За апошнія пяць гадоў траўмы, звязаныя з катаннем на цюбінгах, выйшлі на першае месца сярод усіх выпадкаў зімовага траўматызму, адзначаюць спецыялісты.
Эксперты нагадалі пра неабходныя меры бяспекі, якія дазволяць кожнаму зрабіць зімовы адпачынак прыемным і нетраўматычным.
Не забараняць, але кантраляваць
Па словах кіраўніка Рэспубліканскага цэнтра дзіцячай нейрахірургіі, галоўнага пазаштатнага спецыяліста па дзіцячай нейрахірургіі Міністэрства аховы здароўя Міхаіла Талабаева, толькі за мінулыя выходныя ў РНПЦ неўралогіі і нейрахірургіі звярнуліся больш за 40 дзяцей пасля катання на цюбінгах, а ў панядзелак (11.01) – яшчэ 16, прычым 6 з іх былі шпіталізаваныя. Усе яны – з лёгкімі чэрапна-мазгавымі траўмамі, са страсеннямі, лёгкімі пераломамі (2 гады таму літаральна за тыдзень цюбінгі зрабіліся прычынай цяжкіх ЧМТ у траіх дзяцей).
Як распавёў Міхаіл Талабаеў, амаль усе траўмы атрыманыя падчас катання з дваровых горак альбо з іншых стыхійных месцаў. Калі за выходныя і даставілі з месцаў афіцыйных, такіх як «Сілічы» альбо «Лагойск», дзяцей, што каталіся на цюбінгах, дык гэта 1-2 выпадкі. Катанне ў арганізаваных месцах дастаткова бяспечнае, бо наперадзе дакладна не будзе перашкодаў, дзіця ні ў што не ўрэжацца і нікога не саб'е, падкрэсліў галоўны пазаштатны спецыяліст.
Міхаіл Талабаеў, кіраўнік Рэспубліканскага цэнтра дзіцячай нейрахірургіі, галоўны пазаштатны спецыяліст па дзіцячай нейрахірургіі Міністэрства аховы здароўя:
– Можна запярэчыць, што раней усе каталіся на санках, лядзянках альбо іншых прыладах – і нічога, а цяпер усе загаварылі пра цюбінгі. Справа ў тым, што пры спуску з горкі на санках чалавек можа нагамі прытармазіць ці змяніць кірунак, у крайнім выпадку – спецыяльна вываліцца. Цюбінг рухаецца хутка і бескантрольна. Па сутнасці, гэта некіруемы снарад. А калі наперадзе машына альбо якая-небудзь дваровая канструкцыя, дрэва? Альбо ідзе іншы чалавек? Пры сутыкненні траўмы могуць атрымаць ужо абое.
Зрэшты, упэўнены спецыяліст, катэгарычна забараняць катанне на цюбінгах нельга, але абавязкова варта выконваць усе правілы яго выкарыстання. Практычна ўсе горкі ў дварах утвараюцца стыхійна. Калі дзеці тут катаюцца, дарослыя могуць арганізаваць дзяжурства, напрыклад, двое ўнізе, а двое – уверсе. Такім чынам можна кантраляваць працэс спуску, і пакуль не спусціцца адно дзіця, іншае не паедзе, прапанаваў Міхаіл Талабаеў.
У сваю чаргу ўрач траўматолаг-артапед прыёмнага аддзялення РНПЦ траўматалогіі і артапедыі Андрэй Ярашэвіч растлумачыў, што самая частая траўма, якую можна атрымаць пасля катання на цюбінгах, – кампрэсійны пералом пазваночніка. Больш за ўсё ў сілу узроставых асаблівасцяў да яго схільныя дзеці.
Андрэй Ярашэвіч, урач траўматолаг-артапед прыёмнага аддзялення РНПЦ траўматалогіі і артапедыі:
– Цюбінг – снарад некіравальны і з вялікай хуткасцю. Любая купіна – і яго падкідвае ўверх, часам на 2-3 метры. Пры прызямленні адбываецца моцнае ўздзеянне на пазваночнік. У дзяцей шчыльнасць касцяной тканкі не такая вялікая, і ўзнікаюць схаваныя пашкоджанні. Часам 2-3 целы пазванка змяняюць сваю форму: з цыліндрычнай робяцца клінападобнымі. Такая траўма дрэнна паддаецца карэкцыі на працягу наступнага росту дзіцяці. Не ва ўсіх гэтая дэфармацыя выпраўляецца. Яна застаецца на ўсё жыццё і можа зрабіцца прычынай абмежаванняў пры выбары будучай прафесіі альбо віду спорту.
Траўматызм заўсёды спалучаны з сезоннасцю, распавялі эксперты. І ўзімку на пярэдні план выходзяць так званыя галалёдныя траўмы (часта гэта падзенні на вуліцах), а таксама пашкоджанні, якія звязаныя з актыўным адпачынкам (катанне на горных лыжах, каньках, цюбінгах, санках і г.д.).
Як адзначыў Андрэй Ярашэвіч, не варта пераацэньваць свае магчымасці і «паддавацца модзе на горныя лыжы альбо сноўборд», бо высокая верагоднасць траўмаў (у сноўбардыстаў, як правіла, пакутуюць галёнкі і галёнкаступнёвыя суставы, у гарналыжнікаў – галёнкі і верхнія канечнасці). Асабліва ў тых, хто не займаецца гэтым прафесійна.
Андрэй Ярашэвіч, урач траўматолаг-артапед прыёмнага аддзялення РНПЦ траўматалогіі і артапедыі:
– Я не выступаю за забарону, я за актыўныя віды адпачынку. Але трэба правільна падыходзіць да гэтага і разлічваць свае сілы. Калі падлетак захапіўся зімовымі відамі спорту, аддайце ў добрую спартыўную секцыю. Вырашылі падарыць цюбінг – растлумачце, раскажыце, як правільна катацца, што трэба выконваць, пракантралюйце.
Падаць лепей у позе «паміраючага лебедзя»
Самыя распаўсюджаныя траўмы ўзімку – пераломы рук і ног.
Найбольш уразлівыя часткі – гэта перадплечча, запясцевы сустаў, лыткі і нават каленныя суставы. Разам з тым, узімку нярэдка адбываюцца траўмы па неасцярожнасці. Кароткі светлавы дзень, вялікая колькасць машын у дварах таксама робяцца прычынай пашкоджанняў.
Андрэй Ярашэвіч, урач траўматолаг-артапед прыёмнага аддзялення РНПЦ траўматалогіі і артапедыі:
– Раніцай і ўвечары прывозяць да нас людзей няўважлівых, якія сутыкнуліся з аўтамабілем. У пацярпелага – цёмная вопратка, няма святлоадбівальных элементаў альбо боты на шпільках. Ён (ці яна) можа і не трапіў пад машыну, але спалохаўся, упаў і зламаў нагу. І такіх выпадкаў шмат.
Шмат выпадкаў падзенняў і сярод сталых людзей. Ім спецыяліст параіў карыстацца кіем, а пры неспрыяльных умовах надвор'я – заставацца дома, без неабходнасці не выходзіць на вуліцу.
Андрэй Ярашэвіч, в.а. загадчыка прыёмнага аддзялення РНПЦ траўматалогіі і артапедыі:
– Падзенне на вуліцы ў сталага чалавека звязанае з узроставымі зменамі. У тых выпадках, калі малады чалавек атрымае толькі лёгкую траўму, у людзей ва ўзросце можа быць пашкоджанне тазасцегнавога сустава.
Каб пазбегнуць галалёдных траўмаў, эксперт параіў апранаць свабодную вопратку, якая не замінае рухам, а абутак выкарыстоўваць з шырокай устойлівай падэшвай. Старанна выбіраць маршрут, хадзіць толькі ў тых месцах, дзе паверхня апрацаваная адмысловымі рэагентамі, няхай гэта і значна павялічыць шлях.
Падаць таксама трэба ўмець. Пры выхадзе на вуліцу рукі не павінны быць занятыя сумкамі ці сеткамі. Напрыклад, выкінуўшы руку ў процілеглы ад падзення бок, можна захаваць раўнавагу. Альбо ўпасці на бок, праслізгаць па паверхні і тым самым пазбегнуць траўмы.
Андрэй Ярашэвіч, урач траўматолаг-артапед прыёмнага аддзялення РНПЦ траўматалогіі і артапедыі:
– Ці бачылі вы, як падаюць гарналыжнікі? Пальчаткі ў адзін бок, лыжы – у іншы. І здаецца – усё, не ўстане. А ён устаў і пайшоў далей. Усё залежыць ад тэхнікі падзення. Пры падзенні назад часам бывае досыць выцягнуць рукі наперад і крыху падняць уверх. І вы не пацярпелі. Але калі вы працягваеце падаць, дык няхай гэта будзе падзенне ў позе «паміраючага лебедзя», выцягнуўшы руку наперад. Уменне падаць зніжае цяжар траўмы ў разы.
Самыя непрыемныя месцы ўзімку – пры выхадзе з крамы альбо з пад'езду. Там сустракаецца цяпло з холадам, і з-за гэтага высокая рызыка абледзянення альбо наледзі на прыступках. Таму тут трэба быць асабліва акуратнымі і асцярожнымі, адзначыў спецыяліст.
Калі ўпалі...
Рэзка ўставаць не варта. Часам пасля падзення вы можаце яшчэ не ўсведамляць, што атрымалі траўму, і абаперціся альбо наступіць на ўжо зламаную канечнасць. Калі няма бачных пашкоджанняў, пэўны перыяд часу варта паназіраць за выцятай вобласцю. Калі ацёк нарастае, боль узмацняецца, а атрыманы сіняк ператвараецца ў вялікую пухліну вакол сустава альбо пашкоджанай косці ці канечнасці, варта неадкладна звяртацца па медыцынскую дапамогу.
Калі пасля падзення відавочнае пашкоджанне альбо бачная дэфармацыя, нельга спрабаваць ліквідаваць яе самастойна. У такім выпадку яе варта абезрухоміць і абавязкова звярнуцца да ўрача.
Па лёдзе і па сумётах: ці варта адмаўляцца ад бегавых трэніровак зімой?
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by