22.01.2020
22.01.2020

Для душэўнай раўнавагі п’ём… «зялёную» ваду?!

logo
Думкі ўслых
0 51
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Цікава, а хто пра што падумаў зараз?! Зялёную – не ў сэнсе балотную! 🙂 А «зараджаную» зялёным колерам! Так, вось такая ў нас бывае каляровая вада, якую можна з лёгкасцю прыгатаваць самім.

Каляровая вада. Зялёная

І няхай да доказнай медыцыны гэта не мае ніякіх адносінаў, і няхай з часоў Чумака-Кашпяроўскага гэта лічыцца шарлатанствам, альбо, больш мякка, – эфектам плацэба… Для тых, хто верыць, каму патрэбны пэўны штуршок, дык, як мне падалося, самае тое! Карацей, хочаце – верце, а хочаце – не…

Проста на вочы патрапіла невялікая інфа пра «каляровую» ваду. А далей… Я гэтым зацікавілася. І ў сеціве інфармацыі знаходзіцца мора. І, аказваецца, яшчэ егіпцяне ды старажытныя грэкі разгледзелі ў вадзе такі патэнцыял.

Ды і сёння, здаецца, ніхто не спрачаецца, што вада мае ўласцівасць назапашваць інфармацыю. Недарэмна ж нашыя продкі верылі, што ў пэўныя дні ваду нельга выносіць з хаты і што падчас рытуалаў яна таксама неабходная.

Каляровая вада. Вядро вады ў студні.

Зразумела ж, ніхто не прапануе лячыцца толькі вадой падчас сур’ёзных захворванняў. Але паспрабаваць узняць свой настрой, жыццёвы тонус нікому ж не забараняецца, праўда?!

Неяк я пісала пра ўздзеянне пэўных колераў у наваколлі ды вопратцы на людзей, зыходзячы з уласнага вопыту, сваіх адчуванняў. Як па мне, дык гэта сапраўды працуе. Ну, а цяпер – пра «каляровую» ваду.

Нічым падфарбоўваць яе насамрэч не трэба. І зялёнай яна не зробіцца на вачах. Проста дзесьці там, у сваёй глыбіні, набярэ каляровай энергіі.

Каляровая вада. Зарадка.

Самая распаўсюджаная парада, каб «зарадзіць» ваду колерам, – паставіць ёмістасць з ёй на адпаведную падстаўку. Гэта можа быць проста каляровы ліст паперы, кардону альбо сурвэтка. Галоўнае, каб усё было натуральным – і матэрыял, і колеры.

Пра час, за які вада павінна ўвабраць адмысловыя ўласцівасці колеру, меркаванні розняцца. Ад 3-10 хвілін (калі вельмі трэба) да некалькіх гадзін. Так што кожны эксперыментуе сам. А вось піць такую ваду раяць маленькімі глыткамі, настроіўшыся на пазітыў.

Што ж нам раяць канкрэтна па колерах?! Калі трэба вярнуць душэўную раўнавагу, зняць раздражняльнасць, п’ём «зялёную» ваду. Адчуваеце, што можаце з кімсьці паспрачацца? Альбо жадаеце папярэдзіць канфліктную сітуацыю? Тады вам (і не толькі вам, але і, напрыклад, гасцям) – вада «блакітная».

Каляровая вада. Блакітная.

Ад шкоднага выпраменьвання камп’ютара, радыяцыі, іншых уздзеянняў такога кшталту павінна дапамагчы «бірузовая» вада. Тэрмінова шукаю падстаўку гэтага колеру – аднаго са сваіх любімых!!!

Выпіце шклянку «жоўтай» вады – і вы генератар адмысловых ідэй! Але толькі не ўвечары, а то пасля, кажуць, доўга заснуць не зможаце… А яе адценне – вада «лімонная» – дапаможа ва ўмацаванні памяці, а таксама – справіцца з болем ад стратаў. «Чырвоная» вада павінна зябяспечыць прыліў энергіі, бадзёрасці і апытмізму.

Доўга круцяцца ў галаве думкі невясёлыя? Ніяк не можаце ад іх пазбавіцца? Вам – вада «фіялетавая». Напружанне ўсё яшчэ не адпускае? Хаця ўжо, здаецца, і супакоіліся пасля спрэчак ды канфліктаў? Для вас – «ружовая» вада. А вада «аранжавая» падтрымае імкненне да пераменаў.

Каляровая вада. Аранжавая.

І гэта толькі частка колераў і частка іх карысных уласцівасцяў, уяўляеце?! Яшчэ прасцей зрабіць сабе такую ваду, калі ёсць бутэлькі адпаведнага колеру, куды яе выліваюць і выстаўляюць на святло, пажадана сонечнае. Праўда, з апошнім у нас вялікія праблемы пакуль што…

І няхай сабе гэта ўспрымаецца проста як гульня… Але чаму б і ні пагуляцца?! З колерамі?! Я – паспрабую. А вы?!

Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 51

Журналіст, блогер. Вышэйшая філалагічная адукацыя. У 1996 годзе скончыла Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка (дыплом з адзнакай) па спецыяльнасці «беларуская мова і літаратура». З 2003 па 2005 год па ўласнай ініцыятыве вучылася дыстанцыйна ў Еўрапейскай школе карэспандэнцкага навучання, маю пасведчанне аб заканчэнні курсу «Журналістыка». У журналістыцы – з 2001 года. Працавала загадчыкам аддзела пісьмаў і масавай работы, журналістам у газеце «Раённы веснік» (г.Чэрвень), уласным карэспандэнтам абласной газеты «Мінская праўда» па Чэрвеньскім, Уздзенскім і Старадарожскім раёнах. З 2018 года – рэдактар, аўтар блога «Думкі ўслых» на сайце "Слушна".