29.06.2022
29.06.2022

Цуд Навагрудчыны — крыніца з жывой і мёртвай вадой

logo
Адметнасць беларусаў
0 50
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A
Аўтары:
Людміла Дучыц, 
Ірына Клімковіч

Па Навагрудскім раёне працякае нямала рэк, ручаёў, тут знаходзіцца шмат азёр, вадасховішчаў, сажалак. Менавіта крыніцы даюць пачатак усім прыродным вадаёмам, сілкуюць іх і напаўняюць.

Пра ўнікальную крыніцу з “жывой і мёртвай вадой” каля хутара паміж вёскамі Косічы і Старыя Ганчары гэтага раёна, якая вылечвае ад усіх хвароб і надае сілы, ходзяць легенды.

Карта дзе знаходзяцца крыніцы і камень жаданняў

Як дабрацца?

Крыніцы знаходзяцца на ўсход ад дарогі з вёскі Косічы ў вёску Старыя Ганчары – у месцы яе плаўнага павароту з паўночна-ўсходняга на паўночна-заходні напрамак, каля хутара ў пералеску. Месца крыніцы дакладна пазначана на гугл-картах. Можа, камусьці дапаможа кропка GPS, знятая з паркоўкі ў пары дзясяткаў метраў ад дарогі перад крыніцай: N53º27.404′ E25º48.477′.

Непадалёк ад знакамітага возера Свіцязь, паміж вёскамі Косічы і Старыя Ганчары, з-пад гары, на якой, паводле падання, некалі стаяў храм, прабіваюцца дзве крыніцы. Вакол высокія дрэвы, і амаль усе яны зрасліся па два. Здаўна лічаць, што ў адной крыніцы жывая, а ў другой мёртвая вада, амаль як у чарадзейных казках. Памятаеце? Часам у казках яе прыносяць Арол, Сокал і Крумкач, якія сімвалізуюць град, гром і віхуру. Колькі былінных волатаў ды добрых малайцоў выратавала тая цудоўная вадзіца!

Крыніцы Навагрудчыны

Каля крынічак людзі садзяць кветкі, тут абсталявана зона адпачынку з лаўкамі. Крыніцы жывой і мёртвай вады закаваныя ў жалезабетонныя кольцы-студні з прасечанымі адтулінамі. Не так даўно студні схавалі ў бярвеністыя міні-хаткі са здымнымі дахамі. У адным так званая жывая вада, якая цурчыць, нібы спявае, у іншым – мёртвая, што цячэ без эмоцый, спакойна.

Ручаі крыніц зліваюцца ў адзін і нясуць свае воды ў раку Ятранка. У снежні 2007 года крынічкі былі асвечаны ў гонар прападобнага Серафіма Сароўскага. Мясцовыя жыхары прайшлі тады хросным ходам ад царквы Святога Раства Багародзіцы вёскі Ятра да крыніц.

Крыніцы Навагрудчыны 2

Крыніцы жывой і мёртвай вады – з’ява досыць рэдкая, таму што тут патрабуецца выкананне пэўных умоў. Па-першае, дзве крыніцы павінны быць побач, па-другое – яны мусяць адрознівацца складам і тэмпературай вады. Праўда, нягледзячы на візуальнае адрозненне выхадаў вады – якасць яе здавальняючая, яна мае прыблізна аднолькавы хімічны склад.

Захаранка, або Гаспадыня лясных крыніц

Таму мясцовыя і вандроўныя паломнікі ўпэўненыя – вада ў абедзьвух крыніцах карысная, мае аднолькава гаючую сілу. У спадзяванні на адужванне ад хвароб сюды прыязджаюць не толькі з Навагрудка, але і з Гродна, Мінска, Баранавічаў і нават з суседніх краін.

Камень жаданняў на Навагрудчыне

Тым не менш, у паломнікаў, якія наведваюць гэтыя крыніцы, ёсць пэўны рытуал: трэба спачатку памыцца мёртвай вадой – лічыцца, што так ты ачышчаеш свой арганізм, а затым памыцца жывой – так адраджаюцца жыццёвыя сілы арганізма.

Мясцовыя старажылы кажуць, што на ноч трэба піць ваду з крыніцы з мёртвай вадой, а раніцай – з жывой і такім жа чынам абмываць хворыя месцы. Хаця многія набіраюць ваду з дзвюх крыніц і змешваюць.

Крупецкія святыні

Навукоўцы таямніцу гэтай вады разгадалі даўно і назвалі яе актываванай. Яны сцвярджаюць, што ў жывой крыніцы светлая вада –каталіт, яна мае шчолачны склад і з’яўляецца біястымулятарам, павышае імунітэт і надае сілы. У мёртвай крыніцы вада з бурым налётам – аналіт – мае кіслае асяроддзе.

Стужкі на шчасце ад маладых сужэнцаў

Яна аказвае дызенфікуючае ўздзеянне, лекуе скураныя хваробы. Досвед народнай медыцыны мае мноства прыкладаў, калі мёртвая вада дапамагала ў лячэнні цяжкіх захворванняў, знішчала бактэрыі, выступала ў якасці антысептыку. Многія людзі, пачаўшы рэгулярна выкарыстоўваць мёртвую ваду, пазбавіліся ад грыбка ступні. Нават пры язве страўніка, лічаць, дапамагае. Ужыванне такой вады прыкметна зніжае ціск. Жывая вада добра дапамагае пры аднаўленні імуннай сістэмы і загойвае раны.

Крыніцы паблізу вёскі Косічы вядомыя з даўніх часоў, пра іх існуе шмат паданняў. Паводле аднаго з іх, крыніцы прабіліся калі нейкі манах-пустэльнік грукнуў па гары посахам. Некаторыя ж сцвярджаюць, што вада гэта яшчэ з ледавіковага перыяду з-пад зямлі выцякае. Ёсць паданне, што глыбока пад зямлёй знаходзіцца вялізны скарб са срэбра і золата. Вада амывае яго і на паверхню выходзіць ачышчанай каштоўнымі металамі.

Навагрудскія крыніцы 5

А яшчэ ходзяць чуткі, што мясцовым людзям пра існаванне крыніц з жывой і мёртвай вадой распавёў беларус, які калісьці жыў ў адным з манастыроў на Тыбеце. Ад свайго духоўнага настаўніка ён пачуў, што на зямлі існуе сем месцаў з жывой і мёртвай вадой, і адно з іх знаходзіцца ў Беларусі на Навагрудчыне. Манах-беларус паехаў на радзіму і адшукаў крыніцы.

Крыніцы, накрытыя хаткамі

А яшчэ зусім побач, за кінутым хутарам, сярод кустоўя арэшніку, пад старым вязам ляжыць яшчэ адзін важны артэфакт – камень жаданняў. Мала хто ведае, калі і як ён тут з’явіўся, але даўным-даўно павялося прасіць у гэтага каменя пра самае запаветнае і пакідаць нейкі падарунак. Напрыклад, манеты, якія можна ўбачыць на вяршыні каменнага купала, і стужачкі, павязаныя на галінках ляшчыны. Кажуць, жаданні пасля гэтага спраўджваюцца!

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 50