Не, я зараз не пра якуюсьці цуду-траўку (па аналогіі з цуда-таблеткай), каб прыняў – і ўсе хваробы прайшлі. На жаль, няма яшчэ пакуль такой. Траўка – не вырасла, а таблетку – не вынайшлі. Я пра траву, сабраную ў дзень святога Панцеляймона. Нашыя продкі верылі: сёння, 9 жніўня, лекавыя травы валодаюць асаблівай ацаляльнай сілай. Бо святы Панцеляймон быў вядомым лекарам. І найлепш у яго атрымлівалася лячыць галаўны боль. А ўвогуле, вернікі, наведваючы храмы, моляцца яму аб вылячэнні фізічным і маральным.
Зрэшты, ніхто не забараняе і іншым верыць у святога Панцеляймона ды цуды… Прасіць, напрыклад, аб пазбаўленні ад галаўнога болю… Бо вера – наша ўсё. Вера ў тое, што кожны з нас лічыць патрэбным і правільным.
Між іншым, святы Панцеляймон – не толькі вядомы лекар, а яшчэ і абаронца воінаў. Яны таксама могуць звяртацца да яго па заступніцтва.
А лячыў ён не толькі зёлкамі, але і карой ды карэннямі раслінаў, мохам, глінай і нават камянямі. І, як мне падаецца, менавіта вера ў гаючую сілу ўсяго пералічанага, у тое, што яно можа ацаляць, таксама дапамагала святому Панцеляймону. Ды і ў наш час вядома, што лекавыя травы дапамогуць толькі таму, хто ў іх верыць. А хто ставіцца скептычна, лепей нават і не спрабаваць такое лячэнне.
Магчыма, гэта знак, што менавіта ўчора, упершыню завітаўшы пасля патопу даўжынёй практычна ў месяц на сваю няшчасную дачную сядзібу, згледзела там… святаяннік. Які яшчэ цвіце. Зноўку на тым жа месцы, занесены ці тое птушкамі, ці тое ветрам. А папярэдні, які я адтуль перасадзіла пад плот і ўжо мела неблагі «ўраджай» апошнія пару гадоў, на жаль, таксама вымак.
А менавіта святаяннік, які цвіце на святога Яна (7 ліпеня), у ліку іншых зёлак раяць збіраць сёння. Дарэчы, гарбата з аднаго святаянніку альбо са святаянніку з мятай ці мелісай – адна з маіх любімых.
Тут усё разам сабралася: і колер, і водар, і карысць. Не каштавалі?! Вельмі раю! Толькі ў меру, вядома ж. Не штодня на працягу паўгода. Тыдзень-два папілі – і зрабілі перапынак. Зрэшты, ніякі куплёны чай і побач не ляжаў… Нават мой горача любімы ройбуш… Але ў кожнага свой густ, вядома ж…
А памятаеце, які звычайна ў Панцеляймона-лекара спадарожнік? Хто поруч з ім ідзе 9 жніўня? Каго ўшаноўваюць? Ды гэта Мікола Качанскі, альбо Капуснік. Лічылася, што з сёння капуста ў качаны пачынае складацца.
На жаль, сёлета мы такога дзеяння не ўбачым на сваім пустым пасля патопу ўчастку. А якія прыгожыя калівы я высаджвала. Эх! Такія надзеі былі, і не толькі на капусту… Цікава, што ўчора лётаў над участкам белакрылы матылёк. А вось пахарчавацца яму не было чым…
«На полі капусным – качаноў густа», – казалі нашыя продкі. І дадавалі: «Капуста – круглавата, кучаравіста, на верхавіне лысіна… На здароўе еш!», «У гаспадара без капусты бруха пуста», «Капуста не пустая, сама ляціць у рот». Бульба і капуста былі заўсёды на стале ў селяніна. І нездарма! Бо і адно, і другое – сапраўдныя скарбніцы вітамінаў.
А ці любіце вы капусту (у беларускай мове назва «щи» перакладаецца як «капуста») у якасці першай стравы? Я дык вельмі. Мая любімая мамачка навучыла мяне яе варыць. Смачна атрымліваецца… Але сёння гатаваць не буду. Нядаўна толькі елі.
А зараз вяртаемся да дня 9 жніўня. У некаторых мясцовасцях сёння згадваюць яшчэ і Палія (альбо Панцеляймона называюць Паліем). «Палій спаліць двор таго, хто возіць у гэты дзень копы на гумно», «Хто на Палея працуе, у таго навальніца спаліць хлеб»… Ну вось і сёння не раяць займацца сялянскай працай. Да таго ж, дзе-нідзе па краіне абяцаюць дажджы.
Таму сёння – зноў заняткі альбо адпачынак па вашым уласным выбары, шаноўныя сябры. І памятаем, што менавіта 9 жніўня святы Панцеляймон-лекар нас сапраўды чуе… І мы ў гэта – верым!
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by