25 траўня традыцыйна адзначаецца Дзень беларускага ручніка. Ручнік – гэта абрадавы прадмет народнай культуры і творчасці беларусаў.
У Беларусі ён вядомы з глыбокай старажытнасці, з часоў з'яўлення ткацтва. Ручнік не толькі здаўна ўпрыгожваў паўсядзённы побыт беларуса, але і з'яўляўся сімвалічным напамінам аб нябачных сувязях, якія злучаюць кожнага чалавека з яго родам і продкамі.
Сімволіка ручніка беларускай традыцыі вельмі цікавая. Ручнік служыў па неабходнасці то простым уціральнікам, то атрыбутам абрадавага гарнітура, тканінай, а то і магічным абярэгам, здольным адвесці бяду ад чалавека.
Бытавы ручнік-уціральнік выглядаў паўсюль аднолькава: паўтара метра даўжынёй, вытканы палатняным, а часцей саржавым перапляценнем, канцы ўпрыгожаны некалькімі чырвонымі палоскамі ўзорыстага «натыкання», а таксама традыцыйным карункападобным пляценнем з нітак асновы.
Жаночы традыцыйны галаўны ўбор — намiтка — таксама ручнік. Гэтым даўгаватым палотнішчам з узорыстымі канцамі задумліва то намотвалі, завівалі, абкручвалі (у кожнай мясцовасці па-асабліваму) галаву, пакідаючы свабод'ным толькі твар. Формай і ўпрыгожваннямі намітка падобная на дзявоцкую галаўную павязку, скіндачку, толькі тая напалову, а то і ў тры разы карацей.
Сярод дэкаратыўных ручнікоў цэнтральнае месца займаў «набожнiк», ім упрыгожвалі іконы і бажніцы. Набожнік адрозніваўся багаццем вышытага арнаменту і даўжынёй — ад двух да пяці метраў у залежнасці ад памераў бажніцы і колькасці вобразаў.
З часам характэрныя прыкметы ручнікоў сцерліся, і цяпер цяжка адрозніць шлюбны ручнік ад пахавальнага, набожнік ад абетнага ці радзільнага. Перайначылася арнаментыка, перайначыліся матывы, забылася іх знакавая сутнасць.
А калісьці роды і хрэсьбіны без ручніка нельга было ўявіць.
У час родаў, каб аблегчыць боль, жанчына трымалася за падвешаны да столі ручнік, у якім насілі веліконыя булкі. Сваячкі, суседкі, знакомыя, віншуючы парадзіху, прыносілі ежу, загорнутую ў палатно ці ручнік. Хлеб, ручнік, «пляшку гарэлкi» дарылі на хрэсьбінах спавівальнай бабе. Кожны з кумаў нёс маці і немаўляці хлеб, пакрыты ручніком.
Хлеб і ручнік (намітка) неслі глыбокую сэнсавую нагрузку. У беларусаў, як і ў многіх іншых народаў, хлеб быў адным з самых свяшчэнных прадметаў. Калі крошкі выпадкова падалі на падлогу, іх паднімалі і прасілі ў хлеба прабачэння. Абгорнуты чыстым ручніком або вуглом абруса краец хлеба на стале расказвае аб працавітасці, дастатку і жыццяўстойлівасці сям'і. Ва ўсіх усходнеславянскіх народаў існаваў аднолькавы абрад далучэння нованароджанага да сям'і: бабка'павітуха купала дзіця, потым, трымаючы дзіця на руках, разам з кумамі абыходзіла тры разы вакол стала, дзе ляжаў хлеб, пры гэтым кожны абыход суправаджаўся цалаваннем хлеба. Ручнік заўсёды быў побач з хлебам.
Хатні хлеб. Падборка простых і арыгінальных рэцэптаў
Ён не толькі засцерагаў яго ад забруджвання, яго сакральнасць пацвярджаецца нязменным знаходжаннем на «покуцi». Ручнік быў сімвалам чысціні і знакам дабраслаўлення Бога. Вышэйшых сіл, якія, па вераваннях селяніна, дораць жыццё, здароўе. Хлеб ды соль, паднесеныя на ручніку, застаюцца найбольш каштоўным дарам госцю, гэты звычай дайшоў да нашых дзён.
Ручнік-набожнік быў, відаць, радавым абярэгам, у сучасным разуменні увасабляў у сабе ідэю сцяга. Гэты ахоўнік збіраў пад сваю апеку ўвесь род.
Яго магічная сіла разлівалася не толькі на жывых, але і на тых, хто пайшоў з жыцця.
Беларускія ручнікі. Сюжэтнасць і адметнасці рэгіянальнага ткацтва
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by