Калі ў вашай сям'і з'явіўся цяжкахворы чалавек, яму спатрэбяцца дадатковыя прадметы гігіены. Сёння шмат сродкаў, якія дазваляюць прывесці цела ў парадак без лішніх намаганняў прама ў ложку.
Падрабязна пра іх распавядае эксперт Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа Людміла Бузель.
Падгузнікі для дарослых
Пры выбары падгузніка трэба звяртаць увагу не толькі на памер. На камфорт уплываюць нават такія дробязі, як наяўнасць ліпучак, якія неабходныя людзям, хто нават у ляжачым становішчы застаецца актыўным. Бо яны надзейна абараняюць і не замінаюць рухам. Акрамя гэтага, падгузнікі з ліпучкамі лягчэй здымаць і адзяваць.
Вельмі важна своечасова мяняць падгузнікі. Таму лепш купляць іх з індыкатарам напаўнення – спецыяльным прыстасаваннем, якое дапамагае своечасова заўважыць ступень напоўненасці.
А каб чалавек быў упэўнены, што з ім не здарыцца канфуз, можна выкарыстоўваць падгузнікі са спецыяльным укладышам-пракладкай, які мацуецца да бялізны і забяспечвае выдатную абарону.
Для людзей, якія выкарыстоўваюць падгузнік пры нетрыманні мачы, важна, каб ён быў незаўважным і не шамацеў пры хадзе. У гэтым выпадку трэба звяртаць увагу не столькі на велічыню вырабу, колькі на яго якасць.
да зместуПамеры падгузнікаў для дарослых
Па памеры падгузнікі дзеляцца на пяць відаў:
- XL або 4 (вельмі вялікія) – для людзей з акружнасцю таліі 130-170 см і больш;
- L ці 3 (вялікія) – талія 100-150 см;
- M або 2 (сярэднія) – талія 70-110 см;
- S або 1 (маленькія) – талія 55-80 см;
- ЕS або 0 (вельмі маленькія) – талія 40-60 cм.
Пры выбары вырабаў трэба ўлічваць і вагу чалавека. Ёсць падгузнікі для людзей да 60 кг; 55-75 кг; больш за 75 кг; звыш 110 кг.
да зместуЯк вызначыць памер падгузніка
Неабходна вымераць аб'ём таліі на ўзроўні пупка ці крыху ніжэй. Лепш дадаць да атрыманай лічбы 2-3 см, каб хвораму было камфортна ў падгузніку як да, так і пасля ежы. Акрамя гэтага, трэба вымераць акружнасць кожнага сцягна крыху ніжэй пахвіны.
Усмоктвальнасць
Па ўзроўні ўсмоктвальнасці падгузнікі дзеляцца на 4 віды:
- звычайны ўзровень паглынання вадкасці – 1000 мл (Small);
- павышаны ўзровень – 1200 мл (Medium);
- высокі ўзровень – 1300 мл (Large);
- вельмі высокі ўзровень – 1500 мл (Extra Large).
Калі мяняць падгузнік ляжачаму хвораму
- Пасля любых гігіенічных мерапрыемстваў (падмыванне, мыццё, абціранне), якія праводзяцца ў вобласці жывата, таза і сцёгнаў.
- Адразу пасля апаражнення кішэчніка.
- Пры некантралюемым і частым выліванні мачы мяняць падгузнік трэба прыкладна кожныя 4 гадзіны, сочачы за індыкатарам напаўняльнасці.
- Пры нячастым мочаспусканні – мінімальна двойчы ў дзень.
- Пры ўскладненнях (кроў з прамой кішкі або похвы, утварэнне пацёртасцяў і фарміраванне пролежняў) мяняць падгузнікі трэба максімальна часта.
Як змяніць падгузнік
Калі ўвесь час адзяваць падгузнік няправільна, на скуры могуць узнікнуць пацёртасці, раздражненні і мікратраўмы, што павышае рызыку інфіцыравання. Любы запаленчы працэс у вобласці пахвіны і ягадзіц можа прывесці да гнойных ранаў і пролежняў. Таму вельмі важна ведаць, як правільна яго змяніць.
Здымаем правільна
- Акуратна зняць выкарыстаны падгузнік, імкнучыся не пэцкаць бялізну і скуру хворага чалавека. Для гэтага трэба адляпіць ліпучкі, адвярнуць пярэднюю частку, утрымліваючы натуральныя выдзяленні, асцярожна павярнуць чалавека на бок і выцягнуць з-пад яго падгузнік.
- Беражліва ачысціць скурныя пакровы пахвіны і ягадзіц.
- Апрацаваць чыстую скуру ўвільгатняльнай маззю. Пры гэтым для прафілактыкі пролежняў можна зрабіць невялікі масаж той вобласці цела, якая знаходзіцца знізу.
- Калі ёсць раздражненне або прэласці – пасыпаць на іх прысыпку.
- Калі ёсць пролежні, трэба абавязкова апрацаваць раны антысептыкамі і накласці спецыяльную павязку. Пасля гэтага можна адзяваць новы падгузнік.
Як правільна надзець падгузнік на ляжачага хворага
- Падгузнік трэба выцягнуць з упакоўкі, разгарнуць, пацягнуць за краі, каб расправіць кожную зморшчыну.
- Чалавека трэба павярнуць на бок, каб часткова падаткнуць край згорнутага падгузніка пад цела.
- Затым павярнуць хворага на спіну і распасцерці згорнутую частку падгузніка.
- Пярэднюю частку падгузніка правесці паміж ног і закрыць прамежнасць.
- Зафіксаваць кожную ліпучку і разгладзіць зморшчыны.
Гігіенічныя пялёнкі, якія ўсмоктваюць
Выкарыстоўвайце пры доглядзе на даму спецыяльныя прасціны, якія ўсмоктваюць, абараняюць ложак ад працяканняў і дазваляюць акуратна правесці гігіенічныя працэдуры. Самыя распаўсюджаныя памеры – 60х60 і 60х90 см. Маленькія можна падкладваць пад пэўнае месца (напрыклад, пад нагу з трафічнай язвай). Вялікую звычайна сцелюць папярок ложка пад ляжачым чалавекам.
Можна таксама час ад часу выкарыстоўваць ахоўныя медыцынскія прасціны – як дадатковы ахоўны слой падчас правядзення розных гігіенічных працэдур. Яны не ўсмоктваюць, але абараняюць ложак ад вадкасці і забруджванняў.
Для палягчэння догляду можна выкарыстоўваць вільготныя ручнікі, рукавічкі для мыцця.
да зместуМыйныя сродкі
Для інтымнага догляду падапечнага лепш выкарыстоўваць мяккія мыйныя сродкі, якія не патрабуюць змывання вадой. Гэта могуць быць мыйны крэм або пенка. Яны значна эканомяць час на гігіену.
Усё гэта сёння можна купіць у аптэках і інтэрнэт-крамах. Цэны залежаць ад вытворцы.
Напрыклад, упакоўка 30 штук польскіх падгузнікаў сярэдняга памеру (75-110 см) з вялікай усмоктвальнасцю, якія можна выкарыстоўваць пры нетрыманні мачы і кала, каштуе каля 35 рублёў. Упакоўка 10 усмоктваючых пялёнак 60х90см – каля 10 рублёў.
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by