… дык у памяці яна застанецца назаўсёды. Гэта кажу вам я! 🙂 Чалавек, які заўсёды захапляўся горамі здалёк. А мая першачарговая ўвага была скіраваная больш на заваблівыя раўніны, моры-акіяны… Горы, як ім і належыць, здаваліся велічна-недасяжнымі. Нават у марах. А цяпер ва ўспамінах у мяне ёсць яна, украінская Гаверла. І ўзыходжанне на яе праз пэўны час падаецца яшчэ больш неверагодным.
Пра свае першыя ўражанні ад гэтай экстрэмальнай вандроўкі пісала роўна год таму, 11 снежня 2019 года. Чаму менавіта ў гэты дзень, а не адразу ж па прыездзе ў верасні? Ну-у-у-у, нагоды чакала. І дачакалася! 🙂 Бо менавіта 11 снежня па прапанове Генеральнай Асамблеі ААН адзначаецца Міжнародны дзень гор!
Ну трэба ж… Да нядаўняга часу я і ўвагі не звяртала на гэтае свята. А цяпер… Буду ўзгадваць штогод.
Дарэчы, калі б яшчэ перад леташняй паездкай ва Украіну прачытала пра ўсе тыя выпадкі, якія здараліся з людзьмі пры ўзыходжанні на Гаверлу і спуску з яе… Лепей бы я самастойна ў той дзень паехала ў Букавель! Бо, аказваецца, смерці там таксама здараліся. І не толькі ўзімку.
Цяпер увесь час думаю пра тых рызыкоўных, якія накіроўваюцца на Гаверлу па снезе. Там і ўвосень-то дастаткова…м-м-м-м… некамфортна. І я зараз не пра надвор’е. З надвор’ем нам, як аказалася, пашанцавала. Бо было сонца! Ну, і пранізлівы вецер, зразумела ж. Ён на пэўных участках дзьме з неверагоднай сілай! Сіверам. Ва ўсе сезоны. Але ж ні дажджу, ні туману, як распавядаюць многія.
Некамфортна, бо там – не асфальт, не гравейка і нават не добра ўтаптаная зямля. Там крыху балоцістых участкаў (няшмат), крыху каранёў (па іх даволі зручна ісці)… А пераважна – сыпкія камяні і каменьчыкі пад нагамі. Розных памераў. І па ўсім гэтым ідзеш уверх, часам пад добрым такім вуглом, дзесьці градусаў пад 45.
Калі б у маляўнічых турыстычных праспектах усе асаблівасці пад’ёму былі апісаныя праўдзіва, наўрад ці шмат жадаючых розных узростаў знаходзілася б, каб накіравацца туды. У звычайнай вопратцы, больш-менш зручным абутку, без спецыяльных прыладаў… Нам нават палкі для скандынаўскай хады не прапанавалі, хаця пра іх і ўзгадвалі, што можна ўзяць напракат. А як бы яны дапамаглі!
Рамантыка рамантыкай, але пераважную частку шляху ў мяне захоўвалася ўражанне, што мае лёгкія цягнуцца дзесьці ззаду. Альбо бягуць паперадзе. Бо нармалёвай фізічнай трэніроўкі не было даўноо-о-о-о-о… Аб чым я тады вельмі моцна пашкадавала. Так што фізічныя практыкаванні штодня, прагулкі на свежым паветры і г.д. сапраўды рабіць варта. А раптам на вашым шляху сустрэнецца гара?! Ці мора, акіян? 🙂 Жарты жартамі, але здаровы лад жыцця сапраўды падтрымае ў любых абставінах…
А мы вяртаемся да ўзыходжання. Маладым з нашай групы было лягчэй. Яны літаральна беглі наперад!
Забягу наперад у сваім аповедзе і я, прыгадаўшы, як шмат дзяцей рознага ўзросту, ад самых маленькіх да падлеткаў, мы пабачылі на вяршыні Гаверлы і яе схілах. Так-так! Наш звілісты пад’ём-маршрут, вядома ж, быў не адзіным. І, я так думаю, не самым лёгкім. І ўжо дакладна не прамым.
Бо мы са здзіўленнем назіралі, як некалькі групаў накіраваліся з гары ў зваротны шлях па крутым-крутым, але цалкам прамым спуску, да будынкаў, якія добра праглядаліся ўнізе няўзброеным вокам.
… Але вяршыня ад нас яшчэ была да-а-а-аалёка наперадзе! І праз пару гадзін шляху заставалася такой жа недасяжанай, як і ад самага нізу. Падпірала вяршыняй аблокі, ды і ўсё… 2061 метр…
Але ж, як пісала летась, непадалёк ад заканчэння пад’ёму другое дыханне ўсё ж адкрылася! Яно сапраўды існуе! І я гэта адчула. Вось тады і прыйшоў калі не кайф ад пад’ёму, дык больш вольны крок. Нягледзячы на тое, што пад нагамі былі вялі-і-і-ізныя абломкі камянёў. І трэба было яшчэ больш пільна ўглядацца і выбіраць, куды паставіць нагу, каб яны не зрушыліся.
І вось яна – вяршыня! Прастора. Свабода. Лёгкасць. Здаецца, так бы раскінула рукі і паляцела… Да суседніх вяршыняў! 🙂
І менавіта тады прыйшло адчуванне, што недарэмна я цалкам несвядома замест спакойнага дня адпачынку выбрала яе, Гаверлу!
Не, я так і не палюбіла горы, хаця гэтая зрабілася сваёй, блізкай. Але ведаеце, як прыемна цяпер адчуваць, што я гэта зрабіла! У чарговы раз пераадолела сябе. А вось гэта і ёсць кайф! Таму са святам усіх! І аматараў гор, і тых, хто захапляецца імі на адлегласці. І асабліва тых, у каго была і ёсць свая Гаверла…
Фота аўтара і забяспечанае аўтарам.
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by