Ці варта прымаць прэпараты вітаміну D дадаткова, бо яго асноўнай крыніцай для арганізма чалавека з'яўляецца сонечнае святло, а ва ўмовах ізаляцыі з-за сітуацыі з COVID-19 як ніколі востра адчуваецца яго недахоп?
Гэтае пытанне мы задалі нашаму пастаяннаму эксперту – прафесару кафедры эндакрыналогіі Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, старшыні БГМА «Эндакрыналогія і метабалізм» Але Шапялькевіч.
Такі важны вітамін D
Шматлікія даследаванні паказалі, што значэнне вітаміну D для арганізма чалавека значна шырэйшае, чым прафілактыка касцявых захворванняў. Яго дэфіцыт цесна звязаны з павышанай рызыкай развіцця цукровага дыябету, артэрыяльнай гіпертэнзіі, сардэчнай недастатковасці, захворванняў перыферычных артэрый, вострага інфаркту міякарда, розных формаў раку, аўтаімунных і запаленчых захворванняў, зніжэннем імуннай абароны арганізма і павышэннем узроўню смяротнасці.
Вітамін D прысутнічае ў многіх тканках арганізма, напрыклад, у імунных і міелоідных клетках, у кары наднырачнікаў, у клетках тлушчавай тканкі, тоўстым кішэчніку, кардыяміяцытах (мышачных клетках сэрца), скуры, клетках цэнтральнай нервовай сістэмы і многіх іншых.
Дарэчы, на думку экспертаў СААЗ, вітамін D умацоўвае прыроджаны імунітэт (выступае ў ролі імунамадулятара). Акрамя гэтага, быў зарэгістраваны ахоўны эфект дадаткаў вітаміну D у дачыненні да рэспіраторных інфекцый. Прадстаўнікі навуковай супольнасці сёння выказваюць меркаванне, што недахоп вітаміну D можа спрыяць больш працягламу і цяжкаму цячэнню COVID-19.
У прыродзе ёсць дзве формы вітаміну D: D2 і D3. Першы, але ў невялікай колькасці, мы атрымліваем з прадуктамі харчавання, а другі, які з'яўляецца асноўнай крыніцай вітаміну D, сінтэзуецца толькі пад уздзеяннем сонца.
Не хапае вітаміну D. Як даведацца?
Ці можна па якіх-небудзь асаблівых прыкметах вызначыць, што ў арганізме мала вітаміну D? На гэтае пытанне Ала Шапялькевіч дае адназначны адказ – спецыфічных сімптомаў таго, што ў арганізме не хапае «сонечнага вітаміну», няма.
Сігналы арганізма, якія могуць сведчыць пра тое, што ёсць дэфіцыт вітаміну D, даволі няпэўныя: стомленасць і мышачны боль, слабасць, страта апетыту, бяссонніца, паленне ў роце і ў горле, зніжэнне вагі і пагаршэнне зроку. Многія з пералічаных прыкметаў могуць сведчыць як пра наяўнасць дэфіцыту іншых вітамінаў і мікраэлементаў, так і захворванняў, падкрэсліла эксперт.
У пацыентаў з дэфіцытам і/або недахопам вітаміну D адзначаюцца ізаляваны і/або генералізаваны боль, непрыемныя адчуванні ў касцях і мышцах. Дэфіцыт вітаміну D прыводзіць да міяпатыі, што можа выяўляцца мышачнай слабасцю, асабліва ў праксімальных групах мышцаў, цяжкасцямі пры хадзе, падтрыманні раўнавагі і схільнасцю да падзенняў, што заканамерна павялічвае рызыку пераломаў, дадала прафесар.
У групу рызыкі дэфіцыту вітаміну D уваходзяць: жанчыны, старэйшыя за 50 гадоў, асабліва тыя, у каго ёсць захворванні касцявой тканкі, сталыя людзі ва ўзросце, старэйшым за 60 гадоў, а таксама людзі з атлусценнем, цяжарныя і жанчыны, якія кормяць.
Акрамя гэтага, верагоднасць недахопу «сонечнага вітаміну» высокая ў пацыентаў з хранічнымі захворваннямі печані і нырак, у тых, у каго парушаная ўсмоктвальнасць у кішэчніку, у хворых на туберкулёз.
Зніжаць утрыманне ў арганізме вітаміну D можа таксама прыём некаторых прэпаратаў, у прыватнасці, картыкастэроідных, супрацьвірусных, супрацьгрыбковых і супрацьсутаргавых.
Лішак «сонечнага» вітаміну далёка не бясшкодны. Магчымыя сімптомы перадазіроўкі: слабасць, страта апетыту, млоснасць, запоры ці дыярэя, рэзкі боль у суставах, галаўны і мышачны боль, ліхаманка, павышэнне артэрыяльнага ціску, сутаргі, запаволенне пульса, цяжкасць дыхання, адклад соляў кальцыю ў органах, які ўскладняе іх работу. Лішак вітаміну D можа стаць прычынай сур'ёзнага пашкоджання нырак!
Дарэчы, значэнні ўзроўню вітаміну D у крыві могуць вар'іравацца. Напрыклад, у асенне-зімовы сезон з-за недахопу сонечных дзён дэфіцыт будзе больш выяўлены.
Як папоўніць дэфіцыт вітаміну D
Для таго каб запусціўся працэс сінтэзу вітаміну D, трэба прымаць «сонечныя ванны» на працягу не менш за 20-30 хвілін. Пасля гэтага ўзровень у крыві вітаміну D3 раўнацэнны прыёму прэпарата, які змяшчае 10 тысяч МА (міжнародных адзінак) вітаміну D3. (Парада: шпацыруйце на свежым паветры ў сонечнае надвор'е не менш за паўгадзіны, пазбягаючы людных месцаў, або выходзьце на балкон для таго, каб прымаць «сонечныя ванны»).
З ежай у арганізме засвойваецца толькі 5-7% вітаміну D. Разам з тым, у нашым рацыёне абавязкова павінны прысутнічаць прадукты, якія яго ўтрымліваюць: марскія прадукты (тлустыя гатункі рыбы: сёмга, селядзец, сардзіны, скумбрыя), ялавічына і свініна, ялавічная печань, розныя алеі (у тым ліку сметанковае масла), яйкі, арэхі і семачкі, печань траскі, сыр, малочныя прадукты (ад тварагу да кефіру).
Натуральныя харчовыя крыніцы вітаміну D (D2 або D3) MА/100 г:
Дзікі ласось | 600-1000 | |
Ласось, вырашчаны на ферме | 100-250 | |
Селядзец | 294-1676 | |
Кансерваваныя сардзіны | 300-600 | |
Кансерваваная макрэль | 250 | |
Грыбы, апрамененыя УФ | 446 | |
Грыбы, не апрамененыя УФ | 10-100 | |
Сметанковае масла | 52 | |
Малако | 2 | |
Смятана | 50 | |
Сыр | 44 | |
Ялавічная печань | 15-45 | |
Рыбін тлушч | 400-1000/1 ст. лыжка | |
Малако, узбагачанае вітамінам D | 80-100/на шклянку | |
Яечны жаўток | 20/1 шт | |
Кансерваваны тунец | 236 |
Для прафілактыкі дэфіцыту вітаміну D ужываюць калекальцыферол (D3) і эргакальцыферол (D2). Дзве гэтыя формы вітаміну D называюць «натыўнымі». Натыўны вітамін D можа прымяняцца з ежай або нашча.
Для прафілактыкі дэфіцыту вітаміну D рэкамендуецца:
- асобам ва ўзросце 18-50 гадоў атрымліваць не менш за 600-800 MА вітаміну D у суткі;
- асобам, старэйшым за 50 гадоў, – не менш за 800-1000 MА вітаміну D у суткі;
- цяжарным і жанчынам, якія кормяць, – не менш за 800-1200 MА вітаміну D у суткі.
На фоне прыёму прафілактычных і падтрымліваючых дозаў вітаміну D кантроль 25 (OH) D (кальцыдыёлу) у крыві мэтазгодна праводзіць кожныя 6-12 месяцаў, што звязана з верагоднасцю зніжэння яго ўзроўню ніжэй за мэтавыя значэнні.
Працяглыя даследаванні па вывучэнні прымянення высокіх дозаў вітаміну D адсутнічаюць. Аднак, большасць экспертаў лічаць, што развіццё таксічных праяў вітаміну D з'яўляецца вельмі рэдкай з'явай і звязанае з ненаўмысным прыёмам унутр вельмі высокіх дозаў вітаміну D, адзначыла спецыяліст.
Для лепшага засваення вітаміну D урачы рэкамендуюць дадаткова есці прадукты з высокім утрыманнем вітамінаў групы В, Е і С.
https://bel.24health.by/ne-prostoj-vitamin-d/
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by