23.11.2018
23.11.2018

Дыябет і сям'я. Удакладняем нюансы. Частка 2

logo
Адказваюць спецыялісты
0 29
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Ці можна займацца спортам хворым на цукровы дыябет? Як пазбегнуць ускладненняў гэтай хваробы? Якая верагоднасць захварэць, калі ў сям'і ёсць дыябетыкі? На пытанні ўдзельнікаў прамой лініі, якая прайшла ў нашай рэдакцыі, адказалі прафесар 1-й кафедры дзіцячых хвароб БДМУ, галоўны пазаштатны дзіцячы эндакрынолаг Міністэрства аховы здароўя, доктар мед.навук, прафесар Анжаліка Солнцава і прафесар кафедры эндакрыналогіі БДМУ, старшыня БГМА «Эндакрыналогія і метабалізм» Ала Шапялькевіч.

Спорт і дыябет. Ці сумяшчальныя?

Вольга, @: Ва ўсіх цывілізаваных краінах з заняткамі спортам няма праблем. У нас, з аднаго боку, кажуць пра неабходнасць фізічных нагрузак для добрай кампенсацыі хваробы, а з другога – вялікая частка педыятраў адмаўляецца выдаваць даведкі для заняткаў у секцыях.

Анжаліка Солнцава: Займацца спортам можна, але толькі пры кампенсацыі захворвання. Калі ў дзіцяці субкампенсацыя або дэкампенсацыя, ніхто з урачоў не возьме на сябе адказнасць даць дазвол. Мы рэкамендуем заняткі фізічнай актыўнасцю. Але прафесійны спорт мае на ўвазе зусім іншыя нагрузкі для арганізма. Для гэтага трэба быць абсалютна здаровым. Бацькі павінны вызначыцца: ім важна, каб дзіця займалася прафесійным спортам ці каб у яго была кампенсацыя па асноўным захворванні.

Што рабіць, калі ўзровень цукру скача?

Вольга, Мінск: Перад школай сын (7 гадоў) здаваў з вены кроў на глюкозу. Вынік – 5,67 ммоль/л. Якія аналізы трэба зрабіць дадаткова, каб выключыць дыябет?

Анжаліка Солнцава: Хацелася б удакладніць, якую норму ўзроўню глікеміі нашча дае гэтая лабараторыя. Норма можа быць і 5,6, і 6,1 ммоль/л. У залежнасці ад гэтага рэкамендацыі розныя. Калі ўзровень глюкозы нашча крыху павялічаны, раім правесці глюкозаталерантны тэст. Звярніцеся да эндакрынолага.

Сяргей, @: Па аналізе крыві выявілі павелічэнне ўзроўню цукру вышэй за норму. Што рабіць?

Анжаліка Солнцава: Калі паказчык нашча да 7 ммоль/л, то гэта адна сітуацыя. А калі 7 ммоль/л і вышэй – зусім іншая. Важна запомніць: нельга адмахвацца ад праблемы. Заўтра ўзровень цукру можа быць ужо 20 ммоль/л.

Калі размова ідзе пра дзіця, пры ўзроўні цукру да 6,7 ммоль/л нашча рэкамендуем правесці глюкозаталерантны тэст. Па гэтых дадзеных можна ставіць дыягназ: парушэнне талерантнасці да вугляводаў або дыябет. Другі метад – вызначэнне глікіраванага гемаглабіну.

Бываюць так званыя сцёртыя формы цукровага дыябету. Чалавека абсалютна нічога не турбуе, няма ніякіх прыкмет. Але працэс ужо запушчаны, хвароба развіваецца. Чым раней яе дыягнаставаць, тым лягчэй яна будзе працякаць, тым вышэй шанц мінімізаваць і адтэрмінаваць хранічныя ўскладненні.

Даводзіцца сутыкацца з тым, што педыятры не заўсёды разумеюць ці правільна ацэньваюць паказчыкі выпадковага вызначэння ўзроўню цукру і могуць адмахвацца ад гэтай праблемы. Калі вы бачыце, што нешта не так у вас або дзіцяці, высвятляйце да канца. Зараз эндакрыналагічная дапамога ў нас даступная.

Ала Шапялькевіч: Лабараторная дыягностыка – толькі частка дыягностыкі дыябету. Капілярная кроў бярэцца з пальца. Норма нашча да 5,5 ммоль/л. Калі гаворка ідзе пра 6,1 ммоль/л нашча – гэта крытэрый дыягностыкі дыябету. Ад 5,5 да 6,1 ммоль/л – парушэнне глікеміі нашча. Пасля ежы на працягу дня норма да 7,8 ммоль/л. У межах 7,8-11,1 ммоль/л – парушэнне талерантнасці да глюкозы (раней казалі пераддыябет). Вышэй 11,1 ммоль/л – дыябет.

Глікіраваны гемаглабін здаюць незалежна ад прыёму ежы. Гэта як люстэрка глікеміі за апошнія 3 месяцы. Глюкоза мяняецца кожныя 5 хвілін, у гэтым складанасць. Глікіраваны гемаглабін – стабільны паказчык, асабліва для дыябету 2-га тыпу. У нас такое абследаванне даступна і зрабілася руцінным нават на раённым узроўні.

Дыябет і спадчыннасць

Марыя, Мінск: Калі ў дзядулі цукровы дыябет, якая верагоднасць, што ён будзе ва ўнучкі? У мяне аўтаімунны тырэяідыт. Кажуць, што пры гэтым захворванні павышаецца рызыка развіцця дыябету. Ці так гэта?

Ала Шапялькевіч: Наяўнасць дыябету 2-га тыпу павышае рызыкі ў лініі першага сваяцтва (дзеці). Ва ўнукаў рызыкі менш, але вышэй у параўнанні з тымі людзьмі, у якіх няма сваякоў з дыябетам. Лепшая прафілактыка – здаровы лад жыцця.

Што тычыцца аўтаімуннага тырэяідыту, гэта рызыка развіцця іншых аўтаімунных захворванняў. Тут гаворка ў першую чаргу ідзе пра дыябет 1-га тыпу (ён таксама з'яўляецца аўтаімунным).

Анжаліка Солнцава: Ваш малады ўзрост – фактар рызыкі па магчымым далучэнні да аўтаімуннага тырэяідыту яшчэ і аўтаімуннага дыябету. Стопрацэнтных папераджальных мер для дыябету 1-га тыпу не існуе. Паколькі пакутуе імунная сістэма, трэба старацца як мага радзей хварэць, нават на звычайныя прастудныя захворванні. Паказана таксама дастатковае (не празмернае) знаходжанне на сонцы. Лічыцца, што недахоп вітаміну D – адзін з фактараў рызыкі развіцця не толькі цукровага дыябету, але і іншых аўтаімунных захворванняў.

Дыябет і харчаванне

Алёна, @: Якія прадукты ўключыць у рацыён, каб не справакаваць дыябет?

Анжаліка Солнцава: Пры дыябеце паказаны звычайны рацыён здаровага харчавання. І калі садавіну мы яшчэ стараемся есці, то рэкамендацыі наконт трох порцый агародніны ў дзень выконваюцца рэдка. Калі не падыходзяць стравы тыпу спаржы, іх цалкам заменіць сезонная агародніна – капуста, морква, кабачкі. У першую чаргу трэба памятаць пра тое, якія прадукты варта абмежаваць.

Ірына, Мінск: Ці можна практыкаваць галаданне пры цукровым дыябеце?

Ала Шапялькевіч: Галаданне – гэта не пра здароўе. Энергія павінна паступаць штодня. Калі гаворка ідзе пра разгрузачныя дні, гэта зусім іншая справа. Чалавек адзін ці два разы на тыдзень мінімізуе каларыйнасць, спажывае дастаткова вадкасці. Гэта карысна.

Анжаліка Солнцава: Галаданне – стрэс для арганізма. У гэтым выпадку запускаецца павышаная выпрацоўка асаблівых гармонаў – кантрынсулярных, якія дзейнічаюць супраць інсуліну, які падтрымлівае нармальны ўзровень цукру крыві. Атрымліваецца, што, з аднаго боку, мы нешта хочам палепшыць. Напрыклад, знізіць масу цела. А з другога, ставім арганізм у такія ўмовы, калі ён павінен больш актыўна працаваць. Гэта прыводзіць да дэкампенсацыі захворвання.

Ці можна абысціся без медыкаментаў?

Ганна Т., @: Ці эфектыўныя нетрадыцыйныя метады лячэння?

Ала Шапялькевіч: У плане вывучэння дыябету ёсць добрая доказная база. Трэба прама казаць, што сёння ў дачыненні да абсалютнага дэфіцыту інсуліну ёсць замяшчальная інсулінатэрапія. Нетрадыцыйныя метады неэфектыўныя.

Пры дыябеце 1-га тыпу адназначна патрабуецца інсулінатэрапія. Пры дыябеце 2-га тыпу з'явілася важная змена. Калі раней можна было лячыцца без таблетак, то цяпер абавязкова трэба прымаць метфармін.

Анжаліка Солнцава: Размова, хутчэй за ўсё, ідзе пра немедыкаментозныя метады. Яны могуць прымяняцца, як дапаможныя. Напрыклад, фітатэрапія, водныя працэдуры, масаж. Гэта ўмацуе імунную сістэму, паспрыяе зніжэнню масы цела.

Ускладненні пры дыябеце

Вольга, Мінск: Якія ўскладненні цукровага дыябету магчымыя? Як іх пазбегнуць?

Ала Шапялькевіч: Дыябет 2-га тыпу небяспечны развіццём сардэчна-сасудзістых рызык, макрасасудзістых ускладненняў. Лепшае, што можа быць, – своечасовы скрынінг і прафілактыка. Калі ўскладненні атрымліваецца своечасова выявіць, то працягласць жыцця людзей з дыябетам у Беларусі добрая. Ёсць 2 жанчыны, якім уручаны медаль за 50 мужных гадоў з дыябетам. Узнагароду заснаваў Джослінскі цэнтр дыябету (ЗША). Ёсць такія ж за 25, 70 і нават 80 гадоў з гэтай хваробай.

Анжаліка Солнцава: Існуюць скрынінгавыя рэкамендацыі ад сусветных экспертаў па выяўленні ўскладненняў. Напрыклад, пры стажы 5 гадоў цукровага дыябету 1-га тыпу прапанавана праводзіць скрынінг для выключэння ўскладненняў з боку нырак (на так званую дыябетычную нефрапатыю), з боку вачэй. Усе гэтыя рэкамендацыі ёсць у эндакрынолагаў. Яны імі карыстаюцца і накіроўваюць на абследаванне.

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 29

Журналіст. Член Беларускага саюза журналістаў. Лаўрэат прэміі Беларускага саюза журналістаў.
Глядзіце таксама артыкулы раздзела "Адказваюць спецыялісты"