22.11.2019
22.11.2019

«Кожную раніцу хацеў памерці». Чым можа абярнуцца крызіс сярэдняга ўзросту? (+ відэа)

logo
Адносiны
0 101
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Сівізна ў бараду – нячысцік у рабро. Так мы звычайна па-заліхвацку гаворым пра крызіс сярэдняга ўзросту. Намякаючы, што пасля 40 гадоў мужчыны часта зносяцца з катушак, кідаюцца ў корані змяняць усё сваё жыццё: працу, «старую» жонку на дзвюх новых і інш. Насамрэч усё адбываецца не так весела.

Крызіс сярэдняга ўзросту нярэдка адзначаны стратай цікавасці да жыцця, дэпрэсіўнымі думкамі, развіццём залежнасцяў. Часам упершыню ў жыцці ў гэты перыяд мужчына настолькі востра сутыкаецца са сваімі пачуццямі, што адзіным яго жаданнем робіцца ўцячы ад іх. У гэтым стане лёгка дайсці да дна. Гэта адбылося з героем гісторыі «Пра што маўчаць мужчыны» Ігарам.

«Я быў на дне. Але змог вярнуцца»

Жыццё Ігара Лосева па звычайных мерках нядрэнна склалася: добрая пасада інжынера на будаўнічым прадпрыемстве, жонка, сын, кватэра. Увогуле, жыві і радуйся! Але вось якраз гэтай самай радасці не было. Асабліва выразна Ігар усвядоміў гэта пасля 30 гадоў: на працу ісці не хочацца. Проста цягаў туды сваё тулава, а душу нічога не запальвала. А пасля працоўнага дня зусім не хацелася ісці дадому. Унутры пастаянна сядзеў стан няяснай трывогі, няшчасця, нездаволенасці жыццём і сабою. І Ігар пачаў піць. Спачатку час ад часу. Затым запоямі па 2-3 дні. І паступова дайшоў да таго, што цвярозых дзён у годзе было значна меней, чым п'яных.

Не спыніла нават клінічная смерць. Урач змог запусціць сэрца Ігара з дапамогай дэфібрылятара толькі з 4-й спробы.

Але выйшаўшы з бальніцы, мужчына адразу ж накіраваўся па новую порцыю алкаголю. Жыццё пачало імкліва разбурацца. Разам са здароўем, як картачны дамок, абрушылася ўсё тое, што ствараў гадамі: з працы папрасілі, знайсці новую ў тым стане было немагчыма. Стамілася ад п'яных выхадак мужа і жонка. І фактычна выставіла яго з хаты: штораз, калі муж з'яўляўся дадому «пад мухай», яна выклікала міліцыю. Перастаць піць Ігар не мог. Цяпер ужо дакладна. Як толькі крыху цверазеў, у галаве з'яўлялася ўсведамленне сітуацыі. І гэта было настолькі невыносна, што трэба было тэрмінова запіць...

Пра жыццё на вуліцы мужчына успамінаць не любіць. Былі і начоўкі ў пад'ездах, і сутычкі з агрэсіўнымі кампаніямі, міліцыяй. І рэкі алкаголю. Яго купляў на рэшткі пенсіі па інваліднасці. Амаль уся яна сыходзіла на аплату штрафаў.

 
Ігар Лосеў
Госць праекта «Пра што маўчаць мужчыны»
Я штораніцы расплюшчваў вочы і думаў: «Госпадзі, ну чаму я не здох?» І другое пытанне было: «Калі ж я здохну?»

Аднойчы выразна зразумеў: гэтую зіму перажыць не атрымаецца. Але замест таго, каб скарыцца лёсу, вырашыў скарыстацца апошнім шанцам: пайсці ў рэабілітацыйны цэнтр.

 
Ігар Лосеў
Госць праекта «Пра што маўчаць мужчыны»
Я быў перакананы, што прайшоў ужо кропку незвароту. І што вярнуцца да звычайнага жыцця ўжо не змагу. Гэта была трэцяя спроба завязаць, але нічога не атрымлівалася: я быў не гатовы. Але ў гэты раз раптам напрыканцы першага месяца знаходжання ў гэтым цэнтры я адчуў такую моцную злосць! «Ды што яны мне тут расказваюць! Я ведаю ў тысячу разоў болей! Дык чаму яны цвярозыя, а я п'яны?» Злосць дапамагла мне. Напрыканцы трэцяга месяца я вырашыў паступаць ва ўніверсітэт – на псіхолага. З мяне смяяліся, круцілі пальцам ля скроні. Маўляў, які з цябе псіхолаг, ты стары. А я скончыў вучобу, паступіў у магістратуру. І цяпер працую, вяду групы. І адчуваю сябе шчаслівым! І хаця ведаю, што алкагалізм невылечны, але цяпер упэўнены ў тым, што пункт невяртання пройдзены ўжо ў другі бок: піць я не буду, нават калі неба зваліцца на зямлю. Я больш не хачу перажываць тое, што было. З маёй зараз ужо былой жонкай мы ў добрых адносінах. Я рады, што пачаў паступова мець стасункі і з сынам. Мой крызіс быў разбуральным. Самы востры перыяд прыйшоўся на 36-42 гады. Кошт маіх пераменаў быў вельмі высокім. Але гэта не значыць, што так павінны рабіць усе. Можна навучыцца быць больш адчувальным да сябе. Што б я зрабіў цяпер, апынуўшыся зноў на тым месцы? Адназначна пайшоў бы да спецыяліста. І магчыма, усё склалася б не так трагічна.

У крызісе важна – спыніцца і выдыхнуць

Максім Пылёў

 

 
Максім Пылёў
Практыкуючы псіхолаг, гештальт-тэрапеўт, групавы псіхатэрапеўт, праграмны кіраўнік рэабілітацыйнага цэнтра «Фенікс»
Ад крызісу сярэдняга ўзросту ніхто не застрахаваны. Мужчыны перажываюць яго асабліва востра, паколькі ў іх у прынцыпе бываюць праблемы з выказваннем сваіх пачуццяў. А тут іх абвальваецца цэлая лавіна. Асабліва цяжка працякае гэты перыяд у тых, хто «не верыць у крызісы» і адмаўляе, што гэта адбываецца з ім цяпер. Крызіс – не заўсёды дрэнна. У перакладзе з японскай мовы гэтае слова азначае «поўны магчымасцяў шанц». А гэта значыць, што любы крызіс можа стаць кропкай росту. Ці, наадварот, тым момантам, калі мужчына зламаецца. На жаль, другі сцэнар адбываецца часцей. Па вопыце работы бачу, што з праблемай алкагалізму часцей за ўсё звяртаюцца менавіта мужчыны ў крызісе сярэдняга ўзросту. А калі няма залежнасцяў, дык мужчына проста можа страціць цікавасць да жыцця, легчы на канапу і «дажываць». Ці наадварот, пускаецца ва ўсе цяжкія: мяняе працу, разводзіцца, вядзе разгульнае жыццё. У крызісе важна спыніцца. Выдыхнуць. Не спяшацца рабіць рэзкіх рухаў. Лепей за ўсё звярнуцца да спецыяліста: псіхолага, псіхатэрапеўта. Агульных парадаў няма. Для кагосьці змена працы або развод і будуць той самай кропкай росту. А для іншага гэта стане неразважлівасцю і крокам у прорву. У гэты перыяд для мужчыны вельмі важная падтрымка сям'і, каханай жанчыны. Трэба проста быць побач. І абавязкова паказаць мужчыну, што ён важны і патрэбны. Для яго гэта зараз неабходна. А вось пагрозы пра развод і іншыя маніпуляцыі ў гэты час не падзейнічаюць: чалавек цяпер сканцэнтраваны на сабе, яму ў дадзены момант усё роўна. Потым ён прыйдзе ў сябе, і вы зможаце пагаварыць. Але не на піку крызісу.

Крызіс сярэдняга ўзросту – своеасаблівы экзамен мужчыны на сталасць. Хто я такі? Чаго я дамогся? Ці гэта тое, чаго я хацеў? Ці шчаслівы я? Гэтыя пытанні многія мужчыны задаюць сабе ўпершыню ў жыцці. І нават калі ўсе адказы адмоўныя і здаецца, што жыццё не атрымалася, як ні парадаксальна, крызіс можа зрабіцца выратаваннем. Бо толькі ўсвядоміўшы, што знаходзішся не там, ты атрымліваеш шанц змяніць сваё жыццё.

Відэа – Святлана Стахоўская, Андрэй Васкрасенскі.

Фота – Андрэй Васкрасенскі і з адкрытых інтэрнэт-крыніц.

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 101

Журналіст. Член Беларускага саюза журналістаў. Лаўрэат прэміі Беларускага саюза журналістаў.