Лета выклікае звыклыя асацыяцыі з бесклапотнасцю, лёгкасцю і весялосцю. З асаблівай нецярплівасцю чакаюць яго дзеці. Бо можна (нарэшце!!!) «знікаць пропадам» у дварах, з раніцы да вечара гарэзаваць на арэлях-каруселях і круціцца на турніках ды перакладзінах. Але ў бочцы мёду заўсёды знойдзецца лыжка дзёгцю. Па статыстыцы, з году ў год стабільна 1 дзіця з 10 адпраўляецца з дзіцячых гульнявых пляцовак і спартыўных комплексаў не дадому, а наўпрост у траўмапункт.
Пра тое, якія небяспечныя моманты каравуляць дзяцей і падлеткаў на дваровых пляцоўках, як пазбегнуць траўмаў і хто ў адказе за дзіцячую бяспеку, журналіст Слушна даведалася ад вядучага навуковага супрацоўніка лабараторыі наступстваў траўмаў і захворванняў пазваночніка і спіннога мозгу РНПЦ траўматалогіі і артапедыі, галоўнага пазаштатнага дзіцячага артапеда-траўматолага Міністэрства аховы здароўя Дзмітрыя Цесакова і гігіеніста аддзялення гігіены дзяцей і падлеткаў Мінскага гарадскога цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Ірыны Пазняк.
Арэлі навылёт
Пра тое, што дзіцячы траўматызм – праблема для Беларусі вельмі актуальная, кажа той факт, што ў краіне ён займае 2-е месца ў структуры першасных захворванняў. Пры гэтым больш за 80% усіх траўмаў дзеці атрымліваюць дома або гуляючы на вуліцы.
Па статыстыцы, якую прывяла Ірына Пазняк, прыкладна 35% траўмаў – гэта ўдары, 20% – парэзы і пашкоджанні вострымі прадметамі, яшчэ 20% – траўмы рознай ступені цяжкасці, звязаныя з падзеннямі.
Існуе таксама своеасаблівы рэйтынг найбольш траўманебяспечнага абсталявання для дзіцячых забавак. Так, часцей за ўсё крыніцай траўмаў становяцца:
- Арэлі. Па словах Ірыны Пазняк, патрабаваннямі дзяржаўных агульнасаюзных стандартаў і СТБ не дазваляецца ўстаноўка на дзіцячых гульнявых пляцоўках арэляў з жорсткімі элементамі падвесу. Тым не менш, такое абсталяванне на ўнутрыдваровых пляцоўках жылых дамоў, а таксама ў дзіцячых садках сустракаецца даволі часта. Пры правядзенні капітальнага рамонту тэрыторый, а таксама будаўніцтве новых гульнявых пляцовак устанаўліваецца сучаснае гульнявое абсталяванне, якое будзе адпавядаць усім нормам і патрабаванням бяспекі. Але, зразумела, што гэта справа не хуткая, таму асноўны акцэнт пакуль робіцца на захаванне правілаў бяспечных паводзінаў і эксплуатацыі «старых» арэляў.
- Каруселі. Неасцярожнасць і грэбаванне правіламі тэхнікі бяспекі на каруселях нярэдка цягне за сабой зашчымленне частак цела элементамі, якія круцяцца, і, як следства, траўмамі.
- Горкі. Неабачлівасць на іх можа пацягнуць за сабой удары, парэзы, траўмы пры падзенні і нават апёкі.
Мастацтва падзення
А таму нядзіўна, што траўматолагі ніколі не сядзяць без справы. У РНПЦ траўматалогіі і артапедыі, напрыклад, ільвіная доля працы прыпадае менавіта на траўмы.
Пры гэтым Дзмітрый Кімавіч перакананы: нельга дзіцяці забараняць рухомыя гульні, але яго трэба вучыць, пры неабходнасці дапамагаць і кантраляваць. Напрыклад, чым папулярней робіцца варкаўт, тым выразней неабходнасць вучыць дзяцей... правільна падаць. АЛЕ тут паўстае іншае пытанне: а дарослы, які павінен гэтаму навучыць, сам умее правільна згрупавацца пры нечаканым падзенні, каб змякчыць удар? Ці ўмеюць гэта настаўнікі фізкультуры?
Дарэчы, пытанне дзіцячай бяспекі і прафілактыкі траўматызму – гэта яшчэ і пытанне дзяржаўнай важнасці. Асноўная задача, якой зараз занятыя дзяржаўныя органы і органы дзяржаўнага санітарнага нагляду, – увядзенне новых стандартаў бяспекі для асноўных прадметаў спажывання, у тым ліку і дзіцячых гульнявых пляцовак, а таксама адаптацыя навакольнага асяроддзя пад патрэбы дзяцей.
Акрамя таго, што ўсе дзіцячыя гульнявыя пляцоўкі абсталююцца ў адпаведнасці з нацыянальнымі стандартамі бяспекі, зараз ідзе работа над новым нарматыўным дакументам – тэхнічным рэгламентам ЕўрАзЭС «Пра бяспеку абсталявання дзіцячых гульнявых пляцовак». Па ім усё гульнявое абсталяванне павінна адпавядаць пэўным стандартам бяспекі і падлягае сертыфікацыі альбо пацвярджэнню адпаведнасці ў форме дэкларацыі. Новы дакумент павінен уступіць у сілу 1 чэрвеня 2020 года.
Правілы прафілактыкі траўматызму на гульнявых пляцоўках
- выбірайце для гульняў з дзецьмі пляцоўкі, абсталяваныя ўдарапаглынальным пакрыццём: газонным альбо прагумаваным;
- папярэдзьце дзіця або сачыце за тым, каб яно трымалася на бяспечнай адлегласці ад арэляў, што разгойдваюцца;
- не дапускайце, каб дзіця стаяла ўнізе горкі, калі з яе з'язджае іншае дзіця;
- не дапускайце збірання вялікай колькасці дзяцей на горках або спартыўных комплексах;
- улічвайце абмежаванні па ўзросце і вазе пры карыстанні гульнявым і спартыўным абсталяваннем. Не варта дарослым катацца на дзіцячых арэлях-каруселях, а малалетнім дзецям гуляць на комплексах, прызначаных для дзяцей, старэйшых па ўзросце, або дарослых;
- перад тым, як адпусціць дзіця на пляцоўку, не лішнім будзе самастойна пераканацца, што абсталяванне на ёй бяспечнае і нічым не зможа нашкодзіць вашаму малышу. Нягледзячы на тое, што кантроль бяспекі гульнявога абсталявання адпаведнымі органамі праводзіцца на рэгулярнай аснове, беражонага, як вядома, Бог беражэ.
Паўтарэнне – маці вучэння. Не забывайцеся штораз папярэдзіць дзіця, што свавольства на арэлях-каруселях недапушчальнае, а бесклапотнасць усё роўна павінна быць «з галавой».
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by