26.08.2025
26.08.2025

Кувада, або мужчынскія “роды”

logo
Адметнасць беларусаў
0
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A
Аўтары:
Людміла Дучыц, 
Ірына Клімковіч

У сучаснай навуцы тэрмін "кувада" абазначае асаблівыя рытуальныя дзеянні, якія выконваюцца мужчынам, калі яго партнёрка цяжарная або нараджае. Падчас кувады мужчыны радыкальна змяняюць свой лад жыцця і нават часам самі імітуюць цяжарнасць. Цяпер гэта з'ява сустракаецца рэдка, у асноўным у народаў, якія захавалі паганскія вераванні, але ў старыя часы рытуал быў распаўсюджаны паўсюдна, у тым ліку ў Беларусі.

“Ты папрацуй, а я за цябе паляжу!”

Этнаграфічная навука на працягу усяго свайго існавання праяўляла абвостранную цікавасць да гэтай экзатычнай з’явы. Навукоўцы кажуць, што гэты звычай існаваў яшчэ да нашай эры. Многія даследчыкі мяркуюць, што зараджэнне кувады адносіцца да пераходнага часу ад матрыярхату да патрыярхату, калі бацька стаў прад’яўляць свае правы на дзяцей. Звычай кувады перажыў Сярэднявечча і дайшоў да Новага часу, працягваў існаваць у многіх краінах свету да 20 стагоддзя. А ў некаторых першабытных народаў існуе і дагэтуль.

Кувада ў перакладзе з французскай couvade азначае выседжванне яек або птушанят. У выніку гэтага абраду мужчына клаўся ў ложак і імітаваў боль, які адчувала пры родах жанчына. Пасля нараджэння дзіцяці мужчына атрымліваў віншаванні ад сваякоў у гонар шчаслівага зыходу родаў. Існуе мноства розных формаў кувады — ад мяккай, практычна сімвалічнай, і да больш жорсткай з экстрэмальнымі формамі.

Мужские роды

Звычай сімвалічнай кувады яшчэ зусім нядаўна існаваў у індзейцаў Каліфорніі і Паўднёвай Амерыкі, у Паўднёвай Індыі. Бытавала такая кувада і ў старажытнага насельніцтва Корсікі ды Іспаніі. У баскаў і на Корсіцы ў мінулым менавіта мужчына прымаў віншаванні ад суседзяў, лежачы ў ложку з немаўляткам. А яго жонка выконвала ўсю належную ёй хатнюю працу і толькі час ад часу падыходзіла пакарміць дзіця.

У Паўднёвай Індыі пасля родаў муж надзяваў на сябе жончыну вопратку і клаўся ў ложак у цёмным пакоі. Дзіця клалі побач з ім. Мужчыну давалі лекі, якія даюць парадзіхам для аднаўлення сіл. Тыя прадукты, якія забаранялася есці парадзісе, былі забароненыя і для яе мужа. Інакш духоўная сувязь, якая існуе паміж абодвума бацькамі і іх дзіцём, магла быць парушана.

Найбольш жорсткі абрад кувады існаваў у гвіянскіх індзейцаў. Тут жанчына выконвала свае звычайныя абавязкі яшчэ за некалькі гадзін да родаў, а потым, разам з іншымі жанчынамі свайго племені, сыходзіла нараджаць у лес. Адпачыўшы некалькі гадзін, яна вярталася дахаты і працягвала сваю працу. А муж ляжаў у яе гамаку і адмаўляўся ад усёй ежы, акрамя вадкай кашы. Яму нельга было ані паліць, ані мыцца. І яшчэ некалькі тыдняў пасля родаў жанчыны з яго племені даглядалі яго.

У бразільскіх індзейцаў бацька нованароджанага адразу пасля родаў клаўся ў ложак. Ён клапаціўся пра дзіця і не еў нічога, апроч бульёну. Калі яму дазвалялі падняцца з ложку, ён надрэзваў сабе скуру на руцэ і націраў рану перцам. Боль мужчына павінен быў трываць моўчкі — "інакш ён не варты быць бацькам".

І пасварыцца нельга…

Яшчэ ў пачатку мінулага стагоддзя ў паўднёваславянскіх народаў муж клаўся побач з жонкай-парадзіхай і стагнаў, калі стагнала яна. А пасля нараджэння дзіцяці пэўны час заставаўся ў ложку.

Ва ўсходніх славян падобныя з'явы засведчаны яшчэ ў 19 стагоддзі. Прычым абрад тут здзяйсняўся з мэтай не толькі “дапамагчы” парадзісе, але і абараніць немаўля ад злых сіл. Звычайна жанчыны нараджалі ў лазні, каб не прыводзіць нячыстую сілу ў дом. У першым пакойчыку пры лазні развешвалі лялькі, зробленыя з анучак, — кувадкі, каб ў іх усяляліся злыдухі. Тут жа часта знаходзіўся і муж жанчыны.

Кувадкі

Звычай перадачы родавых мук на мужа пачынаўся яшчэ ў вясельным абрадзе. Калі муж прызнаваў аўтарытэт жонкі, то дазваляў ёй тры разы перакаціцца праз сябе. Гэтым ён абавязваўся прымаць на сябе пакуты будучых родаў — спачуваць стогнамі пакутам жонкі.

У многіх народаў Усходняй Еўропы для мужоў цяжарных жанчын і жанчын, якія кармілі немаўля, існаваў шэраг забарон у працы, побыце і нават у харчаванні. У святочныя дні забаранялася плесці што-небудзь, секчы дровы — каб не “адрубіць” дзіцёнку нейкія часткі цела. Нельга было рабіць труну і капаць магілу — інакш дзеці памруць. Муж не меў права сварыцца, бо народзіцца непаўнавартаснае дзіця.

У вочы паглядзі і аб дрэвы пабіся

Паводле  этнаграфічных апісанняў, на землях Беларусі ў розных рэгіёнах абрад кувада адбываўся па-рознаму. Так, у некаторых месцах перад родамі муж доўга глядзеў жонцы ў вочы, а потым сыходзіў у пушчу і там крычаў, біўся аб дрэвы. Пазней ужо хоць так і не рабілі, але ў пушчу сыходзілі нават яшчэ і ў пачатку 20 стагоддзя. Бывала ў час родаў муж узлазіў на дах або стаяў на ганку. Каб паскорыць роды, ён расшпільваў на сабе адзенне. У Смаленскай губерні яшчэ ў 19 стагоддзі муж пры родах жонкі надзяваў сукенку ці спадніцу, завязваў галаву хусткай і стагнаў.

У некаторых вёсках будучага бацьку клалі на лаўку, да жывата прывязвалі гаршчок кашы і разбівалі яго палкамі. Кармілі перасоленай кашай, салёнымі сухарамі, хрэнам. Паілі агурэчным расолам, квасам ці віном настоеным на палыне. Месцамі павітухі да мужчынскага чэлеса прывязвалі вяроўку і ў час схватак ягонай жонкі тузалі за яе. Лічылася, што муж такім чынам дапамагае жонцы хутчэй разрадзіцца.

Пры цяжкіх родах павівальная бабка загадвала мужу расшпіліць каўнер адзення, штаны, развязаць пояс, зняць абутак, а ў некаторых вёсках прымушалі распрануцца да нагаты, легчы ў ложак і горка плакаць. На Заходнім Палессі муж клаўся на лаўку і вельмі гучна доўга стагнаў. А на Усходнім Палессі муж паіў парадзіху з роту ў рот або ёй давалі піць праз заручальны пярсцёнак.

Паводле старажытных павер’яў, парушэнне мужам такіх прадпісанняў магло выклікаць нараджэнне хворага ці пачварнага дзіцяці.

Пасля родаў бацька клаўся ў ложак і прымаў віншаванні. Жанчына пераапраналася ў адзенне мужа і вяла хатнюю гаспадарку. Так працягвалася да хрышчэння дзіцяці. Пасля чаго муж ледзь не тыдзень, ляжаў у пасцелі з лялькай, зробленай з анучак. А ўжо потым лялькі спальваліся ў час абраду ачышчэння. На ўсходзе беларускай этнічнай тэрыторыі ў час хрэсьбінаў бацьку немаўляткі цягалі за вушы.

Таксама на хрэсьбінах існаваў звычай “перасол”: хросная падавала бацьку лыжку кашы са жменяй солі, каб ён адведаў як “солана” прыйшлося ягонай жонцы. У такую лыжку кашы часам яшчэ дадавалі перац, гарчыцу, воцат, віно і піва. Муж павінен быў хутка праглынуць такую страву, сказаць які-небудзь жарт і пакласці на талерку грошы.

Каша з соллю

Абрад кувада працягваўся яшчэ і пасля хрышчэння дзіцяці. Бацьку нованароджанага адводзілі ў лазню, і там бабка ці хросная біла яго розгамі, каб перацярпеў тыя пакуты, якія жонка зведала пры родах. Але часцей за ўсё мужчыны толькі імітавалі боль, чым адчувалі рэальныя фізічныя пакуты.

Навошта гэта ўсё?

Чаго ж нашыя продкі хацелі дабіцца, калі здзяйснялі гэты дзіўны абрад? На гэты конт існуе дзве думкі. Па адной версіі, такім чынам бацька заяўляў правы на нованароджанае дзіця. Іншая версія тлумачыць незвычайныя дзеянні мужа жаданнем абараніць жонку і нованароджанага ад злыдухаў. Бацька, у адрозненне ад парадзіхі, чысты ў рытуальным сэнсе і мацнейшы, як бы займаў яе месца і ахоўваў дзіця і хату ад нашэсця злых сіл. Да таго ж, этнографы лічаць, што гэтыя абрады маюць глыбокі сэнс: перажытыя сумесна пакуты ўмацоўвалі сувязь бацькі з дзецьмі і рабілі сям'ю мацнейшай.

Так ці інакш, але кувада, якая існуе ўжо тысячы гадоў, часам невытлумачальным чынам праяўляецца ў сучасных сем'ях. Вядома, што пэўная частка мужчын адчуваюць дыскамфорт і нават боль, калі іх партнёрка нараджае. Нават адлегласць не ўплывае на гэтую з'яву — муж і жонка могуць знаходзіцца ў розных паўшар'ях, але ўсё адно адчуваюць такую містычную сувязь.

Цяжарная жанчына з мужам

«Гендар-паці» на Палессі. Цяжарнасць і народныя прыкметы беларусаў

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0

Глядзіце таксама артыкулы раздзела "Адметнасць беларусаў"