Як заўсёды, з цяжкасцю дабіраючыся дахаты ў пятніцу, еду на аўтобусе да цэнтра горада. Адтуль дадому яшчэ 20 хвілін пехам. Выварочваю з-за вугла, каб ісці ў накірунку гарадскога сквера і плошчы – і захоплена войкаю! Ого! Колькі ўсяго ўжо да Новага года з’явілася там! Яшчэ ніколі Чэрвень такога не бачыў! І ўсё ўжо ззяе-пераліваецца... Не чакаючы нават пачатку навагодніх святаў – каталіцкіх Каляд.
Абсалютна не распешчаныя за савецкім часам у нашым правінцыйным гарадку святочнымі ўпрыгажэннямі на плошчах і вуліцах, а тым больш – на вокнах і падворках прыватных дамоў (калі і сабе, і людзям), цяпер мы ўжо дзесьці і не здзіўляемся, калі тое бачым. Але ўсё ж ёсць, ёсць месца шчыраму захапленню!
Напрыклад, наш горад значна прыгажэе ў снежні ўсяго толькі некалькі апошніх гадоў, калі мясцовы райвыканкам пачаў ладзіць конкурс на лепшае ўпрыгажэнне будынкаў і прылеглых тэрыторый устаноў, прадпрыемстваў і арганізацый. І некаторыя так актыўна да яго падключаюцца! З кожным годам прыдумляючы ўсё больш і больш кампазіцый. Таму мы з мамай з вялікай ахвотай прагульваемся па перадсвяточнаму вечароваму Чэрвеню. А я яшчэ і з фотаапаратам.
Але звычайна такія прагулкі ладзім пасля 25 снежня. А тут – вечар 15-га. Ідзём мэтанакіравана туды, дзе я ўбачыла штосьці новенькае. На жаль, не атрымалася ахапіць усю панараму, якая так мяне ўразіла 14-га. Таму штосьці пакажу па частках.
Абсалютнай нечаканасцю сталася вось такая кампазіцыя ля будынка адной з крамаў у цэнтры горада.
І яна таксама паўстала перад маімі вачыма 14-га снежня раптоўна. І я спынілася і залюбавалася. Пачула ціхенькія навагоднія мелодыі. І так мне гэта нагадала калядны Львоў, дзе звычайна ўстаноўлены палаткі, праўда, з кампазіцыямі на біблейскія тэмы!
А ў нас вось такую навагоднюю зрабілі. Да года Свінні, вядома ж. Уявіце сабе: вечар, рэдкія прахожыя, а то і нікога на вуліцы. І раптам – такая палатка, з музыкай... Як жа хораша і прыемна! Не, ну вы толькі зірніце на гэтую Хаўронню! Проста немагчыма не ўсміхнуцца!
Спадабалася, як упрыгожылі будынак стаматалогіі – адзін з тых нямногіх старажытных, які захаваўся ў нашым Чэрвені і чый гістарычны воблік яшчэ не паспелі змяніць.
– Ой, зірні, Дзед Мароз не на аленях едзе, а на зайцах! – раптам выгукнула мама. Прыгледзелася, павялічыла... І мой гучны смех разнёсся па плошчы! А-ха-ха, зайцы-ы-ы-ы-ы-ы! А зрэшты, хто што ці каго бачыць, праўда ж?!
Ля прыгожых аленяў і зялёненькага дрэўца проста заліпла. Ну такое ж усё класнае! Бачна, што зроблена прафесійна. У сэнсе, яўна набыта, а не сваімі рукамі...
Ля гэтых кампазіцый з задавальненнем фатаграфаваліся і малыя, і дарослыя. А вось ёлка чамусьці не ўразіла... Як мне падалося, у мінулым годзе была больш прыгожая. Яшчэ мэтанакіравана завіталі да будынка Чэрвеньскага лясгаса, дзе, апрача адмыслова ўпрыгожаных вокнаў, спадабаўся снегавік на ганку і ялінка.
Ну, а завяршыць нашу прагулку вырашылі ля алеі касманаўтаў, закладзенай падчас прыезду сёлета нашага земляка, трэцяга касманаўта-ўраджэнца Беларусі, Героя Расіі (чыёй аднакласніцай я маю гонар з'яўляцца) Алега Навіцкага і яго калег. Там, сказала знаёмы бібліятэкар, штосьці такое... сучаснае зрабілі.
І сапраўды, цікава як атрымалася. Яшчэ і там здзівіліся эфекту нечаканасці: алені... ціха і сінхронна паварочваюць галовы ўправа-ўлева! Вось вам і «касмічныя» тэхналогіі!
Спадзяюся, да Новага года ў Чэрвені з’явіцца і яшчэ што-небудзь – у дадатак да ўбачанага. І хаця я засталася пры сваім меркаванні, што такое ўпрыгажэнне на пачатку-у сярэдзіне снежня яшчэ ранавата, ранавата... Але задавальненне мы ўсё ж атрымалі!
А што адмысловага з’явілася да Новага года ў вашых населеных пунктах, сябры?!
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by