19.11.2019
19.11.2019

Ці дапамогуць ствалавыя клеткі аднавіць сустаў? Сочым за лёсам пацыента

logo
Здароўе дарослых
0 57
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

У 63 гады ў Міхаіла Судаса па выніках МРТ дыягнаставалі артроз каленнага сустава 4 ступені. На гэтай стадыі руйнуецца храсток, звужаецца сустаўная шчыліна, што выклікае моцны боль і абмежаванні ў рухах. Таму траўматолагі адразу прапанавалі Міхаілу Лявонавічу аперацыю па замене сустава. Але ён абраў іншы метад – лячэнне ўласнымі ствалавымі клеткамі ў Інстытуце біяфізікі і клетачнай інжынерыі Нацыянальнай акадэміі навук.

Гэтая эфектыўная і папулярная ў свеце методыка нядаўна апрабаваная ў Беларусі і зацверджаная айчынным Міністэрствам аховы здароўя. Яна пакуль не так шырока распаўсюджаная ў нашай краіне. Таму мы вырашылі прайсці ўвесь шлях лячэння з Міхаілам Судасам і паглядзець на выніковасць метаду, як кажуць, «жыўцом».

Пакутлівы выбар

Міхаіл Судас

Каб вырашыць, што ж рабіць з хворым суставам, Міхаіл Судас пагаварыў з траўматолагамі, параіўся з пацыентамі, патэлефанаваў знаёмаму доктару ў Італію і з'ездзіў да вядомага святара. І толькі пасля гэтага прыняў рашэнне.

– Праблемы з каленам на левай назе ў мяне з'явіліся 10 гадоў таму, – распавядае Міхаіл Лявонавіч. – Магчыма, гэта следства пералому, што быў у дзяцінстве. Спачатку каленны сустаў проста балеў. Потым складана стала прысесці, стаяць, бегаць, адчувалася, быццам косць трэцца аб косць. Абыходзіўся абязбольвальнымі. Але ў 2018 годзе трапіў з іншай праблемай у РНПЦ неўралогіі і нейрахірургіі, дзе зрабіў МРТ усяго цела. Пасля яго да мяне прыйшоў урач і здзіўлена спытаўся: «А вы ўвогуле ходзіце?» Ён патлумачыў: мяркуючы па здымках, у мяне ўжо практычна няма сустаўнай шчыліны, што неўзабаве будзе мець незваротныя наступствы. Пасля гэтага я ўсур'ёз вырашыў заняцца сваёй нагой.

Праблемы з каленам на левай назе

Стаў на чаргу ў РНПЦ траўматалогіі і артапедыі на эндапратэзаванне, пачаў беражліва да сябе ставіцца: калі я раней праходзіў каля 30 тысяч крокаў у дзень, дык абмежаваўся 10-12 тысячамі. І так паступова змяншаў хаду. Але боль не праходзіў, наадварот, узмацняўся. І тады я вырашыў, што без пратэзавання сустава не абысціся. Параіўшыся з урачамі ў РНПЦ траўматалогіі і артапедыі наконт неабходнасці аперацыі, я ціхенька зайшоў у аддзяленне, каб пагутарыць з пацыентамі: адна справа – меркаванне ўрача, іншае – асабісты досвед хворага. Сустрэў 70-гадовага мужчыну з кульбачкай. Ён распавёў, што замяніў сустаў, бо наогул не мог перасоўвацца. Здаецца, усё добра: на 7-ы дзень ужо ходзіць, распрацоўвае нагу, хутка будзе мяняць каленны сустаў у другой назе, бо з-за павышанай нагрузкі ён таксама ўжо знасіўся. Тое, што давядзецца мяняць два суставы, істотна паменшыла маё жаданне ісці на аперацыю. Але я пачаў здаваць неабходныя перад шпіталізацыяй аналізы і даследаванні. І тут мае сумневы яшчэ больш павялічыліся. Траўматолаг паліклінікі прама спытаўся: «Навошта табе гэта трэба?» І распавёў, што штучныя суставы могуць не прыжыцца, што аперацыя траўматычная, а рэабілітацыя працяглая.

Тады Міхаіл Судас вырашыў: як Бог дасць. І паехаў да вядомага святара айца Валяр'яна ў Смілавічы. Ён прачакаў размовы з ім амаль увесь дзень (народу было вельмі шмат) і пачуў ад святара наступную параду.

– Вам аперацыю рабіць не трэба. Вы знойдзеце іншы метад лячэння, – ашаламіў мяне бацюшка.

Міхаіл Судас

Які метад? Што рабіць? У яшчэ большых сумневах я ўсё ж пайшоў рабіць неабходны для аперацыі фінальны рэнтген-здымак у 2-ю ГКБ сталіцы і трапіў да ўрача Уладзіслава Івашкевіча. Тут-то мой лёс і вырашыўся. Доктар сказаў наступнае: «Я б вам параіў звярнуцца ў Інстытут біяфізікі і клетачнай інжынерыі Нацыянальнай акадэміі навук і паспрабаваць метад лячэння ствалавымі клеткамі». Новае лячэнне было знойдзенае, як і прадказваў айцец Валяр'ян.

Міхаіл Судас накіраваўся ў Інстытут, сустрэўся з загадчыкам аддзялення рэгенератыўнай медыцыны і клетачнай тэрапіі Алегам Казловым, які падрабязна распавёў пра метад. І пасля размовы прыняў рашэнне паспрабаваць лячэнне з прымяненнем біямедыцынскага клетачнага прадукту (БМКП). Але, не змяняючы свайму грунтоўнаму падыходу, патэлефанаваў на ўсялякі выпадак знаёмаму доктару ў Італію.

– Я спытаўся ў яго, ці варта рабіць гэта ў Беларусі. Ці, можа, лепей паехаць у Італію альбо Ізраіль, дзе даўно практыкуюць лячэнне ствалавымі клеткамі, – тлумачыць Міхаіл Лявонавіч.

– Павер мне, у вас добрыя ўрачы, сэнсу ехаць за мяжу няма, тэхналогія адна і тая ж, але ў Італіі гэта будзе каштаваць 20 тысяч еўра, у Канадзе яшчэ даражэй, па гэтых мерках у вас гэта цалкам даступна (курс лячэння каштуе 3,5-4 тысячы рублёў. – Рэд.). А замяніць каленны сустаў ты заўсёды зможаш, – адказаў мне сябар.

Як праходзіла аперацыя

У медцэнтры Інстытута Міхаілу Лявонавічу прызначылі яшчэ некаторыя аналізы. І калі ён прывёз вынікі, адразу ж павялі ў аперацыйную.

– Тут мне за 20 хвілін пад мясцовым абязбольваннем узялі кавалачак тлушчавай тканкі, – паказвае пацыент невялікі шрамік ля пупка. – І расказалі, што з яго выдзеляць мае ствалавыя клеткі, наросцяць у лабараторыі неабходную колькасць, а затым увядуць у сустаў. Праз месяц мне патэлефанавалі і запрасілі на трансплантацыю ствалавых клетак. Я хваляваўся, думаў, будзе агульны наркоз. Наркозу ніякага не спатрэбілася, можна нават глядзець, што адбываецца. Мне апрацавалі сустаў, паказалі мае ўласныя клеткі ў шпрыцы, зрабілі абязбольвальны ўкол і пад кантролем УГД увялі 20 млн ствалавых клетак у калена. Уся аперацыя заняла 10-20 хвілін. Я нічога не адчуў. Пасля я дзесьці гадзіну паляжаў у палаце з лёдам на калене, урач назіраў, ці не будзе тэмпературы. І потым проста пайшоў дадому з пералікам практыкаванняў для распрацоўкі сустава.

Пару дзён на выхадных калена крыху балела, і мне здавалася, што там прысутнічае пэўная маса, якая перашкаджае яго сагнуць. Але я вырашыў пацярпець і не тэлефанаваць доктару. І да панядзелка боль прайшоў, «маса» рассмакталася.

Праз тыдзень мне ўвялі яшчэ 20 млн клетак ужо ў правае калена, а на трэцяй працэдуры – па 30 млн клетак у адно і другое калена. Як патлумачылі ўрачы, першыя клеткі – гэта разведчыкі, якія «ўкараняюцца» і рыхтуюць сустаў, а наступная порцыя клетак ужо пачынае працаваць над аднаўленнем храстка.

Усяго з маёй тлушчавай тканкі было вырашчана прыкладна 100 млн ствалавых клетак. Тыя, што засталіся, замарозілі, і яны захоўваюцца ў крыябанку Інстытута. Пры неабходнасці іх размарозяць, зноў вырасцяць патрэбную колькасць і будуць выкарыстоўваць для працягу майго лячэння.

Што змянілася пасля аперацыі

Апошняя трансплантацыя БМКП была 27 кастрычніка. Якія змены ў стане пацыента адбыліся за тры тыдні?

– Боль сышоў, – распавядае Міхаіл Судас. – Я ўжо хаджу 18 тысяч крокаў і штодня нарошчваю адлегласць, каб дайсці да 15 км. Згінаю-разгінаю калена без праблемаў. Па лесвіцы падымаюся асцярожна, проста псіхалагічна баюся яшчэ нагружаць нагу. Ды і доктар параіў асцярожней на лесвіцы. Мышца пад каленам зрабілася цвёрдай. Навобмацак я адчуваю, што ўмацоўваецца храсток у тым месцы, дзе яго ўжо амаль не было.

Каментарый урача

Медыцынскі аспект метаду патлумачыў нам хірург, які праводзіў аперацыю, загадчык аддзялення рэгенератыўнай медыцыны і клетачнай тэрапіі Алег Казлоў.

– Як працуе гэты метад? І што ў выніку чакаць пацыенту?

 
Алег Казлоў
Хірург, загадчык аддзялення рэгенератыўнай медыцыны і клетачнай тэрапіі Інстытута біяфізікі і клетачнай інжынерыі Нацыянальнай акадэміі навук
У шырокім сэнсе мы кажам пра біялагічнае пратэзаванне. Cтвалавыя клеткі здольныя самаўзнаўляцца і дыферэнцыравацца, гэта значыць, ператварацца ў клеткі розных органаў і тканак, у тым ліку ў астэацыты (маладыя клеткі касцявой тканкі), хандрацыты (асноўныя клеткі храстковай тканкі). Трапляючы ў сустаў, яны знаходзяць пашкоджанне і пачынаюць, умоўна кажучы, яго рамантаваць. У выніку ўтвараецца гіялінападобны храсток. Гэтага дастаткова, каб сышоў болевы сіндром, палепшылася функцыя сустава. «Рамантуюцца» і іншыя сустаўныя структуры, тыя ж мікрапашкоджанні звязак і сустаўных паверхняў, што таксама дадае функцыянальнасці.

Прыкладна праз год, у адпаведнасці з міжнароднымі алгарытмамі, мы правядзем комплекснае рэнтгеналагічнае абследаванне. Перакананыя, што на здымках будуць праглядацца прыкметы аднаўлення храстка. Праз паўгода сустрэнемся з пацыентам, правядзем клінічную ацэнку прамежкавых вынікаў.

– Ці ёсць у метада пабочныя эфекты?

– Сур'ёзных пабочных эфектаў не зарэгістравана не толькі ў нас, але і ва ўсім свеце. У раннім пасляаперацыйным перыядзе можа быць павышэнне тэмпературы (транзітарны субфебрылітэт), што хутка праходзіць самастойна, пры неабходнасці купіруецца медыкаментозна.

– Ці давядзецца рабіць трансплантацыю БМКП яшчэ раз?

– Не выключаецца. Для гэтага ў нас ёсць крыябанк, дзе пацыент пры жаданні зможа захаваць свае ствалавыя клеткі. Але ўсе гэтыя мерапрыемствы магчымыя па строгіх клінічных паказаннях, а не па жаданні чалавека.

– Ці пры ўсіх стадыях артрозу падыходзіць лячэнне БМКП?

– Практычна так. У тым выпадку, калі захаваліся асноўныя анатамічныя структуры і ўзаемаадносіны, абмежаванняў няма. Клетачная тэрапія здыме боль, адновіць пашкоджанні, верне якасць жыцця і свабоду перамяшчэння. Але, натуральна, у пэўных межах – у вышыню з шастом або з парашутам чалавек наўрад ці зможа скакаць.

Бывае, што пацыенту адмаўляюць у татальным эндапратэзаванні з-за спадарожных цяжкіх праблемаў са здароўем, і тады тэрапія ствалавымі клеткамі – добрая і ледзь не адзіная альтэрнатыва.

– Ці ўсе суставы можна лячыць гэтым метадам?

– Усе, метад выкарыстоўваецца ў комплекснай тэрапіі посттраўматычных і дэгенератыўных захворванняў тазасцегнавых, каленных, галёнкаступнёвых, плечавых суставаў, не выключаюцца пазваночнік і жавальныя суставы.

– Лад жыцця ўплывае на эфектыўнасць лячэння з дапамогай БМКП?

– Я буду дрэнным доктарам, калі скажу, што не ўплывае. Ствалавыя клеткі не любяць ні алкаголю, ні нікаціну. Вядома, лепей не піць, не паліць і весці актыўны лад жыцця.

Наш партал будзе сачыць за зменамі ў суставах пацыента, вывучаць яго рэнтген-здымкі і дзяліцца гэтым з чытачамі.

Фото – Андрэй Васкрасенскі.

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 57

Журналіст і медыятар. У журналістыцы каля 20 гадоў. Асноўная цікавасць – сацыяльныя праблемы. Скончыла журфак БДУ. Да партала «Здаровыя людзі» і газеты «Медыцынскі веснік» працавала ў рэдакцыі «Аргументы і факты» ў Беларусі, штотыднёвіках «СССР: постфактум», «Маскоўскі камсамолец ў Беларусі», нацыянальнай грамадска-асветніцкай газеце «Культура», інтэрнэт-выданні Оpen.by. Сябра Беларускай асацыяцыі журналістаў. Матэрыялы Ганны выдзяляюцца выразнай структурай, глыбінёй раскрыцця тэмы і сваёй аналітычнасцю. Хобі: літаратура, напісанне дзіцячых кніг. Аўтар праектаў: ТэДДзі (Трыбуна для дзяцей) – нацыянальная пляцоўка для выказвання меркаванняў і пазіцый дзяцей па хвалюючых праблемах (сумесны праект штотыднёвіка «Аргументы і факты» ў Беларусі, РГА «Беларуская Асацыяцыя клубаў ЮНЕСКА», Прадстаўніцтва Дзіцячага фонду ААН у Рэспубліцы Беларусь (ЮНІСЕФ) . «Урачы – таксама людзі» (24health.by), «Хатні догляд цяжкахворых» (сумесна з Беларускім таварыствам Чырвонага Крыжа) (24health.by), «Урачэбныя анлайн-канферэнцыі» (24health.by сумесна з tut.by).
Глядзіце таксама артыкулы раздзела "Здароўе дарослых"