Кадзіраванне — псіхатэрапеўтычны метад лячэння. Яго заснавальнікам быў савецкі псіхіятр-нарколаг Аляксандр Даўжэнка. У 80-я гады мінулага стагоддзя ён распрацаваў методыку пазбаўлення ад рознага кшталту залежнасцяў, заснаваную на стрэсавай (шокавай) тэрапіі.
Сутнасць метаду ў тым, што падчас сеанса псіхатэрапіі з элементамі гіпнозу пацыенту унушаецца агіда да алкаголю, даецца ўстаноўка на цвярозы лад жыцця. Адначасова праводзіцца псіхічнае праграмаванне (у падсвядомасць закладваецца код — адсюль і назва метаду «кадзіраванне») наступстваў у выпадку ўжывання алкаголю.
Дужа непрыемныя фізічныя адчуванні — ад млоснасці, галавакружэння, гіпатаніі да сутаргаў і страты прытомнасці — гэта псіхасаматычныя праявы, выкліканыя прыёмам алкаголю ў перыяд дзеяння кадзіравання.
Перавагі кадзіравання
- Па самых адважных заявах, эфектыўнасць кадзіравання дасягае 93%. Але бліжэй да рэальнасці лічба 50%. І тое, варта зрабіць заўвагу: метад, у прынцыпе, дзейсны толькі для людзей, якія маюць дакладнае і ўсвядомленае жаданне пазбавіцца ад алкагольнай залежнасці, пачаць жыццё ў абсалютнай цвярозасці. Таксама вялікае значэнне маюць безумоўная вера ў выбраны метад лячэння і давер да ўрача.
- Кароткатэрміновасць працэдуры: сеанс доўжыцца максімум 4 гадзіны.
- Маментальны тэрапеўтычны эфект.
- Эфект кадзіравання захоўваецца на працягу 1 года. Можа быць падоўжаны да 3–5 гадоў. Гэтага цалкам дастаткова для пацыента, каб сфарміраваць звычку цвярозага жыцця.
- Кадзіраванне не проціпаказана цяжарным жанчынам.
- Метад мае зваротную сілу. Фактычна асобу можна «перапраграмаваць» пры дапамозе яшчэ аднаго сеансу псіхатэрапіі: зняць код, укласці ў падсвядомасць іншыя ўстаноўкі і г. д.
Недахопы кадзіравання
- Аўтар арыгінальнай методыкі для дасягнення гарантаванага поспеху кадзіравання патрабаваў захавання абсалютнай цвярозасці на працягу месяца перад сеансам. Аднак для людзей з сіндромам залежнасці ў большасці выпадкаў гэта непераадольны адрэзак часу.
- Ёсць шмат фактараў, якія зніжаюць эфектыўнасць псіхатэрапеўтычнага метаду лячэння. У першую чаргу, маюць значэнне індывідуальныя схільнасці чалавека. Ёсць катэгорыя людзей, на якіх метад унушэння практычна не дзейнічае. Акрамя таго, намаганні ўрача будуць зведзены на нішто нават пры найменшым сумневе пацыента ў сваім намеры цалкам адмовіцца ад алкаголю.
- Гэты метад не падыходзіць людзям, хвароба якіх дасягнула апошняй стадыі.
Супрацьпаказанні да кадзіравання
Псіхатэрапеўтычны метад лячэння ад алкагалізму проціпаказаны людзям з хваробамі псіхікі і сардэчна-сасудзістай сістэмы, а таксама ў перыяд абвастрэння хранічных захворванняў і пры алкагольным абстынентным сіндроме.
Кошт кадзіравання ад алкагалізму па краіне — ад 100 да 250 рублёў. Працэдура праводзіцца ў дзяржаўных спецыялізаваных клініках (наркалагічных дыспансерах) і прыватных медыцынскіх цэнтрах, якія маюць ліцэнзію Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь на адпаведную дзейнасць.
Вячаслаў Цыплін, псіхолаг, спецыяліст па залежнасцях:
— Сутнасць кадзіравання ад алкагалізму заключаецца ў адным: зрабіць так, каб чалавек баяўся піць. Кадзіраванне ставіць бар'еры страху, у пэўным сэнсе эмацыйную абарону ад ужывання: калі я вып'ю, са мной здарыцца нешта жудаснае, ажно да смяротнага зыходу. Але з улікам таго, што алкагалізм можна разглядаць як пралангіраваны суіцыд (чалавек не цэніць уласнае жыццё і сам сабе робіць шкоду), спалохаць асобу з суіцыдальнымі памкненнямі вельмі складана, калі не сказаць немагчыма.
Кадзіроўка як сацыяльны запыт, каб чалавек перастаў ужываць спіртное, можа дапамагчы п'яніцы — асобе, якая злоўжывае спіртным, але яшчэ не залежыць ад яго. У яго сістэме каштоўнасцей жыццё ўсё яшчэ стаіць вышэй за алкаголь. І калі п'яніцу напалохаць, то ён сапраўды можа перастаць піць да канца жыцця.
Калі ж мы гаворым пра алкаголіка, то ў яго спісе жыццёвых каштоўнасцей першае месца займае алкаголь. Таму алкагалізм так цяжка паддаецца лячэнню. Акрамя таго, сам факт, што чалавек не ўжывае алкаголь, здаровым яго не робіць.
Ёсць яшчэ адзін нюанс, які нельга абысці ўвагай. Усе залежнасці, алкагалізм у тым ліку, грунтуюцца на асобаснай няспеласці, «недаросласці» чалавека. Сітуацыя развіваецца па тым самым сцэнарыі, што і гульня дзіцяці з запалкамі, калі дарослых няма дома. Адну запаліў — спадабалася, запаліў другую, трэцюю, а там і да бяды недалёка...
У структуры асобы алкаголіка няма дарослага чалавека, які мог бы кантраляваць яго ўчынкі і думкі. І калі хворы прыходзіць да доктара з просьбай закадзіраваць яго, даць таблетку, зрабіць што заўгодна, толькі б ён перастаў піць, алкаголік, па сутнасці, займае інфантыльную пазіцыю, перакладаючы адказнасць за далейшае развіццё падзей на старонняга чалавека, урача. А потым некаторыя з тых, каго закадзіравалі, даходзяць да першай піўной і... правяраюць, як іх «вылечылі». Калі зрыў — значыць, дрэнна закадзіравалі.
На шчасце, цяпер усё больш людзей разумеюць, што алкагалізм — гэта не шкодная звычка, а цяжкае захворванне, адно з самых складаных у сучаснай псіхіятрыі. Алкагольная залежнасць — фізіяпсіхасацыядухоўны феномен. У адзіночку гэтую праблему не вырашаць ні медыкі, ні псіхолагі, ні сацыяльныя работнікі, ні прадстаўнікі духоўнай сферы. Трэба комплексны, мультыдысцыплінарны падыход.
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by