13.07.2021
13.07.2021

Як шпачок Фіў котцы Алісе дапамагаў (казка)+аўдыё

logo
Адукацыя і выхаванне
0 96
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A


 

Раніца пазірала ў вокны. Ліпеньскі праменьчык сонца толькі пачынаў вылузвацца з-за далягляду. А котка Аліса пачала пячы аладкі. Яе  аднагадовы сынок Леапольд тым часам яшчэ песціўся ў ложку.

 

Котка Аліса і яе сын Леапольд.

Аліса ўсыпала са дзве шклянкі мукі ў місу, дабавіла яйка, паўшклянкі кефіру, патроху соды, солі і цукру. Добра перамяшаўшы, накрыла і паставіла, каб цеста падышло.

Прысела. Цеста пачало расці. Котка рупліва  разагрэла патэльню, уліла алею і драўлянай лыжкай паклала гатовае цеста. Зменшыла на пліце полымя і пачала смажыць. Сама ж ціхенька мурлыкала – «мур-мур-р-р». Радавалася.

Падпёкся-зарумяніўся адзін бок – перавярнула аладку на другі. І так у яе спрытна атрымлівалася, што і сама не заўважыла, як на стале талерка аладак-пампушак  вырасла.

Час і за малаком да суседскай кароўкі збегаць. І гарлачык ужо стаіць падрыхтаваным…

Котка і кажа свайму пестунку:

– Схадзі да суседкі, прынясі малака. Яна павінна ўжо падаіць Маліну.

– О-о-о! Глечык з малаком мне не прынесці – цяжка!

– А ты налі малако ў шклянку – і так колькі разоў сходзіш. Не будзе цяжка, паспрабуй, – раіць маці.

Котка Аліса мпрапаноўвае сыну насіць малако шклянкамі.

– А калі я зачаплюся за камень і выпушчу шклянку з рук?

– Моцна шклянку будзеш трымаць – не выслізне.

– Яшчэ сцюдзёная раса, лапкі задубеюць.

– А ты думай, каб данесці, а не каб выпусціць, – кажа Аліса. – І ўсё атрымаецца.

– Цікава: і як гэта думаць? – дурніцца Леапольд.

– А ты есці хочаш?

– А ці ж не бачыш, што схуднеў на тваіх мышах?!

– Бачу, канешне ж, бачу, гаротнік мой! – Так схуднеў, што і ўстаць не можаш. А маці і няма каму дапамагчы, – безнадзейна вымаўляе Аліса.

– Ды не! Я хачу, але не магу, – хныча каток. – Відаць, вячэра была атручаная, бо надта млосна мне.

Котка Аліса. Сынок капрызіць.

– А ты навошта з’еў усіх трох мышэй?

– Якія там тры? Яны ж такія ма-а-ленькія, што, падалося, адна і была ўсяго.

– Калі баліць жывоцік ды лапкі сцюдзёныя, лезь на печ, сынок. Шпачок Фіў мне дапаможа.

І толькі яна прамовіла, як у акно пастукаўся сусед – шпачок. Яго новая шпакоўня акурат была звернутая на іх вокны.

– Дзень добры, спадарыня Аліса! Адчыняйце дзверы, вокны! Няхай смачны пах разносіцца па ўсім наваколлі!

– Няўжо такі смачны?

– Вельмі-вельмі! – праспяваў шпачок. – А  я пакуль злётаю за пачастункам ад Маліны. Дзе посуд?  Крылы ў мяне лёгкія.

Котка Аліса. Сусед – шпачок Фіў.

– Вось гарлачык ці бітончык табе, што ямчэй. А я пакуль яечню падсмажу.

Не паспела котка яечню дасмажыць, як на стале з’явілася малако.

Аліса паставіла на стол яечню з аладкамі і запрасіла шпачка.

– Сядай, сусед, снедаць будзем.

Пачуў Лепольд запрашэнне. Расплюшчыў адно вока і раптам як крыкне:

– Мама, пачакайце! Я саскочу…

– Глядзі, сынок, не паслізніся, бо табе жывоцік яшчэ больш забаліць, – з лагоднаю ўсмешкай прамовіла котка. – Лекара трэба будзе выклікаць. Адпачні лепш. А мы пакуль з суседам, маім надзейным памочнікам,  паснедаем. У нас нічога не баліць.

Каток стаіўся, прымоўк, быццам і не ён толькі што есці хацеў. Сорамна яму зрабілася.

Котка Аліса. Чаму сорамна Леапольду.

– Аладкі сапраўды цудоўныя! А якая ў цябе яечня, суседка! Смаката! – заліваўся расчулены шпачок Фіў. – Дзякуй, вось наеўся дык наеўся! Запрашай, калі дапамога спатрэбіцца.

 … Леапольд маўчаў і нават не мурлыкаў.

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 96

Жанравы дыяпазон Аркадзя Жураўлёва вельмі шырокі. Яго пяру належаць больш за дзве сотні надрукаваных твораў у літаратурна-мастацкіх выданнях Беларусі і Расіі. Вядомы пісьменнік і як майстра міні-прозы. Яго лірычныя навелы крытыкі назвалі вершамі ў прозе. Аўтар зборнікаў сатыры і гумару «Апалонік для дырэктара» і кнігі сталай прозы «Я жадаю вам дабра...», а таксама сааўтар многіх калектыўных зборнікаў. Казкі Аркадзя Жураўлёва можна было пачуць у вячэрняй «Калыханцы» Беларускага радыё, іншых беларускіх радыёстанцый. Яны неаднойчы гучалі на Усесаюзным радыё. Аўтарскія творы пісьменніка ўвайшлі ў многія калектыўныя зборнікі. Не абмінуў Аркадзь Жураўлёў і такі жанр, як дэтэктыў. Гумарыстычныя і сатырычныя творы пісьменніка рэгулярна друкуе беларускі часопіс сатыры і гумару «Вожык. Яго героі ажылі на сцэнах народных тэатраў краіны. Сябра Саюза пісьменнікаў Беларусі з 2004 г. Узнагарожданы знакам СПБ «За вялікі ўклад у літаратуру».
Глядзіце таксама артыкулы раздзела "Адукацыя і выхаванне"