцы.

— Прабачце, я больш не паўтару! Але ўсё ж з большага падбяру.

 

І  Праменьчык, той самы першы і праворны, радасна ўсклікнуў: «Ура-а! Чалавек перавыхаваўся!»

Як па камандзе павысыпала на вуліцу дзятва. Пачала бегаць-збіраць цукерачныя паперкі, цэлафанавыя пакеты…

смецце 2

 

А Сонца са сваімі сынамі-Праменьчыкамі ўзнімалася ўсё вышай і вышай. І Салоўка ўзнавіў сваю вясёлую песеньку, выводзячы ўсё новае каленца.

Прачнуліся рамонкі, нібы дзеці, бяруць раўненне васількі на сонца. Скрозь прызму ранку светлага прыкмеціў я пацеркі жывіцы на сасонцы.

Як радасць жыцця чалавечай сутнасці.

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 62

Жанравы дыяпазон Аркадзя Жураўлёва вельмі шырокі. Яго пяру належаць больш за дзве сотні надрукаваных твораў у літаратурна-мастацкіх выданнях Беларусі і Расіі. Вядомы пісьменнік і як майстра міні-прозы. Яго лірычныя навелы крытыкі назвалі вершамі ў прозе. Аўтар зборнікаў сатыры і гумару «Апалонік для дырэктара» і кнігі сталай прозы «Я жадаю вам дабра...», а таксама сааўтар многіх калектыўных зборнікаў. Казкі Аркадзя Жураўлёва можна было пачуць у вячэрняй «Калыханцы» Беларускага радыё, іншых беларускіх радыёстанцый. Яны неаднойчы гучалі на Усесаюзным радыё. Аўтарскія творы пісьменніка ўвайшлі ў многія калектыўныя зборнікі. Не абмінуў Аркадзь Жураўлёў і такі жанр, як дэтэктыў. Гумарыстычныя і сатырычныя творы пісьменніка рэгулярна друкуе беларускі часопіс сатыры і гумару «Вожык. Яго героі ажылі на сцэнах народных тэатраў краіны. Сябра Саюза пісьменнікаў Беларусі з 2004 г. Узнагарожданы знакам СПБ «За вялікі ўклад у літаратуру».