Як, спадзяюся, ведаеце і пра тое, што гэтая расліна занесеная ў Чырвоную кнігу Беларусі. Збор яе забаронены. Гандляроў чакае штраф. Але… Але чаму ж кожную вясну так шмат яе прадаецца паўсюль? І ў пераходах метро, і на падыходзе да Камароўкі… А вось паспрабуй дакажы, што яна дзікая, а не хатняя! Тым больш, што на градцы яна насамрэч расце.
… «Гэта што за праява?! Што за цуд?!» – думала я, праціраючы вочы, калі згледзела мядзведжую цыбулю ў продажы ў пераходзе метро яшчэ ў сакавіку. Трэба ж, як рана сёлета! Зрэшты, чаго дзівіцца – па такім надвор’і, цёплым, без снегу і маразоў. І ўсё ж – здзівілася.
А тады наляцеў на нас каранавірус, і не да чарамшы стала. Хаця, спяшаючыся хутчэй пераадолець пераход метро, я ўсё ж краем вока заўважала, што ў прадаўцоў яе нават паболела.
А днямі… Днямі брат прывёз з уласнага агарода – пачаставаць. У нас-то на дачнай сядзібе, на апрацаванай зямлі ёй не дужа падабаецца. Усяго некалькі кволенькіх лісточкаў бывае штогод. Зразумела, зрываць шкада. А вось захапіцца цвіценнем – можна. А ў брата ў малінніку мядзведжай цыбулі дык і вельмі падабаецца. Кусціцца там не горш за натуральныя ўмовы.
Праўда, як расце чарамша ў лесе, так пабачыць дагэтуль не давялося. Хаця яе і называюць яшчэ дзікім ландышам, але толькі зараснікі ландышаў і бачыла…
Карацей, калі вы – аматар часнаку, чарамша – ваша расліна (мая дакладна! 🙂 )! А што ж кажуць спецыялісты пра яе карысць і шкоду для здароўя? Давайце разбірацца.
Што ўтрымлівае? Што ў ёй маецца? Вітаміны групы В, аскарбінавая, фоліевая кіслата, правітамін А. Ёд, бор, жалеза і г.д. Эфірны алей, фітанцыды, клятчатка… І гэта яшчэ далёка не ўсё!
Па сцвярджэнні даследчыкаў, мядзведжая цыбуля паляпшае апетыт, стымулюе страваванне, пазбаўляе ад запораў і гельмінтаў. Дапамагае знізіць тэмпературу, змагацца з прастудай і віруснымі інфекцыямі… Так-так-так! Магчыма, супраць каранавіруса таксама дапаможа выстаяць?! Плюс вельмі добра ўплывае на нервовую сістэму, супакойвае падчас стрэсу. Ну дакладна – наша траўка! 🙂
І на сэксуальнае жыццё таксама ўплывае станоўча. Прычым і на жаночае, і на мужчынскае. Толькі, памятаючы пра водар часнаку, з’есці мядзведжую цыбулю варта абаім! 🙂
Раяць ужываць чарамшу пры цукровым дыябеце – дапамагае панізіць утрыманне цукру ў крыві. І пры дысбактэрыёзе. Праўда, у апошнім выпадку давядзецца папрацаваць над прыгатаваннем, бо эфектыўны сок і настой.
Але калі ў вас панкрэатыт, гастрыт, язвавая хвароба страўніка, пакіньце мядзведжую цыбулю мядзведзям! Вам яна катэгарычна забароненая! Як і цяжарным жанчынам – на любых тэрмінах.
А наконт канкурэнцыі з мядзведзямі… Дык гэта і не жарт. Яны пасля зімоўкі любяць паласавацца свежай зелянінай. І чарамша ім даспадобы! Таму ў лясах лепей не браканьернічаць, а то можна сутыкнуцца незнарок… і ад страху замест мядзведжай цыбулі займець… мядзведжую хваробу! 🙂
У сеціве знайшоўся цікавы рэцэпт, які быццам бы палягчае стан пры радыкулітах, артрытах ды іншых захворваннях суставаў. У ход ідзе і лісце, і цыбуліны. 20 грамаў чарамшы здрабняем, абдаем шклянкай кіпню. А калі настой астыне, яго ўціраюць у праблемныя месцы.
Хм, а толькі адну мяне насцярожыла слова «настой»?! Атрымліваецца, што сыравіна не запарваецца, а толькі выкарыстоўваецца для абдавання? Не, такія рэцэпты… незразумелыя… лепей не прымяняць.
Затое магу падзяліцца рэцэптам вітаміннай салаты – таксама ад сям’і брата, адкуль і чарамша.
Інгрэдыенты:
- яйкі курыныя – 2 шт.;
- агурок свежы – 1 шт. (200-300 г);
- чарамша – 100-200 г;
- зялёная цыбуля – 40-50 г (можна без яе);
- смятана, маянэз ці іх сумесь – па смаку;
- соль, чорны молаты перац ці іншыя прыправы.
Па шчырасці, звычайна прапорцыі не захоўваю. Чагосьці дадаю больш, чагосьці – меней.
Прыгатаванне:
- Чарамшу мыем і абсушваем.
- Разам з зялёнай цыбуляй дробна наразаем. Нож павінен быць вострым!
- Яйкі варым, астуджваем, здымаем шкарлупінне, таксама здрабняем.
- Агурок мыем, абсушваем, наразаем невялікімі кубікамі.
- Усё змешваем, солім, дадаем перац па смаку, запраўляем смятанай, маянэзам альбо іх сумессю. Можна скарыстацца замест іх несалодкім ёгуртам.
Смачна есці!
Цікава, а ў каго яшчэ на градках расце чарамша? І колькі тут нас, яе аматараў? 🙂
Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by