04.02.2021
04.02.2021

Дзень барацьбы супраць раку. Не чакаць хваробы, але быць напагатове

logo
Здароўе дарослых
0 53
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Практычна ў кожнай сацыяльна значнай хваробы ёсць свой «чырвоны дзень календара». 4 лютага – Сусветны дзень барацьбы супраць раку.

Традыцыйна падобныя даты закліканыя прыцягнуць увагу грамадскасці да праблемаў дыягностыкі, лячэння і прафілактыкі захворванняў.

Анкалогія. Міжнародны дзень барацьбы супраць раку.

Так, актуальнасць і вастрыня праблемаў, звязаных з анкалагічнымі паталогіямі, з кожным годам толькі ўзрастаюць. Напрыклад, сардэчна-сасудзістыя захворванні, якія доўгія дзесяцігоддзі займалі вядучую пазіцыю ў структуры прычынаў смяротнасці, ужо не з'яўляюцца безумоўнымі лідарамі. У больш чым 30 краінах свету на першае месца выйшлі якраз злаякасныя новаўтварэнні. У Беларусі рак пакуль яшчэ на другім месцы. Але, улічваючы сусветныя тэндэнцыі, змена «флагмана» – усяго толькі пытанне часу, упэўненыя спецыялісты.

Пра актуаліі сучаснай айчыннай анкалогіі напярэдадні Міжнароднага дня барацьбы з ракам журналіст інфармацыйнага партала Слушна даведалася ад вядучых экспертаў-анколагаў: намесніка дырэктара па навуковай рабоце РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М.М.Аляксандрава Сяргея Краснага і намесніка дырэктара па арганізацыйна-метадычнай рабоце РНПЦ дзіцячай анкалогіі, гематалогіі і імуналогіі Марыны Барысевіч.

«У кожнага ёсць ракавыя клеткі, але не кожны дажыве да раку»

Анкалогія. Сітуацыя ў Беларусі.

Гэта адна з ключавых фразаў з бестсэлера «Антырак. Новы лад жыцця», аўтарам якога з'яўляецца ўрач, які захварэў на рак. Яна сапраўды дакладна вызначае сітуацыю на сёння.

 
Сяргей Красны
Намеснік дырэктара па навуковай рабоце РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М.М.Аляксандрава
Як ні дзіўна гучыць, у тым, што анкалогія выходзіць на першыя пазіцыі ў структуры прычынаў смяротнасці, «вінаватыя» нашы калегі – кардыёлагі. Іх поспехі ў барацьбе са смяротнасцю ад сардэчна-сасудзiстых захворванняў прывялі да павелічэння працягласці жыцця і істотнага старэння насельніцтва. А рак – гэта перш за ўсё доля людзей сталага ўзросту. Адпаведна, сталых больш, захваральнасць вышэйшая. Баяцца гэтага не трэба. Але трэба быць да ўсяго гатовымі, своечасова абследавацца і выяўляць пухліны на ранніх стадыях.

У Беларусі ў апошнія гады адзначаецца рост анказахваральнасці. Напрыклад, у 2019-м было выяўлена 54 тысячы новых выпадкаў злаякасных новаўтварэнняў. Гэтая лічба штогод павялічвалася на 1 тысячу выпадкаў (у 2018 годзе – 53 тысячы, у 2017-м – 52 тысячы і г.д.).

Выключэннем стаў 2020 год. Па дадзеных беларускага канцэр-рэгістра, летась было выяўлена на 13 тысяч новых выпадкаў злаякасных новаўтварэнняў меней. Па словах Сяргея Краснага, рэзкае зніжэнне наўпрост звязанае з пандэміяй COVID-19: з-за уведзеных абмежаванняў зменшылася колькасць зваротаў, скрынінгавыя праграмы вымушана былі пастаўленыя на паўзу.

Анкалогія. Скрынінгавыя праграмы ў Беларусі.

Аднак ёсць надзея, што напрыканцы вясны з надыходам міжэпідэмічнага перыяду дзеянне праграмаў адновіцца. І паколькі большасць анкаўтварэнняў на ранняй стадыі (звыш 60%) атрымліваецца выявіць менавіта падчас скрынінгу, тыя 13 тысяч выпадкаў упершыню дыягнаставаных захворванняў будуць выяўленыя.

 
Сяргей Красны
Намеснік дырэктара па навуковай рабоце РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М.М.Аляксандрава
Цалкам верагодна, што анкаслужбе давядзецца ў летне-восеньскі перыяд працаваць з двайным напружаннем. Але мы да гэтага гатовыя. У Беларусі захавалася ўнікальная анкалагічная служба. Сутнасць яе складаецца ў тым, што ўсе анкапацыенты атрымліваюць планавую медыцынскую дапамогу ў спецыялізаваных анкацэнтрах. Гэта дазваляе пры мінімальных, скажам так, выдатках сканцэнтраваць усё неабходнае высокатэхналагічнае абсталяванне, лепшых спецыялістаў і перадавыя тэхналогіі дыягностыкі і лячэння анкалагічных захворванняў у адным месцы. Такіх цэнтраў у Беларусі 14.

Эфектыўнасць існуючай сістэмы і развіцця анкаслужбы пацвярджаецца вынікамі яе працы. Так, вылячэнне пасля перанесенага лячэння (вызначаецца 5-гадовым і больш перыядам выжывальнасці) пры 1-й стадыі захворвання дасягае 90-95%, па некаторых лакалізацыях злаякасных пухлінаў набліжаецца да 100%. Пры 2-й стадыі – каля 80%, пры 3-й – каля 60-70%.

Анкалогія. Выжывальнасць хворых у Беларусі.

Пакідаюць жадаць лепшага вынікі лячэння пры 4-й стадыі, якія ў сярэднім складаюць толькі 12%. Але пры магчымасці правядзення радыкальнага лячэння (хірургічнае выдаленне пухліны і метастазаў) верагоднасць рэмісіі захворвання ўзрастае да 40%.

Дзіцячая анкалогія

Асобнай увагі заслугоўвае сфера дзіцячай анкалогіі, якая, па словах Марыны Барысевіч, істотна адрозніваецца ад дарослай.

 
Марына Барысевіч
Намеснік дырэктара па арганізацыйна-метадычнай рабоце РНПЦ дзіцячай анкалогіі, гематалогіі і імуналогіі
Рак, як яго называюць у народзе, альбо злаякасныя новаўтварэнні, у дзіцячым узросце – дастаткова рэдкая паталогія. У год выяўляецца каля 300-330 новых выпадкаў захворвання. Больш за 90% маленькіх пацыентаў з усёй краіны атрымліваюць лячэнне менавіта ў ДАГІ, дзе сканцэнтраваныя лепшыя кадры, высокадакладнае абсталяванне і найноўшыя тэхналогіі. Вынікі працы нашага цэнтра супастаўныя з вынікамі вядучых еўрапейскіх клінік. Напрыклад, на пачатку 90-х мінулага стагоддзя выжывальнасць пацыентаў з вострым лімфабласным лейкозам не перавышала 15-20%. Зараз пасля пройдзенага лячэння больш за 90% маленькіх пацыентаў дасягаюць рэмісіі ў 5 і больш гадоў.

Як і пры любой іншай паталогіі, эфектыўнасць лячэння анкалагічных захворванняў у дзяцей шмат у чым вызначаецца ранняй дыягностыкай. І тут эксперт акцэнтавала ўвагу на важную дэталь.

Анкалогія. Захваральнасць дзяцей на рак у Беларусі.

У адрозненне ад дарослай анкалогіі, у дзіцячай няма скрынінгавых праграмаў на ранняе выяўленне злаякасных пухлінаў, як няма і класічных метадаў прафілактыкі іх развіцця. А таму асаблівая адказнасць ляжыць на ўрачах першаснага звяна (педыятрах), іх насцярожанасці ў дачыненні да магчымай анкапаталогіі. Але перш за ўсё – гэта зона бацькоўскай адказнасці, вельмі ўважлівага стаўлення татаў і мамаў да сваіх дзяцей, асабліва малодшага ўзросту.

Часцяком яны не могуць належным чынам растлумачыць характар болю альбо дыскамфорту, абазначыць іх лакалізацыю. А таму для бацькоў вельмі важна не пакідаць без увагі любыя скаргі дзіцяці, каб уяўная на погляд дарослага дробязь не сталася затым бядой.

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 53

Журналіст. Вышэйшая адукацыя. Сябра Беларускага саюза журналістаў. Стаж працы ў прафесіі – 20 гадоў. Беларуска. Нарадзілася ў г.Ганцавічы Брэсцкай вобласці. У 2001 годзе скончыла факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта па спецыяльнасці «Журналістыка». Працавала спецыяльным карэспандэнтам аддзела эканомікі газеты «Беларуская ніва», аглядальнікам аддзела пісьмаў, аглядальнікам аддзела сацыяльных праблемаў газеты «Савецкая Беларусь» (зараз – «Выдавецкі дом «Беларусь сёння»). З 2016 года – карэспандэнт уласны аддзела інтэрнэт-праектаў РУП «Рэдакцыя газеты «Медыцынскі веснік». З 2000 года з'яўляецца сябрам Беларускага саюза журналістаў (БСЖ). У 2002 годзе стала лаўрэатам прэміі БСЖ за лепшую журналісцкую працу. У 2017 годзе – лаўрэатам прэміі БСЖ «Залатое пяро».
Глядзіце таксама артыкулы раздзела "Здароўе дарослых"