16.06.2025
16.06.2025

Магія прыдарожных і аброчных крыжоў Беларусі

logo
Падарожжы
0
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A
Аўтары:
Людміла Дучыц, 
Ірына Клімковіч

Многія, хто вандруе па Беларусі, бачаць каля дарог, якія вядуць у вёску, вялікія крыжы. Некаторыя з іх зусім пахілыя і занядбаныя, іншыя ж, наадварот, упрыгожаны рознакаляровымі стужачкамі, кветачкамі і вышыванымі ручнікамі. Давайце разбірацца, як даўно пачалі ставіць такія крыжы і для чаго.

Паводле беларускай міфапаэтычнай карціны свету адным з найбольш адметных элементаў культурнага ландшафту з’яўляецца дарога. Яна ўяўляе сабой універсальную камунікацыйную артэрыю, злучае не толькі свет людзей, але і ўвесь космас. Вёска — гэта абгароджаная прастора, а дарогі — асноўныя каналы ўзаемадзеяння з навакольным светам, таму ўваход у паселішча павінен быць абаронены. Крыжы, устаноўленыя каля ўваходу, адпужвалі злыдухаў і хваробы. Такія святыні заўсёды карысталіся вялікай павагай.

Каля вёсак і на скрыжаваннях дарог — ростанях, і цяпер ва ўсіх раёнах Беларусі можна бачыць драўляныя, металічныя, а часам і каменныя крыжы, або каплічкі. У мінулыя стагоддзі шмат дзе ў такіх месцах стаялі прыдарожныя слупы, на версе якіх, або ў нішах, месціліся фігуры святых.

Прыкладам, як у вёсках Лемяшэвічы Пінскага, Скокі Брэсцкага раёнаў і інш. Крыжы ставілі таксама на водных пераправах і пры сутоку рэк.

На вялікую колькасць разнастайных крыжоў у Беларусі звярталі ўвагу многія пісьменнікі і этнографы. Напрыклад, Павел Шпілеўскі падчас вандровак па Беларусі ў сярэдзіне 19 стагоддзя заўважаў: «Позірк вандроўніка пры ўездзе ў Нясвіж сустракае амаль на кожным кроку драўляныя крыжы, крыжыкі і такія самыя каплічкі або вялікія слупы з разьбянымі выявамі Божай Маці, Спасіцеля і Іаана Прадцечы. Гледзячы на гэтыя помнікі хрысціянскай веры, ужо загадзя складаеш паняцце пра набожнасць жыхароў нясвіжскага краю і можам назваць яго краінай крыжоў, як імянуюць сваю радзіму жыхары Жмудзі, суседняй з Нясвіжам».

Пінскі раён

Прыдарожныя крыжы ўзводзілі як абярэгі ад пошасці і ад нападу ворагаў. Некаторыя з іх былі пастаўлены па зароку, калі такім чынам выказвалі удзячнасць Богу за спын эпідэмій. Многія крыжы, каплічкі, калоны лічыліся лекавымі. Каб пазбавіцца болю, на крыжы вешалі ручнікі, фартушкі, часткі адзення.

На ростанях здзяйсняліся магічныя абрады дзеля збаўлення ад хвароб. Тут спальвалі ці закопвалі рэчы, што сімвалізавалі хваробы: адзенне хворага, пялюшкі дзіцяці, зрэзаны каўтун, ніткі з завязаннымі па колькасці бародавак вузламі, яйкі ці хлебныя шарыкі, якія каталі па хворых частках цела. Калі не маглі вызначыць хваробу, то на слупе на скрыжаванні пакідалі попел так, каб на яго трапляла месяцовае святло. Калі праз тры дні вецер зносіў попел, то гэта азначала, што чалавек вызваліўся ад хваробы.

Згодна з народнымі вераваннямі, крыж — гэта не проста крыж, ён знак, медыятар паміж чалавекам і Богам.

Да крыжа прыходзяць як на сакральнае месца. Калі чалавек нешта просіць, моліцца, ён павінен і нешта пакінуць, аддзячыць неяк, нешта даць, падарыць. Гэта старажытная традыцыя. Таму нездарма крыжам насілі хлеб, лён, кашулі, прыкрасы. Апроч сваіх асабістых падарункаў, неслі і ахвяраванні ад сваякоў і суседзяў, якія самі не мелі сіл дайсці. Этнографы ў канцы 19 стагоддзя апісвалі, што паблізу Віцебска маці хворых на сухоты дзяцей з малітоўнымі просьбамі пра ацаленне звярталіся да прыдарожнага крыжа.

Каля вёскі Дарапеевічы Маларыцкага раёна на Брэстчыне пры палявой дарозе і цяпер стаіць невялікі каменны крыж, каля якога моляцца з просьбамі выбавіць ад хвароб. Паводле падання, некалі тут сярод балота на грэблі сустрэліся два вяселлі. Паколькі маладым не можна было пакідаць вазок, то паспрабавалі раз’ехацца, але коні спужаліся, рванулі і маладых паглынула бездань. Прайшоў час, і на гэтым месцы пачаў уздымацца з балота ўзгорак, а на ім расці каменны крыж. У наваколлі ўважаюць, што крыж валодае чароўнай сілай і дапамагае пазбавіцца ад розных хвароб.

Каля вёскі Наўліца Полацкага раёна пры лясной дарозе стаіць каменны крыж. Побач на ўзгорку раней была драўляная капліца, а крышку далей пад гарой -- крынічка. Каля крыжа спыняюцца, моляцца пра здароўе і кладуць на скрыжаванне грошы, кветкі, цукеркі і печыва.

Вялікай пашанай карыстаецца каменны крыж на ростанях каля вёскі Палачаны Маладзечанскага раёна. Раней крыж стаяў на полі. Паданне расказвае, што на крыжы ляжалі тры яблыкі. Праз гэта месца праходзілі старцы. Адзін з іх з’еў яблык і саслеп. Другія старцы давялі яго да вёскі, дзе яны спыніліся на начлег. Раніцай саслеплы распавёў пра незвычайны сон і папрасіў зноў давесці яго да крыжа, дзе паклаў ахвяраванні. Неўзабаве да старца вярнуўся зрок. Пасля гэтага крыж перанеслі на ростані. Яго сталі ўшаноўваць і католікі, і праваслаўныя. Неслі лён, мёд, грошы, палотны тканіны і другія ахвяраванні. Крыж тройчы абыходзілі на каленях і маліліся. Да нашага часу лічаць, што пасля такога абраду знікаюць усе хваробы. На свята Пятра і Паўла па каталіцкаму абраду (29 чэрвеня) сюды ідуць хрэсным ходам.

Часам некаторыя людзі бачаць прарочыя сны пра лекавыя мясціны. Тое месца пазначаюць крыжам, каб маглі вылечыцца другія. Падобныя крыжы становяцца цудадзейнымі, іх усяляк ушаноўваюць. Такі ацаляльны крыж стаіць па дарозе са Скідзеля ў Азёры, пры павароце ў Кашубінцы. Крыжу прыносяць ахвяраванні і ў яго просяць ацалення. Вернікі часта прывозяць да крыжа хворых дзяцей і нямоглых старых. Кажуць, што людзі там пакідаюць мыліцы, палачкі: хто ад чаго вылекаваўся.

Каля вёскі Жабін непадалёк ад Салігорска стаіць стары драўляны крыж. Раней для крыжа адмыслова шылі кашулькі і чапцы. На свята Юр’я старое адзенне здымалі, дралі на шматкі і разбіралі як лекавы сродак. Крыж апраналі ў новы аброчны ўбор.

У вёсцы Хлупін Жыткавіцкага раёна на ростанях знаходзіцца драўляны аброчны крыж. Раней на свята Іллі жанчыны ткалі палатно і вешалі на крыж. Гэта ратавала ад хвароб. У Пружанскім раёне на скрыжаванні дарог паміж вёскамі Шылава/Зелянковічы/Мазалі каля крыжа ляжаў камень, да якога маці насілі маленькіх дзетак лячыць ад коклюшу.

У вёсцы Хрыса да нашых дзён захаваўся аброчны крыж — самы стары крыж у наваколлях Пескаўскага сельсавета Бярозаўскага раёна. Яго можна ўпэўнена залічыць да ахвярных крыжоў. Ён быў пастаўлены, паводле старажылаў, яшчэ ў царскія часы. Крыж таксама называюць Андрыянавым крыжам, таму што ён стаіць у двары селяніна па імені Андрыян  Жуковіч. Распавядалі, што ў сям'і гэтага селяніна дзеці паміралі яшчэ немаўлятамі. Каб пазбавіцца ад гэтага няшчасця, ён паставіў крыж у сябе ў двары. Жыхары вёскі ставяцца да святыні з асаблівай пашанай, вераць ў яе цудадзейную сілу. Яшчэ ў васьмідзясятыя гады людзі ахвяравалі крыжу тканіны ў спадзяванні, што іх просьба будзе задаволеная. Таксама расказваюць, як адна жанчына, калі праводзіла сына на афганскую вайну, ахвяравала крыжу прыгожа вышыты фартушок. І неўзабаве яе сын вярнуўся, хаця і паранены. На жаль, цяпер крыж занядбаны. Яго няма каму аднавіць.

З прыдарожнымі крыжамі было звязана шмат іншых рытуалаў, вераванняў, заклiнанняў i iнш. Калі юнака адпраўлялі ў войска, ён заўсёды спыняўся, пакідаючы вёску, і пэўны час стаяў каля крыжа, які азначаў мяжу паміж двума светамі. Гэта дапамагала яму ў яго службе і вяртанні дадому. Калі нябожчыка везлі на могілкі, яго труну не зачынялі ні пры якім надвор'і, яна была адкрытая да прыпынку каля крыжа.

Старыя, нямоглыя, дзеці — усе праводзілі памерлага ў вечнае жыццё і развітваліся з ім назаўжды тут, каля крыжа. Дзе-нідзе ў Беларусі гэты абрад захаваўся і дагэтуль. Так, у некаторых вёсках Бярозаўскага раёна Брэстчыны труну з памерлым абавязкова спыняюць каля крыжа, а крыжу прыносяць ахвяру ў выглядзе ручніка пры пахаванні мужчыны ці фартуха пры пахаванні жанчыны. У апошні час гэты звычай таксама зведаў змены. Усё часцей да самога крыжа ці да агароджы, якая яго акаляе, прывязваюць стужку. Калі хаваюць мужчыну, то яна блакітная, а калі жанчыну — чырвоная.

Прыдарожныя крыжы выкарыстоўваюць таксама для перадвелікоднага богаслужэння ў вёсках, дзе няма царквы, і многія пажылыя людзі не маюць ні сіл, ні сродкаў пайсці ў царкву і асвяціць велікодную трапезу. Затым у прызначаны час святар наведвае вёску і каля крыжа здзяйсняе асвячэнне Святой Пасхі.

Такім чынам, прыдарожныя крыжы распавядаюць нам пра ўшанаванне старажытных абрадаў у Беларусі, і гэта з'яўляецца сведчаннем свядомасці, памяці і духоўнасці нашага народа. Зямля, дзе жыве памяць пра мінулае, мае будучыню.

Выратавальнікі. Расказваем пра крыжы Беларусі, якія лечаць ад хвароб

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0

Глядзіце таксама артыкулы раздзела "Падарожжы"