Калі ўспамінаеш Леаніда Дзмітрыевіча Шчамялева, на душы становіцца неяк цёпла і ўтульна. Здавалася б, з чым звязана гэтае адчуванне? Хутчэй за ўсё нават не з асобай мастака, настаўніка або таленавітага дзеяча культуры, а менавіта з чалавекам.
Людзі, якія ведалі Леаніда Дзмітрыевіча заўжды падкрэсліваюць, што сэрца мастака было добрым і ўважлівым да людзей. Яго жыццё было настолькі складаным, насычаным самымі рознымі выпрабаваннямі, але душа засталася шчырай, колькі ў ёй было цеплыні! Сёння — 5 лютага — дзень нараджэння Леаніда Шчамялёва. Краіна святкуе 100-годдзе з дня нараджэння майстра. З нагоды такой вялікай даты ў Гарадской мастацкай галерэі імя творцы адкрылі маштабную выстаўку «Леанід Шчамялёў — люстэрка эпохі».
Экспазіцыя выстаўкі пабудавана так, каб кожны глядач паступова даведваўся пра гэтага вялікага чалавека і мастака. Творы майстра пэндзля разбіты па тэматыцы.
— У нашай галерэі ўпершыню сабрана такая колькасць работ Леаніда Дзмітрыевіча (каля 150-ці), і жывапісных, і графічных, — падзялілася загадчыца мастацкай галерэі Ганна Ясюк. — Уся выставачная прастора галерэі зараз выкарыстоўваецца пад гэты праект: 9 залаў, якія мы размеркавалі па тэмах. Першая і, напэўна, самая важная — партрэты родных і блізкіх Леаніда Дзмітрыевіча. Ён шмат пісаў партрэтаў, і галоўнай яго музай у творчасці была жонка, а таксама дачушкі мастака. У гэтым жа зале прадстаўлены таксама іншыя партрэты блізкіх людзей. Напрыклад, народнага мастака Беларусі Віталя Цвіркі, настаўніка Леаніда Дзмітрыевіча. Зала атрымалася вельмі цёплая і душэўная.
Таксама ў галерэі Шчамялёва аднавілі майстэрню мастака — гэтаму прысвечана асобная зала, дзе сабраны яго асабістыя рэчы: капялюш і паліто, любімае крэсла з майстэрні, мальберт – станок, за якім ён працаваў, пэндзлі і палітра, да якіх дакранаўся мастак, ствараючы свае карціны. З калекцыі сям'і супрацоўнікі галерэі ўзялі апошнюю недапісаную работу Леаніда Шчамялёва пад назвай «Лета».
Карціны больш метра ў вышыню і шырыню напісаны на палотнах алеем, а эскізы Леанід Шчамялёў любіў маляваць на звычайнай паперы падручнымі сродкамі: алоўкамі, шарыкавай ручкай, фламастэрам або вуглём. Чым бы ні былі створаны творы, дзівіць іх дэталёвасць і глыбіня. Гузікі на шынэлях, пялёсткі кветак, маршчыны на твары людзей і цені ад лямпы… Усё гэта сведчыць пра ўважлівасць майстра да асяроддзя.
Леанід Шчамялёў — чалавек, які прайшоў праз змену эпох. Ён нарадзіўся на беларускай зямлі, вучыўся тут. У вайну са зброяй у руках вызваляў родную зямлю ад акупантаў, быў цяжка паранены, выжыў. У якасці мастака плённа працаваў у пасляваенны час. У яго шмат узнагарод, ушанаванняў, паслядоўнікаў ... У мастацтва Леанід Дзмітрыевіч трапіў адразу ж з войска. Мастак пры жыцці неаднойчы расказваў: больш разлічваў на статус ветэрана, паступаючы на самы першы набор Мінскага мастацкага вучылішча ў 1947 годзе. У адрозненне ад іншых паступоўцаў у яго не было асаблівай падрыхтоўкі і досведу ў мастацтве. Тым не менш, таленавітага хлопца залічылі.
Праўда, у 1949-ым за непаспяховасць па шэрагу нятворчых прадметаў хацелі пакінуць на другі год. Але Леанід Дзмітрыевіч палічыў гэта несправядлівым: ён прайшоў праз усю вайну і пра штосьці са школьнай праграмы мог і забыцца. Пра гэта пачатковец-мастак і напісаў намесніку старшыні Саўміна СССР Кліменту Варашылаву.
Невядома, ці чытаў ліст сам Варашылаў, але ў пытанні было даручана разабрацца ўжо Саўміну БССР. Інцыдэнт неўзабаве быў вычарпаны.
Дарэчы, трэба адзначыць, што яшчэ падлеткам Леанід Шчамялёў сустракаўся з Юдэлем Пэнам. На двары быў 1936 год. Творца ўбачыў карціны настаўніка Марка Шагала. Хлопцу сказалі: маэстра можа прыняць у майстэрні нават без запрашэння. Ужо захоплены маляваннем Пэна, Леанід Дзмітрыевіч рызыкнуў. Пэн, якому было тады за 80 гадоў, сапраўды правёў хлопца па майстэрні, распытваў, якія работы з тых, што вісяць на сценах, падабаюцца больш за ўсё. Назаўтра падлетак прынёс мастаку альбом са сваімі малюнкамі. Майстар іх пахваліў і параіў шмат працаваць.
Шмат чаго ў жыцці і творчасці Леаніда Дзмітрыевіча даволі неадназначна і нават парадаксальна. І гэта дазваляе казаць пра тое, што ён быў не проста мастак з дасканалымі маляўнічымі прыёмамі, а яшчэ і чалавек з незвычайнай энергетыкай, велізарнай любоўю да жыцця.
Выстаўка «Леанід Шчамялёў — люстэрка эпохі» стала першым мерапрыемтсвам, прысвечаным народнаму мастаку Беларусі, з шэрагу праектаў, якія запланаваны ў 2023 годзе. У хуткім часе пачнецца выставачны праект у Нацыянальным мастацкім музеі, следам стартуе пленэр, які пройдзе на радзіме мастака, у Віцебскай вобласці, — у ім будуць прымаць удзел у тым ліку і заслужаныя дзеячы мастацтва Беларусі. У Палацы мастацтва будзе прадстаўлена рэспубліканская выстаўка, прысвечаная Леаніду Дзмітрыевічу. Да яе зараз рыхтуюцца мастакі з усёй краіны.
Мова людскіх пачуццяў. Чым уражвае выстаўка скульптуры і графікі Аляксандра Фінскага?
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by