Гразь – самая неадназначная для ўспрымання субстанцыя, якая можа прыносіць карысць здароўю. Але, улічваючы шматвяковую гісторыю гразелячэння, няма падстаў сумнявацца ў яе эфектыўнасці.
Праўда, гразь павінна быць не з бліжэйшай лужыны, а выключна лячэбная. Пэўныя яе віды, напрыклад, каштуюць утрая даражэй за «чорнае золата» – нафту. Некаторыя эксперты лічаць, што прыродную лячэбную гразь не трэба адмыслова абеззаражваць. Пры гэтым нават на адкрытых ранах яна дзейнічае не горш за мясцовы антыбіётык.
З чаго складаецца лячэбная гразь і што менавіта абумоўлівае яе гаючы эфект, а таксама чаму лячэнне ёй, насуперак уяўленням, падыходзіць далёка не ўсім, журналісту «Слушна» распавяла ўрач-рэабілітолаг аддзялення медыцынскай рэабілітацыі 10-й гарадской клінічнай бальніцы г.Мінска Вольга Вельгіна.
З чаго складаецца гразь?
Першымі, хто адкрыў для сябе аздараўляльную сілу прыроднай гразі, былі, відаць, старажытныя егіпцяне. Яны шчодра пэцкалі сябе глеем, які застаўся пасля разліву Ніла, і прымалі сонечныя ванны. Жыхары старажытнага Егіпта шчыра верылі, што такі спосаб лячэння дапамагае не толькі пазбавіцца ад некаторых хвароб, але і паляпшае агульнае самаадчуванне. Наколькі дзейсным быў гэты спосаб, можна меркаваць па тым, што загараць, папярэдне нацёршыся гразёю, і цяпер папулярная справа сярод тых, хто адпачывае на берагах гаючых вадаёмаў.
Дык як жа працуе лячэбная гразь і што менавіта надзяляе яе карыснымі ўласцівасцямі?
Дарэчы, менавіта дзякуючы ім лячэбная гразь валодае антыбактэрыяльным эфектам. Бактэрыі выпрацоўваюць антыбіётыкападобныя рэчывы, якія пры нанясенні гразі на скуру чалавека могуць супернічаць з хваробатворнымі мікраарганізмамі, выцясняючы і знішчаючы іх.
Усе каштоўныя і карысныя рэчывы з лячэбнай гразі скура літаральна ўбірае ў сябе праз поры.
Віды лячэбнай гразі
Здабываюць лячэбную гразь з адмысловых радовішчаў. У залежнасці ад паходжання, склад гразі можа некалькі адрознівацца.
Ёсць, напрыклад, глеевая гразь – тое, што асядае на дне вадаёмаў. Адрозніваюць сульфідную гразь (адклады з дна салёных вадаёмаў), якія багатыя на солі і мінералы, але ўтрымліваюць мала арганічных рэшткаў. А таксама сапрапелевую гразь з прэснаводных крыніц. Дарэчы, сапрапель, прывезены з азёр Судобль і Сакі, шырока выкарыстоўваецца ў беларускім гразелячэнні. Судобльская гразь вылучаецца раствораным у ёй радоне, які вельмі рэдка сустракаецца ў прыродзе, але яго лячэбны эфект і прымяненне ў медыцыне ў мікрадозах навукова абгрунтаваныя і даказаныя.
Тарфяная гразь – «прадукт» балот. Гэта нізка-мінеральныя, рэзка-кіслотныя адклады, якія ўтварыліся ў выніку анаэробнага (без кіслароду) раскладання рэшткаў балотнай расліннасці.
Сопкавую гразь, ці як яе яшчэ інакш называюць – псеўдавулканічную, здабываюць у раёнах нафтавых і газавых радовішчаў. Яна надзвычай багатая на такія мікраэлементы, як кальцый, бром, ёд, але практычна не ўтрымлівае арганічных кампанентаў
Паказанні да гразелячэння
Прыродная гразь мае самае шырокае прымяненне. Але яе эфект асабліва адзначаны ў комплекснай тэрапіі хвароб суставаў:
- пры рэўматоідным артрыце з нізкай ступенню актыўнасці;
- астэаартрозе;
- кантрактурах (абмежаваннях нармальнай рухомасці сустава з-за рубцавання скуры, сухажылляў, мышцаў). Прымяненне гразевых аплікацый спрыяльна адбіваецца на рассмоктванні склеразаваных рубцоў.
Акрамя таго, гразелячэнне можа быць паказана пры:
- неўралагічных захворваннях;
- пнеўманіі і хранічным бранхіце;
- гепатытах, гастрыце, язвавай хваробе (мясцовыя гразевыя аплікацыі размяшчаюць на праекцыі органаў – печані, страўніка, падстраўнікавай залозы);
- некаторых паталогіях пазваночніка;
- лор-захворваннях;
- артэрыяльнай гіпертэнзіі першай ступені;
- захворваннях мочапалавой сістэмы ў мужчын і жанчын (цыстыт, піяланефрыт, хранічны прастатыт і г.д.);
- хваробах поласці рота (напрыклад, парадантозе);
- адмарожваннях і апёках;
- а таксама пры траўмах апорна-рухальнага апарата.
Правілы правядзення працэдуры
Перад прымяненнем у спецыяльных чанах – тэрмастатах – лячэбную гразь разаграваюць да вызначанай тэмпературы 38-44°С. Максімальная тэмпература разагрэву сапрапелю, які выкарыстоўваюць для гразелячэння ў Беларусі, – не вышэй за 40°С. Трэба сказаць, што навобмацак лячэбныя гразі вельмі камфортныя: мяккія, рыхлыя, аднастайныя. Тактыльна чымсьці нагадваюць хіт дзіцячых забавак – кінэтычны пясок, але валодаюць моцным спецыфічным пахам.
У залежнасці ад паказанняў прызначаюць мясцовыя ці агульныя гразевыя аплікацыі. Пры мясцовых аплікацыях гразь у некалькі слаёў накладваецца на пэўную вобласць цела, на якую аказваецца лячэбнае ўздзеянне, напрыклад, на трусікавую, каўнерную, міжлапатачную зону і г.д. Таксама можна выкарыстоўваць гразевыя кампрэсы, загарнуўшы гразь у баваўняную тканіну. Існуюць методыкі вонкавага ўжывання (на суставы, праекцыі органаў і г.д.) і ўнутрыполасцевага (гразевыя кампрэсы змяшчаюць у поласць рота, на дзясны; тампоны ўводзяць у похву, анальную адтуліну).
Пры агульных аплікацыях чалавека ўкладваюць на кушэтку, на якой папярэдне падрыхтаваная гразевая падушка. Усю паверхню цела (за выключэннем вобласці сэрца, галавы і шыі) пакрываюць тоўстым пластом гразі. Зверху накрываюць тонкай плёнкай і старанна ўхутваюць.
Працэдура гразелячэння доўжыцца ад 15 да 30 хвілін. Аптымальная працягласць – 10-18 сеансаў. Курсы мясцовых гразевых аплікацый можна паўтараць раз у 2-3 месяцы, агульных – не часцей за 1 раз у 6 месяцаў.
Таксама гразелячэнне патрабуе захавання пэўных правілаў і ад самога чалавека:
- перад працэдурай варта прыняць душ;
- апошні прыём ежы павінен быць за 1-1,5 гадзіны да працэдуры;
- пры методыках, калі гразь накладваецца непасрэдна на чыстую скуру і цела чалавека, душ спатрэбіцца і пасля працэдуры. А вось пры выкарыстанні гразевых кампрэсаў пажадана не мачыць зону ўздзеяння і пазбягаць траплення на яе прамых сонечных прамянёў на працягу 2 гадзін пасля сеансу.
А вось невялікая фізічная нагрузка пасля сеансу гразелячэння нават вітаецца: мышцы ў гэты час расслабленыя, згодлівыя, пластычныя, і з імі лёгка працаваць. Таму курсы гразевых працэдур часцяком прызначаюць да сеансаў лячэбнай фізкультуры або масажу.
Супрацьпаказанні да гразелячэння
Гразевыя працэдуры ніколі не прызначаюць пры вострых захворваннях або абвастрэнні хранічных. Таксама гразелячэнне проціпаказана пры:
- ішэмічнай хваробе сэрца з высокім функцыянальным класам;
- цяжкай артэрыяльнай гіпертэнзіі;
- атэрасклерозе сасудаў з-за высокай рызыкі трамбозаў;
- дабраякасных і злаякасных новаўтварэннях, каб не справакаваць іх рост;
- цяжкай хранічнай нырачнай і пячоначнай недастатковасці;
- цырозе печані і інш.
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by