Праверце, ці ведаеце вы, чаму немаўляты крычаць па начах і ці можна набраць вагу з-за стрэсу. Працягваем замацоўваць карысную інфармацыю пра здароўе, якую агучвалі ў нашых матэрыялах дзіцячыя неўролагі, пластычныя хірургі, псіхатэрапеўты, гінеколагі і рэаніматолагі.
- Ці можа ўзнікнуць рак жаночых палавых органаў пасля клімаксу?
А. Вядома. Клімакс – не абарона.
Б. Не. Рэпрадуктыўная сістэма «супакойваецца» і ўжо не схільная да фактараў рызыкі.
В. Можа, але значна радзей.
Адказ: А.
Шэраг анказахворванняў жаночых палавых органаў, у тым ліку самы распаўсюджаны ў Беларусі рак цела маткі, якраз узнікае ў большасці выпадкаў у перыяд менапаўзы. Таму гінеколагі і рэкамендуюць штогадовыя агляды жанчынам, па-за залежнасці ад узросту.
Больш падрабязна пра дыягностыку і лячэнне раку цела маткi – тут.
- Калі малыш пастаянна прачынаецца ноччу, крычыць, не даецца на рукі, гэта трэба лячыць?
А. Вядома. Трэба ісці да неўролага.
Б. Не. Гэта нармальна для нованароджаных.
В. Трэба ўмець закалыхваць, выконваць распарадак дня, тады дзеці не будуць крычаць ноччу.
Адказ: Б.
Тое, што з 3-4 месяцаў у многіх дзяцей з'яўляюцца начныя кашмары, яны плачуць і крычаць, гэта нармальна, з'яўляецца этапам сталення. Калі пасля крыку малышы засынаюць, калі добра спяць удзень, калі іх развіццё адпавядае ўзросту, начныя «істэрыкі» не небяспечныя для здароўя. Больш гэта вымотвае бацькоў. Неспакойны сон часта дапамагае малышу справіцца з лішняй інфармацыяй, якую ён нахапаў удзень. Да неўролага варта звярнуцца толькі калі начныя кашмары стэрэатыпныя і пагаршаюць самаадчуванне дзіцяці на наступны дзень.
Падрабязна пра неўралагічныя асаблівасці дзяцей – тут.
- Ці можна лячыць узроставыя змены скуры ствалавымі клеткамі?
А. Пакуль не. Вучоныя над гэтым працуюць, але гэта яшчэ не хутка зробіцца даступным.
Б. Не. Гэта чарговы рэкламны трук медыцынскага бізнэсу.
В. Можна. Гэтаму метаду ўжо некалькі гадоў.
Адказ: В.
Узроставую атрафію скуры ў свеце лечаць ужо больш за 10 гадоў фібрабластамі – клеткамі дэрмы чалавека. Яны запускаюць у тканках рэгенератыўныя працэсы, і адбываецца натуральнае аднаўленне і амаладжэнне скуры. Для гэтага ў пацыента бяруць невялікі кавалачак скуры, культывуюць з яго патрэбную колькасць фібрабластаў і ўводзяць іх у праблемныя ўчасткі.
Больш падрабязна пра лячэнне фібрабластамі – тут.
- Навошта ў рэанімацыях пацыентаў часам фіксуюць да ложка?
А. Каб не перашкаджалі працаваць урачам і медсёстрам.
Б. Каб пацыент не нашкодзіў сабе і навакольным, бо свядомасць у стрэсавай сітуацыі не заўсёды ясная.
В. Так зручней праводзіць рэанімацыйныя мерапрыемствы.
Адказ: Б.
У рэанімацыі ў чалавека можа наступіць дэлірый – зрыў адаптацыі, парушэнне свядомасці. У такім стане пацыент можа плакаць, крычаць, выдзіраць з сябе катэтары. Такая рэакцыя галаўнога мозгу на незнаёмую, пужаючую абстаноўку рэанімацыі, дзе кругласутачна гарыць святло, чалавек падключаны да медабсталявання, адчувае боль і дыскамфорт пасля аперацыі або траўмы.
Больш падрабязна пра тое, што такое бальнічны дэлірый, як перажыць яго без стратаў, – тут.
- Часта бацькі кажуць сваім дзецям: «У мяне ад цябе галава баліць!». А можа быць зваротная сітуацыя – балець галава ад бацькоў?
А. Так. Ад бацькоў, у асноўным, галава і «пухне», калі яны шмат хочуць ад свайго дзіцяці.
Б. Не. У дзіцячым узросце галаўны боль не характэрны: моцны імунітэт і няма ніякіх клопатаў.
В. Не. Галава баліць ад унутраных фізіялагічных прычынаў, а не ад знешніх раздражняльнікаў.
Адказ: А.
Да першаснага галаўнога болю дзіцячыя неўролагі адносяць галаўны боль напружання, які часта звязаны з завышанымі патрабаваннямі бацькоў да поспехаў дзіцяці і павышанай нагрузкай на яго. Каб дзіця справілася з гэтым болем, бацькі павінны перагледзець сваё стаўленне да дзіцяці.
Падрабязна пра галаўны боль ды іншыя парушэнні ў дзяцей – тут.
- Ці можна набраць вагу з-за стрэсу?
А. Нельга. У стрэсе чалавек усё роўна захоўвае кантроль і не мяняе свае харчовыя звычкі.
Б. Не. Вага набіраецца з-за гарманальных парушэнняў, захворванняў, а не з-за псіхалагічнага дыскамфорту.
В. Можна, калі «заядаць» праблемы і эмоцыі замест таго, каб вырашаць іх і прапрацоўваць.
Адказ: В.
У абноўленую Міжнародную класіфікацыю хваробаў – МКБ-11 – увайшло такое расстройства харчовых паводзінаў, як кампульсіўнае пераяданне. Пры ім чалавек за кароткі час бескантрольна спажывае вялікую колькасць ежы, а потым адчувае пякучае пачуццё віны. Псіхатэрапеўты сцвярджаюць, што так чалавек спрабуе справіцца са сваімі эмацыянальнымі перажываннямі.
Больш падрабязна пра расстройствы харчовых паводзінаў – тут.
Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by