На працягу апошніх 10 гадоў дата 28 ліпеня адзначана сусветнай супольнасцю, як Сусветны дзень барацьбы з гепатытам. Вірусныя гепатыты – гэта група інфекцыйных захворванняў, якія паражаюць печань. Гепатыты В і С з'яўляюцца найбольш небяспечнымі з-за высокай рызыкі развіцця такіх цяжкіх ускладненняў, як цыроз і рак печані. Паводле ацэнак спецыялістаў, менавіта гэтыя захворванні ўваходзяць у дзесятку асноўных прычын смяротнасці ў свеце.
Мерапрыемствы, якія прымеркаваны да Сусветнага дня барацьбы з гепатытам, закліканы прыцягнуць увагу грамадства да гэтай актуальнай праблемы, павысіць дасведчанасць людзей наконт спосабаў перадачы віруса, метадах лячэння і прафілактыцы захворванняў печані і, тым самым, прадухіліць распаўсюджанне інфекцыі. Менавіта пра гэта ішла гаворка на сустрэчы з журналістамі вядучых спецыялістаў Беларусі ў галіне інфекцыйных захворванняў. У ёй прынялі ўдзел намеснік галоўнага ўрача Гарадской клінічнай інфекцыйнай бальніцы г. Мінска, галоўны пазаштатны спецыяліст па аказанні медыцынскай дапамогі пацыентам з ВІЧ-інфекцыяй Міністэрства аховы здароўя Алег Скрыпко і дацэнт кафедры інфекцыйных хвароб БДМУ Святлана Лукашык.
Цяпер у Беларусі ад гепатыту С, найбольш агрэсіўнага захворвання з групы вірусных гепатытаў, пакутуюць каля 30-33 тысяч чалавек. На працягу многіх гадоў гэтая лічба застаецца стабільнай, што кажа пра магчымасці трымаць распаўсюджванне інфекцыі пад кантролем. У той жа час штогод дыягнастуецца прыкладна 3 тысячы новых выпадкаў захворвання за кошт адладжанага механізму скрынінга.
У 2015 годзе СААЗ аб'явіла пра пачатак праграмы па ліквідацыі віруснага гепатыту як такога да 2030 года. Да гэтай праграмы далучылася і Беларусь. Улічваючы той факт, што вірусныя гепатыты - гэта прагрэсуючыя захворванні, якія на пэўных этапах прыводзяць да фарміравання цырозу печані і рака печані, асноўная задача заключаецца ў ранняй дыягностыцы хваробы і прафілактыцы развіцця ўскладненняў
У першую чаргу важна згадаць пра вакцынацыю ад віруснага гепатыту В, якая праводзіцца нованароджаным у радзільным доме ў першыя гадзіны жыцця. Дзякуючы гэтаму колькасць пацыентаў з вострым гепатытам В вельмі нізкая і ёсць усе падставы меркаваць, што хвароба будзе цалкам узятая пад кантроль.
Што тычыцца віруснага гепатыту С, вакцыны супраць яго не існуе. Але тут на першы план выходзяць скрынінгавыя абследаванні і тая тэрапеўтычная дапамога, якая на сёння прадастаўляецца пацыентам нашай дзяржавай і якая ў перспектыве будзе пашырана.
Па словах Святланы Лукашык, абавязковаму тэсціраванню на парэнтэральныя вірусныя гепатыты падлягаюць, незалежна ад наяўнасці або адсутнасці клінічных праяў:
- цяжарныя жанчыны;
- прызыўнікі для службы ў войску;
- пацыенты, якія маюць хаця б найменшыя змены ў печані, выяўленыя пры абследаваннях (павелічэнне печані пры ўгд, змены ў біяхімічным аналізе крыві, якія характарызуюць запаленчы працэс у печані і г.д.);
- пацыенты, якія ўжываюць наркотыкі;
- пацыенты, якія маюць так званую каінфекцыю, у першую чаргу гаворка пра ВІЧ-інфіцыраваных.
Што да лячэння, як адзначылі спецыялісты, у Беларусі дзейнічае праграма па аказанні бясплатнай тэрапеўтычнай дапамогі тым пацыентам, якія маюць патрэбу ў ёй у першую чаргу і ў якіх развіццё захворвання мае высокую рызыку пераходу ў дэкампенсаваную форму. Да іх адносяцца людзі:
- з прасунутай стадыяй фіброзу печані;
- з пачатковай або прасунутай стадыяй цырозу печані;
- якія падлягаюць трансплантацыі солідных органаў альбо перанеслі падобную аперацыю, але вірус у арганізме па-ранейшаму прысутнічае;
- у якіх вірус размножваецца не толькі ў тканках печані, але і ў клетках крыві;
- з ВІЧ-інфекцыяй і гепатытам В;
- лячэнне якіх заяўлена, як прафілактыка.
Улічваючы высокія станоўчыя вынікі, Міністэрства аховы здароўя прыняло рашэнне пра набыццё прэпаратаў для лячэння яшчэ 6 тысяч чалавек. У перспектыве разглядаецца забеспячэнне бясплатнымі лекавымі сродкамі ўсіх, хто мае патрэбу, з хранічнай формай віруснага гепатыту С.
Важна ведаць:
Шляхі заражэння віруснымі гепатытамі В і С практычна ідэнтычныя шляхам заражэння ВІЧ:
- палавы шлях;
- выкарыстанне адной іголкі рознымі людзьмі. Больш за 90% спажыўцоў ін'екцыйных наркотыкаў інфікаваныя вірусам гепатыту С;
- медыцынскае заражэнне (пераліванне крыві).
У Беларусі пераважаюць два першыя спосабы перадачы віруса.
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by