Праверце свае веды ў разнастайных абласцях медыцыны і атрымайце важныя парады ад траўматолага, мамолага, псіхатэрапеўта і спецыяліста па доглядзе.
1. Якія мышцы трэба ўмацоўваць першымі пры гіперлардозе?
А. Мышцы спіны.
Б. Мышцы пярэдняй брушной сценкі (прэс).
В. Ягадзічныя мышцы.
Адказ: Б.
Гіперлардоз паяснічнага аддзела – гэта значнае павелічэнне натуральнага прагібу пазваночніка. Ён можа ўзнікнуць з-за лішняй вагі, калі жывот цягне за сабой пазваночнік, альбо падчас цяжарнасці. Гэта можа стаць прычынай неспецыфічнага болю ў ніжняй частцы спіны. Пры гіперлардозе ў першую чаргу трэба ўмацоўваць мышцы пярэдняй брушной сценкі, гэта значыць – прэс.
Самае эфектыўнае практыкаванне для ліквідацыі болю пры гіперлардозе – тут.
2. Што з'яўляецца даказаным фактарам рызыкі развіцця раку малочнай залозы?
А. Экстракарпаральнае апладненне.
Б. Невялікая колькасць родаў.
В. Наяўнасць блізкіх сваячак па мацярынскай лініі, хворых на РМЗ.
Адказ: В
Сёння, кажуць анколагі, фактары рызыкі, якія адназначна могуць быць штуршком да захворвання, не ўстаноўленыя. Самыя асноўныя – наяўнасць дзвюх сваячак першай ступені сваяцтва па матчынай лініі з РМЗ і/альбо наяўнасць у жанчыны атыпічнай гіперплазіі малочных залозаў. Што рабіць, каб заўважыць захворванне на самай ранняй стадыі і пазбегнуць выдалення органа, – тут.
3. Калі дзеці сутыкнуліся з малюнкамі гвалту, адчулі моцны страх, яны могуць сысці ў рэгрэс, гэта значыць, паводзіць сябе не па ўзросце. Што рабіць бацькам?
А. Нагадаць дзіцяці, колькі яму гадоў, і папрасіць паводзіць сябе адпаведна.
Б. Не рабіць ніякіх заклікаў вярнуцца ў рэальны ўзрост, падыграць яму.
В. Проста даваць валяр'янку.
Адказ: Б.
Людзі, якія перажылі стрэс, могуць «здзяцінець» ці ўпасці ў рэгрэс. Напрыклад, падлетак раптам захоча спаць у ложку з бацькамі. Не трэба пужацца. Але і не варта вяртаць чалавека ў рэальны ўзрост. Пацярпелым трэба час для назапашвання рэсурсу для аднаўлення псіхікі. Чым яшчэ могуць дапамагчы бацькі перапалоханаму і траўмаванаму дзіцяці – тут.
4. Якія сімптомы кажуць пра фарміраванне псіхічнай траўмы?
А. Парушэнне сну, адсутнасць апетыту альбо абжорства, складанасці з канцэнтрацыяй.
Б. Страта цікавасці да звычайных рэчаў, пастаяннае паглыбленне ў траўмуючыя ўспаміны, страта эмацыянальнай адчувальнасці, агрэсія ў паводзінах, зрывы.
В. Кароткачасовыя страты прытомнасці.
Адказ: А, Б.
Пералічаныя рэакцыі дапушчальныя ў першыя дні пасля траўматычнай падзеі. Але важна, каб яны прайшлі праз два тыдні. Што рабіць, каб траўма не замацавалася ў вашай псіхіцы і не перарасла ў посттраўматычнае стрэсавае расстройства, – тут.
5. Ці магчыма сцерці непрыемныя эмоцыі з нашай памяці?
А. Вядома ж, не. Гэта непадкантрольна нашай псіхіцы і ўрачам.
Б. Можна – дзякуючы моцным лекавым сродкам.
В. Магчыма – без лекаў, пры дапамозе псіхатэрапеўтычных тэхнік.
Адказ: В.
Для работы з вострай траўмай псіхатэрапеўты часта выкарыстоўваюць метад дэсенсібілізацыі і перапрацоўкі рухам вачэй, які дапамагае знізіць эмацыянальны зарад з траўмуючага эпізоду: чалавек добра памятае падзею, але яна ўжо не выклікае ў яго разбуральных эмоцый.
6. Што нельга рабіць пры пачатковых пролежнях у хворага?
А. Масажыраваць пачырванелыя месцы і апрацоўваць іх алеем і спіртам.
Б. Прамакаць траўмаваныя ўчасткі скуры чыстай сурвэткай.
В. Мяняць позу ляжачага, каб вызваліць месца пролежня ад ціску.
Адказ: А.
Раней лічылася, што пролежні неабходна апрацоўваць спіртам. Гэта састарэлы падыход, і сёння так рабіць строга не рэкамендуюць. Пра тое, як не дапусціць пролежняў у ляжачага хворага, – тут.
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by