16.01.2022
16.01.2022

Камп'ютарны зрокавы сіндром. Сімптомы і прафілактыка

logo
Здароўе дарослых
0 21
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Сучаснае жыццё без электронных гаджэтаў нават немагчыма ўявіць. На іх завязанае літаральна ўсё: навука, вытворчасць і нават вольны час. Камп'ютарны зрокавы сіндром – стан, які надзвычай распаўсюджаны ў сучасным свеце і на працягу апошняга дзесяцігоддзя з'яўляецца прадметам пільнага вывучэння, – своеасаблівы пабочны эфект паўсюднага прымянення высокіх тэхналогій.

Пры доўгай пастаяннай працы з гаджэтамі камп'ютарны зрокавы сіндром не абмінуць. Пры гэтым ён у стане моцна пагоршыць якасць жыцця і ў цэлым негатыўна адбіцца на здароўі. Адно радуе: гэта не хвароба, якая патрабуе інтэнсіўнага спецыфічнага лячэння. Лепшая тэрапія – не дапусціць развіцця дыскамфортнага стану.

Пра сімптомы і прафілактыку камп'ютарнага зрокавага сіндрому Слушна даведаліся з прамога эфіру з афтальмолагам вышэйшай катэгорыі, дацэнтам кафедры афтальмалогіі БелМАПА, к.м.н. Дзмітрыем Абельскім.

Парадокс у тым, што пакуль вы чытаеце гэты тэкст, дык таксама ставіце пад пэўную небяспеку свае вочы. З іншага боку, чытанне зойме ад сілы тры хвіліны, а карысную інфармацыю атрымаеце на ўсё астатняе жыццё.

Што такое камп'ютарны зрокавы сіндром

Камп'ютарны зрокавы сіндром. Калі карысна глядзець удалечыню.

Гэта комплексны стан, які абумоўлены ўздзеяннем шматлікіх фактараў. Прасцей кажучы, камп'ютарны зрокавы сіндром не азначае, што праблема ўзнікае толькі пры працы на камп'ютары. Аднолькава шкодзяць вачам любыя сучасныя крыніцы светлавога выпраменьвання: смартфоны, планшэты, лічбавыя рэкламныя білборды, разнастайныя асвятляльныя прыборы, якія працуюць на дыёднай аснове, і г.д.

Сімптомы камп'ютарнага зрокавага сіндрому

Камп'ютарны зрокавы сіндром можа праяўляць сябе ў некалькіх варыяцыях:

  • у выглядзе сіндрому сухога вока;
  • у расстройстве акамадацыі (у прыватнасці, спазме акамадацыі);
  • з прычыны пашкоджвальнага ўздзеяння сіняга святла на структуру вока і ў цэлым на арганізм;
  • як вынік негатыўнага ўплыву гаджэтаў у цэлым на арганізм чалавека. Напрыклад, тая ж няправільная пастава пры працы за камп'ютарам альбо падчас сядзення ў тэлефоне можа прыводзіць да праблемаў з мазгавым кровазваротам, што ў сваю чаргу прывядзе да пагаршэння зроку і г.д.

Камп'ютарны зрокавы сіндром. Няправільбная пастава падчас працы.

Расстройства акамадацыі

 
Дзмітрый Абельскі
Афтальмолаг вышэйшай катэгорыі, дацэнт кафедры афтальмалогіі БелМАПА, к.м.н.
Што такое расстройства акамадацыі? Часцей за ўсё манітор камп'ютара (планшэта, смартфона і г.д.) размешчаны занадта блізка да вачэй – на адлегласці 30-50 сантыметраў. У той жа час аптымальная адлегласць паміж маніторам і вачыма павінна быць не менш за 50-70 сантыметраў. Аднак рэкамендацыі выконваюцца вельмі рэдка, хаця многія праводзяць ля камп'ютара не адну гадзіну. Для кагосьці гэта наогул праца са шматгадзінным графікам. Паколькі манітор размешчаны занадта блізка, мы ўвесь час факусуемся на блізкай кропцы. Але прыродай не прадугледжана, што вочы будуць так доўга факусавацца на аб'екце паблізу. Больш за тое, нармальная аптычная сістэма вока чалавека без анамалій рэфракцыі зробленая, каб глядзець удалячынь. Калі мы засяроджваемся на блізкім аб'екце на працягу доўгага часу, у напрузе пастаянна знаходзяцца так званыя акамадацыйныя мышцы, якія трымаюць у тонусе хрусталік для таго, каб мы бачылі выразны малюнак на блізкай адлегласці.

Страта фокусу

Колькасць гадзін, праведзеных за камп’ютарам, у розных карыстальнікаў можа вар'іравацца ад адной гадзіны да 12.

Ёсць унікумы, якія цэлымі суткамі знаходзяцца ля манітора альбо з гаджэтам у руках.

Натуральна, вочныя мышцы не могуць вытрымаць такой нагрузкі. Як вынік – страта фокусу.

Камп'ютарны зрокавы сіндром. Без перапынку за камп'ютарам.

Аб'екты робяцца размытымі, чалавек адчувае цяжкасць, пераводзячы позірк з блізкага аб'екта на далёкі.

Напрыканцы дня зусім не атрымліваецца сфакусавацца на пэўным прадмеце («навесці рэзкасць»). Гэта так званыя астэнапічныя скаргі, якія, як правіла, могуць быць спалучаныя таксама з балючымі і/альбо дыскамфортнымі адчуваннямі ў вачах, галаўным болем і г.д.

Перасыханне слёзнай плёнкі

Яшчэ адна праблема для чалавека, які шмат часу праводзіць, гледзячы ў манітор, – гэта нашмат радзейшае мірганне.

Гледзячы ў экран, чалавек у лепшым выпадку міргне 4-5 разоў у хвіліну (пры норме да 20!).

Гэтая праблема прыводзіць да таго, што практычна ўсе людзі, якія працуюць за камп'ютарам ці праводзяць залішне шмат часу ў электронных гаджэтах, пакутуюць ад сіндрому сухога вока.

Прафілактыка камп'ютарнага зрокавага сіндрому

 
Дзмітрый Абельскі
Афтальмолаг вышэйшай катэгорыі, дацэнт кафедры афтальмалогіі БелМАПА, к.м.н.
Прафілактыка падобнага стану лагічная: альтэрнатыўная зрокавая нагрузка. Хаця б раз у кожныя 20 хвілін трэба адарваць позірк ад манітора і перавесці яго на больш аддалены прадмет, размешчаны на адлегласці 3-5 метраў. У крайнім выпадку зрокавыя перапынкі могуць быць радзейшымі, але не менш як адзін раз у 1 гадзіну. Пры гэтым чым радзейшыя перапынкі, тым больш актыўнай павінна быць гімнастыка для вачэй. Напрыклад, можна, заплюшчыўшы вочы, намаляваць імі ў паветры лічбы ад 1 да 10. Затым расплюшчыць вочы і зрабіць практыкаванні на факусоўку: па чарзе канцэнтраваць позірк на блізкім і далёкім прадметах.

Яшчэ лепей, калі ў шчыльным працоўным графіку вы знойдзеце час, каб выйсці з-за камп'ютара, прагуляцца на свежым паветры альбо пагуляць у настольны тэніс.

Дарэчы, менавіта гульня ў настольны тэніс дазваляе вачам актыўна адпачыць.

У ідэале – на працягу часу, праведзенага за камп'ютарам ці планшэтам, чаргаваць кароткія перапынкі з больш доўгімі, акцэнтаванымі.

Як паказвае вопыт, для прафілактыкі камп'ютарнага зрокавага сіндрому досыць усяго адной хвіліны адпачынку ў гадзіну. Галоўнае, не адпачываць ад камп'ютара ў… смартфоне.

Дарэчы, той жа спазм акамадацыі можна зняць медыкаментозна – вочнымі кроплямі, пры гэтым калі вярнуцца да звычайных зрокавых нагрузак без прафілактычных перапынкаў на адпачынак, вернецца і спазм.

 
Дзмітрый Абельскі
Афтальмолаг вышэйшай катэгорыі, дацэнт кафедры афтальмалогіі БелМАПА, к.м.н.
Штораз пры мірганні адбываецца ўвільгатненне і ачышчэнне слізістай вока. Скарачэнне міргальных рухаў прыводзіць да перасыхання слізістай, пашкоджваецца паверхня рагавіцы, эпітэліяльных слаёў, развіваецца запаленне слізістых абалонак (неінфекцыйны кан'юктывіт). Калі на прыёме пацыент прад'яўляе скаргі на пачырваненне вачэй, адчуванне пяску ў вачах, смыленне, мы ледзь не адным з першых задаем пытанне: колькі часу ён праводзіць за камп'ютарам.

Акрамя рэгулярных штогадзінных адпачынкаў, пры такой сімптаматыцы, лічыць эксперт, не абысціся без заменнікаў натуральнай слязы (штучнай слязы).

Немагчыма прымусіць сябе міргаць аптымальную колькасць разоў, працуючы за камп'ютарам. Інакш давядзецца ўстанавіць таймер, каб ён кожныя 5 секунд нагадваў пра неабходнасць міргнуць. Так сабе ідэя, ці не праўда? Пры гэтым слізістая вока па-ранейшаму мае патрэбу ў пастаянным увільгатненні і ачышчэнні.

Але перш чым прызначыць сабе прэпараты заменнікаў натуральнай слязы, лепей пракансультавацца з урачом. І не таму, што штучная сляза можа нашкодзіць. А таму, што ёсць нюансы.

Напрыклад, прэпараты, якія дапамогуць чалавеку з лёгкімі праявамі сухасці вока, могуць стацца бескарыснымі для чалавека з выяўленым сіндромам сухога вока. Маюць значэнне таксама паталогіі абмену рэчываў, анамалій будовы вока і многае іншае.

Глядзі, куды глядзіш

Камп'ютарны зрокавы сіндром. Правільная пасадка.Вывучэннем камп'ютарнага зрокавага сіндрому вучоныя займаюцца дзесьці апошнія гадоў 15. Магчыма, у будучым, улічваючы шырокую распаўсюджанасць гэтага стану, будуць выпрацаваныя адзіныя падыходы і вынайдзеныя спецыфічныя прэпараты для яго карэкцыі.

Пакуль жа адзіным лячэннем застаецца прафілактыка камп'ютарнага зрокавага сіндрому:

  • адлегласць да манітора камп'ютара, планшэта, ноўтбука, смартфона, электроннай кнігі і інш. павінна быць не меншай за 50-70 см;
  • цэнтр манітора павінен быць ніжэйшым за ўзровень вачэй на 10-15 см, каб пры працы за камп'ютарам не даводзілася закідаць галаву ці глядзець у экран спадылба;
  • кожныя 20 хвілін адрываць позірк ад манітора і на 10-15 секунд факусаваць яго на прадмеце, размешчаным на адлегласці 3-5 метраў. Выконваць зрокавую гімнастыку не радзей за адзін раз у гадзіну;
  • хаця б аднойчы на працягу працоўнага дня выходзіць на паўгадзіны на свежае паветра;
  • не грэбаваць дадатковымі мерамі для абароны вачэй: адаптаваць налады манітораў пад канкрэтны тып працы за камп'ютарам, уключыць функцыю блакіроўкі сіняга колеру, пры неабходнасці выкарыстоўваць камп'ютарныя акуляры, асноўная функцыя якіх – фільтраваць сіняе святло і ліквідоўваць блікі манітора;
  • працаваць ці адпачываць з гаджэтам у правільным становішчы седзячы (а не так, як прывыклі: лежачы, на баку, у напаўсагнутым стане...);
  • выкарыстоўваць прэпараты заменніка натуральнай слязы.

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 21

Журналіст. Вышэйшая адукацыя. Сябра Беларускага саюза журналістаў. Стаж працы ў прафесіі – 20 гадоў. Беларуска. Нарадзілася ў г.Ганцавічы Брэсцкай вобласці. У 2001 годзе скончыла факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта па спецыяльнасці «Журналістыка». Працавала спецыяльным карэспандэнтам аддзела эканомікі газеты «Беларуская ніва», аглядальнікам аддзела пісьмаў, аглядальнікам аддзела сацыяльных праблемаў газеты «Савецкая Беларусь» (зараз – «Выдавецкі дом «Беларусь сёння»). З 2016 года – карэспандэнт уласны аддзела інтэрнэт-праектаў РУП «Рэдакцыя газеты «Медыцынскі веснік». З 2000 года з'яўляецца сябрам Беларускага саюза журналістаў (БСЖ). У 2002 годзе стала лаўрэатам прэміі БСЖ за лепшую журналісцкую працу. У 2017 годзе – лаўрэатам прэміі БСЖ «Залатое пяро».
Глядзіце таксама артыкулы раздзела "Хваробы ад А да Я"