18.03.2024
18.03.2024

Катаракта. Чаму развіваецца і як не прапусціць

logo
Хваробы ад А да Я
0 10
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Частай прычынай пагаршэння зроку і развіцця слепаты ў людзей, якія перасягнулі 60-гадовы рубеж, з'яўляецца катаракта. Гэта захворванне, пры якім адбываецца працэс памутнення хрусталіка ў воку. У чалавека з'яўляецца адчуванне заслоны альбо затуманьвання перад вачыма, прычым недакладны малюнак не атрымліваецца скарэктаваць акулярамі і кантактнымі лінзамі. Зрок пагаршаецца як удалечыні, так і зблізку. З часам змены хрусталіка робяцца бачнымі нават няўзброеным вокам – ён робіцца бялявым.

Пра тое, чаму развіваецца катаракта, яе віды і сімптомы, а таксама метады лячэння журналісту Слушна распавяла афтальмолаг вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі кабінета рэтынальнай паталогіі 3-й гарадской клінічнай бальніцы імя Я.У.Клумава г.Мінска Майя Ланская.

Прычыны развіцця катаракты

Катаракта. Прыкметы катаракты.

Сярэдні ўзрост развіцця катаракты прыпадае прыкладна на 60-70 гадоў. Узроставыя змены, якія адбываюцца ў арганізме з цягам часу, адбіваюцца і на хрусталіку.

 
Майя Ланская
Афтальмолаг вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі кабінета рэтынальнай паталогіі 3-й гарадской клінічнай бальніцы імя Я.У.Клумава г.Мінска
У норме наш хрусталік празрысты. На працягу жыцця ў сілу самых розных прычынаў ён пачынае мутнець. Дарэчы, у перакладзе са старажытнагрэчаскай мовы «катаракта» азначае «вадаспад». Калі пацыенты апісваюць свае скаргі, яны часта адзначаюць, што глядзяць бы праз ваду, запацелае шкло ці праз пакет. Гэта вельмі моцна ўплывае на якасць жыцця.

Катаракта. Што адлюстроўваецца.

Часам захворванне прагрэсуе павольна, доўга застаючыся на ранніх стадыях. У іншых выпадках хвароба можа развівацца досыць хутка. Напрыклад, калі чалавек хворы на цукровы дыябет ці рэўматоідны артрыт, праходзіць хіміятэрапію, доўгі час і ў вялікіх дозах прымае пэўныя лекавыя прэпараты, працуе з апраменьваннем ці ў яго парушаны абмен рэчываў. У такіх людзей першыя сімптомы катаракты могуць выявіцца ўжо ў маладым узросце, і прагрэсаваць захворванне будзе хутчэй.

Яшчэ адна прычына, якая спрыяе з'яўленню захворвання, – траўма вачэй, асабліва калі быў сур'ёзна пашкоджаны хрусталік.

Бывае таксама прыроджаная катаракта, калі паталогія фарміруецца ў плода яшчэ ва ўлонні маці. Напрыклад, на гэта могуць паўплываць перанесеныя жанчынай у першым трыместры інфекцыйныя захворванні (краснуха, герпес, таксаплазмоз і інш). Часцей за ўсё яна фарміруецца ў цэнтральнай зоне хрусталіка. Калі вока нованароджанага з-за гэтага не можа развівацца далей і высокая верагоднасць слепаты, прымаецца рашэнне аб аператыўным умяшанні. Калі ж прыроджаная катаракта ніяк не ўплывае на зрок, як правіла, за ёй назіраюць. Як адзначыла спецыяліст, у 90% прыроджаная катаракта не прагрэсуе.

Паводле статыстыкі:

  • у сталых людзей узроставая катаракта складае 90% усіх выпадкаў захворвання;
  • пасля траўмаў – траўматычная катаракта – 4%;
  • у выніку радыяцыйнага апраменьвання – прамянёвая катаракта ў 3% выпадкаў;
  • у нованароджаных – прыроджаная катаракта 3%.

Першыя прыкметы захворвання

Катаракта. Як бачаць людзі з катарактай.

Хрусталік пераламляе светлавы струмень і раўнамерна размяркоўвае яго па сятчатцы. Такую функцыю ён ажыццяўляе менавіта за кошт сваёй празрыстасці. Калі ён робіцца цёмным (мутнее), святло, якое трапляе праз яго, рассейваецца і не дасягае сятчаткі. Таму людзі з катарактай бачаць расплывісты малюнак. Многія адзначаюць, што найбольшы дыскамфорт яны адчуваюць на вуліцы, дзе шмат розных крыніцаў асвятлення (сонца, штучнае святло), а прастора большая.

 
Майя Ланская
Афтальмолаг вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі кабінета рэтынальнай паталогіі 3-й гарадской клінічнай бальніцы імя Я.У.Клумава г.Мінска
У большасці выпадкаў хвароба не ўзнікае рэзка, часам праходзяць дзесяцігоддзі ад пачатковых зменаў да развіцця выяўленых прыкметаў. Праўда, ёсць і выключэнні. Напрыклад, калі была моцная траўма вока, катаракта можа развіцца на працягу некалькіх тыдняў.

На што абавязкова варта звяртаць увагу? Калі з'явіліся такія сімптомы:

  • перад вачыма нібы туман, бачна бы праз смугу, запацелае шкло, пакет;
  • зніжаецца кантраснасць, выразнасць малюнка;
  • з'явіліся праблемы з чытаннем, складана разбіраць прадметы, пісаць, шыць, браць дробныя дэталі, іх контуры здаюцца размытымі;
  • раптоўныя светлавыя ўспышкі, якія, як правіла, узнікаюць у прыцемках і цемры;
  • пагаршэнне начнога зроку і павышэнне адчувальнасці вачэй да святла;
  • зніжэнне зроку немагчыма скарэктаваць акулярамі;
  • на апошняй стадыі натуральны чорны колер зрэнкаў робіцца белым.

Кватаракта. Знешні выгляд.

 
Майя Ланская
Афтальмолаг вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі кабінета рэтынальнай паталогіі 3-й гарадской клінічнай бальніцы імя Я.У.Клумава г.Мінска
Можа з'явіцца блізарукасць, бо з-за ўшчыльнення хрусталіка з'яўляецца мінусавая дыёптрыя (пры блізарукасці выкарыстоўваецца мінусавая дыёптрыя, пры дальназоркасці – плюсавая). Прычым у некаторых выпадках такое спалучэнне плюсу і мінусу можа прывесці да некаторага паляпшэння зроку, і чалавек адзначае, што пры чытанні яму ўжо не патрэбныя акуляры. Разам з тым, такая прыкмета пры катаракце сведчыць аб прагрэсаванні захворвання.

Стадыі катаракты

Катаракта заўсёды развіваецца на абодвух вачах. Разам з тым, ступень пашкоджання можа быць рознай. Адрозніваюць тры стадыі катаракты: пачатковая, няспелая, спелая.

Пры пачатковай стадыі катаракты хрусталік мутнее, але ніяк не ўплывае на якасць зроку. Такі стан можа без зменаў доўжыцца гадамі і ў большасці выпадкаў не патрабуе лячэння.

Катаракта. Стадыі катаракты.

Няспелая стадыя катаракты характарызуецца значным зніжэннем зроку, не звяртаць увагі на змены яго якасці ўжо немагчыма. Хрусталік цалкам мутнее, таму чалавек толькі з цяжкасцю бачыць святло.

Калі зрэнка (дакладней сказаць, хрусталік, які мы бачым праз зрэнку) з нармальнай ператвараецца ў малочна-белую, гэта кажа пра сталую стадыю катаракты.

Лячэнне. Калі і каму неабходнае

Кансерватыўнага лячэння катаракты не існуе. Адзіны метад – хірургічны: падчас аператыўнага ўмяшання выдаляюць пашкоджаны хрусталік і ўстанаўліваюць штучны.

Наш хрусталік знаходзіцца ў спецыяльнай капсуле, якая падвешаная на звязачках. Праз невялікі надрэз (1-3 мм) туды ўводзіцца зонд, і родны хрусталік дастаецца. Затым у скручаным стане ў капсулу ўводзіцца штучная лінза, якая затым распростваецца. Разрэз гоіцца самастойна.

Катаракта. Аперацыя.

Лінзы бываюць монафакальныя і мультыфакальныя. Першыя выкарыстоўваюцца, калі неабходна скарэктаваць зрок толькі ўдалячынь альбо толькі зблізку. Мультыфакальныя, як правіла, устанаўліваюцца пры выяўленым астыгматызме, калі падабраць акуляры не ўяўляецца магчымым альбо калі неабходна скарэктаваць зрок адначасова ўдалячынь і зблізку.

Каму такая аперацыя неабходная? Адназначна – пры спелай катаракце. Яшчэ адным сведчаннем можа быць зніжэнне зроку ў выніку хваробы. Згодна з сучасным крытэрыем, калі чалавек бачыць толькі 3-4 радкі ў табліцы і ніякімі акулярамі выразнасць зроку не карэктуецца – гэта паказанне да аперацыі.

Аперыраваць таксама неабходна, калі на фоне катаракты развілася закрытавугольная глаўкома. Гэта стан, калі пры ўшчыльненні і павелічэнні ў памерах хрусталіка закрываецца вугал у пярэдняй частцы вока, у які ў норме паступае ўнутрывочная вадкасць для наступнага адтоку. Калі гэты вугал закаркаваны, вадкасць назапашваецца і прыводзіць да павышэння ўнутрывочнага ціску. Вока пачынае вельмі моцна балець, могуць пачацца ваніты, павысіцца артэрыяльны ціск.

Катаракта. Пабочныя сімпомы.

Акрамя гэтага, аперацыя рэкамендаваная, калі катаракта сфарміравалася ў чалавека з цукровым дыябетам.

 
Майя Ланская
Афтальмолаг вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі кабінета рэтынальнай паталогіі 3-й гарадской клінічнай бальніцы імя Я.У.Клумава г.Мінска
Пры цукровым дыябеце пашкоджваецца сятчатка (дыябетычная рэтынапатыя). А катаракта не дае ўрачу ўбачыць тыя змены, якія адбываюцца на сятчатцы (на аглядзе спецыяліст глядзіць праз зрэнку, як у абсалютна чорны экран), своечасова заўважыць іх прагрэсаванне і стабілізаваць працэс. У такіх выпадках мы рэкамендуем выканаць аперацыю па замене хрусталіка.

Пры катаракце розніца ў зроку ў вачах можа быць значнай, і яе немагчыма кампенсаваць. Частая скарга пры такой паталогіі – дваенне ў вачах. У такіх выпадках аперацыя выконваецца з рэфракцыённай мэтай, каб выраўнаваць зрок.

Катаракта. Які малюнак бачыцца.

 
Майя Ланская
Афтальмолаг вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі кабінета рэтынальнай паталогіі 3-й гарадской клінічнай бальніцы імя Я.У.Клумава г.Мінска
Пасля аперацыі вока можа рэзаць, рэагаваць на надвор'е, калі прастылі – запаляцца. Таксама не варта забывацца, што лінза – штучная, і яна можа рассейваць святло, напрыклад, ад лямпаў. Гэта трэба ўлічваць і ўзважваць ўсе «за» і «супраць» пры прыняцці рашэння аб неабходнасці такога аператыўнага ўмяшання.

Калі пасля аперацыі з'явілася адчуванне, што хвароба вярнулася зноў, гэта можа сведчыць пра развіццё так званай другаснай катаракты. Яе прычына – адклад бялковых структураў на задняй сценцы капсулы, у якой знаходзіцца хрусталік. Іх прыбіраюць з дапамогай лазера, і зрок вяртаецца.

Што яшчэ карысна ведаць:

Камп’ютарны зрокавы сіндром і сіндром сухога вока

Прыроджаная дыстрафія сятчаткі: як адтэрмінаваць страту зроку (+ВІДЭА)

Катаракта. Чаму развіваецца і як не прапусціць

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 10

Нарадзілася і жыву ў Мінску. У 1995 годзе скончыла сталічную сярэднюю школу №168, затым паступіла ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт на факультэт журналістыкі. Пасля заканчэння вучобы ў 2000 годзе была размеркаваная ў Беларускае тэлеграфнае агенцтва (БелТА), дзе 8 гадоў прапрацавала спецыяльным карэспандэнтам аддзела палітычнай і сацыяльнай інфармацыі. У розныя гады асвятляла падзеі ў сферы навукі, культуры, адукацыі і аховы здароўя. У 2011 годзе перайшла ў прэс-службу Міністэрства аховы здароўя. Кола маіх абавязкаў уключала, у тым ліку арганізацыю сустрэчаў спецыялістаў са СМІ, складанне прэс-рэлізаў, забеспячэнне журналістаў інфармацыяй пра дзейнасць сферы аховы здароўя, а таксама падрыхтоўку аператыўных каментароў экспертаў і фарміраванне стужкі навінаў афіцыйнага сайта міністэрства. З 2017 года працую ўласным карэспандэнтам аддзела інтэрнэт-праектаў рэдакцыі газеты «Медыцынскі веснік». З'яўляюся аўтарам публікацый на інфармацыйным партале «Здаровыя людзі» і сайце для падлеткаў «Teenage.by».