29.12.2024
29.12.2024

Цуда-печка на Слонімшчыне. Сакрэт асаблівай рэцэптуры Паўлаўскіх караваяў

logo
Адметнасць беларусаў
0
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A
Аўтары:
СЛУШНА, 
Вікторыя Аскера-Дубовік

На паўлаўскай зямлі захавана традыцыя выпечкі караваяў, яна мае глыбокія карані і перадаецца з пакалення ў пакаленне. І караваі атрымліваюцца ў мясцовых умеліц асаблівыя, як знешне, так і на смак.

Галоўнымі захавальніцамі традыцыі з'яўляюцца ўдзельніцы народнага аб'яднання «Чараўніцы-каравайніцы». Сёння гэта дзевяць мясцовых жыхарак, якія валодаюць усімі сакрэтамі выпечкі таго самага хлеба, які шмат гадоў таму быў на святочных сталах іх продкаў.

каравайніцы

Элемент нематэрыяльнай культурнай спадчыны «Традыцыя выпечкі караваяў на Слонімшчыне. Каляндарна-абрадавая выпечка» характэрны для вёсак Новікі, Прырэчча, Паўлава, Навасёлкі Паўлоўскага сельскага савета Слонімскага раёна Гродзенскай вобласці.

У гэтых вёсках і сёння выпякаюць караваі для розных выпадкаў: на вяселле, Вялікдзень, Тройцу, а таксама для сустрэчы гасцей.

Асаблівасць слонімскіх караваяў у тым, што захавалася лакальная традыцыя выпякаць караваі з выкананнем мясцовых звычаяў і павер'яў, з песнямі, жартамі і прымаўкамі, якіх каравайшчыцы прытрымліваюцца гэтак жа, як і канкрэтнай рэцэптуры.

Многія госці Слонімшчыны самі жадаюць навучыцца пекчы караваі. І такая магчымасць ёсць. Для гэтага трэба дамовіцца з этнагасцёўняй, якая знаходзіцца ў вёсцы Навасёлкі Слонімскага раёна. Турысты ўсё актыўней наведваюць гэты цікавы куток.

Усе ўдзельнікі майстар-класа атрымліваюць па кавалачку цеста. Яго майстрыхі рыхтуюць літаральна за некалькі гадзін да прыезду гасцей. Яно, у адрозненні ад саміх караваяў, проста здобнае, без дражджэй. Гэта свайго роду нарыхтоўкі для будучых караваяў — елачкі, лісцікі, падкоўкі, птушкі, каласкі, ружачкі, васількі... Яны ўпрыгожваюць потым самі караваі. Такія нарыхтоўкі выпякаюцца ў першую чаргу.

Этнагасцёўня — стылізаваная сялянская хата з самай сапраўднай цуда-печкай. У ёй і выпякаюць тыя самыя паўлаўскія караваі, якія вядомыя далёка за межамі Слонімскага раёна.

Чаму Паўлаўскія? Бо вытокі выпякання здобы бяруць свой пачатак з вёсак Паўлаўскага сельсавета.

У адной з іх мясцовыя жанчыны ў 1980-х гадах на базе клуба стварылі аматарскае аб’яднанне «Чараўніцы-каравайніцы». У кожнай гаспадыні быў свой рэцэпт каравая ад продкаў.

Галоўнае месца сярод слонімскіх караваяў займае вясельны. Ён самы працаёмкі і дэкараваны фігуркамі цеста — «гузамі». Звычайна яго выпякаюць некалькі дзён. У першы ідзе падрыхтоўка (выграванне) печы, у другі — замешванне цеста для каравая і асобна для «гузакоў», іх выраб і выпечка. У трэці дзень упрыгожваюць каравай: па цэнтры змяшчаецца вялікая «гуза» (упрыгожаная галінка) з пяццю атожылкамі, па краі — пяць меншых галінак пладовых дрэў, абвітых узорнымі палоскамі цеста, злучаных паміж сабой ніткай пацер з цеста, фігуркамі птушак (знак будучых дзяцей), каласамі (знак дабрабыту), кветкамі (знак радаснага жыцця). Пякуць такі каравай звычайна не менш за пяць чалавек, паколькі працэс вырабу яго працаёмкі. Не выпадкова сярод мясцовых каравайшчыц ёсць прымаўка: «Спекчы каравай — як дзіця нарадзіць».

Вясельны каравай

Нашы продкі верылі, што маладыя, якія ўзялі шлюб, атрымлівалі такую долю, якую ў яго заклалі жанчыны-каравайніцы. Таму да выбару каравайніц заўсёды ставіліся з вялікай адказнасцю. Імі маглі быць вопытныя і паважаныя вяскоўцамі людзі, дбайныя і руплівыя гаспадыні. Забаранялася прымаць удзел у рытуале ўдовам ці бяздзетным жанчынам. У народнай свядомасці існуе павер’е, што каравай прадказваў лёс маладых: напрыклад, вялікая трэшчына пасярэдзіне прадказвала няўдалы шлюб.

Гасцявы каравай па рэцэптуры і дэкарыраванню падобны на вясельны, але пры яго афармленні часам дадаюцца кветкі, зробленыя з яркіх стужак, а з прэснага цеста выкладваюцца памятныя надпісы ці знакі свят.

Слонімская каравайная традыцыя існавала здаўна, перадавалася ад маці дочкам, у гады Вялікай Айчыннай вайны перарвалася, была адноўлена ў канцы 1940-х гадоў.

Сёння майстэрствам вырабу «чырвоных горак», «пляцёнак», «бабчыных пірагоў» і іншых караваяў валодаюць удзельніцы народнага аматарскага аб'яднання «Чараўніцы-каравайшчыцы». Стварэнне ў 1983 годзе народнага аматарскага аб'яднання вельмі пасадзейнічала падтрымцы і захаванню элемента нематэрыяльнай культурнай спадчыны. Тыя жанчыны, якія валодаюць майстэрствам, дзеляцца ім з іншымі. Ніводнае раённае, абласное ці рэспубліканскае мерапрыемства на Слонімшчыне не абыходзіцца без мясцовых караваяў.

На пасхальныя караваі абавязкова наносяцца сімвалы, як правіла, гэта літары «Х» і «У»- Хрыстос Уваскрос. Такі пірог гаспадыні нясуць у храм. Таксама паўлаўскую выпечку можна набыць падчас велікодных кірмашоў. Дзякуючы рэцэптуры прыгатавання, якую гаспадыні трымаюць у сакрэце, булка доўга не чарсцвее, можа захоўвацца некалькі тыдняў.

У 2016 годзе паўлаўскія караваі атрымалі статус нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці Беларусі. Брэндам вёскі Навасёлкі стала свята «Паўлаўскі каравай».

Выпечка з яблыкамі. Карысныя рэцэпты для святочных дзён

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0

Глядзіце таксама артыкулы раздзела "Адметнасць беларусаў"