Я ў псіхушцы, закрытым жаночым аддзяленні псіхіятрычнай клінікі.
Дзень чацвёрты
На гадзінніку 7.30. Крык медсястры на ўвесь калідор “Весялууууха!”. Куды бегчы? Што адбываецца? Трэба проста памераць ціск. Звычайная працэдура для ўсіх навічкоў: цягам трох дзён. 110/80.
Каля паста Магдалена патрабуе таблеткі ад паносу. Маўляў, напілася ўчора пратэрмінаванай Фанты. Ад яе моцна пахне тым самым паносам…
- Магдалена! Якая Фанта? Ты ж жарэш усё запар, канечне, будзе панос! – сварыцца медсястра.
- Не, гэта Фанта! Відаць, нехта мне яе пашкадаваў.
Баюся ісці ў прыбіральню, мала ці што там нарабіла Магдалена. Але, на шчасце, абышлося.
***
Мне сёння зноў снілася нешта прыемнае – з таго, далёкага сапраўднага жыцця. Майго. І я зноў прачнулася і з жахам усвядоміла, што я ў псіхушцы і нават не ведаю, калі мяне могуць выпісаць. Не, лепш больш сюды не трапляць.
Суседка па палаце Лена ідэальна заслала ложак і ўжо другі раз за раніцу пайшла мыцца.
***
Яшчэ і 9 раніцы няма, а да нас ужо двойчы заходзіла Магдалена – прасіла ў Каці банан, а ў мяне –кавалак агурка – “На твар!”. Шызафрэнічка Маша, (зараз ёй 37, а захварэла яна ў 24, калі вучылася на чацвёртым курсе сельгасакадэміі ў Горках – проста аднойчы пачала чуць галасы) просіць у Лены піражкі і мінералку, а Светка – крэм: “Трэба рукі памасажыраваць”.
***
Фізічна я сябе адчуваю ўжо досыць добра. А маральна – ніколі не была настолькі слабой і бездапаможнай.
Лена шле некаму праклёны і б’е некага нябачнага нагамі. Шэпча: “Гэтая дзяўчына хоча скрасці мой сшытак… Падохні ад раку… Не смей са мной размаўляць больш! Я не Ісус, не. Я не буду разважаць, як нехта абражаны. Мне кепска без цябе… Усе захацелі мучыцца, як Соф’я. Мучцеся, як я…”
***
Сёння раніцай пабіліся дзве бабкі, надавалі адна адной аплявух за тое, што нехта не там стаў і не так прайшоў па калідоры. А да Магдалены нарэшце прыйшла пляменніца. Яна шчасліва ўсміхаецца і раздае ўсім пячэнне.
- Прынесла курыны рулет, а яго скралі!
- Ужо?
- Ага, сцягнулі з тумбачкі. Я бачыла, да цябе нехта прыходзіў. Ты мяне чым-небудзь пачастуеш?
Расказала гісторыю пра свайго мужыка, якому яна ў гарэлку падсыпала нейкую атруту. Дык у яго зубы павыпадалі, а на грудзях вырасла поўсць – “хоць расчоскай расчэсвай, а валасы жорсткія і тоўстыя – як на лабку!”.
***
Яшчэ вельмі раздражняе тое, што хворыя ў любы момант могуць зайсці да цябе ў палату, паглядзець па баках, пастаяць, хістаючыся, і выйсці. Магчыма, паспрабуюць залезці ў тумбачку ў пошуках нечага цікавага ці смачнага.
***
- Оля, кідай цыгарэту! – медсястра заўважыла хворую, якая паліць у прыбіральні. – Курылка ёсць.
- Не пайду туды, там Мураўёва б’ецца!
***
Цыгарэты тут – таксама дэфіцыт. Іх выпрошваюць, выменьваюць, крадуць.
- А ты паліш, Яна?
- Так, але ў мяне мала цыгарэт.
- Давай памяняемся на яблычак.
- Ты мне цыгарэту, а я табе яблык?
- Наадварот.
Раней: Дзень першы. Дзень другі. Дзень трэці.
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by