Сярод іншых захворванняў вуха эксудатыўны атыт займае асаблівае месца. У адрозненне ад астатніх запаленчых працэсаў, яго не суправаджае востры боль. Часцей за ўсё дыскамфорт зводзіцца да адчування закладзенасці і часам булькання ў вушах. Паколькі эксудатыўны атыт – праблема ў большай ступені дзяцей дашкольнага ўзросту, яны могуць нават не звяртаць увагі на такія «дробязі жыцця». Напагатове трэба быць бацькам. Таму што захворванне тым і каварнае: з-за ціхага працякання, яно можа прывесці да небяспечных ускладненняў ажно да ўстойлівага зніжэння слыху.
Як не прапусціць «ціхую» праблему? Пра гэта карэспандэнту сайта Слушна распавёў отарыналарынголаг вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі, намеснік галоўнага ўрача па медыцынскай частцы 3-й дзіцячай клінічнай бальніцы Мінска Алег Мазанік.
Адкуль у вушах вадкасць?
Часцей за ўсё на эксудатыўны атыт хварэюць дзеці ад 3 да 8 гадоў. Развіваецца захворванне з-за недастатковай (або адсутнай) вентыляцыі сярэдняга вуха і шмат у чым тлумачыцца анатамічнымі асаблівасцямі дзіцячых вушэй.
Пры нараджэнні сярэдняе вуха ў дзяцей (барабанная поласць - маленечкая прастора за барабаннай перапонкай) запоўнена жэлепадобнай міксоіднай тканкай, якая паступова рассмоктваецца і замяшчаецца паветрам. Калі дзіця дасягае 2-3-гадовага ўзросту, паветра запаўняе ўсю барабанную перапонку сярэдняга вуха. Пры гэтым для нармальнага функцыянавання органа слыху неабходная пастаянная вентыляцыя, якую забяспечвае еўстахіева (слыхавая) труба, што злучае сярэдняе вуха і насаглотку.
Паветра, што знаходзіцца ў барабаннай перапонцы, паступова рассмоктваецца, у сярэднім вуху пачынае падаць ціск (адсюль адчуванне закладзенасці). Пры гэтым ствараюцца ўмовы для эксудацыі (прадуцыравання слізі і вадкай часткі крыві) у прасвет сярэдняга вуха. Гэты працэс, які суправаджаецца назапашваннем вадкасці ў сярэднім вуху, называецца эксудатыўным атытам.
У большасці выпадкаў пускавым механізмам захворвання з'яўляецца хранічны адэнаідыт. Але часам эксудатыўны атыт становіцца вынікам вострага запалення сярэдняга вуха (калі яно лечыцца без парацэнтэза).
Паўтарай і правярай. Сімптомы эксудатыўнага атыту
Прыкладна да 5-гадовага ўзросту дзіця не ў стане адэкватна ацаніць і, адпаведна, апісаць свой стан. З часам ён і зусім можа прывыкнуць да адчування закладзенасці вуха і не звяртаць на яго ўвагі, нібы так і павінна быць.
Таму асаблівую пільнасць варта праявіць у першую чаргу бацькам малога. Абавязкова варта наведаць отарыналарынголага, калі вы бачыце, што дзіця:
- пастаянна перапытвае тое, што вы яму кажаце;просіць размаўляць з ім гучна;
- пры праглядзе мультфільмаў просіць павялічыць гучнасць;
- «ігнаруе» звернутыя да яго словы, вымаўленыя звычайным тонам, і рэагуе, толькі калі вы пачынаеце казаць гучней.
Занадта легкадумна спісваць гэтыя сімптомы на няўважлівасць, разгубленасць, захопленасць дзіцяці нейкім заняткам, калі вы да яго звяртаецеся. У той час, пакуль вы супакойваеце сябе асаблівасцямі тэмпераменту дзіцяці, цалкам верагодна, у яго захоўваецца закаркаванне слыхавой трубы і працягваецца працэс эксудацыі.
Абавязкова варта наведаць урача, калі дзіця скардзіцца на боль у вушах (спачатку дзеці менавіта так успрымаюць адчуванне закладзенасці). Зусім іншае, што ў пачатковай стадыі эксудатыўнага атыту вуха мае здаровы выгляд: ні запалення, ні пачырванення барабаннай перапонкі. Так што бацькоўская назіральнасць – лепшы саюзнік урача, каб выявіць захворванне на самым раннім этапе.
Сапраўды паставіць або абвергнуць дыягназ эксудатыўнага атыту ўрач зможа, правёўшы імпедансаметрыю (або тымпанаметрыю).
Лячэнне эксудатыўнага атыту
У сучаснай отарыналарынгалогіі выкарыстоўваецца некалькі метадаў лячэння эксудатыўнага атыту.
Перш за ўсё гэта кансерватыўныя метады:
- прадзьмуванне слыхавых труб (па метадзе Політцара, працэдуру праводзіць толькі лор-урач);
- масаж барабаннай перапонкі;
- прызначэнне лекавых прэпаратаў, якія робяць эксудат больш вадкім і палягчаюць яго адыходжанне;
- фізіяпрацэдуры.
Існуе таксама хірургічны метад лячэння. Калі прычынай эксудатыўнага атыту з'яўляюцца адэноіды, своечасовае іх выдаленне хутка вырашае праблему: вадкасць выцякае праз слыхавую трубу – і слых аднаўляецца.
Мікрашунціраванне – аперацыя, пры якой дзіцёнку пад агульнай анестэзіяй праводзіцца надрэз барабаннай перапонкі, выдаляецца эксудат, пасля чаго ў адтуліну ўстаўляюць маленечкую трубачку (шунт). Гэта неабходна для таго, каб прадухіліць назапашванне вадкасці ў сярэднім вуху і забяспечыць яе адток. Калі працэс стабілізуецца, шунт выдаляецца. Звычайна гэта адбываецца на працягу 6-12 месяцаў. Адтуліна альбо зарастае самастойна, альбо экрануе (урач прыкрывае яе спецыяльным матэрыялам, пасля чаго разрэз хутка гоіцца). Аперацыя даволі бяскрыўдная і практычна не дае ўскладненняў у выглядзе рубцавання і нагнаенняў.
Самы лепшы спосаб абараніць слых і здароўе – не дапусціць развіццё эксудатыўнага атыту. Для гэтага трэба рэгулярна праходзіць прафілактычныя агляды ў лор-урача, своечасова звяртацца па дапамогу ў выпадку найменшых падазрэнняў на праблемы з вушамі і слыхам, у поўнай меры выконваць рэкамендацыі і прызначэнні ўрача. А пры неабходнасці пагадзіцца на адэнатамію. Будзьце здаровыя!
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by