10.02.2025
10.02.2025

Магія ніткі. Чаму яе лічылі сакральным элементам беларускага быту?

logo
Беларускі код
0
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A
Аўтары:
Ірына Клімковіч, 
Людміла Дучыц

Прадзенне ніткі амаль ва ўсіх народаў лічыцца сакральным дзеяннем, якое прыраўніваецца да акту стварэння жыцця. Нітка, якая з'яўляецца прамежкавым прадуктам ткацтва, ужо не сыравіна, але яшчэ не тканіна, яна здаўна мела сваю сімволіку і яе шырока выкарыстоўвалі ў розных абрадавых дзеяннях.

Нітка як рытуал і абярэг

Дзяўчынак з ранняга ўзросту вучылі прасці, і да шасці-сямі гадоў яны выпрадалі сваю першую нітку. З гэтай ніткай былі звязаны розныя павер'і і рытуалы. Напрыклад, у некаторых раёнах аж да пачатку 20 стагоддзя першую нітку спальвалі, а попел з вадой давалі выпіць дзяўчынцы, каб расла працавітай пралляй. Па іншых павер'ях, самая першая нітка была наймацнейшым абярэгам ад псоты і сурокаў, таму маці яе хавала і зберагала да вяселля дачкі. А перад вясельным рытуалам першую нітку завязвалі на поясе нявесты на голае цела, каб нічый зайздросны погляд не сурочыў і ніхто не наслаў на маладую псоту.

Нітка ва светаўспрыманні беларусаў

Увогуле ва светаўспрыманні беларусаў нітка — сімвал шляху, у тым ліку жыццёвага шляху, лёсу, сродак звязвання і злучэння, прылада магічнага вымярэння, яна выкарыстоўваецца ў якасці абярэга, а таксама для лячэння і варажбы.

Знахар абвязваў нітку вакол галавы хворага і прамаўляў «вяжу тваю галаву» і завязваў вузел. Такім жа чынам лячылі жывот, рукі, ногі і іншыя часткі цела. Ад сурокаў нітку з вузламі клалі ў кавалак хлеба, потым яго завязвалі ў анучку і неслі на ростані.

Ад якіх хвароб беларусы лячыліся ніктамі?

Па старадаўніх павер’ях, праллі і ткачыхі могуць лячыць. Ніткі, якія заставаліся ад кроснаў пасля ткацтва (істкі), дапамагалі ад рэўматызму. Каб адняць сілу ў ведзьмакоў, маладая прала нітку асаблівым спосабам і на ёй завязвала вузельчыкі, прычым, першыя два завязвала на парозе хаты, наступныя два – на ганку, апошнія два – ля брамы. На Падзвінні, працягнутая паміж ног жанчыны нітка, завязаная на пысе вала, пазбаўляла яго ўпартасці.

Калі на нітцы завязвалі вузельчык, гэта змяняла зададзеную плынь. У адных выпадках вузельчыкі на нітках маглі выступаць у якасці абярэгаў ад хвароб і шкоды, у іншых - наадварот, сведчылі пра навядзенне псоты (напрыклад, пры родах). Зблытваючы або перакручваючы нітку - па аналогіі пераносілі дзеянне на жыццё чалавека, зблытваючы, збіваючы, або наадварот – выпростваючы.

Таксама заўсёды улічвалася з якога матэрыялу выраблена нітка, якога яна колеру і колькі на ёй завязана вузельчыкаў. Знахары сукалі ніткі з дзікіх канопляў і крапівы. Пры гэтым прамаўлялі замовы і прасілі хваробы пакінуць чалавека.

На Падзвінні, каб пазбавіцца ад так званай «асінавай трасцы», суворай (неапрацаванай) ніткай мерылі рост хворага і адлегласць паміж кончыкамі сярэдніх пальцаў разведзеных ушыркі рук. Потым на вышыні росту хворага свідравалі дзірку ў асіне, туды клалі ніткі-меркі і забівалі іх там асінавым калочкам. Верылі, што такім чынам «трасца» знікне.

Асаблівасці нітак у Заходняй Беларусі

 Падобныя дзеянні рабілі ў некаторых вёсках Заходняй Беларусі. Калі дзіця не спіць і капрызнічае, то яго мералі ніткай ад галавы да пятаў і складалі нітку ўтрая. Потым капрызніка ставілі пры шуле дзвярэй і над галавой свідравалі дзірачку. Туды ўкладалі нітку і забівалі калочак. Верылі, што калі дзіцёнак перарасце такую адзнаку, то хвароба знікне.

Пры вывіхах рук і ног знахары адначасова з прамаўленнем замоў, рабілі на нітцы вузлы, а затым яе прывязвалі на пакалечанай частцы цела. Тое ж самае рабілі пры радзімцы і пры пярэпалаху. Пры гэтым ніткай яшчэ вымяралі ўсе часткі цела, суставы, галаву. Пасля такой ніткай падкурвалі хворага.

Ад сполаху ніткай абмяраюць хвораму ва ўсіх напрамках усе часткі цела, прамаўляючы замову. Калі скончаць, нітку абрываюць, скручваюць у клубок і спальваюць. Попел сыплюць у ваду і даюць яе піць хвораму, або абкурваюць хворага гэтаю ніткаю.

Ад зубнога болю на шыі ці на руцэ навязвалі тоўстую нітку з 27 вузельчыкамі. Ад бародавак пазбаўляліся наступным чынам. На льняной суворай нітцы трэба завязаць увечары столькі вузлоў, колькі налічаць бародавак, пры гэтым кожнай бародаўцы адпавядае свой вузел. Назаўтра перад усходам сонца трэба занесці тую нітку на раздарожжа і пакласці яе там пад каменем.

Нітка як талісман

Талісманам ад ліхаманкі была суворая нітка, на якой падчас чытання ў храме евангелля завязвалі 12 вузельчыкаў. Такой ніткай апярэзваліся, а пасля кідалі яе ў бягучую ваду, каб з ёй сышла і хвароба.

Людзі верылі, што нябожчык мае лячэбны уплыў на некаторя хваробы, асабліва на хваробы скуры. Дзеля гэтага трэба было прывесці хворага ў хату, дзе быў нябожчык, узяць нітку, памераць яго рост і пакласці нябожчыку ў труну. Тады, маўляў, ён забярэ хваробу на той свет. Былі выпадкі, калі такім чынам лячылі эпілепсію.

Асаблівай гаючай сілай валодалі ніткі асвечаныя ў храме ў Чысты чацвер ці Вялікі чацвер — апошні чацвер перад Вялікаднем. Імі абвязвалі пераломы і пухліны рук.

У Чысты чацвер у трох кутах хаты выпрадалі тры ніткі, якія лічылі лекавымі ад ламаты пасля таго, як на іх завязвалі па 9 вузлоў. На Віцебшчыне ў гэты дзень на доўгіх кавалках асвечаных нітак завязвалі па 9 вузельчыкаў і такімі ніткамі тры разы абвязвалі хворыя месцы.

Лекавай прызнавалася нітка, спрадзеная на Радаўніцу да ўзыходу сонца. Такую нітку навязвалі на расцяжэнні суставаў, якія перад тым спрабавалі выправіць. У такую нітку ўвязвалі 9 жытніх каласоў. Прычым, рабілі гэта менавіта знахар ці знахарка.

Вялікая ўвага на працягу ўсяго жыцця чалавека надавалася нітцы чырвонага колеру. Толькі што народжанае дзіцятка абвязвалі чырвонай ніткай. Ад сурокаў на нагах і руках завязвалі  такую нітку з вузельчыкамі. Нявесту абвязвалі чырвонымі ніткамі і стараліся нават тымі, якімі была перавязаная асвечаная вярба. Нябожчыку чырвонай ніткай звязвалі рукі і ногі. Труну некалькі разоў абмотвалі чырвонай ваўнянай ніткай, або клалі такую нітку ўпоперак цела памерлага.

Паводле народных вераванняў, чырвоны колер асацыюецца з жыццём, здароўем, багаццем і ахоўнымі якасцямі. Таму такую нітку выкарыстоўвалі ад сурокаў. Для гэтага на руках і нагах завязвалі чырвоную ваўняную нітку з завязанымі на ёй трыма вузламі.

Навошта продкі завязвалі вузельчыкі на нітцы?

Завязванне вузлоў на нітцы невыпадковае. У народных вераваннях, вузел гэта сімвал адзінства, замацавання. Завязванне і развязванне вузлоў выступае як чарадзейны акт і сімвалічны сродак замыкання і размыкання прасторы. Часта завязвалі менавіта тры вузлы. Лічба тры – міфарытуальны лічбавы сімвал, якім ў старажытных культурах вызначалі ўвесь свет: нябесную, зямную і падземную сферы.

Сімволіка лічбы дзевяць вынікае з таго, што гэта трохразовае паўтарэнне трыяд. Гэтая лічба звязваецца і з дзевяцімесячным пачатковым жыццём чалавека ў матчыным чэраве. Лік дванаццаць цесна звязаны са з’явамі касмаганічнага парадку. Ён пацвярджае завершанасць акта першатварэння і праз яго сімволіку знітоўваецца ў касмічны і зямны парадак. Згаданыя 27 вузельчыкаў на нітцы для лячэння зубнога болю азначаюць дзевяціразовае паўтарэнне трыяд.

Камень, костка, крыж ды іншыя старадаўнія абярэгі ў беларусаў

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0

Глядзіце таксама артыкулы раздзела "Беларускі код"