Ці то вецер, ці то птушкі – яшчэ пытанне. Толькі ўжо ніяк не даследуеш. 🙂 Але факт застаецца фактам: сцябліна з лістамі і кветкамі побач з вінаградам узялася невядома адкуль. І самае смешнае, што ўвагу на яе я звярнула не падчас цвіцення, а толькі калі ягадкі пачалі спець.
Але калі і да вас заляцела такая прыгажосць, не спяшайцеся тыя ягадкі зрываць і каштаваць на смак! Дасведчаныя людзі папярэджваюць: яны ядавітыя! Прычым смяротна небяспечныя! Вось чаму мода на гэтую расліну то ўзнікае, то праходзіць.
Памятаю, як у свой час была проста заварожана гэтай раслінай, якая красавалася на падворку, што ляжаў поруч з маім шляхам на працу. Шырокі-шырокі куст, багаты проста! І такі прыгожы і ў квецені, і ў ягадах. Ну незвычайная ж расліна, праўда?!
Калі пачала цікавіцца ёй больш грунтоўна, дык дазналася, што вядомая яна яшчэ са старажытных часоў. Іншыя назвы – фіталака амерыканская, кермесавыя ягады, іўдзейскі плюшч, тлустая трава... А калі ўлічыць, што выкарыстоўваюць яго ў еўрапейскіх краінах як сродак супраць гельмінтаў, паслабляльны ды для выклікання ванітаў... Лепей сапраўды вырошчваць толькі для прыгажосці! 🙂 І рукамі лішні раз не кратаць!
Адразу для параўнання прыгадваецца чыстацел, які некаторыя смелыя выкарыстоўваюць, каб прыгатаваць адвары, справіцца з бародаўкамі ды папіломамі... Але насамрэч ядавітасць у яго яшчэ тая! Лепей трымацца падалей. А сок, калі трапіць на скуру пад сонцам, таксама можа выклікаць апёкі, не горш за баршчэўнік Сасноўскага.
Дык вось на нашу галінку лаканосу ў мяне дакладна ніякіх планаў няма! 🙂 Толькі палюбавацца... Чаго і вам жадаю. А што датычыцца яго лекавых уласцівасцяў, дык найперш размова ідзе пра карані ды лісце. Як заўсёды, асабіста мне шкада знішчаць расліну, дабіраючыся да яе каранёў. 🙁 А тут яшчэ таксама магчымае паражэнне скуранога покрыва ды пашкоджанне слізістых, калі неасцярожна падыходзіць да нарыхтоўкі...
А з іншага боку, амерыканскія спецыялісты сцвярджаюць, што лаканос з’яўляецца супрацьракавай раслінай. Але, вядома ж, замяняць ім афіцыйнае лячэнне ніхто не прапануе... З расліны можна прыгатаваць настойку, парашок, адвар, мазь... Прымяняць, вядома ж, усё гэта толькі вонкава і толькі асцярожна. Ядавітае, асабліва ў вялікіх дозах.
Гэта я да таго, што калі раптам па сарафанным радыё да вас прыляціць інфармацыя пра карысць гэтай цуда-расліны... Лепей 10 разоў падумайце, перш чым нарыхтоўваць яе самастойна. Кажуць, што ёсць гамеапатычныя сродкі з лаканосам. Ну, калі як дадатковае да афіцыйнай тэрапіі ды пад кантролем урача... Чаму б і не выпрабаваць?!
Толькі не самастойна! А то адразу прыгадваюцца настойкі з грыба вясёлкі ды мухамораў... Колькі атручванняў з-за іх здарылася! Можа, не столькі з-за іх саміх, колькі з-за бязладнага прымянення...
Так што калі вам, як і мне, падабаецца лаканос амерыканскі, давайце пакінем яго толькі для ўпрыгожвання! Між іншым, сцвярджаюць, што куст мае пэўныя магічныя ўласцівасці! Хтосьці выкарыстоўвае яго... як сродак супраць сурокаў. А што? Калі верыш – шкоды дакладна не будзе. Калі не есці, вядома ж, ягады... 🙂
А іншыя сцвярджаюць, што калі на дачным ці прысядзібным участку расце лаканос, значыць, мужчына ў доме будзе смелым і адважным! Паверым ці праверым?! 🙂
Яшчэ кажуць, што зрэзаныя суквецці здольныя стаяць у букеце да 2 тыдняў! Таксама няблага – палюбавацца. Затое мне цяпер цікава, ці гэтак жа ўтрымаюцца ягадкі на галінках, калі іх зрэзаць і паставіць у ваду. Шкада, што ў нас галінка ўсяго адно. Дык лепей даўжэй палюбуемся на яе на летніку, у прыродных умовах. Ну недарэмна ж яна ў нас сёлета вырасла, а з пэўнай мэтай! 🙂
І напрыканцы, я лічу, проста забойная інфармацыя, якая павінна адпужнуць усіх жадаючых ужываць лаканос у якасці сродку лячэння самастойна. Вучоныя сцвярджаюць, што ў 100 грамах лісця, карэння ці ягад утрымліваецца смяротна небяспечная доза ядавітых рэчываў! Вось такая загадкавая гэтая фіталака амерыканская. У малых дозах – лечыць, у крыху большых – калечыць.
Калі ж вы ўжо прымянялі яе для лячэння і ўсё атрымалася... Ну што ж, вам пашанцавала. Але лепей такі досвед не паўтараць.
А калі ўсё ж упадабалі лаканос, любуемся ім здалёк. Асалоду для вачэй ён забяспечыць стопрацэнтную! 🙂
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by