18.09.2023
18.09.2023

Дапамога пры ўдарах. Як адрозніць бяскрыўдную траўму ад сур'ёзных пашкоджанняў

logo
Неадкладная дапамога
0 41
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Удары (руск. – ушибы) мяккіх тканак – найбольш распаўсюджаная траўма, якая здараецца пры падзеннях альбо ўздзеянні тупым прадметам. Ступень цяжару ўдару наўпрост залежыць ад яго сілы і лакалізацыі. Часцей за ўсё ўдары праходзяць на працягу 1-2 тыдняў нават без актыўнага лячэння.

Але ў некаторых выпадках пад бяскрыўдныя на першы погляд траўмы могуць маскіравацца сур'ёзныя ўнутраныя пашкоджанні, пры якіх патрабуецца неадкладная медыцынская дапамога.

Правілы аказання першай дапамогі пры ўдарах, прыкметы, па якіх можна адрозніць лёгкую траўму ад сур'ёзных пашкоджанняў, стан, які патрабуе неадкладнай дапамогі, – усё самае актуальнае ад нашага эксперта, загадчыка траўматалагічнага аддзялення 2-й Цэнтральнай раённай паліклінікі Фрунзенскага раёна г.Мінска Віктара Комара.

Сімптомы ўдару мяккіх тканак

Траўма

Удар мяккіх тканак не з'яўляецца медыцынскім дыягназам. Ён толькі характарызуе механізм пашкоджанняў, атрыманых у выніку ўздзеяння альбо падзення. Мяккія тканкі імкліва і моцна сціскаюцца, адбываецца траўмаванне тлушчавай праслойкі, крывяносных сасудаў, якія лопаюцца, утвараючы пад скурай кровападцёкі, сінякі і гематомы. Пры гэтым, як правіла, цэласнасць скуры не парушаная альбо пашкоджаная нязначна (драпіны, ранкі).

Боль, які ўзмацняецца пры любой напрузе мышцаў, кровападцёкі,  сінякі, гематомы, а таксама ацёкі ў месцы ўдару з'яўляюцца асноўнымі сімптомамі ўдару. Часам выцятая вобласць можа быць гіперамаванай, асабліва пры сфармаваным ацёку (скура навобмацак гарачая). Важна мець на ўвазе, што сімптомы ні ў якім разе не паказваюць на ступень цяжару ўдару.

Першая дапамога пры ўдарах

Траўма

 
Віктар Комар
Загадчык траўматалагічнага аддзялення 2-й Цэнтральнай раённай паліклінікі Фрунзенскага раёна г.Мінска
Пры ўдарах мяккіх тканак любой ступені цяжкасці даўрачэбная дапамога неабходная, каб як мага хутчэй спыніць крывацёк з пашкоджаных капіляраў. Гэта прадухіліць разрастанне гематомы і ўтварэнне ацёку, здыме ціск на суседнія з выцятай вобласцю органы і тканкі, не дапусціўшы парушэння іх функцый.

Калі на месцы ўдару ёсць драпіны ці ранкі, іх трэба апрацаваць антысептыкам ці хаця б прамыць чыстай вадой.

Далей алгарытм аказання дапамогі да прыезду медыцынскіх работнікаў зводзіцца да так званай RICE-тэрапіі.

RRest. Спакой. Чалавека, які атрымаў траўму, неабходна пасадзіць, яшчэ лепей – пакласці так, каб зняць нагрузку з пашкоджанай вобласці, забяспечыўшы ёй поўны спакой.

IIce. Холад. Да выцятага месца трэба прыкласці штосьці халоднае: гэта можа быць лёд, загорнуты ў тканіну, бутэлька з халоднай вадой, сталовыя прыборы са сталі.

У залежнасці ад таго, дзе вы знаходзіцеся, і даступнасці халодных прадметаў, гэта могуць быць спецыяльныя астуджальныя пакеты, якія прадаюцца ў аптэках, альбо любыя замарожаныя харчовыя прадукты ці спартыўныя замарозкі.

Сэнс у тым, што холад выступае ў якасці абязбольвальнага сродку і адначасова перашкаджае ўтварэнню ацёку, спыняе ўнутраны крывацёк. Астуджаць месца ўдару мае сэнс на працягу сутак з перапынкамі ў 20-30 хвілін.

Ноги

CCompress. Павязка. Пазбегнуць моцнага ацёку на месцы ўдару дапаможа накладанне тугой павязкі. Але гэта рабіць не абавязкова. І тым больш не варта, калі ёсць падазрэнне на схаваны пералом ці вывіх, інакш можна зрабіць толькі горш (падрабязна пра першую дапамогу пры пераломах чытайце ў наступным матэрыяле).

EElevate. Узвышэнне. Калі ёсць магчымасць падняць выцятую частку цела вышэй за ўзровень сэрца, зрабіце гэта. Гаворка найперш пра ўдары на руках і нагах. 15-20 хвілін у такім становішчы дазволяць мінімізаваць разрастанне гематомы.

Прыкметы схаваных траўмаў пры ўдарах

Удар галавы візуальна можа праявіцца нязначным гузам. Але калі адразу ці праз пэўны час з'яўляюцца млоснасць, галавакружэнне, крывацёк з носа і нават страта прытомнасці, гэта сведчыць пра магчымае страсенне галаўнога мозгу.

Удар галавы

Пры ўдары жывата класічная сімптаматыка, «абцяжараная» раптоўнай слабасцю, халодным потам, шумам у вушах, паказвае на пашкоджанне ўнутраных органаў. Без адэкватнай дыягностыкі і тэрміновай медыцынскай дапамогі такі стан ставіць пад пагрозу жыццё чалавека.

Боль, гематомы, ацёкі пры ўдары канечнасцяў, якія з часам не сціхаюць, а ўзмацняюцца, з'яўляюцца прыкметамі магчымага пашкоджання звязак, вывіху ці пералому. Верагоднасць сур'ёзнага траўмавання ўзрастае шматкроць, калі рухі пашкоджанай рукой альбо нагой абмежаваныя ці немагчымыя з-за моцнага болевага сіндрому.

Востры боль, які ўзмацняецца на ўдыху, задышка, немагчымасць глыбока ўдыхнуць пры ўдары грудной клеткі могуць выступаць сімптомамі пералому рэбраў. Калі з'яўляецца крывахарканне – высокая верагоднасць, што траўмаваныя лёгкія.

Такія ж пашкоджанні з апісанымі сімптомамі могуць быць следствам удару спіны. Важна: удар у вобласць грудной клеткі ці спіны, які суправаджаецца збоем сардэчнага рытму, – стан, якое пагражае жыццю чалавека. Без аказання своечасовай медыцынскай дапамогі можа прывесці да спынення сэрца.

Пры ўдары твару вялікія гематомы ў вобласці вачэй, назапашванне паветра пад скурай могуць паказваць на шэраг сур'ёзных схаваных траўмаў: ад пералому носа да пералому заснавання чэрапа. Дапамога ўрачоў неабходная абавязкова і тэрмінова.

Калі ёсць небяспечныя сімптомы і, такім чынам, верагоднасць цяжкіх унутраных пашкоджанняў, неадкладна выклікайце брыгаду хуткай медыцынскай дапамогі.

Што рабіць, каб удар хутчэй прайшоў

Калі удар лёгкай ступені цяжкасці, ніякага спецыфічнага лячэння не патрабуецца. Як правіла, такія траўмы бясследна праходзяць на працягу 1-2 тыдняў.

Віктар Комар раіць у першыя двое сутак прыкладваць холад 3-4 разы на дзень па 20-30 хвілін. Гэта можа быць лёд, замарожаная бутэлька з вадой, замарожаныя прадукты (асабліва добрыя для гэтага замарожаныя ягады), загорнутыя папярэдне ў ручнік або тканіну.

Для паскарэння рассмоктвання сіняка і зняцця ацёку можна прыкладваць з трох сутак пасля траўмы да хворага месца сагравальныя кампрэсы (напалову спіртавы кампрэс – гарэлка і цёплы (падагрэты) сланечнікавы алей у роўных частках).

Таксама пры цярпімым болевым сіндроме лёгкімі масажнымі рухамі расцірайце месца ўдару па ходзе вянознага адтоку крыві. Добра здымаюць ацёкі капусны ліст ці лапух альбо цёплая (не гарачая!) грэлка.

Пры ўдарах сярэднецяжкай і цяжкай ступені можа спатрэбіцца лекавая і фізіятэрапія. Пры вялікіх гематомах – хірургічная дапамога.

Калі патрэбна звярнуцца па медыцынскую дапамогу

Траўмы 6

Віктар Комар папярэджвае, што ёсць шэраг сімптомаў, якія паказваюць, што стан чалавека ўяўляе небяспеку для яго жыцця і патрабуе неадкладнай медыцынскай дапамогі.

Сімптомы стану неадкладнай дапамогі:

  • страта свядомасці;
  • сутаргі, курчы;
  • ваніты;
  • праблемы з раўнавагай і каардынацыяй рухаў;
  • дэзарыентацыя;
  • пастаянны моцны галаўны боль;
  • страта памяці;
  • выдзяленне празрыстай вадкасці з вуха ці носа;
  • моцная дрымотнасць і апатыя.

Часцей за ўсё такія сімптомы характэрныя для траўмаў, атрыманых у вобласць галавы. Сімптомы могуць развівацца як адразу непасрэдна пасля ўдару, так і на працягу некаторага часу пасля. Таму пры любых ударах галавы, незалежна ад сімптомаў, кансультацыя ўрача абавязковая.

https://bel.24health.by/nebyaspechnyya-simptomy-peralomau-shto-rabic-da-kago-zvyartacca-pa-dapamogu/

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 41

Журналіст. Вышэйшая адукацыя. Сябра Беларускага саюза журналістаў. Стаж працы ў прафесіі – 20 гадоў. Беларуска. Нарадзілася ў г.Ганцавічы Брэсцкай вобласці. У 2001 годзе скончыла факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта па спецыяльнасці «Журналістыка». Працавала спецыяльным карэспандэнтам аддзела эканомікі газеты «Беларуская ніва», аглядальнікам аддзела пісьмаў, аглядальнікам аддзела сацыяльных праблемаў газеты «Савецкая Беларусь» (зараз – «Выдавецкі дом «Беларусь сёння»). З 2016 года – карэспандэнт уласны аддзела інтэрнэт-праектаў РУП «Рэдакцыя газеты «Медыцынскі веснік». З 2000 года з'яўляецца сябрам Беларускага саюза журналістаў (БСЖ). У 2002 годзе стала лаўрэатам прэміі БСЖ за лепшую журналісцкую працу. У 2017 годзе – лаўрэатам прэміі БСЖ «Залатое пяро».
Глядзіце таксама артыкулы раздзела "Неадкладная дапамога"