І трэба ж такому адбыцца: акурат на сыходзе снежня, раніцою ласкава прыгравала сонейка і цешыла нас сваімі зіхоткімі промнямі, а па палудні наляцеў гуляка-вецер і сапсаваў людзям насторой.
Надвор’е рэзка змянілася. Сіноптыкі сказалі, што невядома ці будзе Новы год са снегам, бо па ўсіх прагнозах пачынаюцца прыродныя «арэлі». Гэта, калі ад плюсавой тэмпературы да невялікага мінуса гойдаецца. Сёння, напрыклад моцны вецер з дажджом, а заўтра – лёгкі марозік са снегам. Так што, мой сябра, загадвай, што табе па душы.
Добры Чараўнік выканае ўсе твае запаветныя жаданні. Вось я, напрыклад, загадаў зіму…
І сапраўды, пад раніцу малюнак прыроды рэзка змяніўся, як бы разаслаў хто вялізны бялюткі дыван: на зямельку выпаў снег. Шматлікія лужыны пакрыліся ільдом. І ладны марозік расфарбаваў хатнія шыбы. Зарадавалася дзятва.
Разгуляўся вятрыска, закланяліся нізка дрэвы, сцелючы да ног снежня пажоўклае лісце.
Ускочылі Уладзік з Кацькай з пасцелі і вачам сваім не паверыла: які цуд! Лётаюць, сыплюцца белыя зоркі-пушынкі. Яны ціха кружацца і роўненька сцелюцца на дварах, палях, дрэвах...
— За акном — Казка! Зіма прыйшла! Якая прыгажосць наўкола! На каліне колькі птушак! А Сняжыначкі якія! Зірні, зірні! І птушкам і сняжынкам весела! Яны забаўляюцца! – амаль крычала усхваляваная дзяўчынка. – У іх радасць!
— Ура-а! І ў нас канікулы, значыць хутка Новы год! – падтрымаў яе брат.
— Чаму радуецеся, дзеці? – спытала мама.
— Мамачка, зірні, снег на вуліцы!
— Бач ты, усё ж такі не стрымаўся, пайшоў! - І маці таксама засмяялася. – Вось ужо будзе вам забава!
Тым часам ў акно пастукакалася незнаёмая птушачка.
— Незнаёмка? – у адзін голас вымавілі дзеці.
— Чаму незнаёмка? – адказала маці. – Гэта наша госця, Амялушка! Вам у школе не расказвалі?
— Я чытаў у энцыклапедыі, што гэты від гняздуецца ў тайзе, - азваўся Уладзік, - але зімаваць выбірае месцы з больш мяккім кліматам і больш даступным кормам. Яны любяць амялу – расліну-паўпаразіт, якое расце да дрэвах у выглядзе вялікіх шароў.
— Здагадалася! І таму на Беларусі яе называюць Амялушкай! – не стрымалася Каця.
— Малайчына, малая! Менавіта так – Амялушка! Ты мяне прыемна здзіўляеш, - кінуў на сястру прыязны погляд хлопчык. – Толькі гэтыя птушачкі з задавальненнем смакуюць і іншыя ягады – каліны, рабіны… - Бачыш, вунь тая чародка пералятае на іншы кусцік! Ці чуеш як яны размаўляюць!
— Чую! Сапраўды размаўляюць! Так, толькі па-свойму: нібы музычныя гукі жалейкі.
— І праўда, дзеці, нібы гукі жалейкі! – дзівілася маці. -Зірніце на яшчэ адно адрозненне іх ад нашых Крыжадзюбаў. На крыллях Амялушак – жоўтыя і чырвоныя плямы, нібы языкі полымя.
— У Крыжадзюбаў – чырвона-малінавае з шэравата-белым, - дадала Каця. – А можа Амялушка хоча сказаць пра Чараўніка, што і нам з Уладзікам падарункі прынясе?
— Напэўна, і пра Чараўніка, - заўсміхаліся бацькі. – І пра тое, як ён выканае ўсе вашыя запаветныя жаданні!
— Цудоўна! – адказвалі ўзрадаваныя дзеці.
Раптам прыляцела нахабная Сойка і разагнала ўсіх птушак.
Таямніца Амялушкі
— Цікава, а чаго Амялушка стукала ў акно? Што хацела спытаць? – спакойна, амаль пра сябе, спытаў Уладзік.
— Чаму спытаць, а можа штосьці расказаць? – па-даросламу адказала трэцякласніца Каця.
Што яна хацела ніхто не ведае. Можа, хацела паклікаць дзяцей, каб разам парадавацца першаму снегу? А можа паскардзіцца на нечаканы снег, што закрыў мільёны срэбных зорак для навагодняй красуні-ёлкі? Ці страту ежы? Хутчэй за ўсё яна хацела павіншаваць з надыходзячым Новым годам.
Толькі гэта не стрымлівала мільярды лёгкіх сняжынак, якія мякка апускаліся на зямлю і ўсё наваколле станавілася казачна чыстым і белым.
Каця заўважыла, як адна забаўная Амялушка разам са сваімі сяброўкамі Сняжынкамі кружылася ля яе акенца. Ды так заўзята белыя Сняжынкі кружыліся, быццам у якім вясёлым танцы, пазбавіўшыся апякунства той самай шэрай Хмары, што нарадзіла яе і прынесла з першым снегам. А Хмарка сыпала снегам і плыла далей. Рабіла сваю звычайную работу і ніякай бяды не ведала. Як не ведала, што птушкі ды звяры без ежы засталіся.
Калі стамлялася Амялушка, самая актыўная Сняжынка працягвала кружыцца. На ёй была карункавая сукеначка, ды з такім адметным малюнкам, якога не было ні ў адной з яе сябровак. Яна была шчаслівай, адчуваючы сваю непаўторную прыгажосць.
Неспадзявана рэзкі парыў гарэзлівага ветру падхапіў маленькую прыгажуню і што сілы шпурнуў яе на падваконне. Сняжынка ачомалася, агледзелася навокал. У акне яна ўбачыла дзяўчынку, якая ўважліва і з захапленнем сачыла за ўсім, што творыцца на вуліцы.
І, хаця, Каця глядзела як лётаюць-забаўляюцца Снегіры, нібы навагоднія чырвоныя шары, што ўпрыгожылі і без таго забаўна святочны куст каліны, думала пра намеры Амялушкі.Тым часам чырвонагрудыя абсыпалі куст, але не асабліва віталі сваіх суседак, хаця ягад для ўсіх дастаткова.
Дзяўчынка здагадалася пра намер Амялушкі, але працягвала радавалася Сняжынкам:
— Год за годам – карагодам,
Я сардэчна, ад душы ўсіх віншую, Малышы!
І ўсе зарадаваліся, закружыліся. А Сняжынкі без упынку танчылі, сыпалі і падалі на зямлю, выконваючы свой непаўторны танец. Штосьці чароўнае і казачнае было ў тым карагодзе. Каці здавалася, што Сняжынкі ў танцы бяруцца за свае далікатныя ручкі і, кружляючыся аб чымсьці шэпчуцца. І ўсё імгненна прыгажэла, быццам у жывой казцы.
Мы жадаем ў Новы год
Многа радасных прыгод…
З Новым годам, карагодам!
Каця чула гэтыя віншаванні. Яна ўсміхалася. Але ёй вельмі хацелася выбегчы на двор і таксама павіншаваць сваіх сяброў-птушак.
Хто пакрыўдзіў Амялушку?
А яшчэ больш дзяўчынка жадала сарваць колькі ягад і паднесці пакрыўджаным Амялушкам. І абавязкова спаймаць хаця б адну Сняжынку, каб бліжэй разгледзець іх ўбранства.
І яшчэ Каці хацелася даведацца, пра што яны шэпчуцца. Можа пра краіну Лапландыю, пра Снягурку ці пра Снежную Каралеву, а можа пра пра чырвоныя каліны ці аранжавыя рабіны на ўскрайку лесу, ці пра неўтаймоўную крынічку, што ўсіх частуе гаючай вадою…
Стаміўшыся ад непаразумення дзяцей, Амялушка засумавала, як сумуе зусім малое дзіця. І сум яе быў бачны кожнаму, хаця яна і скрывалася на прыпарушаным падаконніку.
Побач праляцеў Верабейка і сваім вясёлым “З Новым годам! -ціў-ціў!.. Жыў- жыў!.. узняў настрой і ў Амялушкі. Яна ўсміхнулася і знікла ў садзе.
Каця ўздыхнула, гледзячы на чарговыя бялюткія парашуцікі Сняжынак, у голас разважала: “Усё гэта добра: і снег, і марозік! Але ж галоўнае, што сябрам нашым лясным спажыва пад снегам засталася”. - Яна хацела выбегчы і дапамагчы ім, але ведала, што бацькі адной не дазволяць. І ўсё ж рашылася спытаць:
— Тата, мама! Несправядліва гэта, калі ў нас да Новага года ўсяго ўдосталь, а птаства вымушана сумаваць? Яны столькі карыснага для чалавека робяць! Патрэбна штосьці і нам зрабіць!
І раптам пачула тое, чаго даўно чакала.
— А ты збегай да Бога Зімы. Ён сёння ўжо павінен выйсці з лесу. Звычайна ён гэтак робіць, каб папярэдзіць пра надыходзячы Новы год і лютыя маразы.
— Няхай і так, але адна я не спраўлюся.
— Не хвалюйся, Каценька! Справішся! Калі што якое, Уладзік дапаможа.
Аказаўшыся на дварэ, Каця і кажа браціку:
— Ты высвятляеш у Амялушкі, што хацела паведаміць. А я – да Бога Зімы.
Кацька ў Чараўніка Зюзі
І сапраўды, насустрач Каці выйшаў сівы старац з доўгай барадою: невысокага расточку, цёпла ўкутаны, але, ці паверыце? – басанож і з жалезнай булавой у руках. Кацька ўжо ведала, што булава на той выпадак, калі хтосьці будзе замінаць марознаму ўладыку выконваць яго абавязкі. Тады ён з ўсяе сілы ўдарыць ёй аб сухадрэвіну ці пень, і па ўсім лесе раздасца страшэнны трэск, а па зямлі нават могуць пайсці разломы. Вось як! Але сёння Зюзя быў зусім дружалюбны.
— Чаго так зажурылася, дзяўчынка? – спытаў Зюзя.
— Ды вось птаства непакоіцца пра спажыву да навагодніх святаў, ды ўвогуле на халады: зіму нечакана ты паклікаў?
— Так, я, канешне! Пара, маё ты дзіцятка! Пара! А спажыва - справа нажыўная! Аднаго жадання недастаткова. Але, калі ўжо так хочаце - здолееце?
— Ёсць жаданне – з’явіцца клопат, - рашуча адказала Кацька.
— А ты адважная! Тады слухай: вяртайся дадому. Там сябры з пачастункамі для птаства даўно чакаюць.
— Як? Вы жартуеце! – радасна ўсклікнула дзяўчынка.
— Зірні! І кашлатая прыгажуня- ёлка пасярод двара! Вось упрыгожыце яе садавіной ды гароднінай, і птаства парадуеце, - казаў усміхаючыся сівабароды старац.
— Дзякуй, Зюзя!
— Гайда на вуліцу! – кажа старац. – І вось вам, дзеці, - румянец на шчокі і моцнае здароўе!
Дзіцячая радасць
Кацька пабегла на падворак, а там – поўна дзяцей з карзінамі ды з пакетамі, кашамі ды з вёдрамі. Адзін - яблыкі, другі – капусту, трэці - зерне, чацьвёрты – галоўкі сланечнікаў, пяты – арэхі прынёс… Столькі ўсяго – вочы разбягаюцца.
Вялікая і разлапістая ёлка стаяла пасярод двара і чакала, калі ўжо пачнуць яе ўпрыгожваць.
І работа закіпела. “Бярыся дружна – не будзе грузна” – казала Кацька, развешваючы невялікія жоўта-чырвоныя шары гарбузоў з прарэзанымі адтулінкамі-вочкамі, каб спраўна было птушкам выбіраць і смачную мякаць, і семкі. Хто ладзіў кармушкі і насыпаў зерне, іншы развешваў сонечныя галоўкі сланечнікаў ды гронкі рабіны.
Іншыя дзяўчынкі спрытна чаплялі на нітачкі яблыкі, грушы ды шышкі. Кацька ўспомніла пра клапатлівую Амялушку і прынесла колькі скрылькоў сала. “Няхай і яна паласуецца!” – казала дзяўчынка і чапляла на ніжнія галінкі яліны.
— А гэта што за дзіва-дзівоснае тут? – пыталіся іншыя.
— Гэта наш Ясік шарыкі дзядоўніку паразвешваў!
— Але, няхай і някідкія для вока, і калючыя, але вельмі карысныя яго семкі. Іх любяць Шчыглы і Снегіры. Ды й госці нашыя Амялушкі таксама не мінаюць.
— Цікава, а для каго наш Пятрок поўную торбу ледзянцоў прыцягнуў?
— Ён і сам добры ласун, але хацеў каб і птушкі з ахвотай ледзянцы смакталі.
— Эх, люблю зіму! Вось ужо і сапраўды – згодай свет трымаецца, - прамовіла Кацька. – Зляпіла снежку і кінула ў Цімошку. Толькі сама ўсё думала пра Уладзіка і Амялушку. Што тая яму паведаміла?
Цімошка не спыняўся:
— А я люблю Новы год, калі ён вокны прыбірае ў чарадзейныя мастацкія ўзоры, за белы снег, што ірдзіцца бляскам ясных зор ды згуртоўвае людзей.
— Дзякуй за снежку! Каб бадзёрымі былі вы,
Каб вам Новы год здароўя ўсім прынёс,
Каб былі здаровы самі,
Каб былі здаровы таты, мамы,
І бабулі і дзядулі, каб не ведалі напасці,
І жылі заўжды ў шчасці.
Цімошка выказаў пажаданне, а снежку ад Кацькі кінуў у неба, у самую гушчу снежных аблокаў , а сам засмяяўся. І ўсе засмяяліся. І тут жа зрабіўся сур’ёзным і працягваў развешваць цукеркі. Толькі Кацька пазірала ўдалеч і ціхая насцярожанасць была на яе тварыку.
Нечаканая госця на навагоднім свяце
— Ідуць! Ідуць! – паведаміла сваёй жалейкай Амялушка.
На знаёмыя гукі ўсе азірнуліся. Пяцікласнік Улад вёў невялічкую рыжую козачку. Яна баязліва ступала, ні на крок не адыходзілася ад свайго выратавальніка.
— Знаёмцеся, гэта Казуля ЭМЭ! Яна ўчора страціла сваю маму, а сама, хаваючыся ад паляўнічых, патрапіла ў сіло. Дзякуй Амялушцы за пільнасць і сардэчнасць. Гэта яна заўважыла паланянку і паведаміла нам. І прабач, калі ласка, гэта мы не адразу зразумелі твой выклік.
— Дык вось чаго яна білася ў акно! – усклікнула ўзрадаваная Кацька. – Якая ты разумнічка, Амялушачка! Прабач яшчэ раз, прашу! Ляці да мяне! Я цябе асабліва пачастую.
— Прабачце і вы мяне! Я гэта за таямніцу трымала, меркавала, што сама з тым сіло спраўлюся і выслабаню Козачку. Аж не! Без Уладзіка не саўладала б, - адказала Амялушка.
Воблакі, нібы чарада на сінім небе, пачалі ў кучу збівацца. Яны плывуць і растуць у сіняве.
— Якая ты смелая, ЭМЭ! – казалі дзеці. Цяпер усе засталося ззаду. Весяліся!
А тут, на зямлі, сярод белых снягоў, кожную хвіліну прыгажэе , пераўтвараецца ў казачнае відовішча звычайная лясная яліна. А зараз стала чароўнай навагодняй Ёлкай з тысячамі агеньчыкаў-гірляндаў. Радасцю для ўсяго жывога.
Унутры Ёлкі ззяе прамяністы тунэль, быццам у сэрца дрэва схаваўся чароўны партал для сэлфі. Дзед Мароз у сінім кажуху ходзіць вакол ёлкі і фотаграфуецца з кожным ахвотным. За гэта просіць выканаць навагоднюю або калядную песеньку ці расказаць верш. Побач з ім прыгажуня Снягурка.
А вунь побач – беспройгрышная зона з прызамі. Можна таксама за некалькі хвілін перакінуцца ў любімых герояў, як гэта зрабіла Кацька з Цімошкам і іх сябры. І зараз у дзіцячым карагодзе ходзяць лялечныя Феі і Прынц, Карабас, Бураціна і Жабка-Вандроўніца. І жывая Казуля ЭМЭ!
Дзеці радаваліся новай госці. Яны яе гладзілі, неслі лісты капусты, яблыкі. Фатаграфаваліся з ёю.
— О-о! А ў цябе і завушнічка бурштынавая! – казала Каця, згледзішы ў левым вуху Козачкі.
— Эмэ-э-э! – адказвала тая. Гэта азначала: так, завушнічка. – Гэта падарунак ад мамы. Як абярэг ад драпежніка. І завушнічка гэта мяне выратавала.
— Як цікава! – здзіўляліся дзеці. -Цяпер ты можаш забаўляцца разам з намі! Смялей, ЭМЭ!
Кацька клікнула: “Ляціце, птушачкі! Ідзіце ўсе да святочнага стала! Ласуйцеся! З Новым годам, даражэнькія!”
Птушкі сядзелі непадалёку і назіралі і за Козачкай, і за дзіцячай мітуснёй ля ёлкі. Бачылі, але не адважваліся падляцець і зблізку разгледзець. А калі адначасова з запрашэннем данесліся нейкія незнаёмыя гукі, усё звяр’ё і птаства пачалі прыслухоўвацца адкуль яны сыходзяць, хто ці што іх стварае. Гукі былі лёгкія, нібыта празрыстыя, як вецер. А то раптам рабіліся цвёрдымі і рашучымі, быццам хтосьці злаваўся. І зноў гучалі зусім мякка, як воблака.
— Што гэта? – першай запытала Амялушка.
— Гэта навагодняя скрыпка, - усміхнуўся Снягір. – Можна здорава павесяліцца! А ты што, прагаладалася?
— Ды не! Я сытая зробленым. А маю мелодыю не чулі? – пыталася Амялушка.
Прыўстала на галінцы, набрала паветра… І панесліся па наваколлі незвычайныя гукі жалейкі.
— З Новым годам!
— З новым шчасцем!
Усё наваколле напаўнялася радаснай мелодыяй. І ўся лугавая марозная прастора запаўнялася пяшчотнымі, а потым яркімі і светлымі, крышачку напружанымі гукамі. Шчымліва мелодыя кранала сэрцы кожнай жывой істоты.
— А вунь і музыка! Бачыце, бачыце! – крычаў Крыжадзюб.
Нарэшце перад вачамі ўдзельнікаў святочнай урачыстасці з’явіўся спрытны франт у чорным смокінгу і чырвоным капялюшыку. Ён трымаў на левым плячы незвычайную скарбоначку з чатырма струнамі. А ў правай руцэ яго была доўгая палачка з белымі нацягнутымі як цеціва нітачкамі. Гэта быў смычок.
— Што Амялушка грае, пазнаёміліся з яе мелодыямі. Але ж, глядзіце, глядзіце! Гэта ж Дзяцел!
— Няўжо санітар лесу ды так грае! Во гэта дык дзіва!
— Якое дзіва? – азвалася крыклівая Сойка. – Ён жа цудоўны слых мае, як-ніяк, лясны тэлеграфіст.
Добры Чараўнік выканае запаветнае жаданне кожнага
Птушкам не цярпелася хутчэй да святочнай ёлкі падляцець. А як падляцелі і пачалі ласавацца ўжо не звярталі ўвагі ні на гукі мелодыі, што лілася, ні на сваіх выратавальнікаў.
Пррр… Пасмялеў адзін. Пррр-пррр-пррр… І вось усё птаства - на цудоўнай Ёлцы. І пачалося смачнае застолле. І пачалося зімовае свята. Трэба паспрабаваць гэта, і вось гэта, і гэта… Падсілкоўвацца пачалі навыперадкі. Узняўся крык, піск і гвалт. Толькі галінкі трашчэлі ды луска ад пачастункаў сыпалася долу. Маленькія сэрцайкі моцна, моцна тахкалі у грудзях кожнага птаха… Нават Варона з Сарокаю моўчкі пераляталі з галінкі на галінку, смакуючы кожнае “блюда”. І праворная Сойка была ў іх кампаніі. Толькі дарма хваляваліся: ніхто зараз не зачэпіць, не пакрыўдзіць, бо гэта іх свята.
Усе радаваліся і чароўным гукам, і багатым пачастункам. Толькі Кацька ўсё не магла супакоіцца. Ёй хацелася ўзняцца ў тую бязмежную глыбіню і паляцець разам з Аблокамі, каб адтуль дарыць усім цудоўны настрой і светлую радасць. А цяпер - плысці і любавацца воблакамі, якія растуць, і тут жа знікаюць, як дым. А могуць разрастацца ўшыркі, клубіцца на адным месцы, а потым зрабіцца велічэзнай цяжкай Хмарай і сыпануць Сняжынкамі на зямлю. “Можа б хаця у адной распытала пра іх патаемныя сакрэты?” – думала Кацька.
Але, чакайце, што гэта? Кацька падставіла далоньку і на яе села яе знаёмая Сняжынка. Вочкі ў дзяўчынкі загарэліся ад радасці: - Вось ты якая! Дык ты сапраўдная Каралеўна! Які ў цябе наўздзіў казачны строй! Мы з сяброўкамі выражам з каляровай паперы такія дзіўныя ўзоры-карункі і расклеім на ўсіх аканіцах, развесім на святочную Ёлку. Няхай усе пацешацца тваёй прыгажосцю! -Вось у каго воля! – усклікнула Кацька. – Дзяўчынка пазірала то на навагоднюю Ёлку, то на Аблокі і ўяўляла розныя карцінкі, якіх ніхто ніколі не бачыў, а ў вачах яе блішчала шчырая дзіцячая радасць.
— З новым годам! – чулася з неба.
Заіскрыўся-засвяціўся на небе Зорак карагод, быццам заміргаў Зорны Карабель. Заміргаў яркімі агеньчыкамі-гірляндамі, каб наноў іх убачылі госці: і маленькая Козачка ЭМЭ і чарадзейная Амялушка.
Цацкі адразу зарадаваліся-зазіхацелі, што іх радасць перадалася ўсяму рознакаляроваму царству карагода. І дзятва, і звяры, і птушкі нібыта пачулі новы музычны твор. Бо ў гэтыя хвіліны кожны знаходзіў пад Ёлкаю навагодні падарунак і верыў , што Добры Чараўнік выканае запаветныя жаданні кожнага.
— З Новым годам! – даносілася з усіх бакоў.
— З новым шчасцем! – адзывалася ў адказ.
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by