21.03.2021
21.03.2021

Глаўкома. Сімптомы, прычыны, лячэнне

logo
Хваробы ад А да Я
0 13
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Паводле дадзеных СААЗ, у свеце налічваецца каля 2,2 млрд чалавек з парушэннем зроку. Прычынай гэтага ў больш чым 7 млн чалавек з'яўляецца глаўкома. Гэта адно з найбольш цяжкіх захворванняў вачэй, можа хутка прагрэсаваць і прыводзіць да незваротнай страты зроку.

Аб прычынах развіцця і сімптомах глаўкомы, дыягностыцы і лячэнні захворвання журналісту інфармацыйнага партала Слушна распавяла афтальмолаг вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі кабінета рэтынальнай паталогіі 3-й гарадской клінічнай бальніцы імя Я.У.Клумава г.Мінска Майя Ланская.

Што такое глаўкома?

Глаўкома. Што бачыць на прыёме афтальмолаг.

Асноўная прычына развіцця глаўкомы – павышаны ўнутрывочны ціск. З-за гэтага клеткі сятчаткі разбураюцца, вочны глядзельны нерв атрафіруецца, зрокавыя сігналы перастаюць паступаць у галаўны мозг. Чалавек пачынае горш бачыць, парушаецца перыферычны зрок, у выніку чаго значна абмежаваная зона бачнасці.

Прывесці да павышэння ўнутрывочнага ціску могуць самыя розныя фактары: асаблівасці пабудовы вока, вочныя запаленчыя захворванні, іншыя хваробы вачэй рознага паходжання і з розным цячэннем.

 
Майя Ланская
Афтальмолаг вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі кабінета рэтынальнай паталогіі 3-й гарадской клінічнай бальніцы імя Я.У.Клумава г.Мінска
Глаўкома – захворванне, адным з сімптомаў якога з'яўляецца павышэнне ўнутрывочнага ціску. Але калі прычынна-следчая сувязь зразумелая, дык з самім ціскам не ўсё проста. Гэта вельмі індывідуальная велічыня. Напрыклад, калі ў чалавека высокі артэрыяльны ціск, дык і ўнутрывочны можа быць вышэйшым за агульнапрынятыя нормы, а змяненняў у воку можа і не быць.

Глаўкома. На што паказвае ўнутрывочны ціск.

Лічыцца, што ў норме ўнутрывочны ціск складае 7-21 мм рт слупа. Больш высокія лічбы могуць быць у чалавека, у якога тоўстая рагавіца (стандартны памер – 550 нанаметраў, але яна можа быць і 600). Часта падобнае сустракаецца ў блізарукіх людзей.

Што адбываецца пры павышэнні ўнутрывочнага ціску? Унутры вока ўтвараецца вадзяністая вільгаць – празрыстая вадкасць, якая запаўняе пярэднюю і заднюю камеры вока. Яна сілкуе хрусталік, шклопадобнае цела, эндатэль рагавіцы. На працягу сутак вока вырабляе ад 3 да 10 мл вадкасці, якая затым сыходзіць у крывяносную сістэму праз дрэнажныя каналы пярэдняй камеры.

Дрэнажны канал, па якім ідзе адток унутрывочнай вадкасці, можа забівацца. Напрыклад, пігментнымі адкладаннямі. Таму часта ад глаўкомы пакутуюць людзі з карымі вачыма, у якіх шмат каляровага пігменту. Акрамя таго, блакаваць адток могуць розныя таксічныя рэчывы альбо бялкі, якія назапашваюцца ў выніку запаленчых захворванняў вачэй.

Глаўкома. Блакаванне слёзнага канала.

Пры парушэнні адтоку ўнутрывочнай вадкасці яна назапашваецца, і ў выніку павышаецца ўнутрывочны ціск. Вока нiбы распірае, пачынае сціскацца зрокавы нерв (зрокавыя валокны, якія выходзяць у галаўны мозг). Пры хранічным працяглым сцісканні ён пераціскаецца і затым павольна і паступова адмірае.

Хто ў групе рызыкі

Асноўную групу рызыкі складаюць людзі, старэйшыя за 60-70 гадоў, а таксама тыя, у каго:

  • Розніца паміж унутрывочным ціскам правага і левага вока складае больш за 5 мм рт сл.
  • Розніца паміж унтрывочным ціскам, вымераным раніцай і ўвечары, складае больш за 5 мм рт сл (такія ваганні кажуць аб парушэнні).
  • Высокая ступень блізарукасці ці дальназоркасці.

Глаўкома нярэдка развіваецца ў людзей, якія пакутуюць ад цукровага дыябету, эндакрынных і сардэчна-сасудзістых захворванняў, а таксама ў тых, хто перанёс траўмы вачэй, запаленчыя захворванні вачэй (увеіты, ірыдацыкліты ды інш.), аперацыі на вачах.

Глаўкома. Агляд афтальмолага.

 
Майя Ланская
Афтальмолаг вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі кабінета рэтынальнай паталогіі 3-й гарадской клінічнай бальніцы імя Я.У.Клумава г.Мінска
Калі ў сям'і сярод сваякоў была глаўкома, у 90% выпадкаў ужо ў маладым узросце могуць быць дыягнаставаныя змены, характэрныя для дадзенага захворвання. Тлумачыцца гэта тым, што ў спадчыну атрымліваюцца асаблівасці пабудовы вока, якія прыводзяць да развіцця глаўкомы.

Існуе таксама прыроджаная глаўкома, калі з-за якіх-небудзь прычынаў у дзіцяці яшчэ ва ўлонні маці парушаецца адток вадкасці з вока. У такіх выпадках паказаная аперацыя, з дапамогай якой прыбіраецца прычына, што справакавала гэтую паталогію.

Нярэдка глаўкома дыягнастуецца ў жанчынаў кволага целаскладу з нізкім артэрыяльным ціскам (гіпатаніяй). Так званая глаўкома нізкага ціску.

Сімптомы і прыкметы глаўкомы

Глаўкома бывае адкрытавугольнай (вугал для адтоку вадкасці адкрыты, але забіты) і закрытавугольнай (вугал адтоку зачынены, прычым гэта можа адбыцца рэзка і раптам).

Глаўкома. Што адбываецца з вочным каналам.

На пачатковай стадыі глаўкома развіваецца практычна бессімптомна. Чалавек не скардзіцца на пагаршэнне зроку альбо боль. Але нават ужо на гэтым этапе могуць развівацца незваротныя змены вочнага нерва. Такое схаванае цячэнне часта прыводзіць да позняга звароту па медыцынскую дапамогу.

З цягам часу перыферычны зрок пагаршаецца, чалавек перастае заўважаць аб'екты па баках, хаця прама перад сабой бачыць добра (так званы «тунэльны» зрок). Развіваецца ён асіметрычна, адно вока пакутуе больш за іншае, хаця пашкоджаныя абодва. Па першым часе змены адбываюцца непрыкметна. У канчатковым выніку перыферычны зрок пагаршаецца настолькі, што чалавек глядзіць, як скрозь трубачку.

Акрамя гэтага, могуць з'явіцца скаргі на зніжэнне зроку ў прыцемках і падзенне вастрыні зроку. У некаторых выпадках парушаецца ўспрыманне колеравай гамы.

Глаўкома. Змены ўспрыняцца колеравай гамы.

Закрытавугольная глаўкома больш цяжкая. Сімптомы выяўленыя мацней, асабліва падчас вострага прыступу, калі ўнутрывочны ціск рэзка павышаецца.

Чалавек можа скардзіцца на:

  • Туман перад вачыма, размытасць
  • Пачырваненне вачэй
  • Рэзкі боль у воку
  • Галаўны боль у лобнай і скроневай абласцях
  • Слёзацёк і святлабоязь
  • Млоснасць, ваніты.

Нярэдка востры прыступ глаўкомы памылкова прымаюць за мігрэнь, гіпертанічны крыз, атручэнне. Калі своечасова не звярнуцца па дапамогу, за некалькі гадзін такі прыступ можа прывесці да нулявога вока, аднавіць якое немагчыма. Асноўныя прыкметы прыступу глаўкомы: вочны яблык робіцца цвёрдым і шчыльным, а зрэнка – пашыранай, няправільнай формы, павекі азызлыя, рагавіца мутнее. Пры такім стане трэба як мага хутчэй звярнуцца па медыцынскую дапамогу.

Другасная глаўкома развіваецца ў выніку якіх-небудзь захворванняў вачэй, напрыклад, пры катаракце альбо дыябетычнай рэтынапатыі.

Глаўкома. Другасная катаракта.

Дыягностыка і лячэнне глаўкомы

Дыягностыка захворвання складаецца ў вымярэнні ўнутрывочнага ціску, выкананні камп'ютарнай тамаграмы сятчаткі і дыска зрокавага нерва, вызначэнні таўшчыні рагавіцы і палёў зроку, аглядзе афтальмолага.

Лячэнне глаўкомы пажыццёвае. Як правіла, урач прызначае спецыяльныя лекавыя сродкі для закапвання ў вочы. Яны нармалізуюць абменныя працэсы ў вочных тканках, зніжаюць унутрывочны ціск. Для паляпшэння кровазабеспячэння органаў зроку могуць прызначацца таксама нейрапратэктары.

 
Майя Ланская
Афтальмолаг вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі кабінета рэтынальнай паталогіі 3-й гарадской клінічнай бальніцы імя Я.У.Клумава г.Мінска
Прэпараты неабходна капаць рэгулярна, без перапынкаў. І ні ў якім разе не перапыняць лячэнне (адмяняць самастойна).

Глаўкома. Асноўнае лячэнне – кроплі.

Калі медыкаментозна не атрымліваецца стабілізаваць сітуацыю, паказанае аператыўнае ўмяшанне. Яго сутнасць заключаецца ў фарміраванні дадатковага канала для адтоку вадкасці. Нярэдка неабходныя і паўторныя ўмяшанні, бо падобны прымусовы канал можа зарастаць. Гэтая аперацыя не паляпшае зрок і не выключае далейшае прымяненне кропель.

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 13

Нарадзілася і жыву ў Мінску. У 1995 годзе скончыла сталічную сярэднюю школу №168, затым паступіла ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт на факультэт журналістыкі. Пасля заканчэння вучобы ў 2000 годзе была размеркаваная ў Беларускае тэлеграфнае агенцтва (БелТА), дзе 8 гадоў прапрацавала спецыяльным карэспандэнтам аддзела палітычнай і сацыяльнай інфармацыі. У розныя гады асвятляла падзеі ў сферы навукі, культуры, адукацыі і аховы здароўя. У 2011 годзе перайшла ў прэс-службу Міністэрства аховы здароўя. Кола маіх абавязкаў уключала, у тым ліку арганізацыю сустрэчаў спецыялістаў са СМІ, складанне прэс-рэлізаў, забеспячэнне журналістаў інфармацыяй пра дзейнасць сферы аховы здароўя, а таксама падрыхтоўку аператыўных каментароў экспертаў і фарміраванне стужкі навінаў афіцыйнага сайта міністэрства. З 2017 года працую ўласным карэспандэнтам аддзела інтэрнэт-праектаў рэдакцыі газеты «Медыцынскі веснік». З'яўляюся аўтарам публікацый на інфармацыйным партале «Здаровыя людзі» і сайце для падлеткаў «Teenage.by».
Глядзіце таксама артыкулы раздзела "Хваробы ад А да Я"