27.09.2023
27.09.2023

Дзе браць натхненне восенню? Топ-9 атмасферных месцаў Беларусі

logo
Падарожжы
0
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

27 верасня адзначаюць Сусветны дзень турызму. Беларусь валодае ўнікальным турыстычным патэнцыялам: у нашу краіну прыязджаюць госці з самых розных краін, каб пазнаёміцца з нацыянальнай гісторыяй, традыцыямі і культурай.

Летні сезон скончыўся, таму мы вырашылі даведацца, куды абавязкова неабходна з’ездзізць восенню, каб атрымаць асалоду ад падарожжаў і новых месцаў. Падабралі дзевяць месцаў, дзе сапраўды варта пабываць. Тут вы атрымаеце не толькі новыя ўражанні, але і зробіце шмат фотаздымкаў. Апранаемся цёпла і едзем.

да зместу

Вадаспад на рацэ Вята

Вадаспад на рацэ Вята

У Міёрскім раёне (Віцебская вобласць) паблізу вёскі Пруднікі ёсць вельмі прыгожая лакацыя вадаспад на рацэ Вята. Без машыны дабрацца будзе няпроста, таму лепей ехаць на ўласным транспарце. Вадаспад не прыродны, а зроблены людзьмі. Глядзіцца маштабна і ўражліва.

Гэта месца для спакойнай прагулкі і думак пад шум вады. Улетку тут бывае шмат людзей, таму адзінота з прыродай і прыгожыя фота будзе складана атрымаць, а вось восенню сітуацыя мяняецца. Дарэчы, на беразе стаіць альтанка, дзе можна адпачыць.

да зместу

Ельня

Ельня

Хтосьці жыве з марай аб гарачых пляжах Мальдываў, хтосьці даўно б махнуў у Скандынавію да мумі-троляў, а нехта можа жыць з марай аб балоце.

Ельня — гэта 25 301 гектараў прыроды, баланс якой амаль не трывожылі людзі, гэта дзікае, старажытнае месца, створанае для таго, каб пра яго пісалі легенды і казкі. Гэта самае вялікае верхавое балота ў Беларусі і пятае па велічыні ў Еўропе.

Ельня глядзіць падарожніку прама ў сэрца 118 азёрамі і дае прытулак для 130 відаў птушак, у тым ліку для такіх рэдкіх, як чарназобая гагара, арлан-белахвост і чорны бусел. А яшчэ Ельня — гэта да 6000 шэрых жураўлёў, якія кормяцца тут перад кожным сезонам міграцыі.  Самае вялікае возера тут — Ельня, больш за 5 квадратных кіламетраў.

Прахадных маршрутаў па балоце хапае. Самы лёгкі ўзровень — экасцежка, драўляны насціл з парэнчамі, які бяжыць скрозь балоты і прыводзіць цябе да возера. На яе шляху ёсць аглядальная вышка і месца для адпачынку. Дарэчы, экасцежка таксама ўнікальная! Пры яе працягласці 1,5 кіламетра, яна самая доўгая і шырокая ў Еўропе. Пачынаецца экасцежка недалёка ад вёскі Конахі, каля 12 км. ад Міёр, якую давядзецца праехаць наскрозь, а затым прайсціся да балота пешшу. Але экасцежка — гэта толькі «кветачкі», а «ягадкі» — гэта калі табе хочацца адправіцца ўглыб самага сапраўднага балота, па дзікіх месцах. Маршрутаў тут некалькі.

Экасцежка

Для экстрэмалаў і індывідуалістаў ёсць магчымасць прайсці па Ельні самастойна і бясплатна. Лепшы час для падарожжа па балоце — гэта май-верасень, але для жадаючых ёсць магчымасць і зімовага балотынгу, калі снег кладзецца на Ельню дастаткова тоўстым пластом. Восень, вядома, самы прыгожы сезон, таму што ў верасні балота апранаецца ў пярэстую «шкуру». Выбіраючы час для паходу, уважліва сачыце за надвор'ем. На балоце небяспечна сустрэць навальніцу, гэтае адкрытае месца, дзе шмат адзінокіх дрэў. Менавіта з-за навальніцы паходы часта адкладаюцца ці скарачаюцца маршруты.

да зместу

Палац князёў Святаполк-Чацвярцінскіх

Сядзіба Святаполк-Чацвярцінскіх

У Гродзенскай вобласці (Шчучынскі раён, пасёлак Жалудок) ёсць таямнічае і цікавае месца — палац князёў Святаполк-Чацвярцінскіх (год пабудовы —  1908-мы). Калі вы любіце старажытную архітэктуру і гісторыю, то раім наведаць гэтае месца.

Рэдка можна сустрэць сядзібы, якія так добра захаваліся. Але ўсё роўна, нажаль, гэтае месца патрабуе маштабнай рэканструкцыі. Ды і вакол не вельмі дагледжаная тэрыторыя. Затое ўсярэдзіне захавалася атмасфера і дух мінулых гадоў. Можна ўбачыць вялікія калоны, дзверы і іншыя элементы.

да зместу

Музей М.Багдановіча ў Ракуцёўшчыне

Музей М.Багдановіча ў Ракуцёўшчыне

У Ракуцёўшчыне знаходзіцца музей Максіма Багдановіча — вядома, не выпадкова. Аднойчы Максім прыязджаў сюды ў госці да братоў Луцкевічаў, і гэта быў першы ягоны візіт у Беларусь. Тут паэт правёў два летнія месяцы і напісаў некалькі знакавых вершаў, так што для больш поўнага эфекту бярыце з сабой у дарогу зборнік «Вянок» (цыкл «Старая Беларусь» быў напісаны менавіта ў Ракуцёўшчыне).

Восень — лепшы час, каб пракаціцца да музея: будзеце здзіўлены, якімі фарбамі ўсё тут ззяе ў верасні-кастрычніку.

да зместу

Сцежка «Блакітныя азёры»

Блакітныя азёры

«Блакітныя азёры» – гэта цэлы прыродны комплекс, узгорысты і азёрны заказнік, адно з самых прыгожых мясцін Беларусі, якое восенню набывае асаблівы флёр прыроды, якая павольна засынае.

Знаходзіцца на тэрыторыі заказніка можна толькі на прызначаных для прагулак экасцежках: ёсць маршруты на 4 і 7 кіламетраў, так што ацэньвайце свае сілы з розумам. У любым выпадку шпацыр атрымаецца вельмі прыгожы.

да зместу

Флер'янава

Флер'янава

У Ляхавіцкім раёне знаходзіцца невялікая вёска Флер'янава. Сёння пра яе ведаюць нямногія. А на мяжы XIX - XX стагоддзяў у сядзібу Бохвіцаў з'язджаліся беларускія і польскія літаратары, уключаючы будучага лаўрэата Нобелеўскай прэміі па літаратуры Уладзіслава Рэйманта і пісьменніцу Элізу Ажэшку.

Сядзіба сустракае гасцей прыгожым цагляным франтонам, фарсістымі неагатычнымі спічастымі вокнамі і мініятурнымі неараманскімі вежкамі. Калі ў Беларусі надумаюць здымаць фэнтэзійнае кіно, лепшага месца для дэкарацый не прыдумаеш.

Гісторыя сядзібы сыходзіць у 60-я гады XIX стагоддзя, калі Ян Атон Бохвіц, сын філосафа і пісьменніка Фларыяна Бохвіца, прыехаў у гэтыя краі пасля года турмы, які атрымаў за ўдзел у паўстанні Кастуся Каліноўскага. Ян глыбока паважаў свайго бацьку і нават змяніў у гонар яго назву маёнтка з Новых Вошкаўцаў на, уласна, Фларыянава. А Фларыянава з часам ператварылася ў Флер'янава.

Ян Атон разбіў вялікі парк і ўзяўся за ўзвядзенне драўлянай сядзібы, якое завяршылася да 1870-га года. А цагляная прыбудова з'явілася шмат пазней — прыкладна ў 1907 -1910-х гадах. Але фасад — не адзіны архітэктурны гонар сядзібы тых гадоў: уезд у сядзібу ўпрыгожвалі вароты з масіўнымі пілонамі. Лічыцца, што іх вывезлі немцы яшчэ ў час Першай сусветнай вайны.

да зместу

Парк гісторыі «Сула»

Парк "Сула"

«Сула» — гэта першы ў Беларусі парк-музей інтэрактыўнай гісторыі. Комплекс размешчаны так, што асноўная дарожка праводзіць вас у храналагічнай паслядоўнасці па падзеях у гісторыі. Гавораць, што гэта шлях часу. Шпацыруючы па ім, вы сустрэнеце адноўленыя і пабудаваныя з нуля будынкі, якія адносяцца да розных эпох Беларусі. Пачынаецца ўсё з аб'ектаў каменнага веку і скканчваецца радавым маёнткам Ленскіх.

Так, на тэрыторыі комплексу ёсць сем асобных абласцей: зона старажытнага чалавека, тэрыторыя старажытнабеларускіх культаў і вераванняў, землі эпохі варагаў, Сярэднявечча і шляхецтва, беларускае мястэчка і сядзібна-паркавы комплекс Ленскіх.

На тэрыторыі «культу і вераванняў» размясцілася паганскае Капішча, пантэон старажытных багоў і… Дом вядуні на курыных ножках. Так, як у казцы. Пры ўваходзе гасцей сустрэне жывая вядзьмарка і з парога панясе ў свае гісторыі. Яшчэ цікава, што побач з хаткай знаходзіцца прарочы камень. Гавораць, камень вагой больш за 50 тон выконвае мары: трэба дакрануцца да яго і загадаць тое самае жаданне. Проста так не сыдзеце вы і пасля гэтай актыўнасці: тут жа праходзіць абрад ачышчэння агнём, падчас якога трэба паўтараць таемны загавар.

Парк «Сула» складаецца як з адкрытых аб'ектаў, так і з інтэрактыўных пляцовак. Што каштоўна, за кошт уваходнага білета кожны госць можа разлічваць на кароткую аглядную экскурсію па ключавых месцах комплексу, на прагляд гумарыстычнага спектакля ў музеі батлейкі, катанне ў брычцы па тэрыторыі комплексу, сплаў на дракары і нават дэгустацыю мясцовага алкагольнага напою. Маленькія наведвальнікі змогуць пацешыцца на дзіцячай пляцоўцы, а малыя да 6 гадоў — пакатацца верхам на кані.

да зместу

Парк Гомельскага палацава-паркавага ансамбля

Палацава-паркавы комплекс у Гомелі

Куды паехаць у Беларусі, калі да Санкт-Пецярбурга пакуль няма магчымасці дабрацца, але вы засумавалі па палацавай архітэктуры?  Час адпраўляцца ў Гомель! Тут знаходзіцца палацава-паркавы ансамбль, які ствараўся з 1777 года.

У ансамблі можна ўбачыць вялікую колькасць гістарычна значных збудаванняў, а таксама вельмі прыгожы падвясны мост. Тэрыторыя дагледжаная, будзе прыемна прагуляцца. Зімовы сад, музей, прыгожая наберэжная — усё гэта разам з восеньскімі фарбамі дапаможа цікава правесці час і акунуцца ў гісторыю.

да зместу

Бярэзінскі біясферны запаведнік

Бярэзінскі запаведнік

Калі жадаеце яднання з прыродай, то лавіце варыянт! Бярэзінскі біясферны запаведнік знаходзіцца прыкладна за 120 км ад Мінска ў Лепельскім раёне (вёска Дамжэрыцы). Ціхае і спакойнае месца для прагулак сярод восеньскай лістоты, дзе можна падыхаць чыстым паветрам.

Ну і сумаваць тут не давядзецца. Можна паназіраць за ляснымі жывёламі ў вальерах — зубры, ваўкі, алені, рысі і мноства іншых. Таксама тут працуе музей прыроды. Пры жаданні можна карыстацца паслугамі гіда. А калі захочаце правесці тут некалькі дзён — ёсць магчымасць узяць у арэнду домік.

https://bel.24health.by/svyatyya-azyory-belarusi-kudy-educ-z-usyoj-krainy/

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0

Нарадзілася ў гарадскім пасёлку Бешанковічы Віцебскай вобласці. Да 10 класса вучылася ў Бешанкоўскай сярэдняй школе №1, у 2008 годзе паступіла ў Лужаснянскую школу-інтэрнат-гімназію для здольных і таленавітых дзяцей Віцебскай вобласці на гуманітарны профіль. З 2010 па 2015 года з'яўлялася студэнткай Інстытута журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітута. З'яўляючыся яшчэ студэнткай, пачала працаваць у Белтэлерадыёкампаніі на тэлеканале "Беларусь 3" рэдактарам аддзела падрыхтоўкі праграм да эфіру. Размеркаванне праходзіла ў холдынгу Выдавецкі дом "Звязда" ў газеце "Літаратура і мастацтва", дзе пасля засталася працаваць рэдактарам аддзела мастацтваў. Паралельна працавала на тэлеканалах "СТБ" і "РТР-Беларусь" рэдактарам інтэрнэт-дырэкцыі. З 2021 года з'яўляюся рэдактарам інтэрнэт-праекта «Рэдакцыі газеты «Медыцынскі веснік», дзе разам з штатнымі і пазаштатнымі аўтарамі мы імкнёмся паказаць унікальную культуру, традыцыі і побыт беларускага народа, не забываючы, вядома, пра здароўе.