Ах, які водар стаіць зараз у нашых дварах, асабліва ўвечары! Як пахне ліпа ў квецені! Прычым зусім не ў ліпені яна расквітнела, а ў чэрвені-месяцы. І Чэрвені-горадзе – таксама! І ва ўяўленні ўжо малюецца кубачак духмянай гарбаты, якая пахне летам, лугам, мёдам, вёскай… Дабрынёй і цеплынёй… Пачастуемся, сябры?!
А пакуль п’ём, можна прыгадаць карысныя ўласцівасці ліпавых кветачак. А заадно падумаць, дзе ўдалечыні ад трасы расце ліпа, з якой можна будзе іх назбіраць і насушыць. І на зіму, і на іншыя поры года – таксама. Галоўнае – памятаць, што высушваць кветкі трэба ў цяньку, на добрым натуральным праветрыванні, рассыпаўшы тонкім слоем. А захоўваць – да 2-х гадоў, лепей за ўсё ў шкляных слоіках з накрыўкамі.
… Удыхаючы ўчора заваблівы водар, пераношуся ў думках на 15 гадоў таму. Тады я ўпершыню выехала ў вандроўку за мяжу – у Чэхію, акурат у сярэдзіне чэрвеня. Ліпа ў тыя гады зацвітала ў нас значна пазней, а тут… Мы ўвечары глядзелі святломузычнае прадстаўленне фантанаў (таксама ўпершыню ў жыцці, 2004 год!), а паветра было проста насычана мядова-ліпавым пахам! І такім здзіўленнем было: у сярэдзіне чэрвеня ў Чэхіі дрэвы цвітуць!
Прыгожа, прыемна і… карысна. Бо ў ліпавых кветачках утрымліваюцца жалеза, кальцый, калій, магній, вітаміны С і А, флаваноіды, дубільныя рэчывы… А гэта, як сцвярджаюць вучоныя, пры правільным ужыванні зніжае ўзровень цукру ў крыві, ліквідуе нарушэнне менструальнага цыкла, пазбаўляе ад галаўнога болю, здымае боль у суставах, змагаецца з бяссонніцай… І яшчэ шмат-шмат усяго! Знайсці інфармацыю ў сеціве – не праблема, праўда?!
Ліпа карысная абсалютна для ўсіх – пры ўмове, калі няма супрацьпаказанняў. Праўда, з асцярогай трэба ўжываць пры сардэчна-сасудзістых захворваннях, асабліва разам з мёдам… Па сабе ведаю – адчувальная нагрузка на сэрца бывае! Без мёду лепей неяк ідзе. Пра індывідуальную непераноснасць, спадзяюся, усе памятаюць таксама. Але гэта выяўляецца толькі доследным шляхам…
А вось што сталася асабіста для мяне вялікім здзіўленнем, дык гэта інфармацыя, што калі піць гарбату з ліпы штодня, дык можа… пагоршыцца зрок! Але ж настоі ды адвары з любой травы шкодна піць працяглы час. Таму лепей зараней знайсці карысную інфармацыю пра тое, колькі па аб’ёму ліпавай квецені запарваць, з якой працягласцю піць… І – прыслухоўвацца да ўласнага самаадчування. Бо ліпа, да ўсяго, імунастымулятар.
Калі вы вырашылі не проста атрымаць прыемныя ўражанні ад гарбаты, але яшчэ скарыстаць лекавыя ўласцівасці ліпавай квецені, дык даследчыкі раяць гатаваць яшчэ і адвары ды настоі. Цікава, а чым адрозніваецца кожная… вадкасць?
Напачатку – пра спосаб прыгатавання гарбаты. Самае простае – 1 ст.л. квецені заліць 1 шклянкай кіпню і пакінуць пад накрыўкай на паўгадзіны. Працадзіць. Пры неабходнасці – падагрэць. Калі ў вас прастуда, такая гарбата зможа і ад гарачкі пазбавіць.
Што датычыцца адвару, дык яго можна прымяняць і ўнутр, і вонкава. Бяром 2 ст.л кветак, заліваем 0,5 літра вады. Гатуем на невялікім агні 5 хвілін, затым яшчэ паўгадзіны настойваем пад накрыўкай. Ну, а для прыгатавання настою бяром адну жменю кветак, заліваем 1 літрам кіпню і, зноў-такі, пад накрыўкай настойваем паўгадзіны.
А калі вы – аматар лёгкай пары ў лазні, дык вось яшчэ адна цудоўная парада! Венік! З ліпы ў квецені! Звязваем і сушым самі альбо набываем гатовы ў спецыялістаў гэтай справы. У лазні запарваем у цёплай вадзе і… Можна прымяняць! Тут не толькі пах і проста задавальненне, а яшчэ і лячэнне таксама. Мінус боль у суставах, мінус стрэс… Зажыўленне ранаў, пашырэнне бронхаў… Толькі (лыжка дзёгцю, разумею!)… Так, калі няма супрацьпаказанняў.
Я ўжо не кажу пра ліпу як пра апаласквальнік для валасоў! Та-а-а-а-акі эфект абяцаюць! Сама не спрабавала, але цяпер вось захацела. На выхадзе – умацаванне, бляск, дагледжаны выгляд, суцяшэнне зуду скуры галавы, пазбаўленне ад перхаці.
… Выйшаўшы ўчора па абедзе прагуляцца, у нашым мікрараёне на Каменнай Горцы згледзела дзвюх жанчын, якія нарыхтоўвалі кветачкі ліпы. Дрэвы тут сапраўды ўдалечыні ад дарогі, прычым іх галінкі з кветкамі спускаюцца дужа нізка, практычна да самай зямлі.
Так што карыснай квецені павінна хапіць усім. Гайда па ліпу! 🙂
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by