Па самых сціплых падліках 125 мільёнаў чалавек ва ўсім свеце рэгулярна карыстаюцца мяккімі кантактнымі лінзамі. Яны зручныя і простыя ў выкарыстанні, не скажаюць знешнасць, часам нават робяць яе больш прывабнай, дазваляючы змяняць колер вачэй пад вопратку ці настрой.
Улічваючы той факт, што сучаснае жыццё аб'ектыўна не спрыяе захаванню вастрыні зроку, можна меркаваць, што колькасць тых, хто карыстаецца кантактнымі лінзамі, будзе павялічвацца з кожным днём.
Журналіст «Слушна» атрымала адказы на самыя папулярныя пытанні пра лінзы ў афтальмолага аддзялення лазернай мікрахірургіі 10-й гарадской клінічнай бальніцы г.Мінска Любові Сталяровай.
У чым перавагі кантактных лінзаў перад акулярамі?
Сапраўды, акуляры шмат у чым прайграюць мяккім кантактным лінзам (МКЛ). Перавагі МКЛ умоўна можна падзяліць на дзве катэгорыі: першая – лепшая якасць карэкцыі зроку, другая – эстэтычны аспект.
МКЛ вельмі дапамагаюць тым, каму некамфортна і нязручна насіць акуляры. Ці для каго сам факт іх нашэння адбіваецца на самаацэнцы і выклікае пачуццё сарамлівасці. З лінзамі такіх пытанняў, як правіла, не ўзнікае. Староннія людзі могуць нават не западозрыць праблемаў са зрокам – у побыце лінзы зусім незаўважныя.
Таксама камфорт і зручнасць лінзаў ацэняць аматары актыўнага адпачынку і спорту. Акуляры моцна абмяжоўваюць кола заняткаў, а то і зусім перашкаджаюць ім.
З якога ўзросту і як доўга можна карыстацца кантактнымі лінзамі?
Лінзы можна насіць з таго часу, як было ўстаноўлена парушэнне зроку. Узроставых абмежаванняў няма, усё зводзіцца да пытання самакантролю.
Тое ж датычыцца і пажылых людзей. Лінзы можна насіць да таго ўзросту, пакуль чалавек у стане даглядаць іх і правільна выкарыстоўваць.
Ці трэба даваць вачам адпачынак ад лінзаў?
Спецыяльнай неабходнасці ў гэтым няма, упэўнена эксперт. Самі па сабе кантактныя лінзы пры правільным выкарыстанні вачам не шкодзяць.
Лінзы доўгачасовага выкарыстання абавязкова варта здымаць на ноч, а лінзы кругласутачнага нашэння выкарыстоўваць у выключных выпадках, калі няма магчымасці зняць і правільна іх апрацаваць.
Як выбраць лінзы і дзе купіць?
Падборам мяккіх кантактных лінзаў павінен займацца афтальмолаг у оптыцы. У паліклініках МКЛ не выпісваюць!
Перш за ўсё доктар правядзе аптаметрычнае абследаванне, каб ацаніць стан глядзельнай сістэмы. На падставе атрыманых дадзеных праводзіцца падбор кантактных лінзаў. Затым урач падрабязна распавядзе пра ўсе правілы нашэння МКЛ, зробіць першую прымерку і прызначыць даты наступнага кантролю.
Да якіх наступстваў можа прывесці няправільнае выкарыстанне лінзаў?
Самае частае, да чаго можа прывесці грэбаванне правіламі бяспечнага выкарыстання МКЛ (брудныя рукі, няправільная ачыстка лінзаў, захоўванне ў неналежных умовах, парушэнне тэрмінаў нашэння і г.д.), – гэта запаленчыя захворванні, напрыклад, кан'юктывіт (запаленне слізістай абалонкі вока). Але ён даволі паспяхова лечыцца і не выклікае такіх праблем, як, напрыклад, кератыт – запаленне рагавіцы.
Навошта мець у запасе акуляры, калі ёсць лінзы?
Пры некаторых станах нашэнне кантактных лінзаў неабходна спыніць.
Напрыклад, нельга карыстацца лінзамі ў выпадку хваробы вачэй альбо пры вострых рэспіраторных інфекцыях. Таму ў любога чалавека з дрэнным зрокам павінны быць не толькі лінзы, але і акуляры.
Выкарыстоўваць МКЛ можна пасля таго, як вочы цалкам адновяцца. На працягу хваробы і аднаўленчага перыяду чалавеку неабходна карыстацца акулярамі.
Але ёсць і абсалютныя супрацьпаказанні да нашэння МКЛ. Да іх адносяцца:
- вострыя запаленчыя захворванні вока (кан'юктывіт, кератыт, блефарыт, склерыт, увеіт і г.д.);
- цяжкі сіндром сухога вока, ксерафтальмія;
- сезонныя абвастрэнні алергічных рэакцый;
- парушэнне пабудовы вока (напрыклад, птоз – апушчэнне павека і г.д.);
- касавокасць, пры якой вугал крывізны больш за 15°;
- падвывіх крышталіка;
- некампенсаваная глаўкома;
- сухоты, СНІД;
- псіхічныя захворванні;
- індывідуальная непераноснасць;
- прыём некаторых лекавых сродкаў (напрыклад, дыурэтыкаў).
Ці могуць лінзы сапсаваць зрок?
Ці можна механічна пашкодзіць лінзу або страціць? Якія ўвогуле правілы эксплуатацыі?
Кантактную лінзу, як і вока, можна падрапаць, калі, скажам, ударыць па воку галінкай. Калі ўдар моцны, лінза можа трапіць пад павека ці ўвогуле вываліцца.
Да асноўных правілаў эксплуатацыі МКЛ можна аднесці наступныя:
- захаванне рэжыму нашэння і планавай замены МКЛ, а таксама адпаведных раствораў для ачысткі і кантэйнераў для захоўвання;
- лінзы, растворы для іх і кантэйнеры павінны быць строга індывідуальнымі;
- здымаць і ўстаўляць МКЛ варта перад люстэркам, каб пазбегнуць пашкоджання лінзы або вока;
- пры плаванні ў лінзах у басейне або ў адкрытай вадзе трэба абавязкова выкарыстоўваць спецыяльныя плавальныя акуляры;
- кантактныя лінзы рэкамендуецца ўстаўляць да нанясення макіяжу;
- не выкарыстоўваць лінзы пры наяўнасці супрацьпаказанняў да іх нашэння;
- абавязкова праводзіць падбор МКЛ, а таксама ўдакладняць пытанні, якія ўзнікаюць у працэсе эксплуатацыі лінзаў, толькі ў афтальмолага.
Ці можна карыстацца дэкаратыўнымі кантактнымі лінзамі?
«Забыць» пра лінзу ў воку рэальна?
Пры правільным падборы лінзаў большасць людзей наогул не адчуваюць іх прысутнасці ў воку. Але забыцца пра іх зусім ці надоўга не атрымаецца – вока нагадае. Запаленнем, свербам, слёзацячэннем, частым мірганнем. Вока – надзвычай адчувальны орган і рэагуе на трапленне нават мікраскапічнай парушынкі. А тут лінза, якую забыліся зняць дзень-два-тыдзень. Гэта ўжо нават не парушынка, а вялікае «бервяно». Так што лепей уважліва сачыць за вачыма самім, а не чакаць, пакуль справа дойдзе да слёз.
Фота – Віталь Гіль.
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by