17.01.2020
17.01.2020

Лянуецца, баіцца альбо стаміўся? З-за чаго ў дзіцяці можа знізіцца паспяховасць

logo
Адукацыя і выхаванне
0 24
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Маё дзіця перастала вучыцца. У яго зусім знікла цікавасць да ўрокаў. Ён не робіць хатнія заданні, толькі пад пагрозай папругі. А нядаўна класны кіраўнік паведаміла, што мой сын прагульвае ўрокі. У шостым класе, уяўляеце?!

Раней такога ніколі не было: у пачатковых класах сын стараўся вучыцца лепей за ўсіх, хаця гэта ў яго і не заўсёды атрымлівалася. Прыходзіў дадому і хваліўся дзявяткамі ды дзясяткамі. Зараз матывацыя зусім знікла, ён увесь час агрызаецца, наладжвае істэрыкі, калі я прымушаю яго рыхтавацца да ўрокаў, і ўвесь час сядзіць то ў камп'ютары, то ў тэлефоне. Я не разумею, што з дзіцем адбылося і як растлумачыць яму, што вучыцца трэба. Ірына, 36 гадоў

Добрая адукацыя – ужо палова поспеху ў будучым. Адказныя бацькі старанна сочаць за паспяховасцю сваіх дзяцей. Безумоўна, рэзкае або паступовае зніжэнне адзнак дзіцяці выклікае хваляванне. Разабраўшыся ў прычынах, вы зможаце не толькі дапамагчы сыну ці дачцэ выправіць сітуацыю, але і прадухіліць яе.

У гэтым матэрыяле мы распавядзём пра перыяды ў жыцці дзіцяці, калі вялікая верагоднасць зніжэння паспяховасці ў школе, прычыны і спосабы вырашэння такой праблемы разам з выкладчыкам чэшскай мовы і літаратуры, беларускай мовы і літаратуры Юліяй Сныткінай.

Як павысіць паспяховасць дзіцяці ў школе?

Вучоба дзіцяці. Калі страчаная цікавасць..

  • Пераход у 5-ы клас.

У пачатковай школе з дзецьмі працуе адзін настаўнік, не лічачы такіх прадметаў, як замежная мова, фізкультура, выяўленчае мастацтва, музыка. Дзіця прывыкае да настаўніка, настаўнік ведае дзіця, яго здольнасці і асаблівасці характару.

Пры пераходзе ў 5-ы клас дзіця сутыкаецца з сітуацыяй, калі пэўны прадмет вядзе пэўны настаўнік. Кожны выкладчык прыходзіць са сваім уласным падыходам і сваімі патрабаваннямі.

Адаптавацца адразу вельмі складана – для дзіцяці гэта стрэс. Таксама адразу ў новага настаўніка можа скласціся няправільнае меркаванне пра дзіця і яго патэнцыял. Разумны вучань можа перахвалявацца, замарудзіцца і штосьці не адказаць – вось вам і сямёрка ў круглага выдатніка ў пачатковай школе.

Далей у дзіцяці можа выпрацавацца страх перад гэтым настаўнікам: ён заўсёды будзе баяцца, што зноў штосьці забудзецца. Дадатковыя перажыванні прывядуць да таго, што ён сапраўды забудзецца. У выніку мы маем зніжэнне паспяховасці па прадмеце, а то і па некалькіх.

Вучоба дзіцяці. Непаспяховасць.

Як дапамагчы?

Абмяркуйце сітуацыю, якая склалася, з дзіцем. Парайце падысці да настаўніка і спытацца, як можна выправіць становішча. Любы настаўнік ацэніць зацікаўленасць дзіцяці ў яго прадмеце і ўласным поспеху. Можаце і самі пагаварыць з настаўнікам, каб пачуць пра сітуацыю ад іншага боку.

  • Пераход у новую школу можа таксама выклікаць стрэс у дзіцяці.

Тут да сітуацыі з новымі настаўнікамі дадаецца і новы клас. Дзесьці новенькіх любяць і ўсяляк ім дапамагаюць адаптавацца, дзесьці наадварот іх тэрарызуюць. З-за перажыванняў з гэтай нагоды ў дзіцяці можа знізіцца паспяховасць: ён можа баяцца падняць руку, хвалявацца пры адказе або ўвогуле кінуць усе сілы на тое, каб уліцца ў калектыў.

Вучоба дзіцяці. У новай школе не прымаюць навічка.

Як дапамагчы?

Тут працуе спосаб з папярэдняга пункта. Калі ж праблема менавіта ў адносінах да дзіцяці класа, ёсць сэнс падысці да класнага кіраўніка і школьнага псіхолага, а таксама падтрымаць дзіця ў сітуацыі, якая склалася. Калі ў вас была падобная гісторыя, падзяліцеся ёй. Дзіця павінна адчуваць, што яго разумеюць. Можаце таксама даць параду, што б зрабілі вы.

Як павысіць паспяховасць падлетка ў школе?

  • Пубертатны перыяд.

У кагосьці ён пачынаецца раней, у кагосьці – пазней, але асноўны крызіс, як правіла, выяўляецца ў 13-14 гадоў. Справа ў тым, што ваша дзіця змяняецца. У яго з'яўляюцца новыя інтарэсы, новыя пачуцці (першая закаханасць, напрыклад), хочацца праводзіць больш часу з сябрамі. Вучоба адыходзіць на другі план, дзіця пачынае ленавацца рабіць урокі, бо ёсць справы больш цікавыя і важныя для яго на гэты момант. Вось і паспяховасць зніжаецца.

Вучоба дзіцяці. Цяжкасці.

Як дапамагчы?

Дзеці ў гэты перыяд часта сябе не кантралююць, робяцца запальчывымі, ім здаецца, што ўвесь свет супраць іх. Многія бацькі кажуць, што іх дзіця як быццам падмянілі. Таму пры спробе пакараць падлетка, забараніць яму бачыцца з сябрамі вы, хутчэй за ўсё, зробіцеся «ворагамі народа». Ваша задача – выбудаваць даверлівыя адносіны.

Пагаварыце з дзіцем пра важнасць адукацыі, прывядзіце прыклады, як можа скласціся яго жыццё, калі ён не будзе вучыцца, і наадварот – калі пераадолее сваю ляноту і адказна падыдзе да вучобы. Размаўляйце спакойна, не павышайце голас, скажыце, што разумееце дзіця, абдыміце яго. Калі ён убачыць у вас сябра, дык прыслухаецца.

Вучоба дзіцяці. Размова маці з сынам.

  • Пераход у профільны клас.

У 10 і 11 класах дзеці, як правіла, вучацца ў профільных класах, дзе ўпор робіцца на прадметы, неабходныя для паступлення ва ўніверсітэт. Інфармацыя па іх ускладняецца, ды і патрабаванні таксама, таму ацэнкі могуць быць ніжэйшымі за ранейшыя. Таксама можа знізіцца паспяховасць па іншых прадметах, бо дзіця робіць упор на профіль. Старанна займаючыся гэтымі прадметамі, ён стамляецца і ў яго няма сіл на астатняе.

Па статыстыцы сайта Redsale.by, за мінулы год больш за 700 школьнікаў звярнуліся па дапамогу да рэпетытараў для паступлення ў ВНУ Беларусі. Пры гэтым самымі запатрабаванымі сталі рэпетытары па матэматыцы, рускай і англійскай мовах.

Як дапамагчы?

Старэйшыя класы – самы складаны перыяд для дзіцяці: вялікія нагрузкі, перажыванні з нагоды паступлення, ды і асабістыя праблемы ніхто не адмяняў. Першае, пра што вам трэба падумаць як аднаму з бацькоў: ці сапраўды ўсё так дрэнна з паспяховасцю? Магчыма, вы занадта шмат хочаце ад свайго дзіцяці. Купіце яму добрыя вітаміны, бо разумовыя нагрузкі моцна знясільваюць арганізм.

Вучоба дзіцяці. Загружанасць старшакласнікаў.

  • Перыяд найбольшай загружанасці падлетка ў школе.

Часовыя рамкі гэтага перыяду для кожнага дзіцяці розныя. Бацькі самі могуць вызначыць, калі дзіця найбольш загружанае. Паспяховасць можа знізіцца ў старэйшых класах, калі адбываецца ўзмоцненая падрыхтоўка да школьных іспытаў, паступлення ў ВНУ.

Таксама гэта можа адбыцца, калі акрамя школы ў дзіцяці яшчэ куча секцый, музычная школа і рэпетытары. У такіх выпадках паспяховасць зніжаецца, бо дзіця стамляецца.

Як дапамагчы?

Пагаварыце з дзіцем – магчыма, пэўныя секцыі яму не патрэбныя. Многія бацькі хочуць усебакова развіваць дзіця і запісваюць яго, куды толькі можна. Калі ў дзіцяці не будзе часу на адпачынак, у яго проста знікне цікавасць і жаданне чым-небудзь займацца. Не варта ўвасабляць праз дзяцей свае няздзейсненыя мары і мэты.

Памятайце, што ён асобны чалавек, у якога свой уласны шлях.

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 24

Глядзіце таксама