Еўрапейская сталіца перадазіровак... Такую сумную славу атрымаў Талін на пачатку XXI стагоддзя. У Эстоніі налічваецца каля 9 тысяч людзей, якія ўжываюць ін'екцыйныя наркотыкі. Траціна з іх пражывае ў сталіцы. Большасць залежных «сядзяць» на фентаніле. Гэты сінтэтычны апіоід у 100 разоў мацнейшы за гераін. Яго ўжыванне цягне за сабой магчымасць атрымаць смяротную дазіроўку. Аднак нават гэта не спыняе. Сярод тых, хто трапляе ў поле зроку спецыялістаў, ёсць такія, хто зрабіў сваю першую ін'екцыю ва ўзросце 10 гадоў. Сітуацыя страшная. Яна змушае супольнасць Эстоніі шукаць новыя спосабы прафілактыкі і лячэння нарказалежных.
Аб прычынах і псіхалагічных аспектах нарказалежнасці, новых рашэннях па яе прафілактыцы эстонскія спецыялісты распавялі ў рамках IV Міжнароднага фестывалю псіхалагічнага майстэрства, які традыцыйна адбыўся ў БДПУ імя М.Танка.
Ужываюць тое, не ведаюць якое
Маленькая Эстонія з насельніцтвам усяго крыху больш за 1 млн 300 тысяч чалавек займае адно з першых месцаў у свеце па паказчыку смяротнасці сярод наркаманаў. Сярод краін Балтыі менавіта тут знаходзіцца больш за ўсё людзей, якія ўжываюць забароненыя наркатычныя рэчывы. А па колькасці тых, хто прымае каноплі, амфетамін, экстазі, эстонцы наперадзе краін Еўрасаюза.
13,6% маладых людзей Эстоніі 15-34 гадоў прызналіся, што спрабавалі наркотыкі на аснове канопляў. Сярод тых, хто звярнуўся па лячэнне, больш за ўсё людзей, якія выкарысталі апіоіды. У апошні час усё больш вострай становіцца тэма лекавай залежнасці, калі прэпараты прымаюць не па прызначэнні, у небяспечных дазіроўках і г.д.
Даследаванні фінскіх спецыялістаў паказалі, што ў апошні час расце колькасць залежных ад лекаў урачоў. Вялікія нагрузкі, неабходнасць дзяжурыць, аперыраваць па начах прыводзяць да таго, што людзі гэтай прафесіі ўсё больш злоўжываюць псіхастымулятарамі. Пра наяўнасць такой праблемы кажуць і эксперты з Эстоніі, Расіі.
Праблемамі нарказалежнасці ў Эстоніі займаецца таксама спецыяльны аддзел у Інстытуце развіцця здароўя.
Цікава, што там ёсць супрацоўнік, які легальна наведвае начныя клубы з наборам рэактываў. Маладыя людзі могуць звярнуцца да яго і праверыць той наркотык, які яны сабраліся спажыць. Пробы паказалі, што яшчэ ні адзін набыты «фентаніл» не быў ім на самай справе. Змяшаныя зусім іншыя рэчывы. З бяскрыўднага: хлопец за вялікія грошы здабыў «какаін». Праверка паказала, што гэта была сумесь амфетаміну і звычайнага аспірыну, парацэтамолу. На жаль, сустракаюцца сумесі нашмат больш разбуральныя для псіхікі і смяротна небяспечныя.
Мабільныя аўтобусы і іншыя сродкі дапамогі
Цэнтр лячэння і рэабілітацыі нарказалежных у Вільяндзі працуе з 2012 года.
Галоўная мэтавая група: непаўналетнія, якія не ў стане самі адмовіцца ад ужывання наркатычных рэчываў.
Асноўная праца з нарказалежнымі:
- Зніжэнне шкоды (абмен шпрыцаў).
- Мабільная паслуга зніжэння шкоды. З'явілася яна нядаўна, у лістападзе мінулага года. Два аўтобусы, якія па аснашчэнню нагадваюць «хуткую дапамогу», ездзяць па краіне з мэтай дабрацца да тых людзей, якія па нейкай прычыне не даходзяць у пункты абмену. У камандзе абавязкова ёсць медработнік.
- Антыдот. Ужо некалькі гадоў у Эстоніі практыкуюць выкарыстанне налаксону – антыдоту, які можа выратаваць чалавека ад смерці пры перадазіроўцы. Ужыванне яго простае: упырскванне прэпарата ў ноздры. Каб атрымаць права на яго выкарыстанне, трэба прайсці месячнае навучанне, дзе спецыялісты раскажуць аб прыкметах перадазіроўкі і прынцыпах работы антыдоту.
- Дэтаксікацыя. На працягу месяца залежнаму дапамагаюць спраўляцца з фізічнай ломкай.
- Лячэнне і рэабілітацыя.
- Паслуга суправаджэння. Пасля выхаду з Цэнтра высокая верагоднасць зрыву, паколькі асяроддзе, у якое вяртаецца чалавек, застаецца ўсё тым жа. Таму падтрымка спецыялістаў важная і пасля курсу рэабілітацыі.
У групе рызыкі... усе
Якія ж асноўныя прычыны прыводзяць да таго, што чалавек пачынае ўжываць наркотыкі, выдатна ведаючы пра іх шкоду?
- Дэструктыўныя сямейныя адносіны. Гэта не абавязкова гвалт. А, напрыклад, розныя ўзаемавыключальныя стылі выхавання ў сям'і.
- Псіхалагічны і фізічны гвалт.
- Антысацыяльны жыццёвы стыль, нізкі сацыяльны статус.
- Псіхалагічная нясталасць, інфантылізм.
- Паніжаны інтэлект, псіхічныя расстройствы.
- Эмацыянальная нясталасць.
- Няўменне выбудоўваць і ўтрымліваць межы.
- Спажывецкае стаўленне да жыцця. Назіранне спецыялістаў: людзі з пазіцыяй «свет мне павінен» часцей за ўсё аказваюцца ў складанай сітуацыі, ужываюць цяжкія наркотыкі.
- Нізкая самаацэнка, неўсвядомленасць сваіх патрэбаў, уменняў і рэсурсаў.
- Моцныя псіхатраўмуючыя падзеі ў жыцці. Такой падзеяй можа быць усё, што заўгодна. Прычым іншым людзям (у тым ліку бацькам) сітуацыя можа здавацца звычайнай («нічога страшнага»). Але само дзіця яна глыбока параніла.
Сучаснае грамадства прызнала: у зоне рызыкі па развіцці нарказалежнасці не абавязкова дзеці з няшчасных сем'яў. Спалучэнне фактараў можа прывесці на гэтую сцежку каго заўгодна. Важнай робіцца сама асоба чалавека, уменне абараніць сваю пазіцыю, спраўляцца са складанасцямі іншымі спосабамі, сказаць «не». Менавіта на фарміраванне такіх якасцяў у дзяцей з маленства і накіравана новая сістэма прафілактыкі наркатызацыі ў Еўропе.
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by