Паводле старадаўніх народных ўяўленняў, галаўны боль — гэта вынік псавання і сурокаў або парушэння пэўных табу. Асабліва шырока распаўсюджана вера ў негатыўную сілу «кепскага вока» ці слоў або думак у бок іншага чалавека.
На валасінцы…
Прычынай галаўнога болю лічыцца і парушэнне розных забаронаў, у тым ліку мыццё галавы ў дзень Івана-Галавасека — свята Усекнавення галавы Іаана Хрысціцеля (11 верасня). На Палессі ў гэты дзень варылі кісель з каліны, каб цэлы год не балела галава.
Немалаважную ролю ў прычынах узнікнення галаўнога болю мелі… валасы чалавека! Паводле старажытных вераванняў, яны з’яўляюцца жыццядайным асяродкам, дзе злучаны фізічныя і духоўныя сілы. Таму прычынай галаўнога болю таксама магло быць парушэнне забароны выкідвання на вуліцу астрыжаных ці вычасаных валасоў, нельга было расчэсваць валасы на Раство, спальваць іх у печы. Агульнаславянская забарона выкідання валасоў тлумачыцца тым, што з іх птушка, мыш або жаба могуць зладзіць сабе гнёзды, а гэта ў сваю чаргу выкліча ў чалавека жудасны галаўны боль.
Верылі, што калі з носа цячэ кроў і кропля ўпадзе на падлогу ці на зямлю, то нельга яе пакідаць. Таму што, калі гэтую кроў паліжа сабака, у чалавека будзе дужа балець галава. Таксама забаранялася круціць шапку на кулацэ ці вакол рукі.
У славян існаваў абрад-помста закладвання дома «на чыю-небудзь галаву», г. зн. на смерць чалавека або жывёл, якія ад гэтага не будуць весціся ў гаспадарцы.
Жалезная галава і капуста
Існавала вялікая колькасць перасцярог ад галаўнога болю. Пачуўшы першыя грымоты куляліся праз галаву або трэба было тры ці дзевяць разоў стукнуць жалезам, каменем ці кулаком па галаве і прамовіць «Жалезная галава». Мазалі лоб і скроні латук-травой, клалі на галаву капусныя лісты, мылі галаву адварамі зёлак, сабраных у дзень Святога Юр’я і на Купалле. Каб не балела галава, у народзе раілі насіць пярсцёнкі з рога лася, бурштыну і каралаў. На ўзыходзе сонца мыліся расой, і пры гэтым трэба было стаяць тварам да сонца. Калі балела галава, то да яе па чарзе прыкладалі тры каменьчыкі ўзятыя на ростанях — скрыжаванні дарог.
Таксама, каб пазбыцца галаўнога болю, клалі галаву або шапку на лекавыя камяні ў святых месцах. Асабліва вартыя ўвагі камяні каля вёсак Вялікі Поўсвіж Лепельскага і Сорагі Слуцкага раёнаў.
У Вялікім Поўсвіжы лекуе дажджавая вада з ямкі на камені. Акрамя галаўнога болю тут лечаць хваробы вачэй, малярыю, бародаўкі ў чалавека і жывёл. Камень два метры ў папярочніку. На ім выразна акрэсліваюцца два слядкі чалавека і некалькі слядоў лап невялікіх жывёл. Паводле старадаўняй легенды, камень скінуў з неба сам Бог. Другая легенда даводзіць: «Некалі сонца так пякло, што сваімі гарачымі промнямі расплавіла нават камяні, і яны зрабіліся мяккімі. У гэты момант ішла па зямлі Ева (па іншая версіі — Божая Маці). Ад спёкі яна стамілася і не заўважыла, як ступіла на камень. Ззаду за ёй беглі кот і сабака, якія таксама ступілі на камень». Таму да сёння камень называюць Божым.
На камені каля в. Сорагі тры слядкі. Большы слядок лічаць следам Бога, меншыя: адзін — следам ката, другі — сабакі. Самую маленькую ямку на камені лічаць знакам ад кіёчка, на які абапіраўся Бог. Лекавым тут з’яляецца пясок каля каменя. Яго заліваюць вадой і п’юць ад галаўнога болю.
Дапаможа і крыніца, і хвоя
Каб пазбавіцца галаўнога болю, хадзілі, а шмат дзе і цяпер ходзяць да святых крыніц і дрэў. Прыкладам, галаўны боль лечаць крыніцы: паміж вёскамі Горна і Ізбішча Лагойскага раёна, пад Юр’евай гарой у Віцебску, каля аграгарадка Сухары паблізу Магілёва, каля вёскі Выдранка Краснапольскага раёна ды інш.
Крыніца паміж вёскамі Ізбішча і Горна лічыцца гаючай і лечыць не толькі галаўны боль, але і хваробы вачэй. Над крыніцай зроблены паўмятровы памост. Легенда тлумачыць з’яўленне крыніцы тым, што некалі на гэтае месца ступіла Святая Панна, і з яе следу пачаў біць фантан вады. Пасля тут праходзіў сляпы старац. Ён таксама ступіў на гэтае месца і зрабіўся відушчым. З таго часу і сталі прыходзіць сюды людзі.
Юр’еўская крыніца ў Віцебску прысвечана Ярылу — богу плоднасці і ўрадлівасці. Легенда распавядае, што калісьці Вялізны Цмок скраў у людзей ваду і замарозіў яе. Ярыла забіў Цмока дзідай і вызваліў ваду. У тым месцы, куды трапіла дзіда Ярылы, з’явілася крыніца.
Крыніца ў аграгарадку Сухары знаходзіцца каля маста праз раку Рэста. Побач каплічка, купель і паклонны крыж. Раней там быў скіт манахаў. Крыніца не замярзае нават у лютыя маразы. Вада ўтрымлівае іоны срэбра, радон і мінаральныя солі. Непадалёк — Успенская царква.
Каля вёскі Выдранка бруяць две крыніцы, якія лечаць галаўны боль. Адна на рацэ Калпіта — завецца крыніцай Дзмітрыя Растоўскага. Там месцяцца страдаўні храм і капліца. Паводле легенды, некалі мясцовай пані Марыі Бараноўскай у сне быў знак — каб вылечыцца ад хваробы, трэба пабудаваць у вёсцы храм. Жанчына пабудавала храм, прысвечаны Святому Дзмітрыю Растоўскаму, і цудоўным чынам вылечылася. Другую крыніцу называюць Панская або Крыніца пана Бараноўскага ці Крыніца Серафіма Сароўскага. Каля крыніцы ўсталявана некалькі альтанак. Вада ў гэтым месцы праходзіць праз старажытныя крэйдавыя адклады, таму вельмі празрыстая і мае мяккі прыемны смак. Крыніца здаўна лічылася святой, а вада ў ёй — гаючай.
Вельмі архаічныя абрады лячэння здзяйсняюць каля крыніц паблізу вёсак Грабяні Докшыцкага і Ляды Дубровенскага раёнаў. Пасля малітваў з просьбай пра пазбаўленне ад галаўнога болю гэтым крыніцам абавязкова трэба ахвяраваць менавіта грабеньчык.
Лячыць галаўны боль ідуць і да Святой хвоі ў лесе каля вёскі Цвермы Лідскага раёна. Гэтая сасна лічыцца адным з сямі цудаў Лідчыны. Вернікі, якія пакутуюць на галаўны боль, вымяраюць сваю галаву ніткай, якую потым вешаюць на дрэва. На галінкі высахлага дрэва таксама павязваюць стужкі і палатняныя фартушкі, на якіх вышываюць крыжыкі і ўдзячныя надпісы. Гэтыя ахвяраванні не можна здымаць, пакуль яны самі не спарахнеюць.
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by