Маленькі хлопчык Іллюшык з татам і мамай прыехаў у вёску да прабабулькі Лімы і прадзеда Сашы на лета, каб адпачыць на свежым гаючым паветры, набрацца сіл, а разам і дапамагчы ім па гаспадарцы. Іллюшка штодзень карміў курэй, глядзеў за козкамі, гуляўся з сабачкам Байкалам.
Калі дзед запрагаў коніка, Іллюшык аказваўся побач. І, калі Буян быў зацугляны, заўсёды ўзбіраўся да дзеда на калені, а павозка рухалася па сена на луг ці па дровы ў лес. Конік бег шпаркай рыссю, але роўна, і ад гэтага толькі вецер свісцеў у вушах. А хлопчык ад задавальнення ажно вочкі зажмурваў і казаў дзеду:
– А-а, давай, дзед, давай яшчэ хутчэй!
Дзед злёгку кратаў лейчынаю, і Буян яшчэ дадаваў хуткасці, ажно пясок з-пад яго капытоў ляцеў на павозку.
Гэты занятак вельмі падабаўся Іллі, не менш за кніжкі. А яшчэ ён дужа любіў гойдацца на арэлях. І так у яго гэта спрытна атрымлівалася, што ўсе яму па-добраму зайздросцілі.
Узяць хаця б сівога коніка Буяна. Колькі год ён пражыў на гэтым свеце, а вось на арэлях так ні разочку не давялося пагойдацца. А так хацелася шчэ з тых часоў, як быў маленькім жарабяткам. Але тады ён умеў лёгка скакаць і гарэзліва падбрыкваць. І яму было не так крыўдна, як сёстрам-козачкам Каці ды Ружы. А цяпер ужо не тое, развучыўся, пастарэў.
«Уверх-уніз, уверх-уніз! Уверх – да самага неба, уніз – да самай зямлі… Здорава!» – думаў ён.
– Байка-а-л, – спытаўся конь у свайго дваровага сябра, – а ці гойдаўся ты калі-небудзь на арэлях?
– Уа-аў-ў! А як жа! – адказаў Байкал. –Уа-аў-ў! Калі я быў маленькім, мяне Ксюша, Ільюшкіна мама, гойдала.
– Гэта, відаць, цудоўна… – уздыхнуў Буян.
– Уа-аў-ў-гр-р-р! Нічога цудоўнага, – буркнуў Байкал. – Ведаеш, як загойдвае?!
– А я не баюся, мяне б не загайдала! – сказаў конь. – Раней я скакаў рыссю і галопам, і нічагусенькі, толькі б тыя ўтрымаліся, хто на мне верхам ці на возе сядзяць.
– Э-э-й! Бегчы – гэта адно, а вось гойдацца – зусім іншая справа, – не пагаджаўся Байкал.
– Калі ляціш уніз, здаецца, унутры штосьці абрываецца!
– А ці чулі вы, сябры, што калі доўга гойдацца, можна нават на марскую хваробу захварэць?! – запыталася сваім лагодным галаском ластаўка, у якой было гняздо пад самым вільчыкам страхі дома.
– Так-так! З намі такое здаралася, – падхапілі козачкі-блізняткі Каця і Розачка.
– Глупства ўсё гэта, сябры! – уздыхнуў Буян.
– Я таксама хоць зараз магу пагойдацца на арэлях! – выхваляўся чорнай масці каток Маркіз. – І ніякай марской хваробы ў мяне не будзе. Паверце.
– А ты паспрабуй! – уступіў яму Іллюшык.
Каток ускочыў на арэлі і пачаў разгойдвацца. Байкал хацеў сцягнуць яго. Ён ледзь стрымліваў сябе, калі Маркіз пачынаў выхваляцца, але тут заступіўся конік Буян.
– Ды не замінай яму, Байкал! Няхай сабе гойдаецца…
– Байкал, супакойся, не ты ж адзін такі ўвішны, – заступіўся Іллюша.
Ён сказаў так упэўнена і пераканаўча, што нават гарэза Байкал паслухаўся.
– Калі хочаце ведаць, я і на веласіпедзе катаўся! – працягваў выхваляцца коцік Маркіз, раскалыхваючыся ўсё вышэй і вышэй.
– На веласіпедзе? Сам? – здзівіліся конік Буян і козачкі Каця і Роза.
– Ну, не зусім сам, – збянтэжыўся каток. – Але затое я ездзіў як на раме, так і на багажніку, і ніхто мяне не трымаў!
– Здорава! – усклікнуў конік. – А на арэлях усё ж лепш!
І так засмуціўся, што не захацеў больш размаўляць і адышоўся да плоту. «О-о-о! Ніколі ўжо мне не пагойдацца», – з сумам думаў ён.
На дварэ стаялі першыя восеньскія дзянькі, бо дрэвы пачыналі афарбоўвацца ў жаўтавата-карычневыя колеры. Хаця ўдзень было яшчэ вельмі цёпла, і ад таго, здавалася, лета яшчэ працягваецца. Тым часам маленькія павучкі адпраўляліся ў далёкія падарожжы на сваіх павуцінках.
Вы, дзеці, мабыць, таксама бачылі гэтыя дні, якія так і называюць – «бабіна лета». За тое, што вельмі цёпла, як улетку, і тых павучкоў ляціць незлічонае мноства. Калі не бачылі іх, павучкоў, дык сеткі-павуцінкі чапляліся да вас не аднойчы. Памятаеце?!
Вось якраз у адзін з восеньскіх дзён такі павучок, пралятаючы паблізу двара, дзе былі ўсе хатнія сябры Іллюшыка, пачуў гэтую размову і пашкадаваў коніка Буяна. Ён зачапіўся павуцінкай за яго вуха, падцягнуўся бліжэй і сваім пісклявым галаском празвінеў:
– Ляцім з намі! Ты ж так марыў вольна крыляць у высі-і-і! Дзіва што на арэлях!
– Нішто не можа параўнацца з палётам, – пацвердзіла ластаўка. –
– А як жа я палячу? – здзівіўся конік. – У мяне ж і крылаў няма.
– Не хвалюйся, у нас таксама няма крылаў, – сказаў няўрымслівы павучок. – Мы з табою падзелімся павуцінкамі. Спляцем з іх вялікі ветразь, і ты зможаш ляцець, як паветраны карабель.
– Паспрабуй! – угаворвала коніка і ластаўка. – Хто ніколі не лётаў, ніколі не даведаецца, як гэта цудоўна.
– Вось-вось, паспрабуй! – ускрыквалі козачкі Каця і Роза, матляючы сваімі куртатымі хвосцікамі. – Мы вунь без ветразя скачам як не з даху дзедавага хлеўчука. Рамантыка!
– О-о-о! Ляцець пад ветразем! Гэта і страшна, і захапляльна. Я згодны! – пагадзіўся конік.
Тады той самы няўрымслівы павучок адарваў ад сваёй павуцінкі ладны кавалачак і звязаў яго з другім такім жа кавалачкам, што пакінуў другі павучок, пралятаючы над імі. Раптам далучыліся і трэці, і чацвёрты, і пяты… Цэлае мноства павучкоў!
Яны звязвалі свае павуцінкі да тае пары, пакуль не атрымалася вялізная павуціна-ветразь. Тым часам іншыя павучкі сплялі са сваіх павуцінак моцную вяроўку, адзін канец якой прымацавалі да ветразя, а другім абвязалі коніка так, што ён адчуваў сябе як у касмічным скафандры, толькі празрыстым і лёгкім.
Наляцеў свавольнік вецер і надзьмуў той ветразь. Конік адчуў, што адрываецца ад зямлі і падымаецца ў паветра. «Няўжо, няўжо насамрэч і я лячу?!» – здзівіўся Буян.
Конік, ледзьве пагойдваючыся, павольна паплыў над анямелым ад здзіўлення сабачкам, над арэлямі, з якіх з перапуду саскочыў каток Маркіз і запішчэў так, што на ім поўсць уся дыбам узнялася, над козачкамі, над дахам дома, з якога выпырхнула ластаўка і паляцела побач з конікам. А ён уздымаўся ўсё вышэй і вышэй, толькі сівая грыва хвалямі развявалася, дапамагаючы ветразю яшчэ хутчэй несці яго ў нязведаныя прасторы.
– Якая рамантыка! Усе такія маленькія, быццам мурашы! Гэта ж сапраўдны цуд! – усклікнуў Буян, захоплены палётам.
Ён узнімаўся ўсё вышэй і вышэй, і ўжо хутка быў ля самых аблокаў.
Павучкі засталіся далёка ззаду – дзе ім угнацца за такім паветраным караблём! Нават ластаўка і тая, узмахнуўшы на развітанне крылцамі, вярнулася да сваіх дзетак, якія трэніравалі сябе для далёкага вандравання.
Буян праляцеў над горадам, але ніхто яго не заўважыў. А калі б і заўважыў, дык не паверыў, падумаў, што падалося. Гэта ж якое дзіва: над горадам ляціць конь! Прычым ляціць пад ветразем!
А ён усё вышэй і вышэй узнімаўся ў неба, пакуль не ператварыўся ў сузор’е, якое назвалі Ветразем, бо яго разгледзець можна толькі ў самы моцны тэлескоп.
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by