Калі вы не любіце спякоту і простае падсмажванне свайго цела на пляжы (і такое бывае!), дык Балтыйскае мора – ідэальны варыянт. Свежы вецер, абшары, ашаламляльныя хвалі, прыгожыя і нешматлюдныя пляжы! І паветра, якое, здаецца, можна зачэрпваць лыжкай.
Журналіст партала Слушна вырашыла падзяліцца ўласнымі ўражаннямі пасля наведвання гэтай маляўнічай мясціны.
Паланга ў кожнага свая
Назіранне 1. Актыўнасць у любое надвор'е.
У Паланзе вельмі мала аўтобусаў. Выключэнне складаюць хіба што вялікія турыстычныя, якія прывозяць жадаючых адпачыць прыкладна раз на тыдзень. Машынамі тут таксама карыстаюцца даволі ўмерана. Самы распаўсюджаны від транспарту – ровар. Іх тут вельмі шмат. Амаль на кожным вуглу працуюць пункты пракату. А ездзяць на іх і стары, і малы.
Нязменны атрыбут адпачынку – любаванне морам. Дзеля гэтага ў Паланзе пабудавалі вялікі прыгожы пірс, а таксама ўсталявалі лавачкі. Няспешным заходам сонца прыходзяць палюбавацца дзясяткі людзей. Вядома, калі надвор'е дазваляе. Дарэчы, пра яго. Звыклыя да суровага клімату літоўцы, здаецца, не звяртаюць увагі ні на дождж, ні на вецер. Прынамсі, у плюс 17 на пляжы абавязкова сустрэнуцца сем'і з дзецьмі. Яны не толькі проста бавяць час на пясочку, але і купаюцца ў ледзяной вадзе. Уражвае!
Назіранне 2. Сямейны курорт і прыгожыя людзі.
Для тых, хто лічыць, што ў Еўропе адміраюць традыцыйныя сямейныя каштоўнасці, Паланга стане сапраўднай аддушынай. Большасць адпачываючых, вядома, з краін былога СССР: шмат літоўцаў і прыбалтаў у прынцыпе, беларусаў, расіян, украінцаў. Сустракаюцца прадстаўнікі заходнееўрапейскіх краін і нават мексіканцы. Ствараецца ўражанне, што ў Паланзе проста культ сям'і, дзяцей, пар. І ўсё добраўпарадкаванне горада да гэтага схіляе: неверагодная колькасць кавярняў усякіх гатункаў, а таксама забаўлянак для дзяцей.
У Паланзе шмат прыгожых людзей. Такіх, ведаеце, сапраўдных. Моцны вецер, пясок у твар і іншыя радасці не даюць разгарнуцца інста-прыгажуням, іх вы тут наўрад ці ўбачыце. Затое шмат па-сапраўднаму жывых, энергічных жанчын. У спартыўнай вопратцы і джынсах яны ездзяць на роварах, катаюцца на роліках, атрымліваюць асалоду ад краявідаў, смяюцца ў дождж. Раскудлачаныя, вясёлыя, шчаслівыя. А як на іх глядзяць спадарожнікі!
Назіранне 3. Ежа ў краме смачнейшая.
Уражанні ва ўсіх, вядома, могуць быць рознымі. Мой вердыкт такі: ежа ў крамах Палангі проста ашаламляльна смачная. Жоўтыя, быццам з вёскі, яйкі, сакавітыя, не «папяровыя» памідоры...
Шчыра кажучы, у кавярні было крыху не так. Ці то месцы выбіраліся не тыя, ці то стравы. Так, напрыклад, у курыным супе знайсці мяса так і не атрымалася. А даволі-такі нятанная салата ўяўляла сабой жменьку зеляніны на талерцы, палітую зверху невялікай колькасцю соусу.
Назіранне 4. Руская мова не заўсёды дапаможа.
Калі вы ездзілі ў Палангу больш за 5 гадоў таму, дык, хутчэй за ўсё, можаце быць здзіўленыя колькасцю людзей, якія не ведаюць рускай мовы наогул. Раней такіх праблем не было. Размаўляць па-руску можна было практычна ўсюды. А вось сучасная літоўская моладзь не вучыць гэтую мову ў школе.
У кавярнях і сярод аніматараў працуюць у асноўным студэнты. Яны з гатоўнасцю пагутараць з вамі па-англійску. Але рускую мову не разумеюць зусім. Па праўдзе сказаць, меню ва ўстановах грамадскага харчавання, як правіла, прадстаўлена на 3-х мовах: літоўскай, рускай і англійскай. Так што пры жаданні патрэбную страву можна проста паказаць у меню, а ўжо словы «рахунак», «наяўныя», «картка» тут ведаюць усе.
Назіранне 5. Дзеці зарабляюць грошы.
Вечар – святы час у курортным гарадку. Нават заўзятыя дамаседы выходзяць на галоўную вуліцу Басанавічуса пагуляць, зазірнуць на пірс і паслухаць вулічных музыкаў. Дарэчы, дзівіць тое, што іграюць на музычных інструментах і зарабляюць на гэтым у асноўным дзеці, прычым самага невялікага ўзросту. Дарослых побач заўважана не было ні разу. Магчыма, яны хаваліся дзесьці непадалёк у кустах, каб не адпужваць шчодрых турыстаў, якія да маленькіх музыкаў ставяцца вельмі замілавана і заўсёды імкнуцца адарыць грашыма.
Назіранне 6. Бурштын. Не ўлюбіцца немагчыма.
Шчыра прызнацца, да бурштыну да паездкі ў Палангу я была абсалютна абыякавая. Але ў гэтым горадзе пануе проста культ гэтага каменя. У мностве невялікіх крамаў вам абавязкова распавядуць пра яго лячэбныя заспакаяльныя ўласцівасці, папросяць прымерыць упрыгажэнні. Альбо абысціся хаця б сувенірным магніцікам. Яны тут часцяком таксама ўпрыгожаныя бурштынам.
Ну і, вядома, канчаткова ўлюбіцца ў гэты камень дапамагае наведванне Музея бурштыну ў сядзібе Тышкевічаў. Неверагоднае месца, якім літоўцы вельмі ганарацца. І нездарма.
Назіранне 7. Прыгажосць і павага
Паланга ўпрыгожаная мноствам асабнякоў і віл. І іх гаспадары робяць усё, каб глядзеліся яны акуратна і прыгожа. Дагледжаны газон, штучныя ручаі, кветкі паўсюль, упрыгажэнні для саду.
Кожная дробязь прадуманая з любоўю. І гэта сапраўды адчуваецца. Як і павага адзін да аднаго. Напрыклад, аўтамабілісты пачынаюць прытармажваць задоўга да пешаходнага пераходу. І варажыць пра тое, паспееш ты праскочыць ці не, зусім не трэба.
Свежае паветра, смачная ежа, актыўнасць, прыгажосць вакол. І, вядома, бясконцае і цудоўнае Балтыйскае мора... Застацца абыякавым да Палангі немагчыма. А якія ўражанні ад вандровак прывезлі з сабой вы?
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by